Прэм’ер-міністр Японіі Фуміё Кісіда днямі прыняў адстаўкі адразу чатырох членаў кабінета міністраў на фоне палітычнага скандалу, звязанага са зборам сродкаў і хабарамі ў найбуйнейшай фракцыі кіруючай Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) краіны. Пра гэта паведаміла агенцтва Kyodo. У адстаўку пайшоў генеральны сакратар кабінета міністраў Японіі Хіракадзу Мацуна. Акрамя Мацуна, сваіх пасад пазбавіліся міністр эканомікі, гандлю і прамысловасці Ясутосі Нісімура, міністр агульнанацыянальных спраў і камунікацый Дзюндзі Судзукі, а таксама міністр сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі Іціра Міясіта. Скандал закранае некалькі фракцый ЛДП, але ў асноўным найбуйнейшую ўнутрыпартыйную групу экс-прэм’ера Сіндза Абэ. Да яе належаць усе міністры, якія пайшлі ў адстаўку, уключаючы генеральнага сакратара ўрада Хіракадзу Мацуна. Акрамя таго, як паведамляе Kyodo, у адстаўку падалі пяць намеснікаў міністраў, адзін парламенцкі віцэ-міністр, а таксама саветнік міністра абароны. Усе яны таксама з’яўляюцца членамі фракцыі Абэ. Чаму Японію раз’ядае маштабная карупцыя?
Карупцыя ў вышэйшых эшалонах улады Краіны ўзыходзячага сонца насуперак існуючым стэрэатыпам не з’яўляецца рэдкасцю. Гучныя скандалы скалынаюць мясцовую палітычную эліту перыядычна. Як адзначаюць эксперты, яны сталі часткай жыцця Японіі з 1990-х і да цяперашняга часу ператварыліся ў аб’ект пастаяннай барацьбы і ў інструмент уплыву на грамадскую думку ўнутры краіны. Чараду карупцыйных скандалаў адкрыў у 1989-м так званы «рэкруцкі скандал», калі за атрыманне хабару былі затрыманы кіраўнік дэпартамента па справах працаўладкавання міністэрства працы, намеснік міністра працы, а таксама намеснік міністра адукацыі Японіі. Акрамя таго, у адстаўку пайшлі 15 чалавек.
Гэтая чарада затрыманняў і звальненняў высокапастаўленых чыноўнікаў выклікала сапраўднае ўзрушэнне ў грамадстве, якое яшчэ больш узмацнілася, калі ў 1993-м па справе кампаніі «Дзэнекон» за хабарніцтва быў затрыманы намеснік міністра народнага дабрабыту Японіі, а разам з ім — яшчэ тры чалавекі, у тым ліку губернатар прэфектуры Ібаракі Такэуці Фудзіа і губернатар прэфектуры Міягі Хома Сюнтара. На працягу наступных пяці гадоў былі разбіральніцтвы па абвінавачанні ў атрыманні хабараў і злоўжыванні паўнамоцтвамі чыноўнікаў міністэрства фінансаў (скандал Нісінкумі, 1995 год), міністэрства народнага дабрабыту (скандал у сувязі з фінансаваннем дамоў састарэлых, 1996 год), а таксама міністэрства транспарту і сувязі (карупцыйны скандал у сувязі з урачыстым прыёмам у гонар Ідзуі, 1996 год, па выніках якога былі прызначаны строгія адміністрацыйныя спагнанні 6 чыноўнікам міністэрства на чале з намеснікам міністра транспарту і сувязі, а таксама кіраўніку ведамства энергетычных рэсурсаў).
Наглядна ілюструюць ступень карумпаванасці чыноўнікаў міністэрства фінансаў вынікі самага буйнога карупцыйнага скандалу 1998-м. У выніку былі затрыманы і пайшлі ў адстаўку чатыры чалавекі, сярод іх — міністр фінансаў Міцука Хіросі, першы намеснік начальніка агульнага аддзела дэпартамента страхавання Сакагібара Такасі. Скончыў жыццё самагубствам кіраўнік аддзела фінансавых аперацый банкаўскага дэпартамента міністэрства фінансаў Ацукі Еіці. Панеслі пакаранне па абвінавачанні ў перавышэнні паўнамоцтваў 32 чалавекі з кіруючага звяна, 1 чалавек пакараны паніжэннем на пасадзе, 17 чалавек — паніжэннем заробку, 14 чалавек атрымалі строгую вымову; яшчэ 80 чыноўнікаў міністэрства панеслі адміністрацыйныя спагнанні. Гэты скандал не толькі выклікаў рэакцыю ўнутры краіны, але і меў шырокі рэзананс за межамі Японіі.
