Вы тут

Космас — лакаматыў для стварэння новых матэрыялаў, тэхналогій і новых рашэнняў


Айчынная навука сёння самым цесным чынам інтэграваная ў беларускую эканоміку. За вучонымі — суправаджэнне ўсіх бакоў развіцця новай, заснаванай на ведах эканомікі, у тым ліку і касмічнай галіны. Восенню 2022 года ў НАН Беларусі рашэннем Бюро Прэзідыума Акадэміі быў створаны кластар «Навукова-вытворчая карпарацыя «Белкосмас», у якую ўвайшлі як арганізацыі Акадэміі навук, так і арганізацыі, з якімі НАН Беларусі ажыццяўляе супрацоўніцтва. Пра тое, як развіваецца касмічная галіна, як рыхтуюцца да касмічнага палёту беларускія дзяўчаты і чаму для нас так важна быць касмічнай дзяржавай, мы гутарым з прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Нашымі суразмоўнікамі сталі першы намеснік Старшыні Прэзідума НАН акадэмік Сяргей Чыжык, начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі, намеснік кіраўніка Агенцтва па касмічных даследаваннях, акадэмік Пётр Віцязь і намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці Іван Буча.


Прыярытэтная сфера інавацыйнага развіцця

— Ці можна сёння з упэўненасцю казаць аб стварэнні ў нашай краіне касмічнай галіны? Што дае нам права лічыць сябе касмічнай дзяржавай? Патлумачце, калі ласка, як рэалізацыя касмічных праграм уплывае на беларускую эканоміку?

Пётр Вiцязь: «Навука павiнна ствараць такiя тэхналогii, якiя будуць сябе акупляць, спрашчаць i паляпшаць жыццё чалавека»

Пётр Віцязь: У Беларусі заўсёды былі моцныя навуковыя школы фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і матэрыялазнаўства. Пытаннямі, так ці інакш звязанымі з космасам, займалася мноства арганізацый у складзе як Акадэміі навук БССР, так і навуковых цэнтраў ВНУ. Беларускія фізікі першымі пачалі даследаванні ўздзеяння плазменных і радыяцыйных патокаў на цеплаахоўныя пакрыцці касмічных апаратаў і мадэляванне ўваходжання аб’ектаў у шчыльныя слаі атмасферы. Ужо на першых савецкіх штучных спадарожніках стаяла ўнікальнае абсталяванне, створанае ў Беларусі.

Сёння на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі ўскладзена правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі, рэгуляванне дзейнасці ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах. Для рэалізацыі гэтых і іншых задач у касмічнай сферы ў НАН Беларусі ў 2015 годзе было створана і паспяхова функцыянуе Агенцтва па касмічных даследаваннях.

У 2003 годзе Прэзідэнт прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. У 2007-м была сфарміравана ўласная беларуская касмічная праграма. У 2012 годзе з запускам спадарожніка БКА (дарэчы, мы адзіныя з краін постсавецкай прасторы, не лічачы Расіі, хто мае апарат уласнай распрацоўкі) Беларусь увайшла ў лік касмічных дзяржаў, а ў снежні 2013-га стала паўнапраўным членам Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

У 2016-м выводзіцца на арбіту беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік сувязі «Белінтэрсат-1», разлічаны на перадачу радыё- і тэлесігналаў, а таксама забеспячэнне доступу ў інтэрнэт. У 2018 годзе Беларусь прымала XXXІ Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў — нашу краіну наведалі больш як 80 чалавек, якія пабывалі ў космасе. У тым жа годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт вывеў на арбіту свой першы адукацыйны нанаспадарожнік BSUSat-1. А летась у космас адправіўся ўжо другі адукацыйны нанаспадарожнік БДУ.

БДУ мае на арбіце ўжо два адукацыйныя спадарожнікі

Летась у Акадэміі навук прайшоў ужо VІІІ Беларускі касмічны кангрэс. Таму сёння можна з упэўненасцю казаць аб стварэнні ў нашай краіне касмічнай галіны, у якой задзейнічана больш як 20 навуковых і вытворчых арганізацый, працуюць каля чатырох тысяч кваліфікаваных спецыялістаў, сфарміравана інфраструктура, мэта якой — стратэгічныя даследаванні.

