Вы тут

Цуды рамесніка Ірыны Калеснікавай


На работы з лямцу мінчанкі Ірыны Калеснікавай немагчыма не адгукнуцца эмацыянальна. У іх — цеплыня душы чалавека, у якога варта павучыцца майстэрству жыць.

Ёсць людзі, у жыцці якіх рэгулярна адбываюцца нейкія дзіўныя падзеі. Напэўна, гэта залежыць ад лёсу, характару, але мне здаецца, часта гэта яшчэ пытанне веры. Рамеснік Ірына Калеснікава з ліку тых, хто, нягледзячы на ўзрост, працягвае верыць у цуды і быццам прыцягвае іх да сябе. І хай яны не такія, як у казках ці сучасных фэнтэзі, а маштабам больш сціплыя, тым не менш напярэдадні свят аб некаторых выдатных гісторыях з яе жыцця хочацца распавесці.


Цуд першы: знайсці сваё прызнанне

Да валення Ірына далучылася 13 гадоў таму. Пасля разводу з мужам перажывала няпросты перыяд. Па дыпломе выкладчык нямецкай мовы, яна паспела папрацаваць па спецыяльнасці, пазаймалася рэпетытарствам, паспрабавала сябе ў індустрыі прыгажосці. І ўсё ў яе атрымлівалася, але душа прасіла нечага іншага. Даведаўшыся аб праекце, які знаёміў з традыцыйнымі для Беларусі рамёствамі, вырашыла паўдзельнічаць. На майстар-класе ў Браславе Ірына ўпершыню патрымала ў руках скруткі воўны і адразу ўлюбілася ў гэты матэрыял.

Вярнуўшыся ў Мінск, скончыла курсы, асвоіла тэхнікі сухога і мокрага валення. Пачынала Ірына Калеснікава з упрыгажэнняў і цацак.

— У той час я рэгулярна наведвала адну бібліятэку. І вось яе супрацоўніца, даведаўшыся, што я захапляюся валеннем, прапанавала падрыхтаваць некалькі работ для міжнароднай кніжнай выставы, — успамінае Ірына. — Спачатку я запанікавала: у мяне ж няма мастацкай адукацыі! Але мая пазіцыя: калі жыццё нешта падкідвае, трэба адгукацца.

У той раз Ірына стварыла некалькі казачных вобразаў. А потым не ўстаяла супраць нечаканага для сябе самой жадання — выканала аб’ёмную карціну з сюжэтам з дзіцячай кнігі «Медзведзяня і тыграня», якую чытала дачцэ Яне. Менавіта гэтая работа і выклікала буру захаплення. Так карціны з лямцу сталі галоўным «жанрам» Ірыны Калеснікавай.

З таго часу ў яе было шмат выстаў. У мінулым годзе прадстаўляла экспазіцыю ў Браславе, які ёй асабліва дарагі.

— Не перастаю дзівіцца, як часам звычайныя падзеі, накшталт таго ж майстар-класа, могуць перавярнуць жыццё, — прызнаецца мая суразмоўніца. — Першы час, прымаючыся за працу, я быццам упадала ў стан трансу. Завяршаючы, глядзела на карціны і пыталася ў сябе: «Няўжо гэта я зрабіла? Як у мяне такое атрымліваецца?

Цуд другі: сустрэць прынца

Аднойчы, адгукаючыся на прапанову адной з галерэй зладзіць выставу да Дня святога Валянціна, Ірына напісала цэлую гісторыю і прадставіла ў серыі карцін з героямі-закаханымі: рыжай паненкай і яе чарнавалосым спадарожнікам.

Не прайшло і паўгода, як прыяцелька пазнаёміла Іру з Сяргеем. Ужо пры першай сустрэчы Ірына адзначыла: да чаго ж мужчына падобны да яе героя з карцін да Дня закаханых. А неўзабаве абое зразумелі — яны як кубкі з аднаго сервіза. І вось ужо 8 гадоў яны разам.

Побач з Ірай Сяргей таксама захапіўся творчасцю. Зрабіў некалькі карцін. Купіў спецыяльны станок і асвоіў ткацтва. Для яго, банкаўскага працаўніка, гэта пакуль хобі. Але сужэнцы не выключаюць: з часам будуць у іх і сумесныя праекты. Каб будні не ператвараліся ў дні сурка, Сяргей і Ірына ўвесь час прыдумляюць нешта цікавае. Абое любяць падарожжы. Падчас кавіду адкрылі для сябе шмат цудоўных мясцін на поўначы Беларусі. Рэгулярна ходзяць у горы. Паднімаліся на вяршыні ў Хібінах, Карпатах. У гэтым годзе пабывалі ў раёне Эльбруса і ў Дагестане.

