Вы тут

У Гродне выдаецца ўнікальны краязнаўчы зборнік


Вялікія справы не заўсёды бываюць гучнымі. Да мяне і раней даходзіла інфармацыя пра тое, што кафедра беларускай філалалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта збірае і выдае зборнікі «Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны: матэрыялы і даследванні». Шкадую, што раней не зацікавіўся іх зместам. Вось зараз трымаю ў руках чарговы, толькі што выдадзены ў гродзенскім выдавецтве «ЮрСаПрынт», дванаццаты па ліку, выпуск зборніка, падрыхтаваны прадстаўнічай рэдакцыйнай калегіяй. Дзеля «гісторыі пытання» пералічу ўсіх, хто аб’яднаўся ў гэтым клопаце, — Ж. С. Сіплівеня, А. С. Садоўская (галоўны рэдактар), Т. А. Аляшкевіч, Р. К. Казлоўскі, А. Э. Сабуць, С. М. Тарасава, І. М. Хлусевіч, М. А. Якалцэвіч, Н. І. Кашубовіч, Н. Э. Шандроха. У кожнага з іх — і свая вядомасць у навуковым свеце. Даволі часта даводзіцца сустракаць іх імёны ў навуковай перыёдыцы, а таксама ў звязку з навукова-практычнымі канферэнцыямі, чытаннямі. Рэцэнзентамі дванаццатага выпуска выступілі кандыдат філалагічных навук, дацэнт А. І. Багдзевіч, доктар філалагічных навук, прафесар В. А. Ляшчынская.

 Што ж адкрываецца перад чытачом у зборніку навуковых артыкулаў? У трох раздзелах — «Лінгвістычнае краязнаўства», «Літаратурнае і фальклорнае краязнаўства» і «Сучасная навука ў гонар Гродна» — аб’яднаны 35 прац. Улічваючы ў большасці выпадкаў іх арыгінальнасць, жаданне аўтараў рознай навуковай вагі (выступаюць у зборніку і зусім маладыя навукоўцы) паказаць штосьці адметнае і нечаканае ў разглядзе пытанняў духоўнага свету, духоўнага жыцця на Гродзеншчыне, «Філалагічнае краязнаўства...» па праву прэтэндуе на энцыкапедычнага характару зборнік. Энцыклапедычнага — у сэнсе шырокага адлюстравання тэматычнага дыяпазону. Мяркуйце самі — вось назвы толькі некаторых артыкулаў: «Амаль мастацкая тэрміналогія»: самабытнасць народных назваў лекавых раслін" (В. Асоцкая), «Тапанімічная прастора вёскі Кашэўнікі» (І. Бубновіч), «Дзеяслоўныя фразеалагізмы гаворак Гродзеншчыны са значэннем абстрактнай дейнасці» (К. Грынашкевіч), «Мікратапонімы Васілішкаўскага сельсавета Шчучынскага раёна» (В. Гук), «Мядовыя» прыказкі і фразеалагізмы ў беларускай дыялектнай мове«(М. Даніловіч), «Вобраз каня ў фразеалагічнай карціне свету беларусаў (на матэрыяле гаворак Гродзеншчыны» (А. Кавальчук), «Адапелятыўныя і адыменныя прозвішчы Шчучынскага раёна» (Л. Козел)... І за кожнай з назваў — пранікненне ў глыбінныя пласты народнага жыцця. 

Хіба не ўражлівай з’яўляецца тэма раскрыцця тапанімічнага свету вакол, напрыклад, Васілішак?!. Як тут не згадаць словы легендарнага вучонага М. І. Надзеждзіна: «Тапаніміка — гэта мова Зямлі, а Зямля ёсць кніга, дзе гісторыя чалавечая запісваецца ў геаграфічнай наменклатуры». І яшчэ — словы нашага, беларускага, паэта Алеся Пісьмянкова: «Чытаю тапаніміку — свой край чытаю родны»... Імёны канкрэтных мясцін — гэта згадка пра філасофію жыцця на той ці іншай тэрыторыі, пра людзей, іх памкненні і іх погляды на развіццё не толькі пэўнай дзялянкі, уласнага кавалачка зямлі, але і ўсяе мясцовасці, якая іх у пэўны гістарычны адрэзак часу атуляла. І шчучынскія, васілішкаўскія мікратапонімы валодаюць шматзначнасцю, красамоўна расказваюць пра мясціну, яе суладнасць з болей шырокай прасторай і часам. Зазірніце ў Васілішкі і іх блізкія ваколіцы. «У дадзеным артыкуле, — чытаем на пачатку даследвання В. А. Гук «Мікратапонімы Васілішкаўскага сельсавета Шчучынскага раёна» , — прадстаўлены мікратапонімы — разнастайныя назвы мясцовых геаграфічных аб’ектаў, занатаваныя ў розных населеных пунктах Шчучыншчыны, пераважна ў ваколіцах вёскі Бакшты Васілішкаўскага сельсавета. Утваральнай базай для такіх адзінак сталі лексемы, якія ўтрымліваюць асаблівасці жывёльнага і расліннага свету, рэльефу, ландшафту, размяшчэнне аб’ектаў, іх прызначэнне або прыналежнасць пэўным людзям». Батанічны сад — сад на месцы былога панскага маёнтка ля в. Даліняны... Бэзы — поле з правага боку ўздоўж дарогі Бакшты — Плёткі... Жвіранка — поле ля в. Рагелеўцы...Занявішка — поле злева ад возера Нявіша. Знаходзіцца за возерам Нявіша, таму назва мае такое паходжанне...Купцы — поле за в. Хадэльня. На гэтым месцы раней сустракаліся гандляры, адсюль паходзіць і назва... Школа Бакшты — поле за былой Бакштаўскай школай уздоўж вул. А. Пашкевіч... У назвах — сацыяльнае, грамадскае гучанне. Назвы — аснова для падарожжа па родных мясцінах. А даследванне — як падказка для намаганняў па краязнаўчай працы і студэнтаў і школьнікаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў. Шмат што знікае бясследна. І хіба не задача навуковых росшукаў — захаваць тое, што можна захаваць з мінуўшчыну, данесці дановых часін?!. 

 
Вельмі грунтоўным падаецца і наступны раздзел зборніка — «Літаратурнае і фальклорнае краязнаўства». У полі зроку аўтараў — творчасць Вячаслава Адамчыка, Міколы Арочкі, Мар’яна Дуксы, Уладзіміра Варавы, Васіля Быкава, Максіма Танка... Адкрыццём да чытача, відавочна, стане артыкул пра пісьменніка, які нарадзіўся ў Гродна («Позірк праз «Ветравое шкло» Стаса Ільіна: спроба кампаратывісцкага аналізу А. А. Брусевіча). 
«Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны» — гэта не проста зборнік, які збірае артыкулы, даследванні з нагоды самога яго выдання. Выданне ў некаторай ступені падсумоўвае клопаты, планавую працу выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама калег, якія сябруюць, кантактуюць з вядомай і аўтарытэтнай ВНУ краіны. Чытаючы працы Р. Казлоўскага, А. Сабуць, А. Руцкай, М. Даніловіча, М. Якалцэвіча і іншых аўтараў, разумееш, што ва ўніверсітэце ідуць зладжаныя навуковыя даследванні, у многім—перспектыўныя, вызначальныя,уплывовыя на развіццё гуманітарнай навукі на Гродзеншчыне. 
 
Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.