Касмічная сфера вызначана як адна з прыярытэтных сфер інавацыйнага развіцця Беларусі. У ліку перспектыўных кірункаў — рэалізацыя нацыянальнай касмічнай праграмы на 2021–2025 гады, развіццё сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, прымяненне вынікаў касмічнай дзейнасці ў інтарэсах розных сфер, уключаючы дакладнае земляробства, лічбавізацыю, вывучэнне Антарктыкі. Сярод актуальных кірункаў таксама развіццё нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання, навігацыйнай, геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці на аснове касмічных тэхналогій, сістэмы аэракасмічнай адукацыі, распрацоўка новых матэрыялаў, якія прымяняюцца пры стварэнні касмічных апаратаў для даследавання блізкага і далёкага космасу, удзел у міжнародных праектах па вывучэнні Месяца, Марса і іншых аб’ектаў далёкага космасу.

Створаная год таму карпарацыя «Белкосмас» — гэта не юрыдычнае аб’яднанне, а кластарная структура, мэта якой — каардынаваць дзейнасць у касмічнай сферы ў агульных інтарэсах, каб павысіць эфектыўнасць аказання паслуг. Ад Акадэміі навук у склад навуковага кластара ўвайшлі Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі, УП «Геаінфармацыйныя сістэмы», НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі, а таксама арганізацыі, з якімі Акадэмія навук супрацоўнічае. Гэта Кітайска-Беларускае сумеснае закрытае акцыянернае таварыства «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы», таварыства з абмежаванай адказнасцю «КБ Беспілотныя верталёты». Галаўной арганізацыяй кластара з’яўляецца Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі.

Такі састаў удзельнікаў прадыктаваны іх кампетэнцыямі ў вырашэнні найважнейшых задач карпарацыі, сярод якіх выпрацоўка палітыкі і стратэгіі развіцця Рэспублікі Беларусь у касмічнай сферы, распрацоўка прапаноў па фарміраванні праграм у рамках Саюзнай дзяржавы, СНД і ЕАЭС, дзяржаўных праграм і праектаў у касмічнай сферы, правядзенне навуковых даследаванняў, распрацоўка новай канкурэнтаздольнай аэракасмічнай тэхнікі…

На бліжэйшым навуковым Савеце карпарацыі «Белкосмаса» мы будзем разглядаць магчымасць уключыць іншыя арганізацыі ў дзейнасць карпарацыі, якія хочуць сумесна працаваць па выкарыстанні касмічных тэхналогій.

У фае Прэзiдыума НАН Беларусi ўстаноўлены макет першага БКА

Уплыў касмічнай галіны на эканоміку шматвектарны. Ён уключае і іміджавы складнік, бо ўваходжанне Беларусі ў клуб касмічных дзяржаў самым непасрэдным чынам сведчыць аб высокатэхналагічным патэнцыяле нашай навукі і прамысловасці. Асабліва ў эканамічным плане: даныя, атрыманыя сістэмай дыстанцыйнага зандзіравання, дазваляюць адсочваць стан пасеваў, лясных масіваў, воднай сістэмы, розных аб’ектаў (дарог, трубаправодаў, збудаванняў), выяўляць цеплавыя анамаліі, рабіць прагноз надвор’я і ўраджайнасці збожжавых культур, адсочваць тэхнагенныя і прыродныя надзвычайныя сітуацыі, ствараць і абнаўляць тапаграфічныя і навігацыйныя карты, выяўляць перспектыўныя пляцоўкі для распрацоўкі карысных выкапняў. За час работы на арбіце спадарожнік акупіў сябе неаднаразова. Галоўнымі заказчыкамі здымкаў, якія робіць спадарожнік, з’яўляюцца МНС, Дзяржаўны камітэт па маёмасці, Белгідрамет, Мінпрыроды, Мінлясгас, Мінсельгасхарч, Мінбудархітэктуры, Следчы камітэт і іншыя структуры і ведамствы.

Можна прыгадаць выпадак з вялікім пажарам у Чарнобыльскай зоне ў 2019 годзе. МНС Беларусі за два тыдні да таго, як пажар наблізіўся да межаў краіны, ужо мела інфармацыю аб надзвычайнай сітуацыі. Былі праведзены адпаведныя работы, і пажар быў спынены практычна на мяжы.

