Кропка ў гэтым важным і адказным працэсе пастаўлена з разглядам такіх законапраектаў, як «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» і «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях». Такім чынам, створана ўся неабходная прававая база для правядзення выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, членаў Савета Рэспублікі і правядзення Усебеларускага народнага сходу.
У цэлым, як у размове з журналістамі звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, адыходзячы год быў прадуктыўны ў плане заканадаўчай дзейнасці. «Намі прынята каля 100 законапраектаў, — удакладніў ён. — Гэта законы, якія накіраваны на забеспячэнне перш за ўсё нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, развіццё эканомікі, сацыяльнай абароны грамадзян. Безумоўна, асноўным прыярытэтам у рабоце дэпутацкага корпуса было прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даручыў менавіта цяперашняму складу дэпутацкага корпуса правесці ўсю неабходную работу па карэкціроўцы нашага заканадаўства».
У выніку гэтай работы распрацаваны два новыя законапраекты: Закон «Аб Усебеларускім народным сходзе» і «Аб асновах грамадзянскай супольнасці». У адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй прыведзены 83 законы. Па словах спікера ніжняй палаты парламента, дэпутаты папрацавалі грунтоўна. «Прыняты прадуманыя, узважаныя рашэнні, а для гэтага патрабаваўся прафесійны і адказны падыход, — заўважыў ён. — Аднак гэта не азначае, што мы заканчваем нашу работу. Яна працягваецца. Сёння ў Палаце прадстаўнікоў на разглядзе знаходзіцца каля 20 новых законапраектаў».
На чарговым пасяджэнні дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні дэпутаты разгледзелі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання». Устанаўліваецца забарона на кампенсацыю пастаўшчыкамі (вытворцамі) харчовых тавараў суб’ектам гандлю выдаткаў на ўтылізацыю (знішчэнне) нерэалізаваных тавараў. Забараняецца вяртанне суб’ектамі гандлю нерэалізаваных харчовых тавараў з тэрмінам прыдатнасці не больш за 30 дзён іх пастаўшчыкам (вытворцам). Уводзіцца абавязак суб’ектаў гаспадарання ажыццяўляць гандаль, грамадскае харчаванне, дзейнасць гандлёвых цэнтраў і рынкаў толькі пасля ўключэння звестак аб адпаведных аб’ектах у Гандлёвы рэестр. Уводзіцца абавязак суб’ектаў рознічнага гандлю ўзгадняць з гор(рай)выканкамамі пералік тавараў, абавязковых да наяўнасці для рэалізацыі ў гандлёвым аб’екце. У рамках рэалізацыі Саюзнай праграмы выключаюцца абавязкі суб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання ўзгадняць з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі рэжым работы гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання ў начны час. У выпадку продажу алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва гэтае патрабаванне захоўваецца.
Як патлумачыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, змяненні ў закон выкліканы неабходнасцю ўніфікацыі патрабаванняў да арганізацыі і ажыццяўлення гандлёвай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, стварэння дадатковых умоў для развіцця айчыннай вытворчасці і насычэння спажывецкага рынку якаснымі беларускімі таварамі, стварэння дадатковых умоў для развіцця канкурэнцыі на рынку рознічнага гандлю, удасканалення прававога рэгулявання ў галіне інтэрнэт-гандлю.
У першым чытанні таксама прыняты законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі».
У першым чытанні дэпутаты адобрылі праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх». Дапаўняецца пералік катэгорый непаўналетніх, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Павялічваецца тэрмін, на працягу якога органы, установы і іншыя арганізацыі, якія ажыццяўляюць прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, будуць праводзіць індывідуальную прафілактычную работу. Пашыраецца пералік падстаў для спынення такой работы. Акрамя таго, удакладняюцца ўмовы памяшчэння непаўналетніх у спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы, умовы прыбывання ў іх. Таксама вызначаюцца ўмовы прыёму непаўналетніх у спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы па заявах іх бацькоў (усынавіцеляў, удачарыцеляў), апякуноў або папячыцеляў.
Як адзначыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, новая рэдакцыя закона дазволіць ізаляваць правапарушальнікаў пасля здзяйснення чатырох адміністрацыйных дзеянняў незалежна ад мер спагнанняў і ўзросту правапарушальніка. «Дадаткова ўводзіцца асобная норма змяшчэння непаўналетняга ў спецыяльную выхаваўчую ўстанову, — канкрэтызаваў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Яна датычыцца тых падлеткаў, якія пераступілі закон і ў сілу ўзросту вызвалены ад крымінальнай адказнасці. Прапанаваныя падыходы дазволяць не дапусціць серыі супрацьпраўных учынкаў ад дзіцяці і пачынаць работу па папярэджанні на больш ранняй стадыі».
