Вы тут

Міністр энергетыкі расказаў пра вынікі і планы спажывання электраэнергіі ў краіне


Штодня Беларуская АЭС (у складзе двух энергаблокаў) выпрацоўвае звыш 55 млн кВт•г электраэнергіі і ўжо выпрацавала 21,8 млрд кВт•г, дзякуючы чаму краіна зэканоміла 5,8 млрд м3 прыроднага газу. Прагназуецца, што да канца года краіна спажыве 41 млрд кВт•г электраэнергіі, да 28% якой будзе забяспечана атамнай станцыяй. А ў бліжэйшае пяцігоддзе плануецца збудаваць каля 2 млн м2 электражылля.


Мільярды кілават, тысячы кіламетраў

Попыт на электраэнергію ў краіне з боку рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва павялічваецца. За 11 месяцаў агульны аб’ём яе спажывання падрос на 2,3 млрд кВт•г (на 6,6% да леташняга аналагічнага перыяду) і склаў 37,1 млрд кВт•г электрычнасці, расказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч:

— Пры гэтым па асобных кірунках, дзе былі прынятыя стымулюючыя меры, рост электраспажывання вышэйшы, чым па рэспубліцы. У рэальным сектары эканомікі спажыванне павялічылася на 8,5%, на аказанне паслуг па зарадцы электратранспарту — на 23%, на патрэбы гарачага водазабеспячэння і ацяплення насельніцтва — на 38,4%.

16 снежня на першым энергаблоку завершаны другі планава-папераджальны рамонт, падчас якога частка адпрацаванага ядзернага паліва (заменена 42 са 163 цеплавыдзяляльных зборак з палівам) была заменена і змешчана ў басейн вытрымкі. Свежае паліва загрузілі ў рэактар, паведаміў міністр:

— Праведзена рэвізія абсталявання рэактарнай устаноўкі, турбагенератара, галоўных цыркуляцыйных помпаў і іншага абсталявання і тэхналагічных сістэм. Зроблены кантроль металу і дыягностыка зварных злучэнняў абсталявання.

Сёлета ў краіне ўжо пабудавана і мадэрнізавана звыш 2,1 тысячы кіламетраў ліній электраперадачы, а па выніках года лічба будзе яшчэ большай. Мадэрнізавана і ўзведзена больш за 20 падстанцый, найбольш значныя з якіх «Паўночна-Заходняя», «Атлант», «Жабінка», «Камвольны камбінат», «Дубрава», «Аэрадромная», «Чаркасы».

— Большасць з гэтых праектаў рэалізаваны з прымяненнем найноўшых тэхналогій па лічбавізацыі, ва ўсіх падстанцыях выкарыстаны сістэмы аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў, што істотна павышае надзейнасць энергазабеспячэння спажыўцоў, — адзначыў кіраўнік энергетычнага ведамства.

На ацяпленне і гарачую ваду

Электраэнергія, якую выпрацоўвае БелАЭС, таксама шырока выкарыстоўваецца для электрыфікацыі жылля, і гэтыя работы вядуцца у некалькіх кірунках. Будаўніцтва новых шматкватэрных і індывідуальных электрадамоў, дзе адразу закладзена выкарыстанне электрычнасці для ацяплення і падагрэву вады. З 2021-га да цяперашняга часу было пабудавана звыш 1 млн м2 электражылля.

Перавод шматкватэрнага жылфонду з пячнога ацяплення на электраэнергію. У графікі гэтых работ на пяцігоддзе ўключана каля сотні такіх дамоў у розных рэгіёнах краіны. Ужо мадэрнізаваны знешнія сеткі для пераводу 19 дамоў на выкарыстанне электрычнасці для ацяплення і падагрэву вады.

Перавод індывідуальнага жылля на электрычнае ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. За гэты год у энергазабяспечваючыя арганізацыі паступіла 22,9 тысячы зваротаў грамадзян на атрыманне тэхнічных умоў, з якіх 94,6% (21,7 тысячы зваротаў) было задаволена.