Увогуле, адметнасць сучаснай навукі ў тым, што яе дасягненні прысутнічаюць паўсюдна, а мы гэтага ўжо не заўважаем. Просты прыклад: сістэма геалакацыі ў любым смартфоне або таксі таксама выкарыстоўвае даныя спадарожнікавай здымкі…

— Але патрабаванні карыстальнікаў да характарыстык касмічнай інфармацыі растуць, асабліва па раздзяляльнай здольнасці здымак. Ці ўлічваецца гэта інфармцыя пры стварэнні новага расійска-беларускага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі? І ўвогуле, як развіваецца супрацоўніцтва ў касмічнай сферы ў рамках навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі?

Сяргей Чыжык: Тэрыторыя павінна здымацца з раздзяляльнай здольнасцю 0,7-0,5 метра. Гэта сучасныя патрабаванні. Цяперашнія нашы магчымасці — 2 метры, а мы замахнуліся на 0,35 метра. Калі атрымаецца, то дэталізацыя здымкаў у параўнанні з цяперашнім узроўнем вырасце ў разы. Плюс робіцца стаўка на шматфункцыянальнасць. Калі будзе весціся здымка, пажадана, каб яна была спектральная. Калі мы будзем бачыць тэрыторыю ў розных аптычных спектрах, гэта дасць больш дакладную інфармацыю аб стане тэрыторыі, пасеваў, лясных масіваў, наступствах катастрафічных затапленняў. Мы рушым у бок шматузроўневых выяў. Касмічны апарат будзе пастаўляць вялікія даныя, таму спатрэбіцца прыцягненне суперкамп’ютарнай тэхнікі і спецыяльнага праграмнага забеспячэння, каб гэты масіў дадзеных прааналізаваць. Касмічная платформа ў новым спадарожніку будзе расійская, а аптычныя сістэмы — беларускія.

Працуюць у Беларусі і над другім беларускім спадарожнікам. Таксама ў Акадэміі навук пачынаюць распрацоўку тэхналогій запуску мікраспадарожнікаў — спадарожнікаў на невысокай арбіце для адпрацоўкі розных тэхналогій і маніторынгу, напрыклад, маніторынгу вакол атамнай станцыі.

Шматспадарожнікавыя групоўкі на арбіце

— А як развіваецца супрацоўніцтва ў касмічнай сферы ў рамках навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі? Ці адчуваецца ўплыў заходніх санкцый?

Пётр Віцязь: Большасць беларускіх арганізацый, якія задзейнічаны ў рэалізацыі савецкіх касмічных праграм, працуюць і цяпер. У Беларусі выпускаецца высокадакладнае оптыка-электроннае абсталяванне, сучасная мікрапрацэсарная тэхніка, інтэгральныя мікрасхемы, выпрабавальнае абсталяванне і многае іншае. А ў беларускіх ВНУ рыхтуюць спецыялістаў для аэракасмічнай галіны.

У рамках Саюзнай дзяржавы рэалізавана ўжо восем праграм па касмічнай тэматыцы, вынікі якіх былі накіраваныя на пашырэнне агульнай навукова-тэхналагічнай і інфармацыйнай прасторы дзвюх краін, інтэграцыю інтэлектуальных і вытворчых рэсурсаў.

Істотны ўплыў на развіццё інтэграцыйных сувязей беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў касмічнай галіны аказалі вынікі выканання праграмы Саюзнай дзяржавы «Стандартызацыя-СД» у 2011–2014 гадах. У яе рамках былі распрацаваны 68 стандартаў у галіне касмічнай дзейнасці (29 з іх — беларускімі спецыялістамі). Яны рэгламентуюць стварэнне касмічнай тэхнікі, парадак распрацоўкі дакументаў па стандартызацыі, іх гарманізацыі дзяржавамі, узаемнага прызнання і ўкаранення, а таксама патрабаванні да сістэмы кантролю за выкананнем палажэнняў стандартаў. Прасцей кажучы, беларускія і расійскія інжынеры і тэхнолагі размаўляюць сёння на адной тэхнічнай мове.

У рамкай дзявятай сумеснай праграмы «Комплекс-СД» будуць створаны і выпрабаваны тэхналагічныя ўзоры касмічных апаратаў — малога касмічнага апарата вагой да 250 кілаграмаў, а таксама нанаспадарожнікаў — беларускага і расійскага. Запуск вялікіх апаратаў звязаны са значнымі эканамічнымі выдаткамі, таму няма магчымасці рабіць гэта часта і хутка. Апошнія сусветныя тэндэнцыі — выкарыстанне мікра- і нанаспадарожнікаў, запуск якіх можна ажыццявіць кластарным спосабам. Гэта значыць адна ракета запускае дзясяткі касмічных апаратаў, якія прадставяць сабой арбітальную групоўку. Праграма «Комплекс-СД» прызначана для стварэння навукова-тэхнічных задзелаў для вырашэння гэтых праблем. У яе ўваходзіць распрацоўка базавых элементаў арбітальных і наземных сродкаў у інтарэсах стварэння шматспадарожнікавых груповак малапамерных касмічных апаратаў, назіранне зямной паверхні і калязямной касмічнай прасторы.

