Вы тут

У тэатр лялек прыляцелі матылькі


Хіба матылькі лётаюць у снежні?.. Так, проста трэба ведаць месцы, дзе іх можна пабачыць. І ёсць умовы — бо такія цуды здараюцца не для ўсіх. Трэба быць маленькім дзіцем з чыстым сэрцам і адкрытым розумам, якое гатова спасцігаць і адкрываць для сябе свет. Альбо яго бацькамі ці сваякамі, якія б маглі прывесці (прынесці?) малечу ў тэатр. Таму што спектакль «Матылькі» мае ўзроставую катэгорыю... «1+»! Дзіцятка, можа, яшчэ не ўмее хадзіць, толькі вучыцца вымаўляць гукі, але яно гатова для ўражанняў. І чаму б не падараваць іх такім маленькім ці крыху большым дзеткам? Чаму не пачынаць ім адкрываць мастацтва і не расціць з іх тэатралаў? 


Амбітную задачу паставіў рэжысёр Яўген Карняг — гэта яго трэці дзіцячы спектакль у тэатры лялек. А пачыналася дзяцячая тэма ў творчасці Карняга толькі год таму. І ўжо шмат напрацавана для дзяцей розных узроставых катэгорый. 

Але «Матылькі» вельмі асаблівыя. Па-першае, пазначаны як бэбі-спектакль. Майстар сур’ёзных і складаных пастановак для дарослых, Карняг упершыню ўзяўся размаўляць з тымі, хто, магчыма, размаўляць яшчэ не ўмее. Па-другое, ідзе спектакль не на звычайнай сцэне тэатра. Для такой адмысловай пастаноўкі — каб малыя не гублялі ўвагу, седзячы ў зале на адлегласці ад сцэны, — абралі зусім іншую прастору ў тэатры. Цяпер у Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек з’явілася малая зала, адкрыццё якой прымеркавалі да прэм’еры 9 снежня. 

Навошта тэатру Мала зала? Як правіла, Малыя залы ў тэатрах дазваляюць больш гнутка працаваць з гледачамі, рэалізоўваць жаданні да пошуку і эксперымента і, калі трэба, наогул пераадолець адлегласць паміж акцёрамі і гледачамі, калі дзея разгортваецца літаральна перад вачыма, а да артыстаў можна нават дакрануцца ды ўзаемадзейнічаць з імі. У дадзеным выпадку гэта не толькі не забараняецца, а прадугледжваецца. 

Вось акурат падчас «Матылькоў», таму што спектакль інтэрактыўны. Пры тым, што ён доўжыцца каля паловы гадзіны, за гэты час паспець можна вельмі шмат. Даведацца пра жыццё прыгожых матылькоў, якія лётаюць каля кветак і дзьмухаўцоў, але так было не заўсёды. Гісторыя аднаго матылька праходзіць перад вачыма — без аніводнага слова з боку артыстаў. Але гэта не замінае разумець, адчуваць і атрымліваць яркія ўражанні — што і трэба такім малечам, якія могуць не проста назіраць збоку, а нават стаць саўдзельнікамі дзеі — калі няма адлегласці паміж тым, што распавядаецца, і тымі, хто глядзіць, то гэта вельмі проста. Таму бацькоў папярэджваюць, што варта ўзяць для малых абутак на змену.

Інтэрактыў у спектаклях для дзяцей — гэта ўжо апрабаваны прыём рэжысёра (такія эпізоды ёсць у «Прададзеным смеху» і ў «Разумнай сабачцы Соні»). Праўда, гэтым разам рэалізаваць яскравую задуму яму дапамагала мастачка Вольга Дваравая. За музычнае афармленне адказваў Эрык Хацяновіч. Усё разам спалучана арганічна, кампактна і зачароўвае падобна цуду. Дык тэатр і ёсць цуд: некаму пашчасціць зразумець гэта ў раннім дзяцінстве. 

Усе датычныя да пастасноўкі разумелі, што гледачы, якім толькі годзік ці крыху больш, могуць упершыню сутыкнуцца з тэатрам, таму важна, каб уражанні і эмоцыі былі такімі магутнымі, што малых будзе цягнуць у тэатр зноў і зноў. І бацькоў, напэўна, таксама, таму што рэжысёр улічвае іх прысутнасць разам з дзецьмі, каб ніхто не сумаваў у зале: калі цуд мастацтва адбыўся, то ён дзейнічае на ўсіх. А ўразіць бацькоў не менш важна, бо менавіта ад іх залежыць, ці наведаюць іх дзеці тэатр яшчэ. Пасля, напэўна, бацькі захочуць вывучыць афішу тэатра, у які можна прыходзіць зноў і зноў, кожны раз для сябе адкрываючы новыя назвы, у тым ліку і спектакляў для дарослых, на якія багаты Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. 

Але пакуль ёсць прэм’ера для самых маленькіх, то варта паклапаціцца пра тое, каб падараваць цуд дзецям — у снежні яшчэ будзе сустрэча з «Матылькамі», якія пасяліліся на Малой сцэне тэатра. Яны першыя — прыгожыя, яркія, што пасуе добраму пачатку. Але ж варта толькі пачаць...

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота дасланы тэатрам

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.