Вы тут

Аб чым варта пагаварыць з дзецьмі напярэдадні зімовых канікул?


Дзеці не могуць дачакацца адпачынку. Не супраць перадыхнуць ад бясконцай праверкі ўрокаў і іх бацькі. Многія ўжо плануюць, чым заняць сваіх нашчадкаў у вольны час, якім зімовым забавам аддаць перавагу. Прапаноў нямала: наперадзе Новы год і Каляды. Аднак у пераднавагодняй мітусні варта не ўпусціць самага важнага — падумаць пра бяспеку сваіх дзяцей у канікулярны перыяд.


Як паказвае статыстыка, часцей за ўсё надзвычайныя сітуацыі, галоўнымі «героямі» якіх становяцца непаўналетнія, здараюцца з імі, калі яны застаюцца сам-насам. Таму першае, аб чым дарослыя павінны паклапаціцца напярэдадні канікул, — падумаць аб тым, з кім застануцца дзеці, пакуль вы будзеце адсутнічаць дома. Другі момант, на якім неабходна засяродзіць увагу, — прагаварыце з імі магчымыя небяспечныя сітуацыі і спосабы выхаду з іх.

Агонь «баіцца» пажарных апавяшчальнікаў

Патлумачце сваім юным дамачадцам, што з агнём не гуляюць і не жартуюць. Прыбярыце з даступных месцаў запалкі, іншыя гаручыя прадметы. Кантралюйце, калі вашы непаўналетнія памочнікі вырашаць прадэманстраваць свае кулінарныя здольнасці. Не можаце быць побач — увогуле не падпускайце малых да пліты. І, самае галоўнае, забяспечце спраўнасць пячнога ацяплення, калі вы жывяце ў прыватным доме. Устанавіце аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі — гэта актуальна як для індывідуальнага домаўладання, так і для кватэры ў шматпавярховіку. Колькі жыццяў выратавалі гэтыя невялікія і малазаўважныя прылады! А колькі б яшчэ маглі…

22 лістапада на пажары ў Ляхавіцкім раёне загінулі двое малалетніх дзяцей. На момант трагедыі ў хаце чатырохгадовы хлопчык і сямігадовая дзяўчынка знаходзіліся адны. Маці ў гэты час была на працы. Аб узгаранні ратавальнікам паведамілі суседзі. Супрацоўнікі МНС, якія аператыўна прыбылі да месца выкліку, засталі жылы драўляны дом цалкам ахопленым агнём. Яго маленькія жыхары ўжо знаходзіліся без прыкмет жыцця.

Ратавальнікі не перастаюць паўтараць: ні пры якіх абставінах не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду! З самага ранняга ўзросту прывівайце ім правілы бяспечных паводзін, навучыце дзеянням пры пажары і абавязкова вывучце з дзецьмі тэлефонныя нумары службы ратавання 101 і 112.

Лёд — не каток!

Забараніце сваім дзецям выходзіць на лёд на вадаёмах. І няважна, трывалы ён ці не. Праверыць гэта часам складана нават вопытнаму рыбаку, асабліва ўлічыўшы той фактар, што ў розных месцах вадаёма таўшчыня лёду можа адрознівацца.

Вядома, і менавіта так часцей за ўсё бывае, дзеці не заўсёды кажуць, куды ідуць. Аднак, калі задацца мэтай, праверыць гэта нескладана. Калі ж вы давяраеце сваім дзецям і лічыце іх дарослымі, каб адпускаць гуляць адных, то ў абавязковым парадку правядзіце прафілактычную гутарку. Патлумачце ім, чым пагражае выхад на лёд, прывядзіце канкрэтныя прыклады.

На жаль, іх нямала. У пачатку лютага ў Жабінкаўскім раёне пад лёд праваліліся два браты — шасці і васьмі гадоў. У дзень трагедыі хлопцы гулялі на вуліцы. Калі ўвечары дзеці не вярнуліся дахаты, іх бабуля паведаміла аб гэтым у органы ўнутраных спраў. Дзяцей знайшлі ў штучным вадаёме, размешчаным на суседнім участку. Па версіі следства, хлопцы хацелі праверыць трываласць лёду. У выніку дзеці не змаглі самастойна выбрацца з вады і патанулі.

