Вы тут

Падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу «Кніга мне — кніга ўва мне»


Падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу «Кніга мне — кніга ўва мне», праведзенага Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Сінадальным аддзелам Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мэтай конкурсу стала замацаванне ў беларускім грамадстве духоўна-маральных каштоўнасцей, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. 


Уладальніца гран-пры Тамара Краснова-Гусачэнка (справа) з арганізатарамі конкурсу

Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: «Малая проза» (казка, прытча, апавяданне, нарыс, эсэ), «Паэзія» (верш, байка, песня), «Драматургія» (сцэнарый). Канкурсантам былі прапанаваны такія тэмы, як беражлівыя адносіны да сям’і, дома, традыцыі, рэліквіі, любоў да Радзімы, міралюб¬насць, талерантнасць, працавітасць, пачуццё адказнасці. 

Прымаліся творы, разлічаныя на дзіцяча-юнацкі ўзрост ад 2 да 17 гадоў па чатырох узроставых катэгорыях: дашкольны ўзрост, пачатковая школа, сярэдняя школа, старэйшая школа. 

За час правядзення конкурсу — з 17 красавіка да 17 верасня — яго ўдзельнікамі сталі больш за 700 аматараў літаратурнай творчасці розных узростаў, прафесійных творцаў і пачаткоўцаў. 

Знаёмячыся з творамі канкурсантаў, пераконваешся ва ўплывовасці мастацкага слова. Як праз яго — прыветнае, разумнае, спагадлівае — перадаюцца самыя глыбокія і вялікія пачуцці, выплёскваюцца самыя гарачыя і моцныя эмоцыі. Ад усяго прачытанага — соцень старонак друкаванага тэксту — узнікае адчуванне літаратурнага шматгалосся, звязанага з душэўным клопатам аўтараў аб выхаванні юных беларусаў сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, людзьмі годнымі і сумленнымі. 

Звяртае на сябе ўвагу маштаб конкурсу, які ахоплівае тых, хто толькі далучаецца да чытання, і тых, у каго ўжо сфарміраваны пэўныя літаратурныя густы. Праз дасланыя на конкурс творы бачна, як літаратура ўплывае на станаўленне асобы. 

Для самых малодшых пісьменнікі выкарыстоўваюць асаблівы стыль. Звычайна гэта кароткія фразы, двухабо чатырохрадкоўі. Аднак напісанне, на першы погляд, нескладаных твораў патрабуе ад аўтара вялікага ўмення валодаць словам. Літаратурная мова — вобразная, з мяккім лірызмам найлепш успрымаецца дзецьмі. Нездарма пачутыя ў дзяцінстве вершы застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. 

Гран-пры ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» атрымала выдатная пісьменніца і вопытны педагог з Віцебска Тамара Краснова-Гусачэнка. Як не запомніць яе кранальныя радкі: 

Край ты мой, родной, любимый! 

В мире нет роднее! 

Красоту твою храним мы, 

Любим всё сильнее. 

Або вось такія мілыя радкі Лізаветы Вычковай, якая заняла 3-е месца ў намінацыі «Дзіцячая літаратура»: 

Ззяе сонейка ў блакіце, 

Лашчыць промнямі зямлю. 

Як прыгожа! Паглядзіце! 

Лету песеньку пяю. 

Год ад году расце і пашыраецца кола інтарэсаў малодшых школьнікаў, развіваецца дынаміка ўдасканальвання чытацкай пісьменнасці. Літаратурныя творы для гэтага ўзросту насычаны новай і больш складанай інфармацыяй. Гэта пацвярджаюць сваімі казкамі пра жывёл і іх паводзіны, аповедамі пра школьнае жыццё і многія ўдзельнікі конкурсу. У параўнанні з папярэдняй узроставай катэгорыяй — дашкольнай — тут прэтэндэнтаў на перамогу значна болей. Конкурс высвечвае рэаліі кніжнага рынку: педагогі дашкольных устаноў скардзяцца на недахоп літаратуры для маленькіх чытачоў. 