Будзе таксама створана спецыяльная оптыка-электронная сістэма назірання, якую ўсталююць на адным з касмічных апаратаў новай арбітальнай групоўкі. Дзякуючы ёй можна будзе кантраляваць касмічнае смецце, якое дастаўляе шмат клопатаў.

У выніку рэалізацыі праграмы «Комплекс-СД» Беларусь і Расія атрымаюць арбітальную групоўку касмічных апаратаў Саюзнай дзяржавы, якія будуць працаваць ва ўзаемадзеянні паміж сабой і кіравацца з Зямлі. Цяперашняя праграма інтэгруе ў сабе тыя інтэлектуальныя, навуковыя і вытворчыя магчымасці, якімі валодаюць нашы дзяржавы.

На VIII Беларускім касмічным кангрэсе

Беларусь і Расія актывізавалі інтэграцыйныя працэсы на фоне ўвядзення заходніх санкцый, у тым ліку і ў касмічнай галіне. Санкцыі сталі стымулам для паглыблення навукова-даследчых і канструктарскіх работ, аналізу нашага патэнцыялу для рэалізацыі агульных касмічных праграм Саюзнай дзяржавы. У цэлым забяспечана незалежнасць і самадастатковасць Саюзнай дзяржавы ў галіне касмічных даследаванняў ва ўмовах санкцый Захаду. Гэта датычыцца дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, інфармацыйных касмічных тэхналогій, электроннай кампанентнай базы, матэрыялаў і тэхналогій іх апрацоўкі. На дадзены момант беларускія і расійскія вучоныя займаюцца распрацоўкай цэлай групоўкі апаратаў звышвысокай дакладнасці.

Дарэчы, першыя прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі былі ўручаны двум сумесным аўтарскім калектывам з Беларусі і Расіі менавіта па касмічнай тэматыцы.

На Меркурый — з беларускімі экранамі

— Развіццё касмічнай галіны немагчымае без стварэння новых матэрыялаў і прылад, якія здольныя вытрымліваць вельмі агрэсіўнае ўздзеянне касмічнай прасторы. Ці задзейнічаны распрацоўкі беларускіх вучоных у засваенні Далёкага космасу?

Пётр Віцязь: Ключавыя моманты для космасу — гэта высокая трываласць і малая вага. Таму ўсе даследаванні нашых вучоных скіраваныя на тое, каб зменшыць вагу, але каб фізічная трываласць пры гэтым не пацярпела. Распрацоўваюцца лёгкія па ўдзельнай вазе, высокатрывалыя ці кампазіцыйныя матэрыялы. Перш за ўсё гэта тытанавыя сплавы, алюмініевыя, кампазіцыйныя палімерныя матэрыялы. Выпрабаваннямі новых матэрыялаў займаюцца многія акадэмічныя інстытуты. Галоўным па гэтым кірунку з’яўляецца Інстытут цепла- і масаабмену НАН Беларусі.

Не менш важная задача — абарона прыбораў ад касмічнай радыяцыі, а оптыкі — ад касмічнага смецця. У 2020 годзе завяршылася рэалізацыя саюзнай праграмы «Тэхналогія—СД», якая была накіравана на выкарыстанне, дапаўненне і развіццё ў ракетна-касмічнай галіне дасягненняў у сферы нанаматэрыялаў, нанапакрыццяў і нанаэлектронікі. У выніку сумеснай дзейнасці Беларусі і Расіі былі распрацаваны комплексныя тэхналогіі стварэння шырокай наменклатуры прылад і сістэм ракетна-касмічнай тэхнікі з забеспячэннем зніжэння іх масы і габарытаў пры павышэнні тэхнічных і эксплуатацыйных характарыстык, у тым ліку ўніверсальных касмічных платформ, сістэм тэрмарэгулявання і электрасілкавання, нанаэлектронных прылад, функцыянальных нанаструктурных сэнсараў рознага прызначэння, нанаўладкавання розных сістэм касмічных апаратаў з павышаным рэсурсам эксплуатацыі.

