Вы тут

Вершы Яўгеніі Янішчыц — у Башкартастане


Пры жыцці творы палескай ластаўкі Яўгеніі Янішчыц, калі меркаваць па біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменнікі» (том шосты), былі надрукаваны ў перакладах на 16 моў народаў свету. Сярод іх — публікацыі на рускай (была і асобная кніга — «Спроси у чабреца», кніга вершаў, якую ў перакладах Рымы Казаковай выдаў «Советский писатель»), англійскай, балгарскай, венгерскай, грузінскай, іспанскай, казахскай, канада мове ( у «Анталогіі беларускай паэзіі» у Індыі ў пераўвасабленні Б. Хінгамірэ), латышскай, літоўскай, малдаўскай, нямецкай, польскай, украінскай, чувашскай, чэшскай. Бібліяграфія ў «Беларускіх пісьменніках» (хаця шосты том выйшаў і ў 1995 годзе), што датычыць перыёдыкі, — толькі да 1985-га... Былі за гэты час — за 38 апошніх гадоў — і пераклады на іншыя мовы. Павінны былі быць. 

Вось зараз, 19 снежня 2023 года, у галоўнай грамадска-палітычнай газеце Рэспублікі Башкартастан (Расійская Федэрацыя) — «Башкартастан» з’явілася падборка з сямі вершаў палескай ластаўкі ў перакладзе на башкірскую мову. Перакладчыца твораў Яўгеніі Янішчыц — Ларыса Абдуліна, вядомая сучасная башкірская паэтэса і перакладчыца. «Творы Яўгеніі Янішчыц, якія я пераўвасобіла на сваю родную мову да юбілею беларускай паэтэсы, мне надзіва спадабаліся, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Ларыса Абдуліна. — Я і надалей, проста ўпэўнена ў гэтым, буду звяртацца да яе творчасці. Дарэчы, азнаёміўшыся з творамі Яўгеніі па-руску, я папрасіла сваю беларускую сяброўку паэтэсу Святлану Быкаву зрабіць усё ж падрадкоўнік з беларускіх, арыгінальных тэкстаў. Спадзяюся, што не памылілася і данесла да башкірскага чытача ўсе сэнсы, закладзеныя Яўгеніяй Янішчыц у яе лірычных шчыраваннях». 
 
А што да іншых перакладаў, то ў юбілейны для Я. Янішчыц год (у 2023-м ёй споўнілася б 75 гадоў) у вераснёўскім нумары старэйшага марыйскага літаратурна-мастацкага часопіса «Ончыко» (Расійская Федэрацыя, Йошкар-Ала) надрукаваны вершы нашай славутай зямлячкі ў перакладзе на марыйскую мову. Перакладчык сямі твораў Яўгеніі Янішчыц на марыйскую мову — Анатоль Ціміркаеў. 
 
Паэтычная спадчына палескай ластаўкі — унікальны творчы складнік для знаёмства з Беларуссю і беларусамі. І калі на іншых мовах будуць з’яўляцца новыя пераклады паэзіі Яўгеніі Янішчыц — свет шырэй будзе ведаць сапраўдную Беларусь з яе шматвекавымі духоўнымі, народнымі традыцыямі. 
 
Кастусь ЛАДУЦЬКА
Прэв'ю: pixabay.com​

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.