Не менш цікава і тое, як для сваіх равеснікаў піша вучаніца 4 класа сярэдняй школы № 3 г. Шчучына Надзея Багдзель. Свой аповед дзяўчынка назвала «Новае жыццё» і па-філасофску мудра разважыла: «Ля ракі расла старая вярба. Амаль каля самага дрэва аднекуль з-пад зямлі выцякала крынічка. Яна была як люстраное акенца ў зялёнай траве. Зося паспрабавала крынічнай вады. Па смаку яна нагадала ёй свежы бярозавы сок. Зося падумала, што ствол дрэва быў пашкоджаны маланкай. Але дзядуля расказаў, што падчас вайны ў вярбу трапіў асколак нямецкага снарада. Дрэва адразу ж засохла. Усе вырашылі, што яно загінула. Але вясной наступнага года, калі прырода ажыла, людзі заўважылі побач з дрэвам крынічку. А праз некаторы час на вярбе выраслі маладзенькія лісточкі. Вось як дрэва дало жыццё вадзе, а вада, у падзяку за гэта, дала новае жыццё дрэву». 

Пра спецыфіку дзіцячай літаратуры можна гаварыць на той падставе, што яна мае справу з фарміраваннем свядомасці, і творы, адрасаваныя вучням сярэдняй школы, гэта таксама яшчэ адзін узровень пісьменніцкага майстэрства. У гэтым узросце падлеткі лічаць, што яны ўжо не дзеці, у іх узнікае «адчуванне даросласці». Таму і дыялог «пісьменнік — чытач» тут больш сур’ёзны, разважлівы. 

Вось які літаратурны прыём скарыстала адна з намінантак конкурсу пісьменніца з Брэстчыны Настасся Нарэйка. Галоўнай гераіняй свайго твора «Бачыць Бога...» яна зрабіла невідушчую дзяўчынку. Ды і жыве Верачка разам з бабуляй на хутары, аддзеленым ад людзей непралазным балотам, таму і «ўвесь свет Божы быў у іх хацінцы. Аднойчы вечарам, калі завіруха завывала зусім па-разбойніцку, на хутары з’явіўся госць. Чалавек на парозе нагадваў белы цень... Госця адразу ж распранулі, пасадзілі ля гарачай печкі, налілі ў кубак чаю. Мужчына спярша маўчаў, сурова зводзячы бровы, а потым, калі сагрэўся і перасталі дробна ляскатаць зубы, выціснуў усмешку: 

— Дзякую! 

— І як вы жывяце ў гэткім балоце? — злосна запытаў госць. — Ды яшчэ з дзіцем? 

Бабуля хацела было запярэчыць, але тут ад акна пачуўся роўны голас Верачкі: 

— Гэта наш дом». 

Пісьменніца вуснамі сляпой дзяўчынкі гаворыць пра самае галоўнае для чалавека — яго дом, і незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца, у ім — цэлы Сусвет, які дазваляе нават невідушчай бачыць Бога. 

Яшчэ адзін прыклад таго, як мастацкія вобразы дапамагаюць зразумець многія жыццёвыя паняцці. Піліп Пашкоўскі — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Заняць 2-е месца ў конкурсе яму дапамагла... Філіжанка. Гэта яна, прыгожая, вабіла погляды ўсяго посуду. Ёй зайздросцілі. А сама Філіжанка сумавала, бо гаспадары ёй не карысталіся, бераглі. Яна бачыла, як запатрабаваны Кубак, хоць нічога асаблівага ў ім не было. З часам прыгажуня пастарэла, гаспадыня нават зламала яе ручку. У гэты цяжкі час Кубак суцяшаў Філіжанку, і яна заўважыла, што ён таксама прыгожы і добры. Гэта дапамагло ёй стаць шчаслівай. 

Такая простая формула шчасця — дарыць сваё цяпло іншым! 

Найбольшую актыўнасць удзельнікі Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Кніга мне — кніга ўва мне» праявілі ў старэйшай узроставай катэгорыі. Літаратура для юнацтва — гэта шчырая і адкрытая размова на самыя розныя тэмы з чытачом, які стаіць на парозе самастойнага жыцця. Менавіта кнігі, чытанне дапамагаюць маладому чалавеку сацыялізавацца, развівацца духоўна, атрымліваць эстэтычную і эмацыянальную асалоду. 