Сяргей Чыжык: Космас — гэта складанае і агрэсіўнае асяроддзе, дзе шмат дэстабілізуючых фактараў, якія негатыўна ўздзейнічаюць на работу ўсіх прыбораў і апаратуры. Для іх дакладнай, надзейнай і доўгачасовай работы патрабуюцца новыя тэхнічныя і тэхналагічныя рашэнні.

Электрамагнітная абарона патрабуецца ў першую чаргу для электронікі, таму што ўздзеянне электрамагнітных палёў выводзіць яе са строю. Пяць гадоў таму Японія запусціла свой спадарожнік на Меркурый. На борце японскага касмічнага апарата MercuryMagnetospherіcOrbіter, які ўдзельнічае ў даследчай місіі BepіColombo, устаноўлены шматслойныя электрамагнітныя экраны, створаныя спецыялістамі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве.

Па дадзенай праблематыцы навукоўцы Акадэміі навук актыўна працуюць з «Раскосмасам» — беларускія экраны ўсталёўваюцца на касмічных лятальных апаратах, абараняючы разнастайныя датчыкі і дэтэктары як ад знешніх, так і ад унутраных уздзеянняў. У НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве распрацаваны новыя матэрыялы і тэхналагічныя працэсы фарміравання электрамагнітнай і радыяцыйнай абароны на карпусах прыбораў і элементаў шырокага спектра прызначэння.

Трэба разумець, што калі раней ахоўныя экраны для касмічных апаратаў па таўшчыні маглі складаць і некалькі сантыметраў, то зараз патрабаванні па масагабарытных параметрах сталі больш жорсткімі. Беларускія вучоныя распрацавалі электрамагнітную абарону для японскага спадарожніка таўшчынёй усяго 0,3 міліметра. Гэта надзвычай важна для палётаў у космас, дзе кожны грам нагрузкі каштуе вялікіх грошай. Спадарожнік ужо дасылае здымкі Меркурыя на Зямлю.

Нашы матэрыялы будуць задзейнічаны і на новых спадарожніках, якія ствараюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы. У ствараемай арбітальнай групоўцы спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі аптычная карысная нагрузка будзе спраектавана, распрацавана і часткова выраблена ў Беларусі.

 

На расійскім сегменце Міжнароднай касмічнай станцыі ёсць прыборы спектральнага аналізу, распрацаваныя навукоўцамі Інстытута прыкладных фізічных праблем БДУ. Відэаспектральная сістэма дазваляе разгледзець тое, што нябачна ні чалавечаму воку, ні звычайнай тэхніцы, малейшыя змяненні. Але далейшая тэматычная апрацоўка атрыманай інфармацыі адбываецца ўжо на Зямлі. Апаратура ўстаноўлена на ілюмінатары. Каб усё працавала аўтаматычна, быў распрацаваны комплекс САВА — сістэма арыентацыі відэаспектральнай апаратуры.

Сяргей Чыжык: «Мiжнародная навуковая месяцавая станцыя — грандыёзны праект, якi адной краiне не па сiлах...»

Нашы інтарэсы на Месяцы

— Нядаўна Акадэмія навук і Кітайская Нацыянальная Касмічная Адміністрацыя падпісалі Сумесную дэкларацыю аб супрацоўніцтве па Міжнароднай навуковай месяцавай станцыі. Праект даволі амбіцыйны. Якім вы бачыце ўклад у яго беларускіх спецыялістаў?

Сяргей Чыжык: Кітайская Народная Рэспубліка з’яўляецца касмічнай дзяржавай. Яна ўвайшла ў гэты клуб вельмі ўпэўнена. Мы ўсе бачым іх вынікі. І вось Кітайская Нацыянальная Касмічная Адміністрацыя выйшла з ініцыятывай аб’яднаць намаганні шэрагу краін, якія жадаюць паўдзельнічаць у асваенні Месяца. Нам пакуль гэта задача бачыцца вельмі далёкай, амаль фантастычнай, але ў кітайскіх калег ёсць канкрэтны план. Да 2030 года на Месяц адправяцца тры месяцаходы для таго, каб вывучыць ценявы бок спадарожніка, узяць узоры грунта, правесці іх аналіз. А з 2030 года плануецца распачаць будаўніцтва станцыі непасрэдна на Месяцы.

