Вы тут

Мікола Засім: Куды б мяне ні кінуў лёс...


Гартаю першы том Збору твораў класіка рускай і савецкай паэзіі Аляксандра Твардоўскага. Поруч з яго арыгінальнымі вершамі (пачатак — творы «Урожай» і «Родное») і паэмай «Страна Муравия» — раздзел «Пераклады». З украінскай паэзіі ў ім прадстаўлены творы Тараса Шаўчэнкі і Івана Франко. Беларускую паэзію ў перакладах Аляксандра Трыфанавіча чытач адкрывае праз вершы Янкі Купалы, Міколы Сурначова, Аркадзя Куляшова. Пераклаў рускі паэт па адным вершы кожнага паэта. І яшчэ — падборка з шасці твораў Міколы Засіма: «Парагвай», «О себе», «Сестре», «Поэту», «О любви», «Встреча». 


З каментарыяў да публікацыі перакладаў можна даведацца пра тое, што Твардоўскі быў першым перакладчыкам твораў заходнебеларускага паэта Міколы Засіма (1908–1957) на рускую мову. Гэтыя пераклады (пяць вершаў, без твора «Поэту») з прадмовай Аляксандра Трыфанавіча ўпершыню былі надрукаваны ў чацвёртым за 1949-ы год нумары часопіса «Новый мир». Пасля, праз тры гады, у «Анталогіі беларускай паэзіі» на рускай мове (Масква, 1952 год) творы былі перадрукаваны. Дадаўся і пераклад верша «Поэту». А вось ужо наступная публікацыя — у шасцітомным Зборы твораў, выдадзеным пасля смерці А. Т. Твардоўскага.

Под любой мужицкой крышей, — 

Весь пройди Полесский край, — 

Всюду нынче только слышишь

Это слово: Парагвай. 

Агитатор панский въедлив,

Слушай, рта не закрывай.

Беднота, мол, пусть немедля

Подается в Парагвай.

Там для всех достатка хватит,

О земле там речь смешна. 

И налогов там не платят,

И одежа не нужна.
<...>

Только в Шубичах случилось, — 

Встал один мужик Тимох,

Молвит пану: «Сделай милость,

Брось трезвонить, пустобрех.

 

Ты зови с собой богатых,

Нам от них очисти край.

Мы и тут найдем достаток,

Свой построим «Парагвай». 

Верш «Парагвай», як вядома, быў напісаны ў 1935 годзе. Як водгук на падзеі, звязаныя з выездам землякоў паэта ў далёкі чужаземны свет у пошуках лепшай долі. 

У каментарыях да публікацыі перакладаў гаворыцца пра тое, што Мікола Засім выпусціў чатыры зборнікі вершаў. Відаць, аўтар каментарыяў меў на ўвазе, што на час выдання першага тома Збору твораў А. Твардоўскага выйшла чатыры зборнікі вершаў заходнебеларускага паэта... Пры жыцці ў Міколы Засіма пабачылі свет дзве паэтычныя кнігі — «Ад шчырага сэрца» (1947) і «Вершы» (1954), астатнія — пасля смерці. У прадмове да аднаго са зборнікаў літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік напіша: «Вялікую працу правёў Міхась Клімковіч, рэдагуючы два зборнікі вершаў Засіма, за што апошні быў яму глыбока ўдзячны». 

Жыццё паэта складваецца так, як складваецца. Відавочна, талент Міколы Засіма напоўніцу так і не раскрыўся. Шмат што тлумачаць і вось гэтыя радкі Уладзімра Калесніка: «У другой палавіне пяцідзясятых гадоў перад нашай паэзіяй узнікла нялёгкая праблема — рашуча паглыбіць эстэтычныя сувязі з жыццём, далей пранікаць у духоўны свет савецкага чалавека, паўней выяўляць багацце і хараство душы будаўніка камунізмe. Засім успрыняў гэтую задачу вельмі асабіста, адчуў усю цяжкасць яе. Гэта лішні раз пацвярджала арганічнасць яго сувязі з жыццём. 

