Вы тут

Як не стаць «мамантам» (ахвярай), калі на цябе палюе дропер


Пакупка ці продаж маёмасці на гандлёвых пляцоўках ў інтэрнэце, Telegram-сэрвісах, сетцы Іnstagram можа ў любы момант звесці чалавека з махляром, які забярэ грошы і знікне. У падман беларусаў часта ўводзяць і званкамі на тэлефон, іграючы на эмоцыях і фактары раптоўнасці. Сёлета ў краіне здарылася ўжо 15 700 выпадкаў махлярства, а колькасць кіберзлачынстваў вырасла на 6%. Пры гэтым звыш 80% пацярпелых ведалі пра існаванне такога віду махлярства, аднак усё роўна трапілі ў пастку. Застрахавацца ад ашуканства немагчыма, але можна яму супрацьстаяць, калі захоўваць цвярозую галаву, а не лямантаваць. Што трэба праверыць, каб не згубіць грошы, і як дзейнічаць, калі вас намагаюцца «развесці», расказалі спецыялісты.


Чакаў аплату, а заняўся лжэінвеставаннем

Адзін з найбольш распаўсюджаных відаў злачынстваў — фішынг, які мае некалькі разнавіднасцяў. Гэта крадзеж грошай на электронных гандлёвых пляцоўках, дзе чалавек спрабуе прадаць ці набыць нейкі тавар, расказаў Аляксандр Рынгевіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС:

— Калі грамадзянін размяшчае сваю аб’яву, зламыснік піша яму паведамленне пра гатоўнасць набыць тавар. Найчасцей за ўсё ён не таргуецца, высвятляе мінімальныя характарыстыкі тавара, пасля чаго кажа патэнцыяльнай ахвяры, што ён ужо аформіў дастаўку тавара ці пералічыў грошы ў адрас гандлёвай пляцоўкі і дасылае спасылку на інтэрнэт-рэсурс, які знешне вельмі падобны на той, пра які ён вядзе гаворку. Перайшоўшы на сайт, падмануты прадавец уводзіць рэквізіты сваёй банкаўскай карткі, мяркуючы, што зараз ён атрымае грошы. Аднак адбываецца наадварот — грошы з карткі знікаюць.

Часам махляры нахабнічаюць настолькі, што пытаюцца, колькі ў чалавека грошай на балансе, каб скрасці адтуль як мага больш за адну аперацыю, а не рабіць некалькі спісанняў. Калі на картцы сродкаў няма, махляры выдаюць сябе за службу падтрымкі інтэрнэт-рэсурсу і кажуць чалавеку, што для правядзення аперацыі на рахунку павінна быць пэўная сума. Такім чынам стымулююць патэнцыяльную ахвяру пакласці на картку больш грошай.

Яшчэ адзін від фішынгу, які сёлета стаў вельмі распаўсюджаны, — аплата паслуг і тавараў на фэйкавых сайтах (копіях інтэрнэт-рэсурсаў), створаных зламыснікамі (найчасцей банкаўскіх).

— Калі людзі не ўсталёўваюць на тэлефоне мабільную праграму, а хочуць нешта аплаціць (напрыклад, камунальныя паслугі), яны ўводзяць пошукавы запыт на камп’ютары, каб трапіць у інтэрнэт-банкінг. Аднак не звяртаюць увагу, што спасылка на сапраўдны рэсурс можа быць на другім ці трэцім месцы пошуку, а ціснуць на першую ж спасылку ў спісе і трапляюць на зусім не на той рэсурс. Тут яны ўводзяць свае логін і пароль, мяркуючы, што ўвайшлі ў інтэрнэт-банкінг, а на справе — даюць доступ да сваіх рэквізітаў злачынцам, якія могуць не толькі скрасці ўсе грошы з карткі, але і ўзяць інтэрнэт-крэдыт, — папярэдзіў Аляксандр Рынгевіч.