Шэраг краін атрымалі прапанову далучыцца, у тым ліку і Беларусь. Мы падпісалі сумесную дэкларацыю па міжнароднай станцыі, але гэта не значыць, што беларусы паляцяць на Месяц. Пра гэта казаць пакуль рана. Ідзе размова пра тое, каб беларускія распрацоўкі былі выкарыстаны пры рэалізацыі грандыёзнага міжнароднага праекта. Мы можам, напрыклад, сумесна папрацаваць над крыніцамі энергіі на Месяцы, магчыма, гэта будуць малыя ядзерныя ўстаноўкі. Спатрэбяцца матэрыялы з радыяцыйнай устойлівасцю, аблегчаныя, але пры гэтым здольныя вытрымаць высокі каэфіцыент трэння, калі будзе пагроза высокага зносу. Мы падрыхтавалі пералік нашых прапаноў. Гэта могуць быць, напрыклад, станцыі па прыёме інфармацыі, цэнтры апрацоўскі даных, работа з вялікімі даными, забеспячэнне жыццядзейнасці раслін на штучных грунтах, выкарыстанне святлодыёднай тэхнікі. Ставяцца вельмі складаныя задачы, якія раней не вырашаліся.

Трэба сказаць, што гэта магутны штуршок для развіцця навуковых даследаванняў. Калі мы кажам пра Савецкі Саюз, што згадваем у першую чаргу сярод навуковых дасягненняў? Космас і атамную энергетыку. Гэтыя два кірункі ўзнялі імідж краіны і прымусілі вучоных працаваць над шэрагам праектаў. Вось і сёння мы склалі магчымы план супрацоўніцтва па Міжнароднай навуковай месяцавай станцыі: туды ўвашлі прапановы нашых матэматыкаў, біёлагаў, спецыялістаў Інстытута цепла- і масаабмену па вывучэнніпаводзін матэрыялаў.

Мы лічым, што на Месяцы могуць быць умовы для новых вытворчасцяў. Так, напрыклад, у бязважкасці ствараюцца вельмі добрыя ўмовы для вырошчвання крышталёў для электронікі. Пры адсутнасці гравітацыі зусім па-іншаму адбываецца фарміраванне крышталічных рэчываў. Такія грандыёзныя праекты, як навуковая месяцавая станцыя, ні Кітай, ні Расія, ні ЗША самастойна рэалізаваць не змогуць. Патрабуецца аб’яднанне намаганняў. І калі мы будзем удзельнічаць у гэтым праекце, для беларускай навукі гэта будзе вельмі ганарова. Але за сваё месца яшчэ трэба будзе пазмагацца…

Ніякіх скідак для дзяўчат…

— У сакавіку наступнага года на расійскі сегмент Міжнароднай касмічнай станцыі павінен адправіцца беларускі касманаўт. У якой стадыі знаходзіцца падрыхтоўка беларускіх дзяўчат? Ці сфарміраваная ўжо навуковая праграма іх палёту?

Іван Буча: 12 красавіка 2022 года ў Міжнародны дзень касманаўтыкі прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у ходзе рабочай сустрэчы на касмадроме «Усходні» дамовіліся аб адпраўцы беларускага касманаўта на Міжнародную касмічную станцыю (МКС). Вырашылі, што палёт будзе кароткі — у рамках экспедыцыі наведвання МКС. Адразу скажу, што адбор кандыдатаў на касмічны палёт — складаная і спецыфічная задача, якую нам давялося выконваць упершыню. Таму мы вырашылі абапірацца на вопыт расійскай пілатуемай касманаўтыкі. Папярэдне былі вывучаны патрабаванні да прафесійных касманаўтаў, медыцынскія патрабаванні, вызначаны навуковыя задачы на палёт і на іх падставе распрацаваны патрабаванні да кандыдатаў.

Для іх быў вызначаны ўзроставы цэнз — ад 25 да 40 гадоў. Чаму ніжні парог складае 25 гадоў? Таму што, па меркаванні расійскай касмічнай медыцыны, гэта мінімальны ўзрост, які даваляе ўдзельнічаць у касмічным палёце. Да 25 гадоў арганізм яшчэ не сфарміраваны канчаткова і можа пацярпець пры сур’ёзных нагрузках. Далей былі патрабаванні да адукацыі прэтэндэнтаў, улічваючы навуковую праграму з эксперыментамі, якія давядзецца выконваць на МКС. Абавязковай была наяўнасць вышэйшай адукацыі.

