Вы тут

У Мінску прайшло пасяджэнне дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў


Работа па прывядзенні нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй блізіцца да завяршэння. Гэта адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на адкрыцці чарговага пасяджэння дзясятай сесіі ніжняй палаты парламента. Падчас пасяджэння быў разгледжаны і прыняты шэраг важных законапраектаў.


Аб прававым статусе Прэзідэнта 

Адзін з іх — праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», яго дэпутаты прынялі ў першым чытанні. Праект закона накіраваны на забеспячэнне паўнаты рэгулявання прававога статусу дзеючага Прэзідэнта, а таксама на ўстанаўленне гарантый Прэзідэнту, які спыніў выкананне паўнамоцтваў, і членам яго сям’і. 

З улікам абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь законапраект змяшчае наступныя ключавыя палажэнні. Замацоўваецца новы выбарчы цэнз для кандыдатаў у прэзідэнты: Прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, віду на жыхарства або іншага дакумента замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і перавагі. Таксама дакументам ўдакладняюцца кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы па абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. «Так, замацоўваюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта ўносіць Усебеларускаму народнаму сходу прапановы аб магчымасці накіравання ваеннаслужачых, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, іншых асоб за межы Беларусі для ўдзелу ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі і дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі. Удакладняюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта звяртацца са штогадовым Пасланнем да парламента. Пасланні будуць заслухоўвацца на Усебеларускім народным сходзе», — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Уводзіцца новае паўнамоцтва Прэзідэнта — звярнуцца ў Канстытуцыйны суд з прапановай выкласці пазіцыю аб дакументах, прынятых замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі, іх органамі і якія закранаюць інтарэсы Беларусі, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Закона таксама дапоўнены новай главой, якая дэталізуе прававы статус Прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, а таксама асабістыя гарантыі яму і членам яго сям’і. Устанаўліваецца, што Прэзідэнт, які спыніў выкананне паўнамоцтваў у сувязі з заканчэннем тэрміну знаходжання на пасадзе або датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі або стойкай недзеяздольнасці па стану здароўя, мае недатыкальнасць. Замацоўваецца права Прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, а таксама з яго згоды — членам Савета Рэспублікі. 

Заслон тэрарыстам 

Адразу ў двух чытаннях дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў прыняты законапраект «Аб змене законаў па пытаннях барацьбы з тэрарызмам». Праект Закона накіраваны на павышэнне эфектыўнасці мер па папярэджанні, выяўленні і спыненні актаў тэрарызму. Законапраект надзяляе органы дзяржаўнай бяспекі кампетэнцыяй па каардынацыі дзейнасці суб’ектаў, якія непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам. Дакументам прадугледжана магчымасць прыцягнення службы інкасацыі да аховы аб’ектаў, суправаджэння і забеспячэння бяспекі фізічных асоб і транспартных сродкаў у зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыі. Законапраектам вызначаюцца адзіныя падыходы па пытаннях кампенсацыі суб’ектам барацьбы з тэрарызмам матэрыяльнага ўрону, прычыненага іх маёмасці ў ходзе правядзення контртэрарыстычнай аперацыі.

Дарэчы

З апошніх навін, якія на слыху — забойства экс-дэпутата Вярхоўнай рады Украіны Ільі Ківы. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, каментуючы гэты тэракт, назваў яго чарговым тэрарыстычным актам міжнароднага маштабу. «Ён будзе „не заўважаны“ заходнімі „дэмакратыямі“, а адпаведна не стане сенсацыяй на старонках сродкаў масавай інфармацыі, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. — Знішчэнне іншадумства, стварэнне віртуальнай карціны скажонай рэальнасці — гэта фірмовы стыль сучасных „дэмакратызатараў“. У ім ёсць месца незаконным санкцыям, шантажу, інфармацыйным укідам і забойствам. Зневажанне ўсіх прынцыпаў маралі і міжнароднага права, узвядзенне тэрору ў ранг сродку міждзяржаўнай палітыкі — падобныя прыклады ўжо былі ў гісторыі. Асобныя „палітычныя“ дзеячы на поўным сур’ёзе заяўлялі ўласным прыхільнікам, аб „вызваленні ад хімеры сумлення“. Усе яны скончылі сумна і былі асуджаныя міжнародным трыбуналам. Беларусь, якая стала арэнай генацыду і на ўласным горкім досведзе пазнала сутнасць фашызму, рашуча асуджае тэрарызм і адраджэнне фашысцкай ідэалогіі. Забойства — гэта злачынства, якое патрабуе пакарання, а не метад вырашэння палітычных супярэчнасцяў». 