Па словах міністра, адной з падстаў для накіравання ў спецыяльную выхаваўчую ўстанову, будзе з’яўляцца і факт жорсткага абыходжання дзяцей з жывёламі. Таксама законапраектам прадугледжана дапамога дзецям, якія пакутуюць ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці. «Дадзеная работа будзе рэалізоўвацца шляхам накіравання іх у спецыяльную выхаваўчую ўстанову па заявах бацькоў, — паведаміў Іван Кубракоў. — З такімі падлеткамі арганізуюць мерапрыемствы комплекснай рэабілітацыі, якія ўтрымліваюць медыцынскі, псіхолага-педагагічны і адукацыйны кампаненты. Але самае галоўнае, непаўналетні будзе агароджаны ад негатыўнага асяроддзя, што, безумоўна, спрыяльна скажацца на працэсе яго рэабілітацыі».
Новаўвядзенні закрануць і законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання шлюбных і сямейных адносін». Замацоўваецца прававая норма, якая ўстанаўлівае асаблівасці правядзення медыцынскага агляду асоб, абавязаных пакрываць выдаткі, патрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Разглядаецца магчымасць адчужэння жылых памяшканняў (долі ў праве ўласнасці на жылое памяшканне), якія належаць абавязаным асобам, са згоды органа апекі і папячыцельства або на падставе рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ў інтарэсах непаўналетніх дзяцей абавязаных асоб. Акрамя таго, мяняюцца падыходы да прадастаўлення працоўнага адпачынку абавязаным асобам, вызначэння арганізацый, у якія такія асобы будуць працаўладкоўвацца. Таксама канкрэтызуюцца падставы звальнення такіх асоб.
Таксама падчас пасяджэння былі разгледжаны новаўвядзенні ў заканадаўства аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці, па пытаннях рынку каштоўных папер, па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі. Зацверджаны змяненні ў Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь, кодэксы па пытаннях крымінальнай адказнасці. Ратыфікавана Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб узаемным прызнанні банкаўскіх гарантый пры ажыццяўленні дзяржаўных (муніцыпальных) закупак, Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб міжнародных аўтамабільных перавозках.
Па завяршэнні апошняга ў гэтым годзе пасяджэння дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання Уладзімір Андрэйчанка ўручыў узнагароды, ганаровыя граматы і падзякі дэпутатам. Таксама Старшыня Палаты прадстаўнікоў вызначыў прыярытэтныя кірункі дэпутацкай дзейнасці ў бліжэйшы час і паставіў канкрэтныя задачы.
«Асноўныя вектары міжнароднай дзейнасці дэпутацкага корпуса на бліжэйшую перспектыву ў многім вызначаюць вынікі нядаўніх візітаў Прэзідэнта Беларусі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кітай, Экватарыяльную Гвінею і Кенію, — заўважыў спікер. — Гэта паездка наглядна пацвердзіла той факт, што цэнтр сусветнага эканамічнага жыцця сёння імкліва перамяшчаецца ў краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу. Беларусь там запатрабавана як надзейны эканамічны партнёр і аднадумец у справе пабудовы больш справядлівага светаўладкавання. Дэпутацкаму корпусу трэба аператыўна падключыцца да рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцяў. Гэта найперш задача нашых парламенцкіх груп сяброўства».
Нязменным прыярытэтам парламентарыяў застаецца ўзаемадзеянне з калегамі ў рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, ПА АДКБ, МПА СНД. «Адна з найважнейшых задач з улікам маючых адбыцца выбараў — запрашэнне міжнародных назіральнікаў з гэтых інтэграцыйных структур, — канкрэтызаваў Уладзімір Андрэйчанка. — У цеснай каардынацыі з калегамі з Савета Рэспублікі трэба стварыць усе неабходныя ўмовы для іх дзейнасці».
Наступныя два тыдні дэпутаты будуць працаваць у выбарчых акругах. «Нягледзячы на святы, гэта будзе вельмі насычаны з грамадска-палітычнага пункту гледжання час, — заўважыў спікер ніжняй палаты парламента. — Пачаты ўжо збор подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў усіх узроўняў. Зразумела, што нам неабходна аказаць садзейнічанне мясцовым органам улады ў арганізацыйным плане, удзельнічаць у інфармацыйным суправаджэнні кампаніі: у правядзенні дыялогавых пляцовак, круглых сталоў, сустракацца з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах і на асабістых прыёмах. Сустракаючыся з людзьмі, трэба растлумачваць значнасць электаральнай кампаніі, яе арганізацыйныя асаблівасці і неабходнасць прыйсці на ўчасткі для галасавання. Грамадзяне павінны разумець, што будучыня краіны і асабісты лёс кожнага беларуса сёння залежаць ад свядомага і адказнага выбару кожнага з нас».
Асаблівую ўвагу Уладзімір Андрэйчанка рэкамендаваў дэпутатам звярнуць на пытанні цэнаўтварэння, наяўнасці неабходнага асартыменту тавараў у гандлёвых пунктах і, што немалаважна, — на культуру абслугоўвання. Найперш гэта датычыцца малых населеных пунктаў. «Людзі, якія сваёй працай ствараюць дабрабыт Беларусі, заслугоўваюць таго, каб якасць іх жыцця ўвесь час паляпшалася, — падкрэсліў ён. — У цэлым наша задача — зрабіць усё, каб выбары прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, спакойна і ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.