Повязь з мінулым, пераемнасць пакаленняў, сямейныя традыцыі і рэліквіі — многія аўтары звяртаюцца менавіта да гісторыі свайго роду, каб праз перажытае ўскалыхнуць сэрцы чытачоў, прымусіць думаць, узважваць, рабіць высновы для сябе. 

Напрыклад, адна з пераможцаў конкурсу пісьменніца Наталля Валчок сваім творам «Мацней за агонь» адказвае на пытанне: «Хто ён, герой нашага часу?» Падлетак выратаваў дзяўчынку з ахопленай полымем хаты. «Ён стаяў воддаль, як быў, у мокрым аддзенні, і глыбокімі цяжкімі ўдыхамі ўбіраў у сябе паветра. 

— Дзякуй табе! — жанчына падбегла да яго, моцна абняла і заплакала. 

— Малайчына! Не збаяўся, — прамовіў сусед. 

— Гарачае сэрца героя мацнейшае за агонь! — з павагай сказаў камандзір». 

З захапленнем распавядае пра залатыя купалы сваёй Радзімы вучаніца сярэдняй школы № 3 г. Бярозы Паліна Серада. Да ўсяго яна знаёміць са сваім бацькам — Аляксандрам Андрэевічам, будаўніком па прафесіі. «Многія жылыя дамы нашага раёна, крамы, прадпрыемствы, — піша Паліна, — пабудаваны з яго ўдзелам. Але асаблівы гонар бацькі — гэта храмы. Помнік у старажытным парку горада Бярозы, прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам, Петрапаўлаўскі храм і ўзнесены ўвышыню храм Архангела Міхаіла помняць умелыя працавітыя рукі бацькі. Самым значным момантам у будаўніцтве цэркваў бацька лічыць узвядзенне залатых купалоў, якія зіхацяць на сонцы. Калі ён гаворыць пра іх, яго вочы быццам напаўняюцца святлом». Дзяўчына вучыцца ў бацькі працаваць на карысць людзям, вельмі паважае яго. 

Конкурс «Кніга мне — кніга ўва мне» даваў магчымасць аўтарам праявіць сваю творчую індывідуальнасць у прозе, паэзіі, драматургіі. Проза аказалася самай прывабнай, следам — ажывіліся паэты. Падцягнуліся і драматургі. Але ўсё ж такі гэты жанр апошнім часам знаходзіць не так многа прыхільнікаў. Хаця школьнаму тэатру п’есы вельмі патрэбны. Тэатральныя пастаноўкі даюць дзецям магчымасць развівацца ў творчай сферы. 

І яшчэ адна надзвычай паказальная гісторыя, якая цалкам адпавядае назве конкурсу. Дзмітрый Парневіч, навучэнец Пастаўскага дзяржаўнага каледжа пастараўся з дапамогай кніжных герояў растлумачыць, што азначае паняцце «Кніга мне — кніга ўва мне»: 

«Чараўнік-бібліятэкар усміхнуўся і сказаў: „Кніга, Аліса, гэта не толькі тое, што ты трымаеш у руках. Кніга — гэта ты сама. У тваёй галаве захоўваецца мноства ідэй, фантазій і ведаў. Кніга табе — гэта кніга ў табе“. 

Аліса зразумела, што кнігі не толькі адкрываюць свет перад ёй, але і мяняюць яе жыццё. Яна, узрушаная прачытанымі кнігамі, стала пісаць уласныя гісторыі. Яна зразумела, што ўнутры яе жыве невычэрпная крыніца ідэй і фантазій — як бясконцая бібліятэка, якая заўсёды з ёю. Так Аліса стала не толькі чытачом, але і аўтарам. Усе яе гісторыі пачалі натхняць іншых дзяцей, якія таксама зразумелі, што кніга — гэта не проста папера і словы, а свет, які поўніць кожнага з нас». 

Выключна ўсе ўдзельнікі конкурсу — вялікія аматары кнігі, якія падарылі магчымасць знаёмства ў тым ліку і са сваімі творамі. І свет стаў прыгажэйшы! Таму што кожны стараўся падзяліцца самым лепшым, што асвятляе душы ін¬шых людзей, робіць іх шчырымі і сардэчнымі. 

Як абяцаюць арганізатары конкурсу, з асобных работ будзе складзена хрэстаматыя для чытання ў школе. Вось так добрае слова адзавецца!.. 

Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.