У інтарэсах эканомікі

У першым чытанні дэпутаты прынялі праект Закона «Аб змене Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях». Законапраектам замацоўваецца комплекс мер, накіраваных на пашырэнне інвестыцыйнай актыўнасці суб’ектаў гаспадарання шляхам павелічэння варыятыўнасці дзяржаўных інструментаў падтрымкі інвестыцыйнай дзейнасці, у тым ліку, увядзення дадатковых гарантый і прэферэнцый, зніжэння рызык для добрасумленных інвестараў, спрашчэння ўмоў работы з інвестарамі, якія жадаюць рэалізаваць інвестыцыйныя праекты ў рэгіёнах.

«Законапраект стане фактарам павышэння інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны», — сказаў першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар, прадстаўляючы дакумент, які разглядаўся на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы ў чэрвені гэтага года. Законапраект быў дапрацаваны і разгледжаны на экспертным савеце пры Савеце Рэспублікі. 

З улікам прапанаваных у законапраекце мер па ўдасканаленні рэалізацыі інвестыцыйных праектаў прадугледжваюцца механізмы рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з прадастаўленнем ільгот і прэферэнцый. Нараўне з гэтым, у законапраекце прадугледжаны меры, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў і ўпарадкаванне падыходаў да аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Мяркуецца, што палажэнні праекта закона павінны стаць дзейсным стымулам для павышэння інвестыцыйнай прывабнасці краіны, актывізацыі інвестыцый у вытворчы сектар, стварэнню ўмоў для рэалізацыі буйнамаштабных інвестыцыйных праектаў, для больш актыўнага інвеставання ў эканоміку рэгіёнаў.

Асобную ўвагу на гэты законапраект пасля яго прыняцця звярнуў Уладзімір Андрэйчанка. «Яго чакаюць суб’екты гаспадарання, рэгіёны. Вынікі работы эканомікі краіны за дзесяць месяцаў сведчаць аб станоўчай дынаміцы па шэрагу пазіцый. У прыватнасці, рост валавога ўнутранага прадукту склаў 103,8 працэнта да адпаведнага перыяду папярэдняга года ў супастаўных цэнах, прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал −113,3 працэнт», — сказаў ён. Спікер звярнуў увагу, што для дасягнення выканання мэтавага паказчыка па прыцягненню інвестыцый (122,3 працэнта) патрэбна яшчэ больш напружаная работа, у тым ліку шляхам прыняцця якасных своечасовых заканадаўчых рашэнняў.

Праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі» прыняты ў першым чытанні. Дакумент прапануе замацаваць за дзяржавай выключнае права на ажыццяўленне імпарту алкагольнай прадукцыі і вызначыць выпадкі, калі такое права не распаўсюджваецца на алкагольную прадукцыю, якая ўвозіцца на тэрыторыю Беларусі. Важна, што згодна з гэтым законам, рэклама алкагольнай прадукцыі ў інтэрнеце будзе забаронена.

Новы від страхавання

Некаторыя законапраекты дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні. Сярод іх — законапраект «Аб страхавой дзейнасці». Сёння ў Беларусі існуе 150 відаў абавязковага страхавання і 11 відаў добраахвотнага страхавання. У страхавой дзейнасці задзейнічана больш за 13 тысяч чалавек, і страхаванне з’яўляецца адной са сфер фінансава-крэдытнай сістэмы нашай краіны, закранае ўсе аспекты дзейнасці грамадства. Законапраектам, акрамя абавязковага і добраахвотнага страхавання, будзе ўведзена яшчэ адна норма — пастаўленае ў абавязак страхаванне (добраахвотнае страхаванне, наяўнасць якога неабходнае для допуску да пэўных відаў дзейнасці). Гэты від страхавання шырока распаўсюджаны ў свеце. Ён накіраваны на фарміраванне страхавых рызык і абавязацельстваў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў па страхаванні жыцця, здароўя, маёмасці. «Гэта ў першую чаргу закране перавозчыкаў, рыэлтараў, антыкрызісных кіраўнікоў. Законапраектам пашыраны аб’екты страхавання, вызначаны нормы статутнага фонду страхоўшчыкаў. Гэта закон дасць страхавому рынку новы віток у развіцці і забяспечыць гарантыі, як дзяржаве, так і грамадзянам пры фарміраванні сваіх страхавых гісторый»- расказала журналістам Святлана Барташ, член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах. 

У другім чытанні дэпутаты прынялі законапраект «Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай дзейнасці», які змяшчае шэраг навацый. У прыватнасці, прадугледжваецца надзяленне Мінсельгасхарча дадатковымі паўнамоцтвамі, у тым ліку ў частцы вызначэння пераліку ветэрынарных лекавых прэпаратаў, якія адпускаюцца па рэцэпце спецыяліста, устанаўлення парадку правядзення фармацэўтычных інспекцый месцаў вытворчасці ветпрэпаратаў і месцаў гандлю імі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.