Вы тут

Як гандаль і грамадскае харчаванне падрыхтаваліся да навагодніх святаў


Па ўсёй краіне сёлета будзе працаваць каля 950 ёлачных базараў. А крамы задаволяць каля 12 тысяч акцый і распродажаў. Як падрыхтаваліся гандаль і грамадскае харчаванне да навагодніх і калядных святаў, расказалі начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава і начальнік Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная.


 

Больш, чым летась

Фота: pixabay.com

Як адзначыла Наталля Мельнікава, у бягучым годзе ва ўсіх рэгіёнах ужо арганізавана работа каля 620 святочных кірмашоў, якія адкрыты ўжо з 8 снежня. «Адзначу, што ў 2023 годзе па ўсёй краіне арганізавана максімум кірмашоў, прымеркаваных да навагодніх і калядных святаў, што на 4% больш, чым летась», — заўважыла яна. У сталічных Палацы Рэспубліцы і Палацы Незалежнасці пройдуць святочныя мерапрыемствы ў рамках акцыі «Нашы дзеці».

Акрамя таго, дадала спікер, пачалі работу ёлачныя базары.

Работа гандлю і грамадскага харчавання

У перадсвяточныя і святочныя дні па ўсёй тэрыторыі Беларусі па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі будуць прадоўжаны рэжымы работы 350 гандлёвых аб’ектаў і 240 аб’ектаў грамадскага харчавання. Ужо цяпер у буйных крамах абвешчаны прыём папярэдніх заказаў ад насельніцтва на выраб мучных, кандытарскіх і іншых кулінарных вырабаў і паўфабрыкатаў.

Літаральна праз некалькі дзён будуць прымацца папярэднія заказы на абслугоўванне навагодніх і калядных свят, «агеньчыкаў» і карпаратываў. Паводле папярэдніх звестак, у святочных мерапрыемствах возьмуць удзел каля 110 тысяч чалавек.

Арыенціровачны кошт пераднавагодніх мерапрыемстваў — ад 150 да 200 рублёў. «У навагоднюю ноч гэта будзе крыху даражэй — каля 250 рублёў», — удакладніла Наталля Мельнікава. І дадала, што ў прыярытэце — якаснае абслугоўванне насельніцтва і стварэнне адчування свята. Так, на дадзены момант завершана работа па тэматычным афармленні вітрын, фасадаў, гандлёвых зал і іншых аб’ектаў, а таксама святочнае добраўпарадкаванне прылеглых да гандлёвых аб’ектаў тэрыторый.

Навагодні асартымент

Асартымент навагодняй атрыбутыкі будзе налічваць каля 22 тысяч найменняў. Салодкіх навагодніх падарункаў будзе выпушчана 2,4 мільёна штук, парадку 100 найменняў — ад 300 грамаў да 3 кілаграмаў. Цана падарункаў — ад 8 да 80 рублёў у залежнасці ад вагі і камплектацыі.

Для дарослых гандаль гатовы даць больш за 40 найменняў пеністых він і шампанскага коштам ад 8 да 20 рублёў.

Паводле звестак гандлёвага міністэрства, ёлачных упрыгажэнняў і сувеніраў пакупнікам будзе прапанавана каля двух тысяч найменняў. Акрамя гэтага, прапануецца больш за 100 найменняў карнавальных касцюмаў, напрыклад Дзеда Мароза і Снягуркі.

Перадсвяточныя акцыі

У перадсвяточныя і святочныя дні плануецца правесці больш за 12 тысяч такіх мерапрыемстваў. З іх больш за 9 тысяч — гэта распродажы, звыш 1 тысячы — рэкламныя акцыі, 360 дэгустацый, 140 рэкламных гульняў.

Усе буйныя гандлёвыя цэнтры краіны ўжо пачалі такія акцыйныя мерапрыемствы і працягнуць іх праводзіць да сярэдзіны студзеня.

