Вы тут

Таямніцы зборніка «Жалейка»


«Я не паэта, 

о крый мяне Божэ!»

Не рвуся я к славе гэткай 

ні мала,

Хоць песеньку-думку 

і высную можа,

Завуся я толькі — 

Янка Купала».

Так гучаць першыя радкі першага зборніка самага вядомага беларускага паэта, які стаў брэндам Беларусі.


Што ж, гэта было ў духу яго часу, і гучыць, калі разабрацца, зусім не прыніжальна: не я пяю — народ, не я складаю — нешта вышэйшае за мяне гаворыць праз мае вусны, праз мае радкі…

Сёлета мы адзначаем 115 гадоў з выхаду зборніка Янкі Купалы «Жалейка». З’явіўся ён на свет у Пецярбурзе ў 1908 годзе, увесну. Мог раней: настаўнік Янкі Купалы Уладзімір Самойла клапаціўся пра выхад першай кнігі маладога паэта ў Мінску ў 1907-м, не атрымалася. А рэклама першага купалаўскага зборніка ішла ўжо ў 1906-м.

Наклад, як усе пішуць, быў сціплы. Але гледзячы з чым параўноўваць. Вядома, у савецкія часы творы класікаў, таго ж Купалы, выходзілі мільёнамі асобнікаў. А на сёння 4300 экзэмпляраў для паэтычнага зборніка, а менавіта такім тыражом выйшла «Жалейка», — прыстойны наклад, нават паспяховы. У гэты час Купала пасля трох гадоў цяжкой працы на бровары ўладкаваўся бібліятэкарам у прыватную бібліятэку «Веды» Даніловіча ў Вільні, супрацоўнічаў з «Нашай Нівай». Ужо ў першым зборніку шмат твораў, якія сталі праграмнымі — «Я не паэта», «Я — мужык-беларус», «Шумныя бярозы пабяліў мароз». Але самым вядомым вершам, безумоўна, стаў «А хто там ідзе?», перакладзены на 101 мову свету.

Юбілей гэтай сціплай звонку, але неверагодна важнай кнігі, якую прадавалі цаной у паўрубель — знакавая падзея. З гэтай нагоды прайшло шмат мерапрыемстваў, адбылося шмат публікацый, у тым ліку на старонках «Звязды». Давайце сёння ўспомнім некаторыя цікавыя агучаныя факты. І адметна, што многія з іх датычацца... тэмы падвойнасці.

Дзве вокладкі: пекная чэрпаная папера і «этнаграфічны варыянт»

У «Жалейкі» было два варыянты: звычайны і палепшаны, на добрай паперы. Як паведамлялі выдаўцы, «Жалейка» — Янука Купалы (цана на простым паперы 50 кап., а на лепшай — 80 кап.)«. Прычым факсімільнае выданне «Жалейкі», якое з’явілася ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1982 годзе, паказвае нам таннае выданне — хоць у яго ёсць малюнак на вокладцы: задуменны бялявы хлопчык з жалейкай на фоне вясковага пейзажу, а ў дарагім варыянце на вокладцы малюнка няма, толькі сціплы арнамент. Як зазначае даследчык Мікола Трус, «дзякуючы факсімільнаму выданню 1982 года ў агульнай чытацкай свядомасці зафіксаваўся больш танны, этнаграфічны варыянт зборніка — з выявай музыкі на фоне далёкіх краявідаў». Мікола Трус адносна «дваякасці» кніг прыводзіць таксама рэкламны тэкст «Таннае выданне на добрым белым паперы ў вокладцы»; «Дарагое на пекным чэрпаным паперы, у пекнай з беларускім узорам вокладцы».

Два імені: нараджэнне Янкі

Ці звярнулі вы ўвагу, што ў абвестцы выдаўцоў імя аўтара значыцца як «Янук Купала»? Янка — гэта ж насамрэч жаночая форма імя Янук. З таго часу як 15 мая 1905 года ў мінскай газеце «Северо-Западный край» быў надрукаваны верш «Мужык», Купала падпісваўся менавіта «Янук Купала». Шмат у якіх крыніцах можам прачытаць, што Янкам паэт стаў менавіта з выхаду зборніка «Жалейка»: нібыта Браніслаў Эпімах-Шыпіла, адзін з лідараў беларускага руху ў Санкт-Пецярбургу, які быў рэдактарам зборніка, такім чынам выпадкова памыліўся. Аднак перачытаем першы верш зборніка, дзе сем разоў паўтараецца рэфрэн з імем паэта: «Завуся я толькі — Янка Купала», «Ат ведама з вёскі — Янка Купала» і гэтак далей. Наўрад сем разоў папраўленае слова ў адным вершы можна назваць выпадковай памылкай. Хутчэй за ўсё, рэдактара не задаволіла немілагучнасць, якая атрымліваецца пры сутыччы дзвюх літар «к» у «Янук Купала», і тое, што пры гэтай форме ў радку парушаецца рытм. Так і з’явіўся «Янка Купала».

