Вы тут

Выстаўка Таццяны Савік In a pause працуе ў прасторы Галерэя ДК


У пачатку снежня ў беларускай сталіцы адкрылася некалькі цікавых выставачных праектаў. Нацыянальны мастацкі музей парадаваў экспазіцыяй, прысвечанай 190-годдзю Апалінарыя Гараўскага, славутага беларускага і рускага жывапісца; персанальная выстаўка «Чысты звон» маладой мастачкі Марыі Богдан адкрылася ў галерэі «Арт-Фабрыка»; а ў прасторы «Галерэя ДК» адбылася ўрачыстасць з нагоды прэзентацыі персанальнага праекта яшчэ аднаго маладога аўтара — Таццяны Савік. «In a pause» можна ўбачыць да 3 студзеня наступнага года.


«VOID», 2023 г.

Таццяна Савік — надзвычай актыўны творца. Складана прыгадаць калектыўную выстаўку сучаснага айчыннага мастацтва апошніх некалькіх гадоў, дзе б адсутнічалі яе работы. Нядаўна выбраныя творы аўтара дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва былі змешчаны ў экспазіцыі па выніках Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва». Для Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Таццяна Савік прадставіла работы з серыі «VOID / Пустата» (2022–2023), якія вылучаюцца адсутнасцю значных частак, фрагментаў звыклых кампазіцый, наўмыснай заменай чагосьці неабходнага і важнага пустэчай. З дапамогай такой знаходкі аўтар прапаноўвае свае разважанні аб уласным быцці, непазбежная частка якога — пустата. У рэшце рэшт, гэтым шырокім фізічным і філасофскім паняццем, якое азначае недахоп зместу, незапоўненасць, няпэўнасць або адсутнасць разумення, здараецца, характарызуюцца цэлыя перыяды жыцця чалавека. Яны надзвычай цяжка перажываюцца асобай, але дапамагаюць знайсці адказы на пытанні, што не даюць спакою. Між тым Таццяну Савік хоць і атрымала пачэснае месца на выстаўцы, была заўважана на высокім узроўні, Нацыянальнай прэміяй у галіне выяўленчага мастацтва не ўганаравалі. 

Выстаўка «In a pause» атрымалася даволі камернай, але змястоўнай. Яна паяднала зробленае раней і новыя творы. Падыходы ўсё тыя ж, у тым ліку сумяшчэнне тэхнік: тут і ляўкас, і вітраж, і метал... Таму найбольшую цікавасць выклікае тэма, заяўленая ў назве, — паўза. Не адхіляючыся ад роздумаў пра чалавека і яго ўнутраны свет, мастачка спыняецца, каб расказаць аб неабходнасці маўчання і цішыні. Сувязь з праектам «VOID / Пустата» відавочная, бо вынікае ланцужок асацыяцый: ад адсутнасці да наяўнасці, ад пустэчы да пошуку зместу, а таксама ад агульнага да прыватнага. Між тым работы Таццяны Савік пакідаюць гледачу прастору для пошуку ўласных сэнсаў. Пагадзіцеся, калі завітаць на выстаўку сучаснага мастака, схільнага да таго ж канцэптуалізму, напярэдадні не пазнаёміўшыся з яго работамі і не паразважаўшы пра ідэйны складнік творчасці, наўрад ці зразумееш сутнасць. Варыяцый тлумачэнняў, здагадак і дапушчэнняў можа быць вялікая колькасць. Так і тут — скупыя на дэталі і ўдакладненні кампазіцыі, амаль поўная адсутнасць сюжэтаў, пазбяганне аўтарам якой бы там ні было магчымасці знаёмства гледача з персанажамі, пазбаўленыя гармоніі — у звыклым разуменні — канструкцыі... Як дайсці да праўды?.. Няўтульнасць, холад, цяжар — такія адчуванні выклікаюць работы выстаўкі, а значыць, Таццяна Савік здолела выказаць задуманае. 

«Аўтапартрэт», 2013 г.

«Партрэт», 2021 г.

Прапануючы зрабіць паўзу, аўтар запрашае да глыбіннага аналізу працэсаў, што адбываюцца з чалаве¬кам. Асаблівая ўвага — свядомасці і яе правілам гульні. Ад чаго залежыць свядомасць? У чым яе вартасці і хібы? Ці разумее індывід сутнасць усіх сваіх учынкаў? На што звяртае ўвагу, а што абыходзіць бокам? Як можна кіраваць свядомасцю? Таццяна Савік знаёміць выключна з уласнымі разважаннямі на тэму, не абагульняе і не дыктуе сваю волю. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.