Усе гэтыя скандалы наглядна паказалі, што карупцыя пракралася ў саму структуру дзяржаўнага апарата кіравання Японіі. І хоць часам кажуць, што гэтая з’ява ўласціва не ўсёй адміністрацыйнай структуры, а толькі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, самую глыбокую ступень карумпаванасці выявілі ў міністэрстве фінансаў, якое кантралюе падаткі, бюджэт краіны і фінансы. Не засталіся недатычнымі і такія сферы, як абароннае ведамства і дыпламатыя.
У 1998-м у абаронным ведамстве Японіі былі затрыманы два афіцэры, кіраўнік цэнтральнага аддзела забеспячэння і яго намеснік, за перавышэнне паўнамоцтваў пры арганізацыі таргоў па ўзбраенні. У выніку скандалу таксама сышлі ў адстаўку 4 чалавекі, сярод якіх — кіраўнік ведамства абароны Нукага Фукусіра і яго намеснікі, пакаранне панеслі 42 чалавекі.
Пачатак XXІ стагоддзя быў таксама адзначаны шэрагам гучных спраў, у якіх замяшаныя дэпутаты парламента Японіі, частка якіх становяцца членамі кабінета міністраў, іх намеснікамі і палітычнымі саветнікамі, а таксама кіраўнікі мясцовых адміністрацый (губернатары, мэры гарадоў), дэпутаты мясцовых сходаў. Сярод асноўных карупцыйных скандалаў, у якіх фігуруюць дэпутаты парламента Японіі ці міністры з ліку дэпутатаў, можна назваць перш за ўсё скандал, звязаны з фірмай KSD, у 2000-м, скандал Мунэа Судзукі і скандал, звязаны з фірмай «Ямада Ека» ў 2007-м. Як заўважаюць эксперты, усе гэтыя справы звязаныя са з’явай зрашчэння палітыкі і бізнесу.
2002-гі адзначаны грандыёзным палітычным скандалам, звязаным з абвінавачаннем дэпутата ніжняй палаты парламента Японіі Мунэа Судзукі ў заступніцтве пры размеркаванні ўрадавых заказаў у рамках праграмы дапамогі Паўднёвым Курылам. У выніку гэтага скандалу ён быў пазбаўлены дэпутацкіх паўнамоцтваў, выгнаны з партыі і атрымаў два гады арышту. Больш за 20 буйных японскіх дыпламатаў і чыноўнікаў, у тым ліку двое паслоў, былі аштрафаваны і звольнены са сваіх пастоў, а міністр замежных спраў Кавагуці Ерыка аштрафавала сама сябе на два месячныя аклады.
У 2006-м узнік скандал у аддзеле забеспячэння абароннага ведамства Японіі, а ў 2007-м — буйны скандал з гандлёвай фірмай «Ямада Ека», якая спецыялізуецца на ваенным абсталяванні, які выявіў ступень карумпаванасці ў міністэрстве абароны. На працэсе ў такійскім судзе былы намеснік міністра абароны Японіі Такэмаса Морыя прызнаў сябе вінаватым у атрыманні 12,5 мільёна ен (прыкладна 110 тыс. долараў) у выглядзе хабараў ад кампаніі «Ямада Ека». За хабар чыноўнік закупляў у кампаніі абсталяванне на асабліва выгадных для яе ўмовах. Акрамя прамога атрымання хабару, намеснік міністра абароны каля 300 разоў гуляў у гольф і неаднаразова абедаў за кошт кампаніі ў дарагіх рэстаранах. Падчас аднаго з допытаў у парламенце Морыя заявіў, што на гэтых абедах таксама прысутнічалі самі міністры абароны — Фукусіра Нукага, а таксама Фуміё Кюма, які змяніў яго ў 2006-м.
Доўгі час у прэсе крытыкавалі кіраўніка кабміна Сіндза Абэ (быў прэм’ерам у 2006–2007 і 2012–2020 гадах, знаходзіўся на гэтай пасадзе даўжэй за ўсіх у гісторыі краіны. Забіты 8 ліпеня 2022-га ў выніку ўзброенага нападзення) за дапамогу сябру сваёй сям’і ў набыцці ўчастка зямлі па заніжаным кошце, які прызначаў пад будаўніцтва адукацыйнай установы. Журналісты раскапалі дакументы, у якіх выявілі дзіўныя акалічнасці, што датычыліся пытанняў здзелкі, але канчаткова так і не змаглі даказаць дачыненне Абэ да карупцыйнай схемы. Пасля адзін з чыноўнікаў міністэрства фінансаў, які, як відаць, браў удзел у падробцы папер, скончыў жыццё самагубствам (такія здарэнні нярэдкія). Тады на фоне публікаваных даных рэйтынг падтрымкі Абэ ўвесь час вагаўся, разам з тым палітык адмаўляў сваё дачыненне да згаданага інцыдэнту і, можна сказаць, выйшаў сухім з вады.
