Вы тут

Як жывуць супрацоўнікі гомельскіх кнігарань?


Чытаюць сем’ямі, праводзяць літаратурныя «планёркі» і вучаць замежную мову праз жывую гутарку... 


Дапамогуць знайсці патрэбную кнігу прадаўцы гомельскай «Кнігарні No 19».

«Кнігарня № 19» Гомеля

Цяжка нават уявіць колькі выпускаў студэнтаў прайшло праз кніжную залу гэтай крамы. Адносна невялікае, кампактнае памяшканне размясцілася побач са студэнцкай бібліятэкай, паміж карпусамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. 

— Так, асноўныя нашы пакупнікі — гэта студэнты, — расказвае старшы прадавец «Кнігарні № 19» Алена Афанасьева. — І варта адзначыць, што працуем, так бы мовіць, на міжнародным узроўні. Бо прыходзяць да нас не толькі студэнты-беларусы, але і вельмі шмат замежных гасцей. Сярод нашых пакупнікоў — студэнты з Кітая і Таджыкістана. Таму мы, натуральна, спецыялізуемся на вучэбнай літаратуры на некалькіх мовах. Замежныя студэнты купляюць не толькі кнігі на рускай мове, але і ў перакладзе на беларускую, англійскую, кітайскую. У рабоце з такімі пакупнікамі ёсць свае асаблівасці. Ужо ўсе мы разам, дзякуючы ім, вучым, разумеем, можам адказаць і на англійскай мове. Акрамя таго, замежныя студэнты просяць карыстацца і тэлефоннымі перакладчыкамі. Студэнты з Таджыкістана, якія пакуль дрэнна разумеюць рускую мову, як правіла, прыходзяць з куратарам ці са студэнтамі-суайчыннікамі старшых курсаў. Бывалі і смешныя выпадкі з асаблівасцямі перакладу: прасілі прадаць «кішэню». Як высветлілася, гэта вокладка для заліковай кніжкі, — згадвае Алена Анатольеўна. — Найбліжэйшы ад нас — філалагічны факультэт. Яго студэнты таксама адны з пастаянных пакупнікоў кнігарні. 

Вітае пакупнікоў старшы прадавец гомельскай «Кнігарні № 19» Алена Афанасьева

Па словах супрацоўніцы кнігарні, стабільны паток пакупнікоў-студэнтаў у іх краме ў асноўным у будні, на выхадных спадае, таму што многія іншагароднія з’язджаюць дадому. Затое ў нядзелю, калі больш свабодна, у «Кнігарню № 19» любяць прыходзіць бабулі і дзядулі, якія выбіраюць кнігі для ўнукаў. 

— Некаторыя пакідаюць свой нумар тэлефона, калі нейкая навінка, якую чалавек чакае, прыходзіць, мы звязваемся. Наогул, просім нашых пакупнікоў не баяцца, не саромецца, а раіцца з супрацоўнікамі падчас пошуку і выбару кніг. Бо такі шырокі асартымент, што нават сярод расстаўленых па раздзелах выданняў вы можаце самі не знайсці патрэбнай вам кніг. Наяўнасць у краме вучэбнай літаратуры многія правяраюць і звязваюцца загадзя па тэлефоне. 

— Стараемся падтрымліваць шырокі асартымент дзіцячай літаратуры. Усе ведаюць, на якія стэлажы звяртаць увагу, дзе адпаведная секцыя. Мы, дарэчы, як людзі, якія працуюць з кнігай, ганарымся, наколькі цудоўныя выданні нашых беларускіх дзіцячых аўтараў выходзяць з друку. Карыстаюцца папулярнасцю кнігі для дзяцей на беларускай і рускай мовах, — дадае Алена Афанасьева.

У гандлёвай зале гомельскай «Кнігарні № 3»

«Кніжны сусвет»

Кнігарня плошчай амаль 300 квадратных метраў на цэнтральным гомельскім праспекце імя Леніна першых сваіх пакупнікоў прымала на пачатку 1960-х гадоў. Гэта сапраўдны сусвет кніг і не толькі. 

— У нас больш за 29 тысяч найменняў тавараў. Прадстаўлены ўсе дзяржаўныя выдавецтвы. Забяспечваем вельмі шырокі асартымент вучэбнай, вучэбна-метадычнай, мастацкай літаратуры. Цяпер, калі ідзе падрыхтоўка да электаральнай кампаніі, асаблівым попытам у нашых пакупнікоў карыстаецца «Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь», заўсёды папулярны «Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь». У гэтым годзе адзначаем вялікі попыт нашых пакупнікоў на кнігу «Генацыд беларускага народа». Цікавяцца гісторыкі, навуковыя і музейныя работнікі, даследчыкі, выкладчыкі ВНУ і школ. Купляюць выданне і для працоўных калектываў, і для сямейных бібліятэк, — звяртае ўвагу загадчык крамы «Кніжны сусвет» Любоў Прыходзька.

