Вы тут

Дзед Мароз па прозвішчы Афанасьеў


Галоўнага гаспадара навагодніх свят заўсёды чакаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Высокі статны дзед з сівой барадой у іскрыстай шубе ўвасабляе дабрыню і цуд, які абавязкова павінен здарыцца пад Новы год. Такім увасабленнем на працягу 30 гадоў для жыхароў Шумілінскага раёна стаў Юрый Афанасьеў, які нястомна запрашае маленькіх і дарослых шумілінцаў у дзівосны казачны свет.


Сустрэцца з галоўным Дзедам Марозам раёна напярэдадні свята аказалася няпроста, графік у Юрыя Васільевіча шчыльны. Акрамя занятасці на асноўным працоўным месцы ў раскладзе мужчыны штодзень рэпетыцыі ранішнікаў, навагодняга шэсця, спектакляў і самой ночы на цэнтральнай плошчы. Кожны ў Шуміліне ведае Афанасьева не толькі як культурнага актывіста і надзейнага таварыша, але і як таго, хто дорыць навагоднія цуды, таму тут, у гарпасёлку, Новы год чакаюць асабліва моцна. І вераць, што дзядуля сапраўдны.

Шлях у мастацкую самадзейнасць у Юрыя Васільевіча пачаўся яшчэ ў мясцовай школе, калі настаўніца рускай мовы і літаратуры Раіса Рачкоўская запрасіла юнака ў драмгурток. Першай спробай на сцэне для хлопца стаў спектакль «Конскае прозвішча», потым была і знакамітая «Ноч перад Раством». А пасля таленавітага Юру заўважыў знакаміты ў шумілінскіх кругах рэжысёр Генадзь Ганчароў, які кіраваў мясцовым народным тэатрам. Менавіта ў далёкія 1990-я гады Афанасьеў першы раз прымераў на сябе ролю Дзеда Мароза, хоць тады ён іграў не дарослага, а аднаго з двух маладых Марозікаў. Уменне трымацца на сцэне і поўная адданасць ролі зрабілі сваю справу — галоўны навагодні персанаж замацаваўся за Юрыем і за столькі гадоў моцна пераплёўся з ім самім.

Цікава, што гэта творчая асоба па спецыяльнасці ветэрынар, але большую частку свайго жыцця Юрый Васільевіч працуе начальнікам лабараторыі на ААТ «Вежа». «Калі мая культурная дзейнасць толькі пачыналася, я напярэдадні Новага года браў на асноўнай рабоце водпуск, каб прысвяціць час рэпетыцыям і падрыхтоўцы. Зараз, канешне, напрацаваны вопыт дае магчымасць сумяшчаць працу і мастацкую самадзейнасць», — дзеліцца герой.

Вобраз Дзеда Мароза для мужчыны мае сакральны сэнс, таму штогод пры падрыхтоўцы да святочных мерапрыемстваў ён пільна падыходзіць на толькі да сцэнарыя, але і да касцюма. Гэтай калекцыі, калі можна так назваць казачны гардэроб, пазайздросціць любы дом культуры. Выконваючы ролю Марозіка першы раз, Юрый вырашыў пашыць свой касцюм. «Тады вялікіх фінансавых магчымасцяў не было, пазычыў 200 долараў і заказаў у расійскім горадзе Іванава атласную чырвоную шубу. Потым набыў высакаякасны парык у сталічнай майстэрні, пасля з’явіліся і бліскучыя боты», — успамінае Юрый Васільевіч. Дарэчы, менавіта боты ў нейкай ступені прымусілі мужчыну сачыць за кожнай дэталлю вобраза, каб ні ў якім разе не сапсаваць дзецям веру ў казку. «Мая знаёмая павяла сваю дачку на ранішнік, а ў Дзеда Мароза з-пад шубы тырчалі чорныя штаны і лакавыя туфлі. Дзяўчынка расплакалася, свята было сапсавана. Дзед Мароз павінен быць апрануты правільна, па ўсіх казачных канонах. Дзеці — гэта самыя пераборлівыя гледачы, першасна яны ўспрымаюць героя вачыма, таму добры касцюм — гэта палова поспеху», — дзеліцца сакрэтамі Афанасьеў.

