Вы тут

Качанава: Павінна быць высокая якасць паслуг, даступнасць пры звароце да ўрача, магчымасць трапіць да вузкага спецыяліста


На пасяджэнні Мінгарвыканкама з удзелам старшыні Савета Рэспублікі, упаўнаважанага прадстаўніка Прэзідэнта ў Мінску Наталлі Качанавай разглядаліся пытанні аб устараненні недахопаў у сістэме аховы здароўя і мерах па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў сталіцы. 


Спікер Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што сістэма аховы здароўя Мінска павінна быць прыкладам для ўсёй краіны ў аказанні дапамогі пацыентам. 

— Мы павінны навесці поўны парадак. На ахову здароўя выдзяляецца столькі сродкаў з рэспубліканскага бюджэту. Трэба прааналізаваць сітуацыю, выявіць праблемы і не зацягваць з іх вырашэннем. Мінск павінен быць найлепшым па аказанні медыцынскай дапамогі жыхарам краіны, бо сюды прыязджаюць на лячэнне з розных рэгіёнаў, — адзначыла Наталля Качанава. 

Старшыня Савета Рэспублікі падняла шэраг пытанняў на ранняй дыягностыцы захворванняў і якаснай рэабілітацыі пацыентаў. Для патрэб медыцынскіх устаноў закупляецца высокатэхналагічнае абсталяванне, і, па словах спікера, важна даць людзям магчымасць своечасова, без працяглага чакання прайсці неабходнае па паказаннях абследаванне, няхай гэта будзе мамаграфія, калонаскапія або УГД. Што датычыцца рэабілітацыі, то Наталля Качанава лічыць, што трэба павялічыць колькасць устаноў, дзе змогуць аказваць такую дапамогу, у прыватнасці, разгледзіць магчымасць адкрыцця рэабілітацыйнай установы ў Мінску.

Сёння у Мінску рэалізуецца новы праект па раннім выяўленні злаякасных утварэнняў галавы і шыі. Ён рэалізуецца па ініцыятыве старшыні Савета Рэспублікі. 

— Сыходзячы са статыстыкі, якая маецца, колькасць анкалагічных хвароб у цэлым не павялічваецца, але выходзяць наперад новыя захворванні, якія раней былі адзінкавымі. Сёння бачым, што ёсць рост новаўтварэнняў поласці рота, гартані, галавы. Па Мінску за гэты год выяўлена 77 выпадкаў, не скажу, што гэта шмат на 2-мільённы горад, але разам з тым дарагое кожнае чалавечае жыццё. Таму было прынята рашэнне зрабіць скрынінгавыя цэнтры ў Мінску, — расказала Наталля Качанава. 

З лістапада ў сталіцы пацыентаў прымае скрынінгавы цэнтр на базе 11-й бальніцы. 

— Урачоў, якія будуць выяўляць анкалагічныя хваробы на ранняй стадыі, мы будзем заахвочваць. Бо сёння 1-2 стадыя паспяхова лечацца, і анколагі звяртаюць увагу, што вельмі важна своечасова выявіць новаўтварэнне. З 1 лістапада ў Мінску такая сістэма працуе, і за гэты месяц мы ўбачылі, што больш за 100 чалавек былі накіраваны ў скрынінгавы цэнтр. У нас ёсць яшчэ дзве ўстановы, якія могуць прымаць гэтых пацыентаў, і пры неабходнасці іх падключым. У 11-й бальніцы будзе ўводзіцца ў эксплуатацыю новы корпус, задзейнічаем і яго пры патрэбе для аказанне гэтай дапамогі жыхарам Мінска. Будзем працаваць і далей у гэтым напрамку, і я ўпэўнена, што такія праекты можна будзе рэалізоўваць па ўсёй краіне.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Наталля Качанава адзначыла, што ў цэлым яна задаволена тым, як улады Мінска ставяцца да патрэб медыкаў і вырашаюць пытанні ў сталічнай сістэме аховы здароўя. 

— Мы адразу прынялі ўсе меры, для таго, каб рэалізаваць тыя задачы, якія ставіў Прэзідэнт нашай краіны. І акрамя таго, пракантраляваць, як функцыянуюць нашы медыцынскія ўстановы, у тым ліку прааналізаваўшы заўвагі, выказаныя рабочай групай, якая працуе і сёння. Мы правялі ўжо некалькі нарад па рабоце сістэмы аховы здароўя ў Мінску, і бачым, што многія праблемы ўжо сёння вырашаны. 