— У 5,4%, якія засталіся незадаволенымі, трапілі грамадзяне, якія пражываюць у населеных пунктах, дзе ўжо праведзена мадэрнізацыя электрасетак, але людзі паўторна не звярнуліся за атрыманнем тэхнічных умоў, хаця энергазабяспечваючыя арганізацыі ім пра гэта паведамілі; грамадзяне, якія жывуць у мястэчках, якія газіфікаваны (дзе ёсць вулічныя газаправоды) і дзяржавай ужо створаны ўмовы для больш камфортнага спажывання прыроднага газа для ацяплення.

Адпаведна, з перспектыўнымі планамі і інвестыцыйнымі праграмамі, якія распрацоўваюцца кожны год, прадугледжваецца мадэрнізацыя і рэканструкцыя сетак у тых населеных пунктах, дзе звароты грамадзян не змаглі задаволіць. На 2021-2025 гады сфарміраваны (па ўзгадненні з аблвыканкамамі) перспектыўныя планы мадэрнізацыі электрасетак, якія ахопліваюць больш за 5,7 тысячы кіламетраў электрасетак і звыш 1500 населеных пунктаў, дзе будзе магчыма наладзіць выкарыстанне электрычнасці для падагрэву вады і ацяплення, удакладніў Віктар Каранкевіч:

— Мы падрыхтавалі адпаведныя прапановы адносна магчымасці выкарыстання электраэнергіі для падагрэву вады і ацяплення ў населеных пунктах, якія газіфікаваны. Ёсць пэўныя сітуацыі, дзе, магчыма, трэба выпрацоўваць у тым ліку і нестандартныя прапановы і падыходы. Яны сфарміраваны і ўнесены ў Савет міністраў у выглядзе адпаведнага праекта пастанаўлення. У найбліжэйшы час па дакуменце, спадзяюся, будзе прынятае адпаведнае рашэнне. 

І там будуць адказы на абазначанае пытанне.

Газ для нас, торф — на экспарт

Разам з электрыфікацыяй жылля праводзіцца і яго газіфікацыя. Па ўзроўні газазабеспячэння Беларусь у лідарах сярод краін СНД. Сёння газіфікаваны ўсе абласныя і раённыя цэнтры, гарады і пасёлкі гарадскога тыпу, а таксама больш як 3,6 тысячы сельскіх населеных пунктаў, падзяліўся лічбамі міністр:

— У эксплуатацыю сёлета ўведзена 818 кіламетраў газаправодаў розных катэгорый, газіфікавана звыш 13,2 тысячы кватэр і домаўладанняў. За апошнія 20 гадоў агульная працягласць газавых сетак у краіне вырасла больш як у тры разы і цяпер складае амаль 68 тысяч кіламетраў.

На пяцігоддзе запланавана рэканструкцыя электрасетак у 1,5 тысячы населеных пунктаў, а праекты па газіфікацыі будуць разгорнутыя ў 30-х. Такім чынам будзе ахоплена найбольшая колькасць мястэчак для стварэння ў іх больш камфортных умоў жыцця.

Важнае месца ва ўмацаванні энергабяспекі краіны займае тарфяная галіна, прадукцыя якой пастаўляецца прадпрыемствам ЖКГ, цэментным арганізацыям, насельніцтву; яна запатрабавана і ў сельскай гаспадарцы, нагадаў міністр:

— Штогод у краіне здабываецца каля 2 млн тон торфу, з якога вырабляецца каля 1,2 млн тон торфапрадукцыі (каля мільёна тон мае паліўнае прызначэнне). Гэта дазваляе штогод замяшчаць больш як 450 млн м3 газу.

Унутраныя патрэбы Беларусі ў тарфяным энергарэсурсе забяспечваюцца цалкам, застаецца і на экспарт (сёлета ў 21 краіну бліжняга і дальняга замежжа пастаўлена 141 тысяча тон торфапрадукцыі, з іх 1,9 тысячы тон — у Кітай). У снежні падпісаны мемарандум, якім прадугледжаны вопытныя пастаўкі тарфяных субстратаў у В’етнам, абмяркоўваюцца пытанні пашырэння супрацоўніцтва з расійскімі кампаніямі.

Сёлета торфазаводы вырабілі 888 тысяч тон сушонкі і торфабрыкетаў, з якіх 528 тысяч тон накіравана на патрэбы прадпрыемстваў, а 258 тон забяспечыла попыт насельніцтва.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.