Апошні год у сацсетках актыўна развіваецца яшчэ адзін від фішынгу — ілжэінвеставанне (у крыптавалюту, кампаніі, якія развіваюцца), удакладніў Іван Судніковіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства Следчага камітэту (СК):

— Зламыснікі ствараюць фэйкавыя старонкі, якія напаўняюць навінамі. А з дапамогай штучнага інтэлекту робяць рэкламныя ролікі, якія манціруюць з выкарыстаннем слоў вядомых людзей, і грамадзяне на гэта вядуцца.

Папрасі больш фота, правер прадаўца!

Акрамя аферыстаў-пакупнікоў, ёсць і зладзеі-прадаўцы. Несапраўдныя аб’явы з таварам па зніжаным кошце змяшчаюць у сетцы Іnstagram (найбольш распаўсюджанае месца для падману) і на буйных гандлёвых пляцоўках накшталт «Куфара» ці «Барахолкі» («Анлайнер»). Пад выглядам продажу нейкіх рэчаў (асабліва сезонных) часта ствараюцца фэйкавыя старонкі. Цяпер гэта могуць быць ёлкі і навагоднія падарункі, вясной — садовая мэбля, арэлі. Людзі часта спакушаюцца менавіта на заніжаны кошт, расказаў Дзмітрый Бурдзюк, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў:

— Злачынцы падтрымліваюць такія старонкі. Каб стварыць выгляд, што яны сапраўдныя, на такіх старонках ёсць падпісчыкі, каментарыі, падабайкі, водгукі. Грамадзяне ўступаюць у перапіску з уладальнікамі тавару і пераводзяць перадаплату, а то і ўсю суму за тавар. У выніку грошы зніклі, тавар не прыйшоў, а старонка выдалена — усе сувязі паміж пакупніком і прадаўцом абарваны.

Падобныя злачынствы, як правіла, няцяжкія, бо сумы перадаплат невялікія. Аднак такіх «здзелак» вельмі шмат.

— Каб не стаць ахвярай, пакупніку трэба скрупулёзна вывучаць прадаўца. Звяртаць увагу на неправераных прадаўцоў. Здымак з таварам можна праверыць праз інтэрнэт, бо часта менавіта адтуль зламыснікі іх і бяруць, і сетка выдасць вам, дзе яшчэ ёсць такое фота, — параіў спецыяліст. — Падчас перапіскі можна папрасіць даслаць здымак тавару з іншага ракурса, штрых-код тавару (калі гэта мабільны ці іншая тэхніка). Вядома, прадавец не зможа выканаць такую просьбу. Аднак, на жаль, пакупнік робіць праверку ўжо пасля падману.

Спецаперацыя па тэлефоне

Супрацьдзейнічаць кіберзлачыннасці ў Беларусі цяжка, нягледзячы на ўсе прафілактычныя меры, адзначыў Аляксандр Рынгевіч:

— Найбольш значная праблема — павелічэнне цяжкіх злачынстваў, калі грамадзяне, знаходзячыся пад уздзеяннем зламыснікаў, прыходзяць у банкі і афармляюць на сваё імя крэдыты, якія пасля пералічваюць на рахункі аферыстам ці кладуць на свае плацежныя карткі, рэквізіты ад якіх паведамляюць злачынцам.

Яшчэ адзін распаўсюджаны спосаб крадзяжу — званкі на тэлефон. Гэта не новы від махлярства, аднак цяпер ён «удасканаліўся» — злачынцы ўсё часцей намагаюцца схіліць сваіх абанентаў да ўдзелу ў «спецыяльных аперацыях».

— Зламыснікі іграюць цэлы спектакль. Яны тэлефануюць і пад выглядам банкаўскіх работнікаў і супрацоўнікаў праваахоўных структур прапануюць грамадзянам устанавіць на мабільны тэлефон дадатковую праграму (якая дасць дазвол на аддалены доступ да тэлефона), а спасылку на яе або дасылаюць чалавеку, або інструктуюць, дзе можна спампаваць гэтую праграму. Часам нават дасылаюць людзям копіі нейкіх службовых дакументаў, выкарыстоўваюць прозвішчы сапраўдных супрацоўнікаў (як правіла, гэта кіраўнікі высокага ўзроўню, інфармацыя пра якіх даступная ў інтэрнэце).