— Людзі вельмі правяраюцца ў паходах, — перакананая Ірына. — Там, дзе можна замерзнуць, не знайсці вады, адразу становіцца відаць, хто побач з табой: надзейны чалавек, які падставіць плячо, або панікёр, эгаіст. Для нас з Сяргеем не праблема начаваць у палатцы. І калі я спыняюся ў дарозе і паўгадзіны фатаграфую ўпадабаныя месцы, мужа гэта не напружвае.

На працягу двух месяцаў сужэнцы займаліся рэканструкцыяй дома, які застаўся Іры ў спадчыну ад бабулі. Стаміліся. Іра прапанавала Сяргею: «Давай паедзем на Каўказ, знойдзем малалюднае месца і проста будзем сузіраць горы». Прыехалі, знайшлі. Некалькі гадзін сузіралі прыгажосці. А потым рушылі ўверх, да вяршынь.

Цудам няма канца

— Камусьці, магчыма, мае цуды здадуцца чымсьці штодзённым, — разважае Ірына. — А я не перастаю дзівіцца, колькі ў жыцці дзіўных супадзенняў. Аднойчы мяне папрасілі вырабіць работу — на веласіпедзе павінна ехаць сям’я: тата, мама і двое дзяўчынак. Адна дачка ў пары на той момант ужо была, яны чакалі другую. Пакуль я рабіла карціну, жанчына нарадзіла. Хочаце верце, хочаце не, але паміж іх малой і «маёй» выявілася відавочнае падабенства.

Выконвала работу па просьбе маладога мужчыны: напярэдадні позняй восені ён хацеў падарыць карціну сваёй дзяўчыне, каб у непагодлівыя дні яе сагравалі ўспаміны аб іх летнім адпачынку на моры. Акрамя воўны, Ірына рэдка выкарыстоўвае іншыя матэрыялы, але гэтую работу ёй захацелася дапоўніць ракавінкай, прывезенай з Грузіі, дзе яны з Сяргеем правялі водпуск у тым годзе. Пасля высветлілася: абедзве пары адпачывалі ў адным і тым жа месцы — недалёка ад Кабулеці.

Неяк майстру давялося ствараць карціну для жанчыны, якая нарадзілася на Фрызскіх астравах. Ірыне даслалі фатаграфіі характэрных для тых месцаў дамоў, адзення. На адным з астравоў Ірыне пашанцавала пабываць, але пры стварэнні работы прыйшлося глыбей вывучыць культуру і традыцыі фрызскага народа. Карціна атрымалася не проста тэхнічна бездакорнай, але і зараджанай эмацыянальна: гледзячы на яе, ты быццам трапляў пад магію дзюн, адчуваў дыханне халоднага паўночнага ветру. Атрымаўшы ў падарунак карціну, жанчына, якая даўно не наведвала радзіму, расчулілася да слёз!

— Не магу забыць работу над карцінай «Лавандавае поле», — дзеліцца Ірына. — Гэта быў новы вопыт — нічога падобнага раней не рабіла. Але толькі «зайшла ў тэму», вакол неадкладна з’явіліся падказкі, я літаральна насычалася лавандай з дапамогай жывапісу, французскіх фільмаў, эфірнага алею, якім актыўна карысталася. Завяршала работу з устойлівым перакананнем, што сама пражыла нейкі час у Правансе побач з лавандавым полем.

Рэчы з сонечнай, пазітыўнай энергіяй любому чалавеку паднімаюць настрой. Яны здаюцца адухоўленымі, жывымі. І я выдатна разумею, чаму Ірыну просяць часам выканаць карціны для хворых сваякоў, людзей, якія перажываюць страты, жыццёвыя няўдачы.

— Мне таксама падабаецца атачаць сябе яркімі рэчамі, якія натхняюць, — кажа Ірына. — Да таго ж валенне само па сабе — цудоўная псіхатэрапія. Калі пачынаюцца халады, хочацца раскласці вакол сябе цёплую рознакаляровую воўну, уключыць музыку і ствараць прыгажосць, якая абавязкова падорыць камусьці ўсмешку.

Мы сядзім ва ўтульнай кухні, п’ём травяную гарбату з яблычнай пасцілой, прыгатаванай гаспадыняй. Побач у скрынцы сярод скруткаў воўны задрамаў пухнаты кот Персік. Не магу ўтрымацца, каб не пагладзіць яго, развітваючыся. Пакідаю гэтае месца з адчуваннем чагосьці цудоўнага. Здаецца, што пасярод непагадзі я некалькі гадзін правяла ў казцы.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіву Ірыны КАЛЕСНІКАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.