Вы тут

Выстаўка памяці мастака Уладзіміра Лукашыка працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў


Выстаўка памяці мастака Уладзіміра Лукашыка «Пераадоленне» працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Някрасава, 3). Графік, дызайнер, ілюстратар і выкладчык пайшоў з жыцця 17 кастрычніка 2023 года пасля доўгай і цяжкай хваробы. Засталося шмат яго напрацовак, рэалізаваных праектаў, твораў выяўленчага мастацтва. Некаторыя з іх і вырашыў паказаць НЦСМ. 


«Галава каня», 1990-я гг.

Уладзімір Лукашык нарадзіўся 17 сакавіка 1953 года. Вучыўся на факультэце архітэктуры політэхнічнага інстытута, але потым перайшоў на кафедру прамысловага мастацтва Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Там вывучаў тэхнічную эстэтыку (цяпер гэта дызайн). Скончыў інстытут у 1976 годзе, а ў 1988-м уступіў у Беларускі саюз мастакоў. Працаваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Асноўны кірунак яго творчасці — дызайн і ілюстрацыі да кніг і артыкулаў. «Дызайн кнігі Уладзіміра Лукашыка — гэта строгая сістэма элементаў навігацыі і графікі, якая разбаўляецца тонкімі і філасофскімі малюнкамі, — адзначаюць у НЦСМ. — Яго графіка і сапраўды філасофская: у жаночых партрэтах адчуваецца характар кожнай мадэлі, яе настрой; пейзажы выглядаюць безжыццёва прывабнымі, а старадаўнія рэчы нашых продкаў намаляваны дасканала выверана з захапленнем кожнай дэталлю. У любым графічным аркушы бачна рука майстра — аб’ект выкананы з невялікай стылізацыяй, прамым асвятленнем і дробнай прапрацоўкай фактуры». 

Між тым дырэктар НЦСМ Сяргей Крыштаповіч падкрэсліў, што гэта першая выстаўка твораў Уладзіміра Лукашыка ў сценах выставачнай пляцоўкі:

— Ён быў геніяльным і вельмі сціплым мастаком, не імкнуўся да славы, тытулаў і ўзнагарод. І гэтая выстаўка складаецца з невялікай часткі яго захаваных твораў, выкананых простым алоўкам, пастэллю, тушшу. Тое, што захавалася, высокага прафесійнага ўзроўню. 

Дарэчы, работы, прадстаўленыя на выстаўцы, былі вывезены з майстэрні мастака (знаходзілася яна над сталічнай крамай «Каравай»). Таксама ў экспазіцыі можна ўбачыць творы, прывезеныя сябрамі аўтара. Пра гэта расказаў вядучы навуковы супрацоўнік экспазіцыйна-выставачнага аддзела НЦСМ Міхаіл Мірошнікаў. 

«Вершнік», 1980-я гг.

Адметна, што любімай тэмай мастака былі коні, што і дэманструе «Пераадоленне». Уладзімір Лукашык адлюстроўваў конныя спаборніцтвы, імкнуўся расказаць пра розныя пароды гэтых жывёл, выяўляў конныя двары. Сярод работ — «Вершнік» (1980-я), «Бар’ер» (1980-я), «Галава каня» (1990-я)... На выстаўцы дэманструецца нават відэа — здымкі трэніроўкі Вальдэмара Вагнера, якую каментуе Уладзімір Лукашык (Ратамка, 2019 год). 

Апошнім часам творца займаўся выключна камп’ютарнай графікай. Вядома, што працаваў над буклетамі, дыпломамі і граматамі Міністэрства культуры. Але найбольш адметнымі з’яўляюцца, натуральна, аўтарскія лічбавыя малюнкі. На выстаўцы такіх мала: гэта, напрыклад, «Брама» (2017) і «Брама Вольнасці» (2023). 

Ілюстрацыя да рамана Васіля Гігевіча «Марсіянскае падарожжа».

Крупінкі гісторыі ды міфаў, старонкі культурнай спадчыны — мастак удумліва канструяваў свае сюжэты на іх аснове і глыбока ўнікаў у сэнс складаных з’яў. Яго работы, у сваю чаргу, патрабуюць ад гледача фундаметальных ведаў аб мастацтве, умення мысліць абстрактна і неабыякавасці да нетыповых мастацкіх вобразаў. Толькі тады творчы свет Уладзіміра Лукашыка раскрыецца ва ўсіх сваіх багацці і бязмежнасці. 

Выстаўка «Пераадоленне» працягнецца да 11 лютага. 

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.