Два рэцэнзенты: адна колернасць або сонца

На «Жалейку» адразу ж з’явіліся рэцэнзіі. Прычым дужа кантрасныя. Самая першая — Ядвігіна Ш. у газеце «Минское эхо». Да апошняга часу тэкст яе быў невядомы, але Мікола Трус знайшоў сканаваную копію нумара ад 9 ліпеня 1908 года з рэцэнзіяй у фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве. Вось што піша рэцэнзент: «Лепш быць першым у вёсцы, чым другім у Рыме», — вось першае, навязлівае, уражанне пры чытанні новаспечанага даволі аб’ёмістага (152 стар.) томіка беларускіх вершаў Янкі Купалы пад агульным загалоўкам «Жалейка». І калі мары беларусаманаў — уваскрэсіць і даць літаратурную абалонку паміраючаму беларускаму дыялекту — наканавана ажыццявіцца, то паміж піянерамі гэтай ідэі адно з першых месцаў зойме бясспрэчна Янка Купала... Жыццё беларуса занадта манатоннае, і мы не павінны таму быць асабліва патрабавальныя ў разнаколернасці яго народнага паэта».

Згадзіцеся, даволі з’едлівыя трапляюцца інтанацыі. Ці не таму Уладзімір Самойла, аўтар іншай рэцэнзіі, надрукаванай пад псеўданімам Уладак з Казіміраўкі, не шкадуе ўхвалаў: «Толькі нядаўна над цёмнай і пахмурнай Беларуссю сталі крыху расхадзіцца хмары, вузенькі луч свету і цяпла пачаў ліцца ў змучаную душу мужыка-беларуса. Такі дачакаў народ наш сваіх «пячальнікаў». Да гэтых «пячальнікаў» беларускага народа належыць перш-наперш малады пясняр Янук Купала... Песні Купалы — гэта люстра, у каторым свеціцца душа беларуса, яго жыццё, яго родны край; гэта праўдзівы, непадроблены голас, што выходзіць з самай глыбі народнай душы... І хто раней не верыў, каб беларускі народ мог прачнуцца і пайсці сваёй уласнай дарогай, той цяпер мусіць прызнаць, што беларусы яшчэ не ўмёрлі, яшчэ маюць сілу жыць і развівацца, што ўжо самі яны «нясуць сваю крыўду на свет цэлы», захацелі «людзьмі звацца».

У другой сваёй рэцэнзіі Самойла сцвярджае: «Сонца жывой, сапраўднай паэзіі заглянула ў ваконца цёмнай, беднай, але вялікай хаты беларускага народа!»

Два арышты: «сведений о нем в комитете не имеется»

Сам Купала так успамінаў пра той час: «Якія былі ўмовы друкавання? Першы мой зборнік „Жалейка“ выдадзены ў 1908 годзе беларускай выдавецкай суполкай „Загляне сонца і ў наша аконца“. Пасля выхаду кніжка была канфіскавана, а выдаўцы былі судовай палатай прыцягнуты да адказнасці. Толькі пасля вялікіх клопатаў удалося зняць канфіскацыю. А ў 1909 г. у Вільні кніжка была ў другі раз канфіскавана па распараджэнню віленскага генерал-губернатара».

Захавалася прадстаўленне Пецярбургскага камітэта па справах друку пракурору Пецярбургскай судовай палаты ад 4 лістапада 
1908 года аб забароне і арышце «Жалейкі»:

«В С.-Петербургский комитет по делам печати поступила брошюра на белорусском наречии (напечатанная русским шрифтом) под заглавием „Жалейка“ (Дудочка) Янки Купалы, издательство „Загляне сонца і ў наша ваконца“ № 6, цена 50 коп., КРД п. л., 4300 экз., типография К. Пянтковского (Большая Подьяческая).

...Во всех произведениях Янки Купалы (за исключением нескольких переводных) описывается тяжелая, полная лишения и труда жизнь белорусского крестьянина. Упорный беспросветный труд и вместе с тем хроническое недоедание, болезни, холод, словом, неизбывная нищета — вот основная нота, властно звучащая в стихотворениях Купалы. Сравнивая жизнь крестьянина с тем, как живут помещики, чиновники и другие, Янка резко нападает на современный несправедливый, по его мнению, порядок вещей, при котором может иметь место, с одной стороны — праздная и в то же время сытая и обеспеченная жизнь одних людей, с другой — труженическая и, несмотря на это, полная нужды и лишений жизнь крестьян. Глубоко скорбит автор и о том, что народ не пользуется той свободой, при которой жизнь его не могла бы быть так несчастна и безотрадна...»

Два вершы прызнаныя ўвогуле злачыннымі, супраць Янкі Купалы просяць узбудзіць судовае пераследванне, праўда, «сведений о нем в комитете не имеется».