Ёлачныя базары

З 15 снежня таксама пачалі працаваць ёлачныя базары. Па краіне іх будзе арганізавана каля 950. Кошт елкі ў залежнасці ад рэгіёна і вышыні дрэва — ад 9 рублёў і больш. Елкі ў кадках будуць прадавацца па цане ад 20 да 30 рублёў, ёлачныя букеты — ад 4 рублёў…

Штучныя елкі ў крамах прадстаўлены па кошце ад 8 рублёў і больш (у залежнасці ад памеру дрэўца і прызначэння).

Сталічныя запасы «кішэню не цягнуць»

Напярэдадні свят гандлёвыя кропкі Мінска рыхтуюцца да павышанага пакупніцкага попыту. Неабходныя таварныя запасы ўжо створаны. Пра гэта паведаміла начальнік Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная.

Сярод іншага, у дастатковых аб’ёмах зарэзерваваны падарункі і сувеніры, пеністыя віны, кандытарскія, мясныя і каўбасныя вырабы, рыба і морапрадукты — словам, усё тое, што найбольш папулярна ў пакупнікоў падчас навагодніх і калядных свят.

У топе ў мінчан — рыбныя і мясныя тавары, кандытарскія вырабы айчыннай вытворчасці, у дастатку на паліцах крам. 

А акрамя гэтага і яны павышаецца попыт і на сувеніры: ёлачныя ўпрыгажэнні, падарачныя наборы.

Час павышанага попыту, як адзначыла Алена Нагорная, пачаўся з 20 снежня. 

У гэты час асобныя крамы будуць працаваць даўжэй.

— У буйных універмагах сталіцы і іншых гандлёвых аб’ектах працуюць спецыялізаваныя аддзелы, секцыі, дадатковыя месцы і зоны продажаў, дзе рэалізуюцца штучныя елкі, навагоднія ўпрыгажэнні і іншая святочная атрыбутыка, — распавяла начальнік Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама. — Усяго ж прадстаўлена больш за дзве тысячы найменняў ёлачных упрыгажэнняў, сувеніраў, сфарміраваных падарункаў. Цэнавы дыяпазон шырокі. Акрамя таго, гандлёвыя залы і фасады аб’ектаў гандлю, а таксама прылеглыя да іх тэрыторыі атрымалі святочнае афармленне. Найбольш яркая ілюмінацыя — на праспектах і цэнтральных вуліцах сталіцы.

А ёлачныя базары ў сталіцы адкрыюцца 22 снежня. Набыць навагодняе дрэва можна будзе ва ўсіх раёнах, для чаго адвялі 68 пляцовак. Акрамя таго, каля буйных гандлёвых аб’ектаў горада з 20 снежня гандляваць самым галоўным навагоднім атрыбутам пачалі лясгасы. Пакупнікам прапануюць жывыя елкі, хвоі, піхты, яловыя галіны і расліны ў кадках. Працаваць такія кірмашы будуць да 31 снежня ўключна (магчыма, што да 21.00–22.00).

Таксама па традыцыі ў сталіцы арганізуюць працу святочных кірмашоў. Цэнтральны з іх — «Калядны кірмаш» — адкрыўся 16 снежня і будзе дзейнічаць да 14 студзеня. Велізарная забаўляльная зона працуе каля Палаца спорту. Сярод іншага, тут можна пакаштаваць стравы беларускай кухні, пачаставацца гарачымі напоямі, набыць жывыя елкі. Арганізавана работа атракцыёнаў і іншых забаўляльных актыўнасцяў.

Ужо зараз на кірмашы праходзіць святочная праграма, якая ўключае прадстаўленне «Тэхнаелкі». «Гэта навінка бягучага года. Прэзентацыя такой елкі суправаджаецца канцэртнай праграмай», — патлумачыла спікер.

Акрамя таго, кірмашы пройдуць і ў раёнах сталіцы. Гараджан на іх чакаюць ужо ў гэтую суботу, 23 снежня.

Крыху раней, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў звярнуў увагу на той факт, што сталічны гандаль у навагоднія і калядныя святы павінен працаваць з улікам павышанага попыту не толькі з боку гараджан, але таксама і гасцей горада з іншых рэгіёнаў краіны.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА і Кацярына УРБАН

Загаловак у газеце: Сто найменняў падарункаў, сорак найменняў шампанскага

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?