Вы тут

Любоў да роднага горада


І хаця кніг сёння выдаецца даволі шмат, далёка не кожнае з выданняў у цвёрдай ці мяккай вокладцы становіцца падзеяй. Нямала кніг прыходзіць да чытача з аддаленых ад Мінска як ад усебеларускай кніжнай сталіцы буйных раённых і абласных гарадоў (абласных, зразумела, — найперш), хаця, канешне ж, прыярытэты — за галоўным кніжным горадам краіны, за Мінскам, дзе сканцэнтраваны і большасць выдавецтваў, і галоўныя паліграфічныя магчымасці Беларусі. І ўсё ж... 

У Гродна толькі што пабачыў сімпатычны з пункту гледжання афармлення томік — «Лепшы горад Зямлі» («ЮрСаПрынт», 2023). Зборнік паэтычных, празаічных і публіцыстычных тэкстаў да 895-годдзя горада Гродна. Аўтар ідэі выдання кнігі — Людміла Кебіч. Укладальнікі — Л. Кебіч, Т. Мазур, Д. Радзівончык, А. Сабуць, Г. Скаржыцкая-Савіцкая. Творы 47 аўтараў прадстаўлены ў даволі ёмістым выданні. Пададзена, прапанавана чытачу для знаёмства зробленае, народжанае талентам нашых сучаснікаў, літаратараў, якія зараз жывуць і працуюць (альбо жылі і працавалі параўнальна нядаўна) у Гродна і Гродзенскай вобласці. Пададзены да ўвагі чытача творы як прызнанні любові, як самыя высокія пачуццёвыя, эмацыйна ўзрушаныя ўражанні ад сваёй еднасці з родным горадам. 
 
А на чацвёртай старонцы вокладкі выкладзены выказванні папярэднікаў — майстроў прыгожага пісьменства з мінулых дзесяцігоддзяў і стагоддзяў. Ізноў жа — пра Гродна. «Гродна, горад, пабудаваны на правым беразе Нёмана, ... з руінамі сваіх замкаў, з касцёламі і іх чароўнымі вежамі, са старасвецкімі мансардамі, мае права быць залічаны да найпрыгажэйшых у Літве...» (Уладзіслаў Сыракомля). «Мае думкі часта лятуць у Гродна — да ценяў дзядоў маіх, да ўспамінаў аб шчырай заўзятай працы ў Гродзенскім гуртку беларускай моладзі, дзе я стала на беларускую дарогу»; «А домам усё ж лічу Гародню...» (Зоська Верас). «Славу гораау, як і зямлі, робяць славутыя людзі. У гэтым сэнсе Гародні пашэнціла — у ёй жыло нямала выдатных, славутых людзей...» (Васіль Быкаў). «Гродна — меч, і воля, і слава»; «Далёка не апошні па старажытнасці, па прыгажосці, па тым, што ён з тых гарадоў, якія маюць сваё, адметнае аблічча, якое не зблытаеш ні з якім другім. <...> Словам, той, хто прыедзе сюды, — не пашкадуе»; «...Гэты горад мне патрэбны, каб ратаваць беларускі народ» (Уладзімір Караткевіч). «Горад над Нёманам і ўніверсітэт імя Янкі Купалы сталі часцінкай мяне самога. І роднае беларускае слова ў ім заўсёды было са мною» (Аляксей Пяткевіч). Выключна цэментуючую, абагульняючую ролю ў зборніку адыгрывае глыбокі, удумлівы артыкул кандыдата філалагічных навук Аліны Сабуць, якая працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, — «Гродна мае твар адметны: горад-казка, горад-рай»: ушанаванне Гродна пісьменнікамі Гродзенскага краю«. Літаратуразнаўца, публіцыст вельмі грунтоўна (не губляючы пры гэтым уяўленняў пра межы публікацыі, як уступнага артыкула) разглядае рэтраспектыву адлюстравання тэмы старажытнага паселішча, сёння сучаснага горада, у паэзіі і прозе гарадзенцаў. Даследчыца вылучае галоўныя, так бы мовіць, брэнды горада над Нёманам, галоўныя, найболей адметныя адрасы, якія даўно сталі кропкамі прыцягнення мастацкага, творчага мыслення. І разам з тым Аліна Сабуць нагадвае, а што ж пісалі пра горад папярэднікі, што яны акрэслівалі ў сваёй увазе да Гродна. Не абмінула аўтар і кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь знанага сучаснага беларускага пісьменніка Алеся Марціновіча «Горадна, Горадзен, Гродна» (яна выйшла ў 2008 годзе; і, дарэчы, хацелася б заўважыць, што добра было б яе перавыдаць масавым тыражом і зараз). Да месца прыводзіць Аліна Эдмундаўна наступную цытату з твора А. Марціновіча: «Паколькі Гродна заўсёды знаходзілася, калі можна так сказаць, на дарожных ростанях, тут бывалі многія літаратары. Вяртаючыся з-за мяжы, спыняўся Мікалай Гогаль. Дзяніс Давыдаў трапіў сюды разам з расійскімі войскамі, праследуючы Напалеона. Надзея Дурава праходзіла ў Гродне вайсковую службу. Францішак Багушэвіч, наведваючыся па сваіх справах, завітваў у блакітны домік на адной з цэнтральных вуліц. Ён бываў у ягонай гаспадыні — вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якую нязменна называў «каралевай жывога слова і прыгнечанай праўды». Такая згадка — яшчэ і на заўтра праектаванне новай творчай калектыўнай працы: вось бы сабраць разам усё, што пісалі пра Гродна мастакі слова з розных нацыянальных літаратур?!. Арымаецца ўнікальная літаратурна-мастацкая анталогія, сага, разлічаная на чытанне ў школе, у сям’і, кніга, якую разумныя людзі будуць перадаваць з пакалення ў пакаленне, будуць ганарыцца перад гасцямі тым, што вось нехта здолеў выкласці любоў да роднага прыгожымі словамі. 
 
