Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы прадставілі самыя значныя кніжныя праекты года


19 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэс-прэзентацыя «Гуманістычны і стваральны патэнцыял беларускай літаратуры».


— У Год міру і стваральнай працы мы вырашылі зрабіць свята творчага ўраджая, — гэтымі словамі распачаў імпрэзу дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка. Ён звярнуў увагу прысутных на ўнікальную серыю «Залатая калекцыя беларускай літаратуры ў 50 тт.», якая выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Пабачыла свет ужо дваццаць пяць тамоў, хутка з’явіцца дваццаць шосты, які прадставіць творчасць Васіля Быкава. Дасягненнем акадэмічнага літаратуразнаўства можна лічыць акадэмічныя зборы твораў класікаў нацыянальнай літаратуры — Максіма Танка, Янкі Брыля і Кузьмы Чорнага. Менавіта на шэдэўры беларускага прыгожага пісьменства, на класіку варта арыентавацца сённяшнім літаратарам, каб атрымліваліся якасныя творы, лічыць Іван Саверчанка. Яшчэ адзін кніжны праект, варты ўвагі, на яго думку — «Сучасная літаратура краін СНД», ён ажыццяўляецца міжнародным калектывам навукоўцаў, пісьменнікаў і перакладчыкаў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак распавёў пра серыю кніг «Народная бібліятэка», зборнікаў, у якіх няма ўкладальнікаў — творы класікаў адбіраюцца чытачамі. Таму асобнікі серыі маюць вялікі попыт. Гэтак жа, як серыя «Сто вершаў» — сумесны праект выдавецтва і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. 

Намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп расказаў пра публікацыі, якія адбыліся за год у «Полымі». Гэта 52 паэтычныя падборкі, тры раманы — Уладзіміра Гаўрыловіча, Алеся Кажадуба і Віктара Праўдзіна, шматлікія аповесці і апавяданні... Друкаваліся і адметныя навуковыя матэрыялы, сярод якіх — тэксты, прысвечаныя 140-годдзю Янкі Маўра. Да юбілею было апублікавана і не вядомае дагэтуль апавяданне класіка. 

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах зрабіла агляд беларускай дзіцячай літаратуры, якая з’явілася за год, сярод аўтараў і класікі, і маладыя літаратары. Недарэмна сёлетні пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі быў прысвечаны тэме выхавання — мы павінны самі выхоўваць сваіх будучых чытачоў, лічыць Алена Стэльмах.

Прэс-прэзентацыя, акрамя галоўнай бібліятэкі краіны, была падрыхтавана пры ўдзеле Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдавецтва «Мастацкая літаратура» і газеты «Літаратура і мастацтва». Імпрэза ў галерэі «Лабірынт» прайшла са святочным настроем, на фоне навагодняй ялінкі, у суправаджэнні чароўнага гуку цымбалаў ансамбля «Вярба» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка пад кіраўніцтвам Вольгі Андрыенка. Застаецца спадзявацца, што выданні, пра якія ішла гаворка, зробяцца для кагосьці выдатным навагоднім падарункам.

Людміла ІВАНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.