Загадчыца самай вялікай кнігарні Гомельшчыны «Кніжны сусвет» Любоў Прыходзька

Любоў Мікалаеўна сярод калег Гомельскага рэгіёна — прызнаны аўтарытэт. Яна больш чым сорак гадоў жыцця аддала рабоце з кнігай, больш чым дзесяць гадоў узначальвае калектыў самай вялікай кнігарні Гомельскага рэгіёну, дзе працуе 12 чалавек. 

— Тое, што мы працуем у цэнтральнай гомельскай кнігарні, накладвае свой адбітак, — дзеліцца Любоў Мікалаеўна. — Гэта патрабуе і аператыўнай, грунтоўнай работы па абнаўленні тавара, каб задаволіць наш вельмі шырокі пакупніцкі попыт: ад прафесараў, выкладчыкаў універсітэтаў да дзяцей-школьнікаў. У сувязі з тым, што гандлёвая зала нашай кнігарні значная па памерах, імкнёмся максімальна выкарыстоўваць плошчу, каб прадставіць усе раздзелы кніжнай прадукцыі. У нас кожны прадавец замацаваны за сваім аддзелам, і ён ужо дасканала, ад «А» да «Я» павінен ведаць асартымент свайго ўчастка, яму і самому лягчэй арыентавацца тады ў кнігах. Калі паступаюць навінкі, вывучаем змест, а пасля збіраемся падчас абедзеннага перапынку і праводзім так званыя літаратурныя «планёркі», каб быць гатовымі і прапаноўваць навінкі пакупнікам. Ведаеце, калі чалавек ужо ўсюды пабываў і знайшоў тое, што шукаў, толькі ў нас, ён настолькі ўдзячны. І гэта вельмі кранае. 

Ведаць ад «А» да «Я» асартымент «Кніжнага сусвету» — сапраўды адказная задача.

Кнігарня № 15 «Крыніца» Светлагорска 

З моманту пабудовы мікрараёна ў самым цэнтры Светлагорска працуе кнігарня № 15 «Крыніца». Размяшчаецца крама на цэнтральнай плошчы, непадалёку ад райвыканкама. Адметны гэты гандлёвы аб’ект тым, што мясцовыя працаўнікі з энтузіязмам папулярызуюць кнігу не толькі ўжывую сярод сваіх пакупнікоў, але і сярод падпісчыкаў сацыяльных сетак. 

— Так, вядзём сайт і свой профіль у Instagram: выкладваем інфармацыю пра навінкі, расказваем пра розныя цікавыя выданні. Па нашых назіраннях, так моладзь больш цікавіцца работай кнігарні, многія гавораць: «Убачылі анлайн і захацелі пазнаёміцца ўжывую», — расказвае загадчык кнігарні № 15 «Крыніца» Светлагорска Алена Бярдовіч. 

У краме творча падышлі і да размеркавання асартыменту дзвюх залаў. Адну поўнасцю займаюць секцыі кніг: метадычных, мастацкіх, выданняў беларускіх выдавецтваў. Другую залу цалкам аддалі пад дзіцячую цацку і літаратуру для дзяцей. Падзялілі ўсё гэта яшчэ і па ўзростах: ад тавараў і кніг для немаўлят да падлеткаў. Такі ход, кажуць, паўплываў і на актыўны продаж дзіцячых кніг і тавараў. Пры гэтым у першай зале крамы з’явілася магчымасць больш свабодна прадставіць вучэбна-метадычную літаратуру, якая займае шмат месца, раскласці яе па класах для зручнасці пакупнікоў. Перад пачаткам навучальнага года, калі ідзе актыўны сезон продажу вучэбна-метадычнай літаратуры, кнігарня аналізуе вопыт мінулых гадоў, колькі ўсяго неабходна заказаць. Бо працуюць з установамі адукацыі не толькі горада, але і раёна. 

— Што тычыцца мастацкай літаратуры, то са свайго вопыту магу канстатаваць: нашы людзі любяць чытаць. Моладзь любіць не толькі фантастыку, але і класіку — савецкую, беларускіх аўтараў, замежную. Сярод нашых пастаянных пакупнікоў — сем’і, у якіх усе любяць чытаць, што вельмі радуе, — падзялілася Алена Бярдовіч.

За работай загадчык светлагорскай кнігарні «Крыніца» Алена Бярдовіч.

Наталля КАПРЫЛЕНКА 

Фота аўтара


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта No 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.