Далейшы сцэнарый залежыць ад паводзін пацярпелага. Калі чалавек дае звесткі ад сваёй карткі для нібыта пералічэння сродкаў на абароненыя рахункі ці для пераправеркі персанальных даных, грошы крадуць. Калі махляры адчуваюць, што падман можна працягваць, яны адпраўляюць чалавека зняць грошы з дэпазіту ці аформіць крэдыт.

— Часам такое ўздзеянне вядзе да крымінальных учынкаў ужо самімі пацярпелымі, якія яны рабілі, мяркуючы, што ўдзельнічаюць у спецаперацыі, і здзяйсненне якіх патлумачыць лагічна не маглі, — удакладніў Аляксандр Рынгевіч.

Яшчэ адзін від кібератак на людзей — вішынг — калі кол-цэнтр махляроў знаходзіцца па-за межамі краіны. Яго аператары тэлефануюць грамадзянам і вымушаюць выканаць нейкія дзеянні, каб выратаваць свае грошы, і ўрэшце «вымываюць» у іх усе сродкі. Пры гэтым уплываюць на тых людзей, у каго амаль няма грошай: шматдзетных і маламаёмасных.

— Зладзеі забіраюць і назапашаныя сродкі, і вымушаюць браць крэдыты, прадаваць кватэры і аўто, нібыта гэтая маёмасць удзельнічае ў зламысных схемах, і каб яе выратаваць, трэба прадаць, а грошы пералічыць махлярам, — падзяліўся Іван Судніковіч. — Урэшце здзекуюцца настолькі, што прымушаюць запісаць прыніжальнае відэа і здзейсніць нейкія злачынствы: падпаліць машыну міліцыянера або абліць зялёнкай супрацоўніка банка.

Турэмныя тэрміны за перадачу ўласных даных

Кіберзлачыннасць — гэта не асобныя махляры, а транснацыянальныя прафесійна арганізаваныя групоўкі, якія складаюцца з некалькіх соцень, а то і тысяч чалавек. Уваходзяць у іх жыхары Беларусі, Расіі, Украіны, якія маюць свае каналы і чаты, рэкламуюць сваю дзейнасць і зручны спосаб заробку, падзяліўся Іван Судніковіч:

— Звычайныя грамадзяне ўступаюць у такія групоўкі і пачынаюць атакаваць сваіх суайчыннікаў і жыхароў іншых краін. Кіраўніцтва такіх махлярскіх груп, у тым ліку скан-груп, якія займаюцца фішынгам, знаходзіцца па-за межамі Беларусі. А тут «працуюць» іх хаўруснікі, якія дапамагаюць рабіць злачынствы. Асноўны напрамак, з якога атакуюць, на жаль, Украіна, дзе засяроджана і кіраўніцтва, і асноўныя групоўкі, і кол-цэнтры. Туды ж выводзіцца большасць скрадзеных грошай. Праблема ў тым, што хаця мы ведаем, хто і адкуль нас атакуе, аднак узаемадзеянне ў праваахоўнай сферы паміж краінамі абцяжарана, таму юрыдычна абясшкодзіць іх пакуль немагчыма.

Каб супрацьдзейнічаць транснацыянальнай кіберзлачыннасці, праваахоўнікі і банкаўскія структуры выпрацавалі стратэгію. Кантралююцца і маніторацца ўсе найбуйнейшыя групоўкі, якія атакуюць беларусаў. Фіксуецца іх дзейнасць і ўдзельнікі. А галоўная задача — дайсці да арганізатараў груповак, дзе б яны ні знаходзіліся. Другі кірунак работы — пазбавіць зламыснікаў інструментарыю — магчымасці ствараць і актывізаваць фішынгавыя сайты на тэрыторыі Беларусі. Распрацаваны алгарытм, дзякуючы якому выяўленыя фішынгавыя сайты цягам сутак блакіруюцца, часам нават да здзяйснення злачынстваў, удакладніў спецыяліст.