Паэтычныя старонкі кнігі адкрываюцца вершам Людмілы Кебіч — «Лепшы горад». «Сябе на думцы зноў і зноў лаўлю,/ што з’ехаць аніколі не збяруся,/ бо толькі Гродна ўсёй душой люблю — /куточак унікальны Беларусі./ Тут буду адбіваць свае сляды,/ Жыць радасна, пявуча, светла, годна.../ Мне іншыя навошта гарады,/ калі на карце свету ёсць мой Гродна». Пра «свой Гродна» расказваюць паэты Ала Клемянок, Марыя Шаўчонак, Браніслаў Ермашкевіч, Алена Руцкая, Мікалай Іваноўскі, Віктар Куц, Ірына Войтка, Рыгор Гармаш, Людміла Шаўчэнка, Наталля Цвірко, Галіна Скаржынская-Савіцкая, Таццяна Сучкова, Таццяна Яцук і іншыя таленавітыя творцы. Паэзія — аснова кнігі. Відавочна, у вершах болей лагічна, як падаецца аўтарам, выказваць узнёслае, узвышанае захапленне. Высокія тэмы, судакрананне з прыгажосцю вякамі адшліфаванага гарадскога жыцця, з багатай гродзенскай гісторыяй якраз і патрабуюць выкладання думак, пошуку параўнанняў, мастацкіх сімвалаў якраз праз паэзію. 
 
Каложскі парк, Каложская царква, Новы Замак, Стары Замак, Фарны касцёл, парк Жылібер, Афганскі парк, Румлёўскі парк — гэтыя і іншыя адрасы ствараюць мастацкі ландшафт, дадаюць у чытацкую свядомасць перакананні творцаў пра тое, што павінна яднаць сучаснасць і мінуўшчыну. У кнізе змешчана даволі шмат вершаў, празаічных, публіцыстычных тэкстаў пра тыя з’явы, які народжаны ў сучасным Гродна. «Над Гародняй рыгадоны,/ паланэзы, менуэты/ льюцца з кожнага балкона/ ў сэрца чулае паэта...» (Людміла Кебіч. «Свята музыкі»). «Рамеснікаў свята — / у Гародні «Казюкі»./ Дасціпнага жарту / вясёлыя гукі./ Майстры раскладаюць/ прыгожа тавары: / — Бярыце на шчасце,/ бярыце да пары./ Драўляная лыжка — / пагляньце якая./ Ці пластык варэнне/ вам так памяшае?/ А гэта лапатка/ з найлепшага дуба — / варочаць аладкі/ і зручна, і люба!» (Алена Руцкая. «Свята рамеснікаў у Гародні»). «У горадзе шчыруе фестываль,/ У згодзе ўсе канфесіі, народы,/ І дух няўмольны волі і свабоды/ Жыве ў суладдзі неспакойных хваль» (Таццяна Яцук. «Гродна»)... 
 
Выдадзеная накладам 180 экзэмпляраў (усяго толькі 180 экз.!) кніга «Лепшы горад зямлі» — не толькі падарунак пісьменнікаў Гарадзеншчыны, Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі 895-годдзю горада Гродна, гэта яшчэ і падарунак усім гарадзенцам, якія жывуць і працуюць паўсёй Беларусі, якія даўно пакінулі родны горад. Без шчымлівасці, без адкрыцця сэрца і душы чытаць, пераасэнсоўваць выкладзенае ў «Лепшым горадзе зямлі», проста нельга. 
 
Раман СЭРВАЧ
Прэв'ю: pixabay.com​

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.