Творчыя ўдачы ва ўмовах павышанай патрабавальнасці пачалі прыходзіць да Засіма радзей. Зрэшты, не да аднаго яго. Але ён, адчуваючы сябе самавукам на Парнасе, неяк лішне бурна ўстрывожыўся за свой літаратурны лёс. Прывыкшы тварыць у непасрэдным кантакце са слухачом-чытачом, бачыць у слухачу саўдзельніка творчасці, паэт пачынае крыўдаваць на, як яму здавалася, халоднасць новага гарадскога асяроддзя, ён важыцца то вяртацца ў сяло, то ехаць вучыцца ў Літаратурны інстытут, шукае падтрымкі і парады ў сяброў па пяры...» 

У адным з апошніх вершаў М. Засім пісаў (меней як за год да смерці!): «Быць паэтам — то не вельмі лёгка: // Сэрцам трэба многае адчуць, // Каб радок ніводзін не быў крохкім, // А каб важкім быў, жывым, як ртуць. // Каб пранік у самыя глыбіні // Душ, не вераць што твайму пяру // І смяюцца: «Верш стварыць Засіму — // Гэта жабе ўзлезці на гару». // Быць паэтам — то не вельмі лёгка: // Ў сэрца трэба ўлезці, сэрца трэ аддаць. // Ды якое шчасце і палёгка, // Калі любяць верш твой прачытаць!» («Быць паэтам»). 

Можна толькі здагадавацца, што значыла ўвага прызнанага савецкага паэта, ужо на той час аўтара і «Краіны Муравіі», і «Васіля Цёркіна» Аляксандра Твардоўскага да заходнебеларускага падпольшчыка, беларускага партызана, паэта з самай што ні ёсць глыбінкі. Публікацыя ў часопісе «Новый мир» суправаджалася ёмістым, грунтоўным словам перакладчыка. Хацелася б прывесці гэты ўступны артыкул — «Вершы Міколы Засіма» — цалкам: «Калі зямля Заходняй Беларусі ўз’ядналася з роднай зямлёй Беларускай Савецкай Рэспублікі, у вёсцы Шэні Пружанскага павета старшынёю сельсавета быў выбраны трыццацігадовы селянін, ураджэнец і жыхар гэтай вёскі — Мікола Засім. 

Чалавек вядомы ўжо і за межамі сваёй вёскі, які карыстаўся заслужанай любоўю хлебаробаў і нянавісцю з боку прадстаўнікоў панскіх улад. Яшчэ сямнаццацігадовым юнаком Мікола Засім быў упершыню арыштаваны за актыўную працу ў падпольным камсамоле Заходняй Беларусі. І надалей яму давялося пазнаёміцца не з адною знакамітай турмой панскай Польшчы, і ў паліцэйскіх характарыстыках ён называўся, акрамя ўсяго іншага, «непісьменным мужыцкім паэтам». Панскія ахоўнікі не памыліліся, пачуўшы ў тых, здавалася б, нявінных абставінах, што хлопец прыдумвае вершы і знаёміць з імі сваіх аднавяскоўцаў, яго асаблівую палітычную «злосную шкоду». Мікола Засім карыстаўся шырокай папулярнасцю сярод сялян, асабліва моладзі, як аўтар вострых, запамінальных вершаў і прыпевак супраць паноў і іх прыспешнікаў, супраць сістэмы прыгнёту, які выпрабоўваўся на беларусах, адрынутых ад адзінай сям’і роднага народа. Гэта быў паэт-араты, які не мог разлічваць на друкаванне сваіх вершаў і песень ва ўмовах жорсткай цэнзуры, і па сваім становішчы «неблаганадзейны». Ён задавальняўся славай «непісьменнага мужыцкага паэта», прыдумваў свае вершы, ідучы за плугам, і чытаў іх вечарамі на зборышчах вяскоўцаў, вячорках і сходах. Ён жыў жыццём роднага народа, яго думамі і надзеямі, яго сумам і радасцямі і пераймаў ад яго сродкі найболей даходлівай моўнай пабудовы — вострага жарту, хітрага іншасказу, прымаўкі і прыказкі, лірычнай пяшчотнай запеўкі. 

Ён прадаўжаў пісаць, займаючыся перайначваннем жыцця на новы лад у перыяд з восені 1939 года да пачатку нямецкай акупацыі, а з першых дзён вайны сыйшоў у лясы і стаў партызанам і партызанскім паэтам. 