Нават калі вы на сто працэнтаў упэўнены, што ваша дзіця нават блізка не падыдзе да замерзлага вадаёма, раскажыце яму, як дзейнічаць у выпадку, калі лёд трэснуў. У такой сітуацыі вельмі важна не панікаваць. Трэба павольна і акуратна вяртацца ў той бок, з якога прыйшлі. Забараняецца бегчы па лёдзе: такія паводзіны могуць толькі справакаваць хуткі раскол паверхні, і правальвання пад лёд не ўдасца пазбегнуць. Калі гэта ўсё-такі здарылася, клічце на дапамогу — ёсць шанц, што вас пачуюць. Паспрабуйце трымацца на плаву. Перасоўвайцеся да таго краю палонкі, адкуль ідзе цячэнне. Дабраўшыся да краю, паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбірайцеся на лёд. Не пакідайце спроб выбрацца, нават калі лёд ламаецца. Пасля таго, як асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, адкаціцеся далей ад палонкі. Павольна і асцярожна паўзіце да бяспечнага месца, адштурхваючыся рукамі і нагамі.

Дзецям, якія ўбачылі, што хтосьці праваліўся пад лёд, не варта геройстваваць і ісці ратаваць свайго таварыша. У першую чаргу ў такой сітуацыі трэба патэлефанаваць ратавальнікам і клікаць на дапамогу дарослых.

Як выбраць і эксплуатаваць гірлянду?

З улікам падрыхтоўкі жылля да Новага года і Калядаў паклапаціцеся стварыць прастору не толькі прыгожую, а яшчэ і бяспечную. Многія думаюць, што электрагірлянда — прыбор, які можна эксплуатаваць без нагляду, днём і ноччу пакідаючы ў сетцы. Модныя цяпер гірлянды-шторы ёсць фактычна ў кожнай сям’і: імі ўпрыгожваюць вокны, сцены, дзверы, ствараюць фотазоны. Па традыцыі размяшчаюць электрагірлянды і на штучных навагодніх дрэвах. Нярэдка ялінкі з «агеньчыкамі» ўстанаўліваюць у дзіцячых пакоях.

— Гірлянда — гэта электрапрыбор, таму, купляючы яе, патрабуйце ў прадаўца сертыфікат адпаведнасці, уважліва вывучайце інструкцыю, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Важна, каб якасць і бяспека прыбора былі пацверджаны. Перад першай эксплуатацыяй праверце работу ўсіх рэжымаў гірлянды, надзейнасць гнёздаў, ізаляцыю правадоў, злучэнне з блокам кіравання. Калі гірлянда, якая ўжо была ў вас у выкарыстанні, выклікае сумненні — няма лямпачкі, ёсць пашкоджанні, аголеныя правады, самаробныя злучэнні — выкарыстоўваць яе нельга. І ніколі не пакідайце гірлянды ўключанымі ў сетку без нагляду, тым больш — на ноч.

Адны выкарыстоўваюць гірлянды для ўпрыгожвання памяшканняў усярэдзіне, іншыя — звонку (на вуліцы). Аднак не многія ведаюць, што калі замест вулічнай гірлянды выкарыстоўваць «хатнюю» (больш танны варыянт), без спецыяльнай абароны ад траплення вільгаці гірлянда не толькі выйдзе са строю, але і можа стаць прычынай узгарання.

Петарды і феерверкі — «цацкі» для дарослых

Петарды і іншая піратэхніка ў руках дзяцей, падлеткаў, а часам і дарослых можа правесці да трагічных наступстваў. Можна атрымаць траўмы і апёкі. Петарда рызыкуе выклікаць пажар: калі кінуць яе каля будынка, яна здольная заляцець на балкон шматпавярховіка. Ад запуску піратэхнікі могуць пацярпець іншыя людзі і гадаванцы. Асабліва небяспечна высвятляць, чаму прылада не спрацавала.

