Вы тут

Цяжка ў вучэнні — лёгка ў паветры


У Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе ўжо каторы раз прайшлі заняткі па паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы. Вайскоўцы легендарнага воінскага злучэння правялі наземную адпрацоўку элементаў скачка з парашутам у поўным баявым рыштунку, дзеянні пры сыходжанні і правільнае прызямленне на розныя аб’екты: дамы, дрэвы, лініі электраперадачы, азёры і гэтак далей. Кожны рух павінен быць даведзены да аўтаматызму — у небе не будзе афіцэра, які падкажа, як усё правільна зрабіць. Спойлер: нашы гвардзейцы-дэсантнікі на «выдатна» справіліся з пастаўленай вучэбнай задачай.


Вайскоўцы адпрацавалі скачкі з парашутнага трампліна, макета верталёта «МІ-8», луналі над зямлёй у падвеснай сістэме на стапелях падвесных сістэм. Асаблівую ўвагу надалі дэсантаванню з вышыннага комплекснага трэнажора — макета сапраўды гіганцкага самалёта «ІЛ-76». Мужчынам падрабязна распавялі пра размяшчэнне ў самалёце і верталёце, дзеянні па камандах «Прыгатавацца!», «Пайшоў!», «Адставіць!», пра аддзяленне ад верталёта і самалёта, адлік часу, выдзіранне звяна ручнога раскрыцця.

Сучасныя парашутна-дэсантныя сістэмы гарантуюць бяспечнае зніжэнне парашутыста-дэсантніка, але шчасны зыход скачка з парашутам забяспечваецца граматнай эксплуатацыяй гэтых сістэм, уменнем парашутыста-дэсантніка валодаць імі ў асаблівых выпадках і бездакорным выкананнем усіх правілаў здзяйснення скачка.

Скачкі з парашутам — адзін з самых складаных і адказных этапаў паветрана-дэсантнай падрыхтоўкі. Добрая фізічная падрыхтаванасць, смеласць, уменне хутка арыентавацца і дзейнічаць у любой складанай абстаноўцы пры выкананні скачка з парашутам дасягаюцца пры старанна прадуманай і ўсебаковай наземнай падрыхтоўцы, адпрацоўцы розных практыкаванняў, якія ўлічваюць умовы абстаноўкі выканання баявой задачы, без якіх нельга дапускаць парашутыстаў-дэсантнікаў да практычных скачкоў з парашутам. Заняткі па наземнай адпрацоўцы элементаў скачка з парашутам праводзяцца на спецыяльна абсталяваным паветрана-дэсантным комплексе. 

У брыгадзе ніколі не забываюць пра важнасць выканання правілаў тэхнікі бяспекі. На кожнай вучэбнай кропцы ў абавязковым парадку прысутнічалі вопытныя кіраўнікі заняткаў, за плячыма якіх — дзясяткі скачкоў.

Для вайскоўца другой парашутна-дэсантнай роты гвардыі яфрэйтара Андрэя АСЕКАВА з горада Орша Віцебскай вобласці заняткі па паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы — самыя любімыя. За плячыма маладога чалавека — ужо больш за адзін год службы і два дасканалыя скачкі.

«Першы свой скачок здзейсніў з самалёта „АН-2“, другі — з „ІЛ-76“, — расказвае ваеннаслужачы. — Перад гэтай сапраўды важнай у жыцці кожнага дэсантніка падзеяй — сотні гадзін падрыхтоўкі. Гэта невымоўныя адчуванні, калі ляціш высока-высока ў небе, на вышыні 800 метраў пры найвелізарнай хуткасці самалёта. Аж дух захоплівае!»

Першы раз, прызнаецца суразмоўца, скакаць было страшнавата. «Галоўнае — сабраць усю сваю волю ў кулак і зрабіць гэта, — заўважае Андрэй. —Праўду ж кажуць — «Ніхто, акрамя нас!», «Цяжка ў вучэнні — лёгка ў паветры». Другі свой скачок малады дэсантнік здзейсніў ужо без страху, але ўсё роўна з хваляваннем. Суразмоўца ўпэўнены, што ўсё прыйдзе з вопытам.

Да прызыву на тэрміновую ваенную службу Андрэй на працягу шасці гадоў займаўся вольнай барацьбой. Першапачаткова, па словах гвардзейца, яго хацелі размеркаваць у спортроту, але з-за праблемы з каленам трапіць туды не ўдалося. А вайсковец і не хвалюецца — хутчэй наадварот, рады, што трапіў менавіта ў парашутна-дэсантную роту, бо заўсёды марыў скакаць з парашутам. Акрамя таго, адзначае гвардыі яфрэйтар, у яго падраздзяленні найлепшыя камандзіры, афіцэры і зладжаны калектыў.

Андрэй Асекаў — старэйшы кіроўца. На працягу трох месяцаў вайсковец праходзіў навучанне па праграме падрыхтоўкі механікаў-вадзіцеляў БТР-70 у 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры, дзе паспяхова здаў экзамены па ваджэнні. У далейшым малады чалавек плануе вярнуцца ў Оршу, дзе яго з нецярпеннем чакаюць родныя і блізкія.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, ваеннаслужачы Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады

Фота аўтара

г. Віцебск.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.