Вы тут

У Мінску праходзіць Міжнародная канферэнцыя, прымеркаваная да 75-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі ААН аб папярэджанні генацыду і пакарання за яго


Што такое генацыд, беларускі народ ведае як ніхто іншы. Такога масавага вынішчэння людзей, якое ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўчынілі на нашай зямлі нацысты, не адчула ні адна краіна ў свеце. Па апошніх звестках, на тэрыторыі БССР было забіта не менш як тры мільёны мірных грамадзян і ваеннапалонных, не менш як 380 тысяч нашых землякоў фашысцкія ўлады сагналі ў рабства. У перыяд акупацыі ў Беларусі было праведзена не менш як 187 карных аперацый, створана мінімум 560 канцлагераў і лагераў смерці, поўнасцю або часткова былі спалены 11,7 тысячы населеных пунктаў. І гэта яшчэ не канчатковыя лічбы. У ходзе расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд устанаўліваюцца ўсё новыя і новыя факты, якія сведчаць, што маштаб трагедыі, якую ў гады акупацыі перанеслі беларусы, значна большы, чым лічылася раней. Наша краіна без перабольшання з’яўляецца суцэльнай брацкай магілай.


Праўдзівую інфармацыю аб лёсе беларусаў і Беларусі ў найбольш трагічны перыяд у сусветнай гісторыі прадставілі і міжнароднай грамадскасці — па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў Мінск прыехалі навукоўцы і эксперты з Расіі, Латвіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Ірана і Бразіліі. Усе яны ў сваіх краінах выступаюць супраць фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таму ім блізкая пазіцыя Беларусі па адстойванні гістарычнай праўды і захаванні памяці аб тых падзеях. У абмеркаванні, якое адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы, прынялі ўдзел і кіраўнікі дзяржаўных органаў, дэпутаты, прадстаўнікі экспертнай і навуковай супольнасці нашай краіны.

«Наш святы абавязак — расказваць праўду»

У верасні 2015 года Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый пастанавіла абвясціць 9 снежня Міжнародным днём памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства. Дата абрана невыпадкова — менавіта 9 снежня 1948 года ААН прыняла Канвенцыю аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. Нягледзячы на прыняты дакумент, ідэалогія многіх дзяржаў грунтуецца на нацысцкіх прынцыпах і перакананнях — у выніку ў ХХІ стагоддзі мы назіраем, як адраджаецца фашызм. Беларусы, расіяне, а таксама нашы партнёры з іншых краін, безумоўна, не могуць дапусціць гэтага.

«Лепш за нашага Прэзідэнта ніхто нічога не сказаў з гэтай нагоды: ідзе новы перадзел свету, экспансія на ўсход, новыя спробы захопу тэрыторый і рэсурсаў, нашчадкі фашыстаў паднялі галаву і патрабуюць рэваншу», — канстатаваў Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. У сваім дакладзе ён распавёў падрабязнасці расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Ён удакладніў, што гэта нестандартнае расследаванне, у якім шчыльна перапляліся пытанні крымінальна-прававой, гістарычнай і маральнай ацэнкі дзеянняў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых. Упершыню факты генацыду мірнага насельніцтва расследуюцца ў такім маштабе.

Аднак, як звярнуў увагу Андрэй Швед, у некаторых заходніх краінах наўмысна абяляюць нацыстаў і іх зверствы. «На нашых вачах у дзяржавах блізкага замежжа, якія, дарэчы, былі выратаваны ад поўнага знішчэння цаной жыцця сотняў тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, зносяць і разбураюць помнікі воінам-вызваліцелям, апаганьваюць іх магілы, — нагадаў кіраўнік ведамства. — Як і ў гады фашысцкай Германіі, у краінах Балтыі і ва Украіне сталі адкрыта вызнаваць крайні нацыяналізм і неанацызм, афіцыйна праводзіць маршы былых эсэсаўцаў, абмяжоўваць правы асобнай катэгорыі насельніцтва па нацыянальнай прыкмеце. Актыўна вядзецца прапаганда, накіраваная на апраўданне памагатых нацыстаў. Усё гэта — спробы перапісаць гісторыю і перакрэсліць подзвіг савецкага народа. Упэўнены, што правядзенне гэтай канферэнцыі будзе садзейнічаць устанаўленню і захаванню гістарычнай праўды».

Андрэй Швед прэзентаваў новае, трэцяе, выданне з серыі «Генацыд беларускага народа», падрыхтаванае Генеральнай пракуратурай — «Карныя аперацыі. Частка 1». У кнізе прадстаўлены новыя і раней невядомыя шырокай грамадскасці матэрыялы аб планаванні і рэалізацыі нацысцкай Германіяй палітыкі генацыду беларускага народа шляхам правядзення масавых карных аперацый.

«Захаванне памяці — пытанне нацыянальнай бяспекі»

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка адзначыў: «Мацней за любую перасцярогу для нас, беларусаў, для грамадзян постсавецкіх рэспублік, гучаць званы Хатыні, магільная цішыня Трасцянца, Масюкоўшчыны, Броннай Гары, Дальвы. Каля 200 беларускіх вёсак былі спалены дашчэнту разам з жыхарамі, уключаючы жанчын і немаўлят. Прайшло больш чым 80 гадоў, але мы памятаем, як уся наша краіна ў перыяд акупацыі ператварылася ў калектыўны канцлагер».

