Вы тут

Пра шкоду для здароўя і след у гісторыі прадукта, які выклікае мацнейшую за какаін залежнасць


Даследчыкі пішуць, што эфект ад ужывання цукру падобны да ўплыву какаіну. Ён змяняе настрой, стымулюючы пачуццё асалоды, і правакуе чалавека на пошук салодкага. Навукоўцы спасылаюцца на вынікі даследавання паводзін грызуноў, якія паміж наркотыкам і цукрам часцей выбіралі апошні. Сёння на гэты прадукт навешана мноства ярлыкоў. З аднаго боку, словамі «салодкі», «цукровы» мы абазначаем з’явы і аб’екты пазітыўныя і прыемныя. З іншага — называем цукар «салодкай смерцю». Пра гісторыю яго з’яўлення і шлях ад задавальнення для багатых да самага распаўсюджанага прадукту на паліцах, а таксама пра яго ўплыў на здароўе размаўляем з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гуменам Гарбанніджадам.


— Калі мы ў магазіне бяром пачак цукру, у розных людзей узнікаюць розныя асацыяцыі — пачынаючы ад чаго-небудзь смачненькага да бразільскіх серыялаў, рабства, рому і шмат чаго іншага. З цукрам звязана шмат падзей у гісторыі.

З-за цукру загінулі мільёны чалавек, шмат людзей зарабілі на ім багацце, і да цяперашняга часу вядуцца закулісныя войны за рынак цукру па ўсім свеце. Многія хацелі б атрымаць як мага большую яго частку і зарабляць на гэтым. Цукар — прыбытковы бізнес і адзін з рэдкіх відаў наркотыкаў, гандаль якім легалізаваны ва ўсім свеце.

— Давайце пачнём з гісторыі цукру. Яго радзімай лічаць Індыю…

— Першыя сляды выкарыстання цукровага трыснягу былі знойдзены ў Папуа-Новай Гвінеі. Менавіта там яго ўжывалі яшчэ дзесяць тысяч гадоў таму. Але цукар тады выкарыстоўваўся як лекі і не меў такога шырокага распаўсюджання, бо вырошчваць і здабываць яго было цяжка. Каля трох тысяч гадоў таму цукровы трыснёг трапіў у Індыю. Але там таксама лічылі, што ён мае лекавыя ўласцівасці. Пакуль персідскі цар Дарый не захапіў Індыю.

Але і ў Персіі цукар не атрымаў вялікай папулярнасці, яго таксама выкарыстоўвалі як лякарства. Падчас ісламскіх войнаў цукровы трыснёг трапіў у Іспанію, а адтуль распаўсюдзіўся ў Еўропе. Еўрапейцы таксама не надта яго віталі. Гэта было дарагое задавальненне, цукар лічыўся прадуктам для багатых. У 1069 годзе ён з’явіўся ў Англіі. У той час еўрапейскія багацеі называлі яго «белым золатам». Калі прыходзіла шмат гасцей, з цукру рабілі розныя скульптуры. Гэта ўпрыгожвала стол і сведчыла пра багацце чалавека. Але яго не ўжывалі ў вялікай колькасці.

Іспанцы і партугальцы вырашылі ўкараняць цукар у культуру харчавання. Іспанцы пачалі вырошчваць капрызны цукровы трыснёг на Канарскіх астравах, гэта было бадай адзінае прыгоднае месца. Калі Хрыстафор Калумб у 1492 годзе пайшоў у бок Амерыкі, ён узяў з сабой цукровы трыснёг. І на новым кантыненце той добра вырас, бо надвор’е і глеба аказаліся спрыяльнымі.

Аднак атрымаць цукар з трыснягу — вельмі цяжкая работа, і ахвотных займацца ёй было няшмат. Таму іспанцы ўжо ў той час выкарыстоўвалі рабскую працу. На Канарскіх астравах працавалі мясцовыя жыхары. І калі іспанцы прыйшлі ў Амерыку, спачатку цукровы трыснёг апрацоўвалі індзейцы, пакуль іспанскі кароль не забараніў іх працу на плантацыях. Тады было вырашана завозіць афрыканцаў. Партугальцы пачалі прывозіць рабоў з Афрыкі. Каля 12 мільёнаў цёмнаскурых былі перавезены для работы на плантацыях цукровага трыснягу.

Яны працавалі па 18 гадзін у суткі. Гэта была цяжкая праца, да таго ж пра рабоў дрэнна клапаціліся. Сярэдняя працягласць іх жыцця на плантацыях складала не больш чым сем гадоў. Таму ўвесь час патрабаваўся прыток новай працоўнай сілы. Атрымліваўся добры бізнес: прывезці рабоў, абмяняць іх на цукар ці на ром (гэта гарэлка, атрыманая з цукровага трыснягу), потым прадаць цукар і ром, што прыносіла вялікі прыбытак гандлярам рабамі і вытворцам цукру.