Але ёсць і пытанні, якія патрабуюць далейшай увагі.

— Нам неабходна замацоўваць кадры, каб маладыя спецыялісты заставаліся ў Мінску. З гэтай мэтай у бліжэйшы час будзе ўведзены інтэрнат на 1200 месцаў. На ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на месца ў інтэрнаце прэтэндуюць 400 медыкаў, і мы закрыем гэту чаргу адназначна. Але разам з тым мы разумеем, што трэба вырашаць і іншыя пытанні — будаўніцтва жылля для медыцынскіх работнікаў у Мінску, павелічэння колькасці падрыхтоўкі спецыялістаў у нашых медыцынскіх каледжах. Паступіла добрая прапанова — прымаць туды навучэнцаў пасля 9 класаў. Такая моладзь з задавальненнем паступае ў медыцынскія каледжы. Мы бачым вузкія месцы, і гэтыя праблемы ў Мінску варта вырашаць, бо тут для гэтага ўсё ёсць — і магчымасць прафінансаваць адпаведныя мерапрыемствы, і наяўнасць медыцынскіх ВНУ і каледжаў, маюцца добрыя медыцынскія ўстановы, матэрыяльная база якіх умацоўваецца, будуюцца новыя бальніцы. 

Асобна Наталля Качанава спынілася на новых медыцынскіх установах і карпусах, якія з’явяцца ў сталіцы.

— Заканчваецца праектаванне і распачнецца будаўніцтва новай гарадской інфекцыйнай бальніцы. У наступным годзе заканчваецца праектаванне паліклінікі ў анкалагічным дыспансеры Мінска, што вельмі значна, бо гэта не толькі анкалагічны дыспансер для Мінска, гэта і Рэспубліканскі цэнтр па лячэнні шчытападобнай залозы, таму будзе будавацца новая сучасная паліклініка. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва складае чатыры гады, але гарадскія ўлады яго перагледзелі і лічаць, што за 2,5 гады можна ўвесці гэты аб’ект у эксплуатацыю. Усё, што сёння патрэбна для аховы здароўя Мінска з боку уладаў горада, рэспубліканскага бюджэту, — усе гэтыя пытанні вырашаюцца. Тут патрэбны толькі справядлівыя адносіны да людзей, як патрабуе ад нас Прэзідэнт, каб была высокая якасць аказання медыцынскіх паслуг тым людзям, якія маюць патрэбу ў гэтым, даступнасць пры звароце да ўрача, магчымасць трапіць да вузкіх спецыялістаў, атрымаць дапамогу ў абследаванні. З гэтым у нашых людзей ніякіх праблем быць не павінна, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Асобна яна звярнула ўвагу і на дэмаграфічную сітуацыю.

— Сёння гэта праблема не толькі Беларусі. Змяніліся тыя традыцыйныя каштоўнасці, якія былі спакон веку ў нашай краіне, калі шматдзетная сям’я была ў норме, калі людзі нараджалі не таму, што хацелі палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, а таму, што за гэтым будучыня. Нам трэба ва ўсіх паліклініках адкрыць кабінеты перадабортнага кансультавання, дзе павінны падключыцца нашы канфесіі, праваслаўная царква найперш, бо гэта дае свае вынікі. Нас не можа не непакоіць, што моладзь не вельмі хоча ўступаць у шлюб. Не можа чалавецтва жыць па-іншаму — без сям’і, у якой ёсць муж жонка, нараджаюцца дзеткі. Мы павінны жыць не сённяшнім, а заўтрашнім днём, усе калісьці будуць пажылымі, і калі ты аглядаешся назад, разумееш, што бадай самае галоўнае тваё дасягненне — тое, што ў цябе ёсць сям’я, дзеці, унукі, якія побач з табой і могуць у любую хвіліну табе падставіць плячо, — падзялілася Наталля Качанава.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў адзначыў, што сённяшні дзень усе аб’екты забяспечаны фінансаваннем у поўным аб’ёме. 

— Самае галоўнае — арганізацыя работы. Мы павінны звярнуць самую сур’ёзную ўвагу на перспектывы развіцця медыцыны Мінска, на тое, як праводзіцца перааснашчэнне медыцынскіх устаноў, — адзначыў ён.

Уладзімір Кухараў таксама звярнуў увагу на такія напрамкі, як лічбавізацыя галіны, укараненне новых методык лячэння, закупка перадавога абсталявання, сучасных лекавых сродкаў, каб кожны жыхар Мінска атрымліваў высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу. 

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?