Вы тут

Адбылася прэзентацыя кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» на беларускай мове


У Акадэміі навук днямі прэзентавалі першы том кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» на беларускай мове. Выданне ўбачыла свет у выніку супрацоўніцтва беларускага выдавецтва «Мастацкая літаратура» і кітайскага Выдавецтва літаратуры на замежных мовах. Гэтая кніга з моманту свайго выхаду і распаўсюджання атрымала шырокі грамадскі рэзананс і высокую ацэнку міжнароднай супольнасці. І публікацыя яе на беларускай мове дае магчымасць нашаму грамадству лепш зразумець Кітай, а таксама спрыяе працягу плённага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.


Напярэдадні прэзентацыі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн зазначыў, што гэта праца мае вялікае значэнне як для Кітая, так і для ўсяго свету:

— Выданне першага тома кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» на беларускай мове з’яўляецца безумоўна важнай падзеяй супрацоўніцтва нашых выдавецкіх і медыя колаў. І ў той жа час — гэта яркае сведчанне высокага ўзроўню нашага цеснага кітайска-беларускага гуманітарнага абмену. Я ўпэўнены, што гэта кніга абавязкова дазволіць беларускім чытачам яшчэ лепш пазнаць і асэнсаваць гістарычную глыбіню культуры і аснову шляху развіцця Кітая. І таксама дапаможа зразумець канцэпцыю кіравання Камуністычнай партыі Кітая, каму яна служыць і на каго абапіраецца, дазволіць спазнаць кітайскую мудрасць для пабудовы яшчэ больш цудоўнага свету. Я перакананы, што прэзентацыя кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» і сімпозіум па дзяржаўным кіраванні яшчэ раз дэманструюць высокі ўзровень і асаблівасці кітайска-беларускіх адносін. Гэта абавязкова будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню ўзаемадаверу, узаемаразумення, узаемаадукацыі і традыцыйнага сяброўства паміж нашымі народамі. А таксама выведзе на больш высокі ўзровень абмен вопытам у пытанні дзяржаўнага кіравання паміж нашымі краінамі.

— Гэта важны зборнік ідэй і падыходаў кіраўніка Кітая, сябра нашага Прэзідэнта, з’яўляецца настольнай кнігай для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і практыкай дзяржаўнага будаўніцтва КНР. У ёй абагульнены ўнікальны жыццёвы і прафесійны вопыт, напрацоўкі вялікай каманды аднадумцаў, якія знаходзяцца побач з Сі Цзіньпінам, — адзначыў першы намеснік старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў.

Трэба сказаць, што кніга складаецца з чатырох тамоў, якія гарманічна аб’яднаны паміж сабой і фарміруюць адзінае цэлае. У многіх з васямнаццаці глаў першага тома разглядаюцца пытанні дзяржаўнага кіравання, устойлівага развіцця эканомікі з акцэнтам на інавацыі і рэвалюцыі ў энергетычным сектары. А, напрыклад, культура разглядаецца як «мягкая сіла» і адзін з найважнейшых фактараў дзяржаўнага кіравання. Можна тут даведацца і пра тое, што Камуністычная партыя Кітая прытрымліваецца падыходу, арыентаванага на народ, напоўненага шчырым пачуццём дзяліць з ім адзін лёс і жыць агульнымі думкамі.

— Традыцыя беларуска-кітайскіх узаемаадносін абумоўлена агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзеннем поглядаў на праблемы ў сусветным парадку дня. Кіраўнікі нашых дзяржаў з’яўляюцца добрымі сябрамі, рэгулярна праводзяць сустрэчы, што дае дадатковы імпульс развіццю самых розных сфер узаемадзеяння, — сказаў першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч. — Нават знаходзячыся далёка адно ад аднаго, Кітай і Беларусь актыўна развіваюць культурныя, эканамічныя і палітычныя сувязі з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін, якія ўмацоўваюцца кожны год. Выданне кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» — яшчэ адзін праект, накіраваны на далейшае ўмацаванне сяброўства, узаемнага даверу і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ў гуманітарнай сферы.

Першы том кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» дазволіць шырокаму колу чытачоў не толькі лепш зразумець, што ўяўляе сабой сёння сацыялізм з кітайскай спецыфікай, але і больш даведацца пра кітайскі народ і яго жыццё. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» сёння працягваецца праца і над наступнымі тамамі выдання. Так, ужо пераслалі кітайскім калегам пераклад другой кнігі, заключана пагадненне аб выданні другога і трэцяга тома. Вялікая верагоднасць, што потым прыйдзе чарга і працы над чацвёртым томам.

— Улічваючы і вялікі аб’ём першага тома кнігі, і саму яе спецыфіку, пераклад не мог і не павінен быў быць вельмі хуткім. Наколькі я памятаю, у нашага перакладчыка Дзмітрыя Пятровіча асноўная праца заняла 8-9 месяцаў. Пасля пераклад быў адасланы кітайскаму боку на рэцэнзію для ўнясення магчымых правак. Нягледзячы на спецыфіку кнігі, мова яе дастаткова простая, што робіць яе даступнай і для самых розных слаёў насельніцтва, і для перакладчыкаў з розных краін. А кніга, заўважу, перакладзена ўжо больш чым на 30 моў свету, — тлумачыць дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. — У працэсе падрыхтоўкі першага тома пытанні ў асноўным датычыліся выкарыстання таго ці іншага слова ў канкрэтным кантэксце. Нам, дарэчы, не агучылі імёны рэцэнзентаў, але, безумоўна, гэта прафесіяналы ў сваёй справе. І пераклад Дзмітрыя Пятровіча яны ацанілі як вельмі добры. Увогуле, скажу, што гэта не першы наш сумесны беларуска-кітайскі праект і нашы кітайскія партнёры заўсёды вельмі адказна ставяцца да выдання сваіх кніг за мяжой.

Алена ДРАПКО

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.