Рабская праца з часоў шумерскай цывілізацыі (ёсць гістарычныя факты, што яны выкарыстоўвалі працу палонных) мела на ўвазе працу мясцовых жыхароў. 

У Амерыку ж рабоў прывозілі з Афрыкі. Умовы іх дастаўкі былі крайне жорсткімі. Адзін раб на судне павінен быў займаць месца не больш, чым у труне. Была цэлая схема, як размеркаваць рабоў на судне, каб змяціць іх максімальную колькасць. Час дастаўкі займаў ад паўтара да пяці месяцаў. Увесь гэты час людзі знаходзіліся на месцы, спраўляць патрэбу маглі толькі пад сябе, атрымлівалі самую прымітыўную ежу і мінімальную колькасць вады.

Таму вялікая колькасць рабоў гінула з-за кішэчных інфекцый і іншых хвароб па дарозе, іх выкідалі за борт. Гаспадар брытанскага судна Лук Куленвуд у 1781 годзе выкінуў за борт сотні жывых рабоў, каб даставіць астатніх у спадзяванні атрымаць кампенсацыю, бо быццам бы на судне не хапала вады, каб іх напаіць. Кампенсацыю ён не атрымаў, бо ўстанавілі, што на караблі было 1500 літраў вады, і гэтага б хапіла, каб усіх напаіць. Такога жорсткага абыходжання з людзьмі, як у той час, гісторыя не ведала.

У той час рэлігіі мелі вялікі ўплыў, і ні адна з іх не забараніла рабства, некаторыя нават адабралі. Напрыклад, іўдаізм прапаведаваў такія погляды: не глядзі на свайго суседа, жонку суседа і на яго раба. Згодна з ісламам, усе пленныя былі рабамі, і пераможцы маглі рабіць з імі, што хацелі. Храсціянства таксама рабства не забараніла, хоць і гаварыла пра духоўнае братэрства перад Богам. Некаторыя рэлігіі лічылі, што цёмнаскурыя людзі за свае грахі расплачваюцца цёмным колерам скуры.

У жывёльным свеце ёсць эксплуатацыя сабе падобных. Адна калонія мураўёў можа выкарыстоўваць працу іншых сабе на карысць. Некаторыя прыматы могуць жорстка абыходзіцца з іншымі, нават забіваць іх. Але так жорстка эксплуатаваць сабе падобных можа толькі чалавек.

У ХХІ стагоддзі замест рэлігійных законаў мы выкарыстоўваем дзяржаўныя. І нягледзячы на тое што рэлігія не забараняе рабства, яно з’яўляецца незаконным і ў большасці краін забаронена. У кожнай рэлігіі свае законы: у нейкай нельга ўжываць спіртное, мяса, у іншай — можна; у адной нельга скасоўваць шлюб, у іншай дазволена мнагажонства, і кожная рэлігія пацвярджае, што гэта сказаў Бог. Падстройвацца пад кожную рэлігію немагчыма, таму дзяржаўныя законы ствараюцца, зыходзячы з сучасных юрыдычных практык.

Трэба сказаць, што ў цяперашні час многія кланы, якія маюць вялікі ўплыў і вялікія грошы, свой першапачатковы капітал атрымалі за кошт гандлю рабамі і цукрам. Але рабства працягваецца да цяперашняга часу, нягледзячы на тое, што ў большасці краін забаронена. Яно перайшло з аднаго віда ў іншы.

Калі раней рабства абаранялася мячом ці бізуном і іншай зброяй, цяпер яно перайшло ў новы від — «перасела з танкаў на банкі». У адных краінах друкуюць долары, па сутнасці, проста паперы, а іншыя працуюць за кошт гэтых папер. Людзі, якія перажылі развал Савецкага Саюза, ведаюць, што такое абясцэньванне грошай і працы. І да цяперашняга часу гэта страшная зброя, якую можна павярнуць супраць краін другога і трэцяга свету, калі яны будуць непаслухмяныя, з дапамогай санкцый і іншых спосабаў. Рабства не скончылася, проста з адкрытай формы перайшло ў закрытую.

— Як цукар з прадукту для багатых ператварыўся ў цалкам даступны?

— Лішак вытворчасці прывёў да зніжэння кошту. Людзі пачалі масава яго выкарыстоўваць. На карцінах Сярэднявечча, дзе намаляваны заможныя людзі, ні адзін з іх не ўсміхаецца, бо з-за цукру зубы былі ў жудасным стане. Тым больш што ў тыя часы толькі багатыя маглі выкарыстоўваць цукар.

У 1920 годзе вытворцы зразумелі, што можна прадаць не толькі цукар, але і яго вытворчасць. І пачалі змешваць яго з какавай, мукой, напоямі, дадаваць фарбавальнікі, хімічныя дабаўкі. Цукар пачаў выкарыстоўвацца ў вялікай колькасці прадуктаў, нават там, дзе мы яго не адчуваем: каўбасах, сасісках, розных паўфабрыкатах.