Выконвайце правілы бяспекі самі і пагаварыце з дзецьмі, растлумачце ім, да якіх наступстваў могуць прывесці гульні з петардамі і іншай піратэхнікай. Днямі ад петарды пацярпеў дзесяцікласнік. Няшчасны выпадак здарыўся ў Бабруйску. Як высветлілася, небяспечная «цацка» ўзарвалася ў школьніка ў руцэ. Хлопец атрымаў траўмы. Падобная сітуацыя ў панядзелак адбылася ў Лепельскім раёне. Хлопчык заўважыў на дарозе петарду і падняў яе. Праз некаторы час школьнік падпаліў яе — піратэхніка спрацавала ў руцэ. З апёкамі яго даставілі ў бальніцу.

— Піратэхнічныя вырабы варта набываць толькі ў спецыялізаваных аддзелах крам ці спецыялізаваных крамах, — папярэджвае Анастасія Швайбовіч. — Ні ў якім разе не купляйце піратэхніку на рынках, дзе не выконваюцца ўмовы захоўвання. З-за невыканання тэмпературных рэжымаў, вільготнасці набытая піратэхніка можа не спрацаваць ці спрацаваць у руках. Вырабы павінны мець сертыфікаты адпаведнасці, а таксама падрабязныя інструкцыі па выкарыстанні. Не эканомце на бяспецы! Звярніце ўвагу на тэрмін прыдатнасці (як правіла, піратэхніка захоўваецца не больш за тры гады) і інструкцыю (абавязкова на беларускай або рускай мове). Разгледзьце пакунак і сам выраб: дэфектаў быць не павінна.

Захоўваць піратэхніку варта ў сухім памяшканні, дзе няма доступу да агню. Напрыклад, балкон ці кухня ў якасці склада не падыходзяць: выраб альбо адсырэе і ў лепшым выпадку не спрацуе, а ў горшым — стрэліць у самы нечаканы момант. Або наадварот: паступова награваючыся, спрацуе адвольна. Перш чым запускаць, абавязкова прачытайце інструкцыю яшчэ раз: у кожнага выраба — свае асаблівасці.

Плануючы загадзя феерверк, неабходна падумаць аб пляцоўцы для яго запуску. Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што пляцоўка, якую вы абралі для сябе днём, вечарам можа быць занятая, напрыклад, машынамі. Прыводзіць піратэхніку ў дзеянне маюць права толькі дарослыя. Сачыце, каб дзеці знаходзіліся ў бяспечнай зоне. І тады сустрэнеце Новы год не толькі ярка, але яшчэ і бяспечна.

Калі піратэхніка не спрацавала, неабходна прытрымлівацца наступных правілаў:

  • Упэўніцеся ў тым, што феерверк не пачне страляць, пачакаўшы 10-15 хвілін на бяспечнай адлегласці. Калі праз гэты час нічога не спрацавала, то можна падысці да феерверка.
  • Падышоўшы да феерверка, неабходна яго візуальна агледзець, каб пераканацца ў адсутнасці частак, якія тлеюць. Калі такога няма, можна прыступаць да далейшых дзеянняў. У выпадку выяўлення частак, якія тлеюць, адыдзіце на бяспечную адлегласць. Такі выраб усё яшчэ ўяўляе пагрозу і можа нанесці значную шкоду вашаму здароўю.
  • Ні ў якім разе нельга нахіляцца над феерверкам, які не спрацаваў. Гэта таксама можа скончыцца сумна!
  • Салют, які не спрацаваў, неабходна пакласці ў ваду на некалькі гадзін.
  • Феерверк неабходна выкінуць разам з бытавым або будаўнічым смеццем. З харчовымі адходамі неспрацаваны выраб утылізаваць нельга.
  • Катэгарычна забаронена кідаць у вогнішча такія вырабы. Наступствы могуць быць непрадказальнымі!

У выпадку пажару і іншай надзвычайнай сітуацыі тэлефануйце ратавальнікам па тэлефоне 101 ці 112!

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.