Вершы гэтага перыяду адрозніваюцца асаблівай лаканічнасцю формы, нешматслоўным заклікам. Іх можна параўнаць з партызанскімі лістоўкамі тых дзён, што распаўсюджваліся ў тыле ворага і мелі вялікую сілу ўдзеяння на сэрцы нашых людзей, якія пакутавалі пад гнётам акупацыі. Ды яны, уласна, і былі такімі лістоўкамі, перапісанымі ад рукі на выпадковых аркушах паперы, і пераходзілі з рук у рукі, завучваліся на памяць. 

У партызанскіх атрадах Мікола Засім правёў усе гады да поўнага вызвалення Беларусі. Пасля вучыўся ў Мінску ў партыйнай школе, а цяпер працуе ў Брэсце, у абласной беларускай газеце. Нядаўна выйшаў яго першы зборнік, у якім сабраны творы, што захаваліся ў яго памяці альбо ў паходных запісных кніжках, — розных гадоў, з 1930 да 1946 года. 

Сярод новых імёнаў беларускай паэзіі імя Міколы Засіма ўяўляе, на наш погляд, несумненную цікавасць. У яго свой голас, свая тэма, свая манера пісьма, якая арганічна склалася. І, можа быць, слова «пісьмо» тут меней за ўсё падыходзіць, таму што відавочнай асаблівасцю гэтай манеры з’яўляецца блізкасць яе да ўзораў вуснай народнай творчасці, да жанру сучаснай, насычанай вострапалітычным зместам, прытчы, байкі, кароткай гумарэскі, частушкі, песні. 

Узорам яго творчасці з’яўляюцца некалькі вершаў, якія друкуюцца ніжэй. У перакладзе на рускую мову вершы Міколы Засіма друкуюцца ўпершыню». 

...Некаторы час назад пабачыла свет кніга трох паэтаў Гродзеншчыны. Поруч з вершамі Мар’яна Дуксы і Юркі Голуба была надрукавана грунтоўная падборка паэзіі Міхася Васілька — творцы, які таксама пачаў свой літаратурны шлях ва ўмовах панскага гнёту ў Заходняй Беларусі. Выйшла прыблізна ў той самы час і кніга трох берасцейскіх паэтаў, нават два зборнікі вершаў паэтаў Берасцейшычыны ўбачылі свет, лічы, у адначассе. У кожным прадстаўлены па тры паэты. Шкада, што не знайшлося пад іх вокладкамі месца паэзіі Міколы Засіма. Няўжо і кроплі цікаўнасці да яго грамадзянскіх і лірычных вершаў няма ў нашага сучасніка?!. 

Між іншым, першая паэтычная кніга М. Засіма — «Ад шчырага сэрца», якая выйшла ў Дзяржаўным выдавецтве БССР у 1947 годзе, была аддрукавана ў друкарні імя Сталіна ў Мінску па вуліцы Пушкіна, 55 накладам 8000 экзэмпляраў. Пэўна, і кніга, і паэзія, мастацкае слова па тым часе ігралі ролю болей шматзначную. І яшчэ адна істотная акалічнасць. Сёлета, 19 лістапада 2023 года, — 115 гадоў з дня нараджэння заходнебеларускага паэта-камуніста, баявога партызана (быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі!) Міколы Засіма. Ці дзе шырэй, чым згадкай у календары, была адзначана гэтая дата?!. Праўда, малайцы землякі, што ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая носіць імя паэта Міколы Засіма, правялі ў гонар ураджэнца свайго краю паэтычны non-stop «Мая Пружанская зямліца»... «Мая пружанская зямліца! // Твае палі і сінь нябёс // Мне будуць бачыцца і сніцца, // Куды б мяне ні кінуў лёс», — гэтымі радкамі пачынаецца верш Міколы Засіма «Родная зямліца», народжаны ў 1954-м... Ёсць вера, што многія творы заходнебеларускага паэта, сапраўднага грамадзяніна сваёй Айчыны, мастака слова, чалавека, які не шкадаваў сябе ні перад якімі выпрабаваннямі, яшчэ адкрыюцца нашаму чытачу, нашым сучаснікам і нашым наступнікам... 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.