З часам навукоўцы і медыкі прыйшлі да высновы, што цукар — вельмі небяспечнае хімічнае злучэнне. І ў 2006 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўнесла цукар у спіс псіхатропных рэчываў. Бо было ўстаноўлена, што, калі мы ўжываем цукар, у кары галаўнога мозгу актывізуюцца тыя ж зоны, што і пры ўжыванні наркотыкаў.

Залежнасць ад цукру па шэрагу параметраў у 7-8 разоў мацней, чым ад какаіну. Цукар стымулюе выпрацоўку ў мозгу аптыёідаў і дафаміну — гармону радасці. Залежнасць ад цукру дастаткова моцная. Але ніхто пра тое гучна не заяўляе, бо гэта шматмільярдны бізнес, распаўсюджаны па ўсім свеце.

— На што найперш уплывае празмернае ўжыванне цукру?

— Няма месца ў арганізме, куды б цукар не дабраўся і не прынёс шкоду. Нават валасы выпадаюць ад злоўжывання цукрам. У роце ён вядзе да карыесу, у печані — да гепатозу, у сасудах — да атэрасклерозу і гіпертаніі, у падстраўнікавай залозе — да цукровага дыябету, у сэрцы — да ішэмічнай хваробы, у галаўным мозгу — да неўралагічных парушэнняў і дэменцыі. Для вачэй гэта пагаршэнне зроку і катаракта, для суставаў — артрыт і артроз, для скуры — прышчы і акне. Акрамя таго, цукар у нашым арганізме — гэта прычына ракавых захворванняў. Цукар мае ўплыў і на імунную сістэму: яна, пакуль не паглыне цукар, не пачне змагацца з чужароднымі вірусамі і бактэрыямі. Таму калі мы ўжываем цукар, то ставім імунную сістэму на паўзу. З гэтай прычыны, калі мы хварэем, не рэкамендуецца ўжываць шмат салодкага. Акрамя таго, цукар — гэта лішнія калорыі і атлусценне. З якога боку ні паглядзім, цукар ніякай карысці для нашага арганізма не нясе.

— Атрымліваецца, яго ўвогуле нельга ўжываць? Ці ўсё ж ёсць нейкая дазволеная доза?

— Нягледзячы на ўсе шкодныя наступствы, якія ён выклікае, амерыканская асацыяцыя кардыёлагаў рэкамендуе ўжываць мужчынам не больш за 36 грамаў у суткі, жанчынам — 25 грамаў. Нядаўна даказана, што вялікае спажыванне цукру вядзе не толькі да захворвання печані і сэрца, а нават з’яўляецца прычынай парушэння ліпіднага абмену і росту дрэннага халестэрыну.

Акрамя таго, падчас ужывання цукру выпрацоўваецца вялікая колькасць інсуліну, а ён затрымлівае ваду і натрый у нырках, што з’яўляецца прамой прычынай павелічэння артэрыяльнага ціску. Апроч таго, салодкае можа выклікаць сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, — парушэнне мазгавой дзейнасці, для якога характэрна стабільная страта ўвагі і канцэнтрацыі. Увогуле, дзеці пасля ўжывання вялікай колькасці салодкага пачынаюць паводзіць сябе больш агрэсіўна і надзвычай актыўна.

Але калі выключыць ужыванне цукру, гэта выкліча масавую дэпрэсію ці масавую агрэсію, бо гэта разнавіднасць наркотыка, прычым легалізаваная. Паколькі мы ўжываем яго з дзяцінства, то не ўяўляем, як можна пражыць без цукру. Людзі, якія доўгі час ужываюць салодкае, адчуваюць нешта падобнае да ломкі, як у наркамана, калі перастаюць яго есці. Мозг выпрацоўвае менш дафаміну, чалавек становіцца больш нервозным і агрэсіўным. Акрамя гэтага, вялікае спажыванне салодкага выклікае нестабільны эмацыянальны стан: узмацняе і добры, і дрэнны настрой.

Па вялікім рахунку на любым пачку цукру варта пісаць, што празмернае яго ўжыванне шкодзіць здароўю. Але ў кожнай краіне на цукры штогод зарабляюць мільярды, таму яго негатыўны ўплыў абмяркоўваецца неахвотна.

— Як сысці ад цукровай залежнасці?

— Замест цукру можна выкарыстоўваць мёд. Але ён таксама мае высокую каларыйнасць і выклікае атлусценне і пэўныя ўскладненні ў нашым арганізме. Лепш перайсці на натуральныя цукры: фрукты, сухафрукты, але таксама ва ўмеранай колькасці. Вялікае ўжыванне цукру, у якім бы выглядзе ён ні быў, шкоднае.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.