У сувязі з тым, што на касмічнай станцыі нашаму касманаўту давядзецца кантактаваць з прадстаўнікамі розных краін (а там зараз акрамя расійскіх каманаўтаў знаходзяцца грамадзяне ЗША, Японіі, Даніі), патрабуецца веданне англійскай мовы ў аб’ёме, дастатковым для стасункаў. Што датычыцца медыцынскіх патрабаванняў, кандыдатам трэба было прайсці прыкладна 25 даследаванняў, вынікі якіх разглядаліся спачатку ў нас, а потым адпраўляліся ў Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў у Расію. Так былі адабраныя шэсць кандыдатаў, якія ў снежні мінулага года прайшлі вочнае медыцынскае даследаванне ўжо ў Зорным гарадку на прадмет магчымасці допуску да падрыхтоўкі да палёту. З гэтых шасці прэтэндэнтаў былі адабраныя двое — асноўны кандыдат і дублёр. Здароўе было адным з асноўных крытэрыяў, таму што нават нягледзячы на тое, што касмічныя палеты сталі больш бяспечнымі і «камфортнымі», з космасу павінен вярнуцца здаровы чалавек. Нагрузкі там усё ж каласальныя…

У асноўны экіпаж экспедыцыі на МКС увайшла бортправадніца «Белавія» Марына Васілеўская, астранаўт NASA Трэйсі Дайсан, а камандаваць экіпажам прызначаны расійскі лётчык-касманаўт, Герой Расіі Алег Навіцкі, які таксама нарадзіўся і вырас у Беларусі. Іх дублёрамі сталі Анастасія Лянкова — урач РНПЦ дзіцячай хірургіі, астранаўт NASA Дональд Пеціт і касманаўт «Раскосмасу», Герой Расіі Іван Вагнер (камандзір дубліруючага экіпажа).

Марына Васілеўская і Анастасія Лянкова ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. Фота БелТА

Падрыхтоўка беларускіх дзяўчат да касмічнага палёту распачалася напрыканцы ліпеня ў Зорным гарадку. Гэта дастаткова складанае і насычанае мерапрыемства. Для абодвух экіпажаў распрацаваная праграма навучання касманаўтаў тым дзеянням, якія яны павінны будуць выконваць у касмічным палёце і пры знаходжанні на МКС. Падчас палёту на нашых кандыдатаў ускладаецца шэраг абавязкаў па забеспячэнні ўласнай жыццядзейнасці ў касмічным караблі і выкананне даручэнняў камандзіра па забеспячэнні жыццядзейнасці ўсяго касмічнага карабля і экіпажа падчас палёту да МКС і пры вяртанні на Зямлю. На касмічнай станцыі — правядзенне даследаванняў, а таксама ўдзел у забеспячэнні жыццядзейнасці ўсяго расійскага сегмента МКС. Космас, як і іншыя тэхнічна складаныя сферы, не застрахаваны ад чалавечага фактару. Аднак магчымасці для выпраўлення памылак у космасе вельмі абмежаваныя, таму ўсё дасканальна адпрацоўваецца на Зямлі.

Нашы кандыдаты праходзяць вельмі сур’ёзны курс фізічнай падрыхтоўкі, які складаецца з дастаткова спецыфічных заняткаў: гэта батут, плаванне, скачкі ў ваду, для навучання каардынацыі, вынослівасці — чаўночны бег, сілавыя практыкаванні, трэніроўкі вестыбулярнага апарату. Для дзяўчат ніякіх скідак не робіцца. Нарматывы агульныя і для мужчын, і для жанчын. Дарэчы, на бягучы момант у расійскім атрадзе касманаўтаў ёсць толькі адна жанчына, Ганна Кікіна.

Таксама любы ўдзельнік касмічных палётаў павінен быць навучаны дзеянням у нестандартных сітуацыях. Нашы дзяўчаты навучаюцца, як граматна рэагаваць на няштатныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць падчас касмічнага палёту і пры пасадцы. У лістападзе прайшлі відовішчныя заняткі ў гідралабараторыі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў, дзе адпрацоўваліся дзеянні экіпажаў у выпадку няштатнага прываднення спускальнага апарата касмічнага карабля. 14 снежня з дубліруючым экіпажам і 15 снежня — з асноўным прайшлі практычныя заняткі на мясцовасці, так званае «зімовае выжыванне» пры няштатным прызямленні спускальнага апарата касмічнага карабля ў лясістай мясцовасці ў зімовых умовах.

