Вы тут

Выстаўка «Адметныя 85» экспануецца ў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі


Мінулым разам мы дзякавалі Беларускаму саюзу мастакоў за магчымасць знаёмства з жывапісам мастакоў мінулага, што знаходзіцца ў яго фондзе. Этапныя, знакавыя і меней заўважныя, нават сціплыя работы каштоўныя для даследчыкаў і аматараў айчыннага выяўленчага мастацтва, уважлівых да розных яго эпох. Гэтым разам хацелася б зрабіць крытычную заўвагу, бо чарговая выстаўка, прымеркаваная да 85-годдзя Саюза мастакоў, расчаруе тых, хто пільна сочыць за яго дзейнасцю. 


Анатоль Бараноўскі «Бацькі», 1986—1987 гг.

Гаворка пра выстаўку «Адметныя 85», якая экспануецца ў галерэі «Атрыум» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да 20 лютага, між іншым, у межах «Трыенале сучаснага беларускага мастацтва». Справа, напэўна, у чаканнях. Пасля агляду змястоўных святочных праектаў «Старшыня» ў Палацы мастацтва і «85 гадоў разам» у Вялікім тэатры можна было меркаваць, што Беларускі саюз мастакоў знойдзе чым прывабіць, парадаваць і бібліятэчных наведвальнікаў. Аднак па нейкіх прычынах не знайшоў — многія работы, якія трапілі ў экспазіцыю, зусім нядаўна складалі вышэйзгаданыя выстаўкі. Натуральна, аргументы, што многія не паспелі пазнаёміцца з кароткатэрміновымі экспазіцыямі альбо нават не ведалі пра іх, прымальныя. І ўсё ж прыкра, што «Адметныя 85» пазбавілі гледача адкрыццяў. 

Як і ўжо згаданыя, выстаўка ў Нацыянальнай бібліятэцы прызначана пазнаёміць з найлепшымі традыцыямі і дасягненнямі нацыянальнага выўленчага мастацтва, а дакладней яго найважнейшым перыядам — 1950–1990 гадамі. Дэманструецца каля 40 работ жывапісцаў, якія паўплывалі на развіццё сацрэалізму, яго «суровага стылю», а таксама на ўдасканаленне і дзейнасць Беларускага саюза мастакоў. Так, сярод аўтараў — колішнія старшыні саюза ці тыя, хто выконваў абавязкі кіраўніка, народныя мастакі БССР і Беларусі, заслужаныя дзеячы культуры і мастацтваў, лаўрэаты дзяржаўных прэмій... Гэта Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў, Уладзімір Сухаверхаў, Натан Воранаў, Павел Масленікаў, Віталь Цвірка, Аляксандр Кішчанка, Леанід Шчамялёў і многія іншыя. Адзіны наш сучаснік — Уладзімір Тоўсцік, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народны мастак Беларусі. Сёння прафесар загадвае кафедрай малюнка мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 

— Заўсёды з вялікім хваляваннем заходжу ў будынак Нацыянальнай бібліятэкі, — адзначыў падчас адкрыцця Уладзімір Антонавіч. — Не толькі новая выстаўка, але і многае з таго, што аздабляе бібліятэку, створана Беларускім саюзам мастакоў — нашымі настаўнікамі і нашым пакаленнем. Работы — цёплы ўспамін пра людзей, якія так, а не інакш адчувалі свет, так ставіліся да яго... Без асаблівых фанфар, аднак са шчырымі пачуццямі да Радзімы, краіны, дзяржавы. І за кожным творам — лёс, час і мастацтва. Экспазіцыю дапаўняюць каталогі, альбомы, рэдкія дакументы (напрыклад, статут Беларускага саюза мастакоў 1939 года), тэматычныя артыкулы мастацтвазнаўцаў у перыёдыцы — усе яны знаёмяць з рознымі старонкамі гісторыі БСМ. Пра яе падчас адкрыцця вялася асобная гаворка. 

Пётр Крохалеў «Макі», 1966 г.

— Першы з’езд тады яшчэ Саюза мастакоў Беларускай ССР адбыўся ў 1938 годзе — праходзіў з 6 да 9 снежня, — нагадала першы намеснік старшыні БСМ Наталля Шаранговіч. — Прайшло 85 гадоў, але гэта ж толькі імгненне ў гісторыі... Праўда, досыць значнае імгеннне. Пра той з’езд захавалася не так шмат успамінаў, і нават Заір Ісаакавіч Азгур хоць і быў дэлегатам, але ў сваёй знакамітай кнізе «Тое, што помніцца...» асабліва не расказваў, як і што адбывалася. Ведаем толькі, што праводзіўся з’езд, што прысутнічалі мастакі і першы старшыня саюза Іосіф Рубінштэйн, як высветлілася, журналіст, на якога ўсклалі абавязкі агульнага парадку. Ужо астатнія старшыні — а іх было 18 — з’яўляліся мастакамі. Гэта гучныя імёны, якія мелі за сабой вялікую гісторыю, значны мастацкі пласт. Мы ганарымся гэтым, а таксама тым, што кожны з творцаў прыўнёс нешта сваё ў развіццё Беларускага саюза мастакоў. 

Выстаўка знакавая, бо характарызуе эпоху ў мастацтве, лічыць Наталля Васільеўна. Мастацтвазнаўца ўпэўнена: творы дэманструюць тое, што Беларускі саюз мастакоў — суполка адметных творцаў. Кожны з аўтараў меў свой твар і з гонарам выконваў сваю місію. 

Гаўрыла Вашчанка «Вечарэе», 1976 г.

...Саюз жыў і працягвае жыць, а яго фонды, творы з якіх сучаснік мае магчымасць разглядаць, папаўняюцца. Сёння ў калекцыі БСМ, што збіралася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, налічваецца каля 10 тысяч адзінак. Аснову складаюць менавіта жывапіс і графіка. Галоўны захавальнік фондаў Беларускага саюза мастакоў Кацярына Пінчук адзначыла, што шукаюцца магчымасці для стварэння новых плошчаў для захоўвання работ. Між тым створана электронная сістэма ўліку, увесь фонд каталагізуецца і алічбоўваецца. Напрыклад, разгляд калекцыі жывапісу на стадыі завяршэння. А ў марах захавальнікаў — стварэнне каталога фондавай калекцыі. Без перабольшання, рэалізацыя такога праекта стала б знакавай падзеяй для краіны. Чакаюць яе занадта даўно... І, мабыць, на ўсё свой час. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.