Вы тут

Як пазбавіцца ад «лічбавага сіроцтва»?


Малое заходзіцца ад плачу ў калясцы. Мама дае яму ў рукі смартфон — і наступае доўгачаканая цішыня... Лічыцца, што цяперашнія дзеці з нараджэння валодаюць навыкамі абыходжання з гаджэтамі. Але ці так гэта?


Лічбавая адукаванасць з пялёнак — міф

«У кантэксце лічбавай адукаванасці абмяркоўваецца канцэпцыя, дзе маладое пакаленне падзяляецца на тры катэгорыі: лічбавыя сіроты, лічбавыя выгнаннікі і лічбавыя спадчыннікі», — расказаў Уладзімір Лебедзеў, начальнік аддзела адукацыйнай дзейнасці Сакратарыята Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій, выступаючы на форуме па кіраванні інтэрнэтам.

Лічбавыя сіроты — гэта менавіта тыя дзеці, якім увагу бацькоў замянілі гаджэты. Яны гадзінамі і суткамі могуць зусім бескантрольна знаходзіцца ў сеціве. Бацькі задаволеныя — нашчадкі іх не турбуюць. А тое, што гэтыя дзеці ўжо жывуць у віртуальным свеце, што яны развучыліся размаўляць, а могуць толькі перапісвацца ў месенджарах, што ў іх замест жывых эмоцый засталіся смайлікі, бацькоў мала хвалюе, маўляў, «такое пакаленне вырасла».

Ёсць і іншая крайнасць — калі бацькі строга рэгламентуюць выкарыстанне гаджэтаў або наогул забараняюць іх ледзь ці не да паўналецця. Таксама нічога добрага. Такі падлетак накідваецца на камп’ютар, планшэт і наганяе ўпушчанае. 

Ён жа бачыў, што яго аднакласнікі гулялі, глядзелі фільмы, у рэшце рэшт, спісвалі сачыненні з інтэрнэту. Такім падлеткам лёгка трапіць як у гульнявую залежнасць, так і ва ўсякія прыгоды, як правіла, не вельмі прыемныя. У рэдкіх выпадках, лічбавыя выгнаннікі (а гэта менавіта яны) і зусім адмаўляюцца ад сучасных тэхналогій, заяўляючы, што яны зло.

Самая адэкватная катэгорыя — лічбавыя спадчыннікі. Гэта дзеці, якія ўваходзілі ў лічбавы свет пад чулым кіраўніцтвам бацькоў і педагогаў. Яны ведаюць, што такое добра і што такое дрэнна ў віртуальным свеце. Яны не рабы высокіх тэхналогій, а разумныя спажыўцы магчымасцяў, якія тыя даюць.

Лічбавай сіратой можна быць у любым узросце — і ў 10, і ў 30 гадоў. Як правіла, у сеціве яны знаходзяць толькі забаўляльны кантэнт. Пошук нейкай карыснай інфармацыі, напрыклад, раскладу цягнікоў, выклікае цяжкасці. У такіх людзей адсутнічае крытычнае мысленне. «Гэта было ў TіkTok» — для іх аксіёма.

Зразумела, што прыроджаных кампетэнцый абыходжання з гаджэтамі няма і быць не можа. А вось лічбавае сіроцтва лёгка перадаецца ў спадчыну. Каб гэтага не адбылося, існуюць розныя адукацыйныя праграмы. У тым жа ПВТ дзейнічае праграма аб’яднання па інтарэсах «Інфарматыка без разеткі». Тут дзяцей 5-7 гадоў у гульнявой форме навучаюць лічбавай адукаванасці. «Праз дашкольнікаў у нашу каманду ўліваюцца дарослыя: бацькі і педагогі», — падкрэслівае Уладзімір Лебедзеў. Такім чынам дарослыя таксама набываюць неабходныя веды, а лічбавыя сіроты пераходзяць у групу лічбавых нашчадкаў.

Інтэрнэт не адмяняе зносін з бацькамі

Часам можна пачуць: маўляў, у наш час дзяцей выхоўвалі бацькі, а не інтэрнэт. Аднак жа і тады былі бацькі, якія з задавальненнем бавілі час з дзецьмі, роўна як былі і тыя, якія злоўжывалі фразай: «Адчапіся, мне няма калі» або задорвалі дзяцей цацкамі.

Інтэрнэт, як і цацкі, — не выхавальнікі, а ўсяго толькі сродак. Нічым не адрозніваецца бацька, які падарыў сыну цацачную чыгунку (гэтая гульня — мара многіх савецкіх дзяцей) і пакінуў дзіця сам-насам з цацкай, і той, які ўручыў дзіцяці смартфон і планшэт, не навучыўшы яго правілам бяспечных паводзін у сеціве. Адным словам, для дзяцей важней за ўсё зносіны з бацькамі ў любы час.