Раней дзяўчаты прайшлі падрыхтоўку па дзеяннях ва ўмовах бязважкасці на спецыяльным самалёце-лабараторыі. У безапорным стане яны выконвалі практыкаванні, перамяшчаліся па самалёце ад борта да борта, адпрацоўвалі навыкі арыентацыі цела ў прасторы, работы з грузамі і вадкасцю. Адпрацоўвалі гэтыя навыкі і ў скафандры, а таксама вучыліся правільна яго апранаць і здымаць ва ўмовах бязважкасці.

Навуковая праграма для нашага ўдзельніка касмічнага палёту была распрацавана Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, карпарацыяй «Раскосмас» і Расійскай акадэміяй навук. Ёй прадугледжаны шэраг эксперыментаў, так званых мэтавых работ па дыстанцыйным зандзіраванні Зямлі з выкарыстаннем апаратуры фота- і відэаздымкі беларускай вытворчасці, якая знаходзіцца на МКС, даследаванні ў вобласці біялогіі, фізіялогіі, аўтаномнага функцыянавання касмічных станцый. Таксама прадуглежана вывучэнне ўласцівасцяў лактаферыну і прабіётыкаў, распрацаваных арганізацыямі НАН з мэтай іх наступнага магчымага выкарыстання для стварэння прадуктаў харчавання для касманаўтаў. Яшчэ адзін эксперымент звязаны з 3D-біяпрынтынгам.

Iван Буча: «Удзел у даследаваннi космасу могуць дазволiць сабе толькi высокатэхналагiчныя краiны»

— І напрыканцы пытанне да ўсіх: чаму ўсё ж для Беларусі так важна быць касмічнай дзяржавай?

Пётр Віцязь: Па-першае, тое, што працуе ў космасе, і на Зямлі будзе працаваць яшчэ лепш і больш надзейна, таму што космас — гэта лакаматыў для стварэння новых матэрыялаў, новых тэхналогій і новых рашэнняў. Навука павінна ствараць такія тэхналогіі, якія будуць сябе акупляць, спрашчаць і паляпшаць жыццё чалавека, як тая ж навігацыя ў нашым смартфоне. Па-другое, мы па сённяшні дзень не ведаем, адкуль з’явілася жыццё на Зямлі, а вывучэнне космасу павінна даць адказ на гэта пытанне. Таму людзі здаўна і цягнуцца да зорак…

Сяргей Чыжык: Кажуць, што космас — гэта мара. А я сказаў бы, што космас — гэта яшчэ і будучыня: дадатковыя рэсурсы ва ўмовах катаклізмаў, выратаванне планеты ад непажаданага ўздзеяння. У любым выпадку такая перспектыва ўжо не падаецца такой фантастычнай. Але галоўнае: калі ты з’яўляешся касмічнай дзяржавай, то ўваходзіш у кола тэхналагічна развітых краін. Космас цягне за сабой усю навуку. Вывучаючы космас, мы спазнаём сябе і Зямлю. Бывае, што вялікае прасцей убачыць толькі з адлегласці. А касмічныя адлегласці ў гэтым дапамагаюць. Вывучаючы космас, мы бачым, як змяняецца іонасфера, як змяняецца клімат на нашай планеце.…

Іван Буча: Удзел у даследаванні космасу могуць дазволіць сабе толькі высокатэхналагічныя краіны. Быць даследчыкам касмічнай прасторы — гэта значыць, іграць у вышэйшай лізе. А ўдзел беларускіх вучоных у асваенні комасу і ў савецкія часы, і ў часы незалежнай Беларусі сведчыць аб тым, што ўзровень развіцця навукі і тэхналогій ў нашай краіне вельмі высокі. У многіх пытаннях мы можам нароўні канкурыраваць з замежнымі калегамі. Менавіта экраны, распрацаваныя беларускімі вучонымі, забяспечваюць ахову японскага спадарожніка ад уздзеяння неспрыяльных фактараў касмічнай прасторы ў яго палёце да Меркурыя.

А што датычыцца запланаванага касмічнага палёту адной з нашых дзяўчат, то, на маю думку, Беларусь, якой ёсць што прапанаваць краіне з больш чым шасцідзесяцігадовым вопытам дзейнасці ў галіне пілатуемай касманаўтыкі і якая можа на роўных прыняць удзел у фарміраванні навуковай праграмы свайго касманаўта, мае права удзельнічаць у пілатуемых касмічных праектах.

Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД і Яўгена ПЯСЕЦКАГА 

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.