Менавіта таму зараз у гардэробе героя тры касцюмы сіняга і чырвонага колераў, сёлета пад заказ для Юрыя Васільевіча пашылі новае ўбранне. Пад кожную шубу — падыходзячыя па колеры атласныя шаравары, а яшчэ дзве пары бліскучых ботаў па індывідуальнаму пашыву. Якасная кучаравая барада — таксама важны элемент вобраза, яна замацавана надзейна, каб дзеці маглі пераканацца ў сапраўднасці дзядулі. А чаго вартыя чароўныя кіі Афанасьева: ёсць у калекцыі Юрыя і складны разьбяны з дрэва, ёсць і некалькі больш сучасных з ілюмінацыяй. Некаторыя свае касцюмы мужчына ўжо падарыў мясцовай школе і аддзелу культуры. Ён перакананы, што мясцовыя дзеці ні чым не горшыя за гарадскіх, таму для іх сівы чараўнік павінны быць прыгожым.

На плячах Афанасьева раней ляжалі амаль усе раённыя навагоднія мерапрыемствы — ад ранішнікаў у дзіцячых садках і школах да самой навагодняй ночы на цэнтральнай плошчы. З цягам часу заслужаны Дзед Мароз адышоў ад такога напружанага графіку, бо замяняць персанажа маглі маладыя спецыялісты культуры. А ў гэтым годзе Юрый Васільевіч зноў вярнуўся ў сваю нялёгкую каляіну. «Нягледзячы на пераднавагоднія спектаклі, першага студзеня ў 00:20 трэба ўжо быць на цэнтральнай ёлцы. Для кагосьці гэта складана — правесці святочную ноч не за сталом з шампанскім, а з людзьмі, а мне гэта прыносіць радасць. За снежань я напітваюся энергіяй дабра і пазітыву на цэлы год. Гэтыя эмоцыі не параўнаць ні з чым», — расказвае герой.

Самааддачу народнага артыста адчуваюць сэрцам дзеці. Многія пастаянныя прыхільнікі шумілінскага Дзеда Мароза спецыяльна прыходзяць з бацькамі ў навагоднюю ноч, каб падзякаваць чараўніку за сюрпрызы пад ёлкай, падзяліцца сваімі жаданнямі. Аднойчы Юрыю Васільевічу нават падарылі карціну, зробленую дзіцячымі рукамі. Яе, як адзін з галоўных напамінаў аб важнай і пачэснай місіі дарыць людзям цуд, Афанасьеў беражліва захоўвае.

Сёлета да ўсемагмычых раённых мерапрыемстваў дадалася яшчэ і работа ў раённай рэзідэнцыі Дзеда Мароза, якая больш за дзесяць гадоў таму была створана па ініцыятыве Юрыя Васільевіча і дырэктара раённага цэнтра культуры Марыны Прохаравай. Жаданне быць на пастаяннай сувязі з дзецьмі ў работнікаў культуры не мае граніц: у перыяд эпідэміі каронавіруса галоўны чараўнік разам са Снягуркай віншавалі малых у фармаце анлайн. 

А на наступны год работнікі цэнтра культуры плануюць арганізаваць навагоднюю пошту, праз якую дзеці змогуць дасылаць лісты свайму, мясцоваму Дзеду Марозу на вуліцу Паўночную. Там, дарэчы, працуе сам Юрый.

Увесь астатні год пасля навагодніх урачыстасцяў герой актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці гарпасёлка. Так, на працягу многіх гадоў Юрый з’яўляецца ўдзельнікам народнага фальклорнага калектыву «Гульбічы», які ў свае залатыя гады аб’ездзіў не толькі Беларусь, але і Польшчу, Прыбалтыку. Здольнасці вядучага мужчына выкарыстоўвае на мерапрыемствах цэнтра культуры, летам ён іграў Несцерку на абласным фестывалі гумару «Смяяцца не грэх». Але ўсе ж такі бліжэй да сэрца Юрыю Васільевічу роля Дзеда Мароза.

«За амаль 30 гадоў навагодняй дзейнасці мой вобраз ні разу не быў камерцыйным праектам, і я гэтага не разумею. Да сваіх „калег“, якія могуць пакурыць праз бараду або падняць чарку ў ролі Дзеда, таксама стаўлюся негатыўна. Вобраз Дзеда Мароза нельга апашляць, ён павінен быць казачным і ў некаторай ступені святым», — разважае Афанасьеў.

22 снежня галоўны чараўнік раёна будзе запальваць агні на цэнтральнай ёлцы Шуміліна. Разам з другімі казачнымі персанажамі дзядуля пройдзе па галоўнай вуліцы гарпасёлка, будзе частаваць дзяцей цукеркамі з вялікага мяшка і слухаць самыя важныя жаданні. «Трэба несці радасць дзецям, няхай хаця б у іх усе будзе цудоўна», — рэзюмуе Юрый Васільевіч.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.