Два «Шаўцы»: з гісторыі памылак

Сваю рэцэнзію на «Жалейку» Ядвігін Ш. завяршае так: «Колькасць памылак у выданні цалкам зразумелая і выбачальная». У канцы зборніка пералік памылак займае чатыры старонкі. Найчасцей памылкі надараліся з-за асаблівасцяў беларускай мовы, якіх друкары не ведалі. Хоць «у» кароткае ў тэксце ўжываецца, замест «і» беларускага стаіць «и» рускае, «ё» перадаецца спалучэннем «йо» («вйоска», «йон»). Карацей, звыклыя правілы не дзейнічалі. Таму сярод памылак — замест «песенку-думку» прапануецца чытаць «песеньку-думку», замест «вочи» — «вочы». Ёсць памылкі, якія не адразу зразумееш. Дзіўны «Долюб» у арыгінале гучыць як «Долю», «Гюблю» — «Люблю», «жеже» — «жджэ», «Сцэопки» — «Сцйопки», то-бок «Сцёпкі». Зразумела, піцерскі наборшчык, які набраў «Рэзак і нарогі», наўрад адрозніваў гэта ад «От, рэзні-нарогі», як належыць у арыгінале. Ну і самая заўважная памылка зазначаецца выдаўцамі напачатку:

«Просім выбачыць, што праз недагляд верш „Шавец“ знайшоўся тут выдрукаваным два разы: на стр. 40 і 118».

«Я шавец-маладзец,

Знаю дзела сваё,

Слухаць мусяць мяне

Капылы і скур’ё».

Два паэты: як Купала стаў Багушэвічам

Зборнік «Жалейка» адразу набыў вядомасць шырэйшую, чым толькі ў свядомых беларускіх колах. Зборнік перадалі Максіму Горкаму, ён асабліва ўпадабаў верш «А хто там ідзе» з дададзенымі нотамі, палічыўшы беларускім гімнам. А яшчэ адзін выпадак апісвае ў сваіх успамінах беларускі дзеяч Яўген Хлябцэвіч. У канцы 1909 года кнігавыдавецтва «Разум» выпусціла ў Пецярбургу «Альманах-каляндар для ўсіх» на 1910 год.

Там было змешчана «Чытанне на кожны месяц» — вытрымкі з твораў мастацкай літаратуры, якія адлюстроўвалі жыццё і творчасць народаў Расійскай імперыі. Май прысвяцілі беларусам. Там былі змешчаны два вершы Янкі Купалы ў кепскім перакладзе на рускую мову і партрэт Францішка Багушэвіча з подпісам «Я. Купала, беларускі паэт». На сходзе беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта было вырашана: Купала павінен пратэставаць! Ягоны ліст Хлябцэвіч надрукаваў у газеце «Новая Русь», дзе рэдагаваў аддзел «Кніжны і бібліятэчны лісток»:

«Гэтымі днямі я выпадкова прачытаў у календары „Альманах-каляндар для ўсіх“ паміж другімі свае два вершы, перакладзеныя з беларускай на рускую мову, узятыя з маёй кнігі „Жалейка“... Хаця пераклад зроблен і нядбайна ў стылістычных адносінах і ў адносінах дакладнасці з арыгіналам, а таксама і без майго ведама, што, здаецца, у культурных краінах не практыкуецца, я вымушаны мірыцца, дзякуючы хаатычнаму становішчу нашых законаў наогул і ў асаблівасці часовых правіл аб друку, з парушэннем маёй аўтарскай уласнасці. Але вынаходлівае кнігавыдавецтва пайшло ў сваім і так непамерным захапленні яшчэ далей: яно змясціла ў гэтым жа календары чыйсці здымак, падпісаўшы пад ім маё прозвішча „Янка Купала“. Гэта пераходзіць ужо ўсе межы далікатнасці, тым больш, што мой фотаздымак нідзе яшчэ не друкаваўся».

Купала лічыць, што ў час, калі ідзе «цяжкая непамерная барацьба за нацыянальную незалежнасць», да яе прадстаўнікоў трэба «адносіцца больш карэктна і з больш разважлівай павагай».

Дарэчы, звярнулі ўвагу, як Купала называе партрэт Багушэвіча «чыімсьці здымкам», як быццам не пазнаў яго? Між тым прачытаем больш поўна тэкст рэкламнай аб’явы: «1) „Жалейка“ — Янука Купалы (цана на простым паперы 50 кап., а на лепшым — 80 кап.) і 2) Smyk — M. Buraczka (цана 20 кап. і дарагое выданне — 35 кап.)». Вось жа яны побач, Купала і Мацей Бурачок — які і ёсць Францішак Багушэвіч, яшчэ адзін крамольны паэт. І кранальная дэталь: гэта час, калі Купала яшчэ ніводнага свайго партрэта ў друку не бачыў! А хацелася... Але ж надрукуй выдаўцы ягоны партрэт — і апазналі б судовыя ў Івану Дамінікавічу Луцэвічу крамольнага Янку Купалу, якога належала арыштаваць.

Зрэшты, упэўнена, што загадак і цікавых гісторый вакол «Жалейкі» знойдзецца яшчэ шмат.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Поўрубель» за сонца

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.