Вы тут

Выставачны праект фатографа Вадзіма Качана


Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў на вуліцы Някрасава зноў чакае наведвальнікаў. У двух яго залах праходзіць выдатны выставачны праект фатографа Вадзіма Качана «Ад піктарыялізму да канцэптуалізму». Ажно 71 фатаграфія размешчана на сценах і 147 здамкаў дэманструюцца на экране. Куратарам экспазіцыі, якая будзе дзейнічаць да 11 лютага, выступае Дзіна Даніловіч. 


З серыі «Успаміны, што знікаюць, ці малюнкі часу і святла, ці фатаграфія як прадчуванне».

Выстаўка «Ад піктарыялізму да канцэптуалізму» складаецца з дзвюх частак. Першая прысвечана зімняй пары: тут прадстаўлены фатаграфіі, у якіх аўтар звяртаецца ў тым ліку да традыцыі піктарыялізму. Здымкі, зробленыя ў асноўным у 1980-я гады ў Мінску і яго ваколіцах, апавядаюць аб падзеях мінулага, захоўваюць імгненне, зачароўваюць злоўленым момантам. Сюжэты звычайныя і адначасова казачныя, будзённыя і няўлоўныя ў сваёй прыгажосці. Другая ж частка знаёміць з канцэптуальнымі пошукамі фотамастака. Работы, у тым ліку з серыі «Успаміны, што знікаюць, ці малюнкі часу і святла, ці фатаграфія як прадчуванне», прымушаюць паразважаць пра сувязь мінулага і сучаснасці, інтэрпрэтацыі даўніх і не зусім падзей, уласцівасці памяці... Зменлівасці любых успамінаў нібыта і процістаіць фатаграфія, якая паўстае сведчаннем, дакументам. Між тым і яе ўспрыманне залежыць ад шматлікіх фактараў. Раз! І ці ўспомнім мы, што адлюстравана на тым ці іншым здымку? Ці ўважлівыя да дэталяў сюжэта? Ці схапілі яго сутнасць? 

А зрабіць гэта дастаткова складана, бо і гэтая сутнасць можа змяняцца. Так, некалькі гадоў таму Вадзім Качан пачаў сканаваць плёначны фотаархіў і заўважыў, што драпіны, плямы і разрывы, якія з’явіліся на некаторых негатывах, змянілі здымкі. Аўтар успрыняў іх не як тэхнічны брак, а як вартасць, мастацкі сродак. Час надаў ім новае гучанне. 

— У 1980-я гады я засвойваў мастацтва фатаграфіі і шмат здымаў, — расказаў Вадзім Качан. — У той перыяд неяк не надаваў значнай увагі гэтым здымкам. Але мінула шмат часу, у мяне цудам ацалела 13 тысяч негатываў... Прыйшло разуменне, што такім чынам засталася памяць, захаваная ў выглядзе негатываў, плёнак, здымкаў. Фатаграфія — помнік часу. 

Фотамастак у той перыяд здымаў ледзь не ўсё навокал. Натуральна, толькі з вопытам прыходзіць майстэрства. Аднак заўважае: многае рабіў інтуітыўна. Магчыма, менавіта таму сёння і цалкам рэалістычныя фота Вадзіма Качана, і яго мастацкія сюжэты здольны выклікаць самыя розныя думкі і пачуцці. Дарэчы, як і здымкі, у якія пэўныя акалічнасці і абставіны ўнеслі свае праўкі. Яркі прыклад уяўляе сабой красамоўны кадр, які аўтар зрабіў у дзіцячым доме ў 1988 годзе. Асаблівасці кампазіцыі здымка дапоўнілі змены пры друку, і такім чынам твор набыў новыя сэнсы. З аднаго боку, перад намі — факт мінулага, з іншага — прароцтва. 

https://zviazda.by/sites/default/files/13_51_005.jpg

Беларуская публіка не абыходзіць увагай работы Вадзіма Качана. Напрыклад, на адным з фестываляў «Арт-Мінск» аўтар атрымаў прыз сімпатый гледачоў. Яны прыязна ставяцца да яго традыцыйных і эксперыметальных работ, адчуваюць і разумеюць, якімі развагамі і пачуццямі імкнецца падзяліцца фотамастак. Гэта, напэўна, улічылі і арганізатары выстаўкі «Ад піктарыялізму да канцэптуалізму» ў НЦСМ, якія прыйшлі менавіта да такой яе працягласці. А тым, хто па нейкіх прычынах не зможа ўбачыць экспазіцыю, раім пазнаёміцца з сайтам Вадзіма Качана — там таксама шмат цікавага. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.