Калі інтэрнэтам карыстацца для атрымання інфармацыі, калі разумець, што шукаць яе трэба на профільных сайтах, а не на старонках дамарослых коўчаў, то можна знайсці прафесійныя рэкамендацыі для бацькоў з улікам узросту іх дзяцей.

Зразумела, што трохгадоваму дзіцяці маці ці тата знаходзяць мультфільм. Але перш чым прапанаваць яго малому, трэба паглядзець, ці няма там усякага роду страшылак, да якіх не гатовая дзіцячая псіхіка. Маленькае дзіця нельга пакідаць сам-насам з гаджэтам — яно можа выпадкова перайсці па шкоднай спасылцы.

Для дзяцей 5-7 гадоў ужо больш правіл: трэба абмежаваць час карыстання камп’ютарам, не толькі заблакіраваць шэраг чатаў, але і скласці спіс сайтаў, якія адпавядаюць узросту дзіцяці.

Малодшым школьнікам варта нагадаць, што правілы паводзін у інтэрнэце практычна не адрозніваюцца ад правіл у рэальным жыцці: не выдаваць асабістыя даныя, геалакацыю, мець з сябрамі добразычлівыя зносіны. Растлумачыць небяспеку пераходу па розных спасылках, спампоўвання фота ці відэа, калі для гэтага патрабуюць нумар тэлефона для адпраўлення СМС. У гэтым узросце трэба расказаць дзіцяці пра небяспекі, якія ёсць у інтэрнэце, і дамовіцца, што яно будзе дзяліцца з бацькамі ўсім, што яму незразумела ці выклікае дыскамфорт.

У падлеткавым узросце правілаў яшчэ больш. Перш за ўсё нашчадку неабходна растлумачыць, што інтэрнэт — гэта крыніца інфармацыі, памочнік у вучобе. Надышоў час распавесці, што ўсё, выкладзенае ў інтэрнэце, застаецца там назаўжды. Дамовіцца, што перш, чым выкласці фота ў сеціва, дзіця параіцца з бацькамі. Трэба растлумачыць, як мець зносіны з незнаёмымі людзьмі і што часам у сеціве людзі выдаюць сябе за іншых. Асобна варта пагаварыць аб недапушчальнасці цкавання аднакласнікаў, абражання людзей.

І гэта далёка не поўны набор правіл бяспекі дзяцей у сеціве.

Бацькам варта праглядаць гісторыю браўзера, каб бачыць, якія сайты наведвала дзіця. І лепш папярэдзіць нашчадка пра гэта, каб не складалася адчуванне, што вы шпіёніце. Памятаць пра опцыю «бацькоўскі кантроль» у настройках гаджэтаў.

Асобная тэма — бяспека пакупак у сеціве, выкарыстанне рэквізітаў банкаўскай карткі. Пра гэта таксама трэба расказаць дзецям, перш чым уручыць карту.

Адным словам, чым старэйшае дзіця, тым больш яно патрабуе ўвагі. І тут сучасныя тэхналогіі — добрая нагода, каб бацькі наладзілі даверлівыя зносіны з дзецьмі.

Для чаго гэта трэба?

Чаму сёння важна валодаць лічбавай адукаванасцю? Таму што, па вызначэнні Уладзіміра Лебедзева, мы жывём у «робатаўладальніцкім» грамадстве. Сёння назіраецца лічбавая няроўнасць, прасцей кажучы, у тых, хто валодае тэхналагічнымі навыкамі, больш магчымасцяў для паспяховай кар’еры. Пры гэтым размова не ідзе выключна аб праграмістах — сёння цяжка знайсці галіну, дзе не патрэбна была б лічбавая адукаванасць.

Цікавыя лічбы

  • У верасні 1990 года з’явілася савецкая даменная зона su. У нашай краіне доступ у інтэрнэт «Белтэлекам» пачаў даваць у 1997 годзе. У маі 2024 года беларускі дамен by адзначыць сваё 30-годдзе, а дамену БЕЛ споўніцца 10 гадоў.
  • У Беларусі 8 270 000 карыстальнікаў інтэрнэту.
  • Зарэгістраваны ў розных сацыяльных сетках 5 500 000 беларусаў.
  • Статыстыка ад Youtube: мульцікі на гэтай платформе глядзяць дзеці з 3 гадоў, да 11 гадоў 83% юных карыстальнікаў ужо маюць свой асабісты профіль.

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Дзеткі і сеткі

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.