Выяўляць беларускія банкаўскія карткі і сім-карты, неабходныя групоўкам, каб званіць беларусам і выводзіць іх грошы, — яшчэ адзін кірунак работы праваахоўнікаў і банкаўскіх структур. Ужо налета спецыялісты, як спадзяюцца, змогуць практычна ў аўтаматычным рэжыме выяўляць злачынны ланцужок, калі грошы, скрадзеныя ў пацярпелага, пераводзяць на падстаўныя сайты, каб вывесці за межы Беларусі.

Яшчэ адна задача — перарываць дзейнасць беларускіх хаўруснікаў, якія дапамагаюць рабіць арганізаваным групоўкам, што дзейнічаюць за мяжой, злачынствы супраць сваіх суайчыннікаў.

— Такіх выканаўцаў у скан-групах называюць «воркеры». Яны пішуць і звоняць ахвярам, вымушаюць іх перавесці грошы. Іншыя хаўруснікі — дропы (драпаводы — асобы, якія аб’ядноўваюць дропаў у групы) — асобы, якія дзясяткамі і сотнямі рэгіструюць на сябе банкаўскія карткі і перадаюць іх у карыстанне арганізаванай групе злачынцаў. За апошні год на тэрыторыі Беларусі і Расіі затрыманы тры буйныя групоўкі, якія апошнія тры гады атакавалі беларусаў і за гэты час здзейснілі больш за 20 тысяч крадзяжоў. У склад гэтых груповак уваходзіла некалькі тысяч чалавек. Затрымана таксама і частка кіраўніцтва груповак.

Абяцаннем лёгкага заробку ў такія групоўкі ўцягваюцца, на жаль, і непаўналетнія, і ўсе яны будуць праходзіць як удзельнікі арганізаваных злачынных груп (па адпаведным артыкуле вінаватым пагражае зняволенне да 12 гадоў). З практыкі: рэальны тэрмін атрымліваюць да шасці гадоў. Крымінальная адказнасць за незаконны распаўсюд рэквізітаў банкаўскіх картак з карыслівых памкненняў дзейнічае ў Беларусі два гады. Перадача нават адной карткі, кода доступу да рахунку, асабістага нумара з пашпарта — ужо нагода для крымінальнай справы і падстава для вобшуку. Тэрмін пазбаўлення волі тут, па словах спецыялістаў, да дзесяці гадоў.

Наступны год, дарэчы, як абазначаюць для сябе праваахоўнікі, пройдзе для іх пад лозунгам «вайна з дропамі».

Майце на ўвазе!

  • Супрацоўнікі банкаў і праваахоўных органаў не звоняць праз месенджары, не запытваюць ніякую персанальную інфармарцыю, не заклікаюць да ўдзелу ў спецаперацыях. Калі паступае званок з падобнымі прапановамі, проста пакладзіце трубку.
  • На прыладах састарэлых людзей і дзяцей варта ўвогуле забараніць магчымасць званкоў у месенджарах з нумароў, якіх няма ў тэлефоннай кнізе.
  • Правіла добрага тону сучаснага чалавека — мець некалькі банкаўскіх картак: асобна для зарплаты, асобна для пакупак праз інтэрнэт.
  • Бацькі павінны ведаць, чым займаюцца іх дзеці ў інтэрнэце, адкуль у іх з’яўляюцца грошы. А калі чуюць ад сваіх нашчадкаў слэнгавыя словы накшталт «воркер», «дроп» ці «мамант» (пацярпелы, ахвяра), гэта сігнал для трывогі. Потым будзе позна.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Надта танна! Мо падманна?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.