Яшчэ адзін яскравы прыклад парушэння законаў у Японіі звязаны з былым міністрам юстыцыі Кацуюкі Каваі і яго жонкай Анры, экс-дэпутатам верхняй палаты японскага парламента. Палітычная пара, якая належала да кіруючай ЛДП, аказалася вінаватай у подкупе выбаршчыкаў. Пры гэтым Кацуюкі Кава называлі чалавекам з блізкага атачэння Сіндза Абэ, на той момант прэм’ер-міністра краіны. Паводле некаторых звестак, падчас выбарчай кампаніі ў адной з акруг у прэфектуры Хірасіма Кацуюкі Каваі, які кіраваў перадвыбарным штабам сваёй жонкі, раздаў выбаршчыкам каля 28 мільёнаў ен (220 тысяч долараў). У сваю чаргу Анры Каваі на аналагічныя мэты пусціла каля 1,6 мільёна ен (12,6 тысячы долараў ЗША). Пасля суд прыгаварыў Кацуюкі Каваі да трох гадоў турэмнага зняволення і канфіскацыі 1,3 мільёна ен. Яго жонка атрымала 16 месяцаў турмы з адтэрміноўкай прысуду на пяць гадоў.
Цяперашні грандыёзны палітычны скандал падрывае давер да дзейнай улады на чале з прэм’ер-міністрам Фуміё Кісіда і можа перафарматаваць палітычную сістэму Краіны ўзыходзячага сонца, адзначае ukraіna.ru.
Вярхушку кіруючай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Японіі выкрылі ў карупцыі, якая пры бліжэйшым разглядзе больш нагадвае звычайны крадзеж. Аказалася, што партыйныя босы ліберал-дэмакратаў на працягу многіх гадоў бессаромна запускалі руку ў партыйную касу, куды паступалі ахвяраванні ад прадстаўнікоў дзелавых колаў. А сістэма кругавой парукі, у якой фігуруюць практычна ўсе высокапастаўленыя ўрадавыя чыноўнікі, зрабіла гэтыя крадзяжы чымсьці зусім звычайным. Пра іх ведалі ўсе, але не казалі пра гэта ўслых, каб не выносіць смецце з хаты.
Выкрыццё махлярства з ахвяраваннямі стала ўскосным вынікам расследавання яшчэ аднаго рэзананснага палітычнага скандалу, які ўспыхнуў пасля забойства былога прэм’ер-міністра Японіі Сіндза Абэ і прыадкрыў для ўсіх брудныя таямніцы японскага палітычнага істэблішменту, адзначыла ukraіna. ru. Адстаўнога палітыка застрэліў Тэцуя Ямагамі, беспрацоўны, які калісьці праходзіў службу ў Марскіх сілах самаабароны Японіі. Яго маці пазбавілася сваіх зберажэнняў у выніку дзейнасці таталітарнай секты, вядомай пад назвай «Царква аб’яднання», якая гадамі карысталася заступніцтвам уплывовых палітыкаў з Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Тэрарыст-адзіночка вырашыў адпомсціць за гэта сістэме, выбраўшы сваёй ахвярай Абэ. Таму што былы прэм’ер Японіі некалі накіраваў у адрас «Царквы аб’яднання» прывітальны ліст. Падчас расследавання гэтага злачынства стала зразумела, што надзеленыя ўладай ліберал-дэмакраты актыўна ўзаемадзейнічалі з сумнеўнымі структурамі крымінальна-мафіёзнага роду. І гэтае карупцыйнае супрацоўніцтва доўжылася на працягу многіх гадоў.
Японскі прэм’ер апынуўся на зневажальным сёмым месцы ў спісах палітыкаў, якіх яго суайчыннікі хацелі б бачыць у крэсле кіраўніка ўрада краіны. Такі фенаменальны вынік далі апытанні грамадскай думкі, праведзеныя зусім незалежна адзін ад аднаго двума вельмі буйнымі і ўплывовымі прыватнымі тэлекампаніямі — Fujі TV і TBS. Рэйтынг урада Японіі на чале з прэм’ерам Фуміё Кісіда абваліўся да рэкордна нізкай адзнакі ў 17,1 працэнта, сведчаць вынікі апытання, праведзенага агенцтвам Jіjі. Паводле вынікаў апытання грамадскай думкі, праведзенага тэлеканалам Fujі TV і газетай «Санкэй», больш чым 40 працэнтаў жыхароў Японіі жадаюць, каб Фуміё Кісіда як мага хутчэй пакінуў сваю пасаду.
Прэм’ер сутыкнуўся з абвальным падзеннем рэйтынгаў і спрабуе здаць сваіх найбліжэйшых паплечнікаў, каб перакласці на іх адказнасць і захаваць сваё крэсла любой цаной. Таму верагодна, што японскі «міністрапад» пачнецца ўжо ў найбліжэйшыя дні.
Захар БУРАК
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.