«Калабаранты і здраднікі таго часу называлі садзейнічанне нацысцкаму рэжыму барацьбой за незалежнасць, — нагадаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Ці магчымы кампраміс паміж тымі, хто лічыць сябе пераемнікам пераможцаў, і тымі, хто прайграў? Наўрад ці. 

Сучасныя адэпты ідэалогіі нацызму, у якой бы яны краіне ні жылі, будуць любымі спосабамі дыскрэдытаваць гісторыю вялікага подзвігу савецкага народа. Гэта інфармацыйна-ідэалагічнае супрацьстаянне мы называем вайной сэнсаў. Выстаяць і перамагчы ў ёй — для нас азначае прадухіліць новую татальную вайну. Таму трэба заўсёды памятаць самім і нагадваць сваім апанентам аб ахвярах фашызму».

Важна як мага больш расказваць пра герояў, якія спынілі германскую машыну смерці, бо менавіта памяць робіць народ моцным. «Захаванне гэтай памяці — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі дзяржаў і народаў, якія з’яўляюцца нашчадкамі пераможцаў», — патлумачыў Ігар Сергеенка.

Стратэгія самазахавання краіны і частка нацыянальнай ідэі

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч выказаў занепакоенасць тым, што ў многіх краінах свету з’яўляюцца новыя паслядоўнікі агрэсіўных ідэалогій. Па яго словах, суседзі Беларусі фармальна дэкларуюць прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям, а на справе забываюць гераічнае мінулае сваіх бацькоў і дзядоў, а таксама спаборнічаюць у варварстве і вандалізме, знішчаючы помнікі і манументы воінам-вызваліцелям. У медыяпрасторы адбываецца маніпуляванне агульнавядомымі фактамі, што прыводзіць да перафарматавання свядомасці грамадства, паслаблення патрыятычных пачуццяў, дэвальвацыі маральных каштоўнасцяў. Усё больш актыўна распаўсюджваюцца заклікі адмовіцца ад нацыянальнай ідэнтычнасці, пры гэтым найбольш жорсткая барацьба вядзецца за розум маладых людзей.

На гэтым фоне ў Беларусі беражліва ставяцца да свайго мінулага, ганарацца подзвігамі пакалення пераможцаў, ушаноўваюць памяць аб загінулых. «У абноўленай Канстытуцыі краіны замацавана важнае палажэнне аб тым, што захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым нашага народа і патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Беларусі, — нагадаў дзяржсакратар Савета бяспекі. — Чырвонай ніткай праходзяць гэтыя каштоўнасці і ў новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, з’яўляючыся адным з асноўных нацыянальных інтарэсаў. Паслядоўнае прасоўванне дзяржаўнай гістарычнай палітыкі будзе і ў далейшым нашым прыярытэтам, стратэгіяй самазахавання нашай краіны».

Як падкрэсліў міністр абароны Віктар Хрэнін, у Беларусі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца часткай нацыянальнай ідэі, фундаментам дзяржаўнасці і грамадзянскай згоды. «У нашым грамадстве няма месца калабарацыяністам, праяве нацыяналізму і ксенафобіі, — акцэнтаваў увагу кіраўнік абароннага ведамства. — Гэта выпакутаваны беларусамі пастулат».

Невыпадкова ў нашай краіне рэалізоўваюцца дзяржаўныя праграмы па ўвекавечанні памяці загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войн. «На дзяржаўным уліку знаходзіцца каля 8 тысяч воінскіх пахаванняў, у якіх ляжаць астанкі больш як 2 мільёнаў загінулых, — удакладніў Віктар Хрэнін. — У Беларусі афіцыйна прызнаны генацыд беларускага народа, учынены нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя і многія іншыя меры накіраваны на выхаванне ў нашых грамадзян, перш за ўсё моладзі, патрыятызму і шанавання подзвігу савецкага народа. Далейшае ўзмацненне дзейнасці дзяржавы па захаванні гістарычнай памяці і аб’яднанне намаганняў прагрэсіўных сіл чалавецтва па супрацьдзеянні распаўсюджвання самых антыгуманных і бесчалавечных ідэалогій і практык дасць магчымасць прадухіліць новую сусветную катастрофу».

«Шмат людзей, якія не ведаюць праўды»

Па відэа-канферэнц-сувязі да абмеркавання найважнейшых пытанняў, звязаных з адстойваннем і захаваннем гістарычнай памяці, далучыліся Генеральны пракурор Расійскай Федэрацыі Ігар Красноў, старшыня Расійскага гістарычнага таварыства Сяргей Нарышкін, прывітальнае слова ўдзельнікам канферэнцыі даслаў генеральны пракурор Вярхоўнай народнай пракуратуры КНР Ін Юн.

Па меркаванні Генеральнага пракурора Расіі Ігара Краснова, перад сусветнай супольнасцю стаіць няпростая і вельмі важная задача — для захавання міжнароднай памяці аб ахвярах нацызму фарміраваць кансалідаваную прававую пазіцыю ў ацэнцы злачынстваў нацыстаў і іх сучасных паслядоўнікаў. «Неабходна рашуча спыняць любыя спробы адраджэння радыкальных нацыяналістычных ідэалогій у сучасным грамадстве, — перакананы ён. — Той факт, што генацыд — гэта злачынства, сёння відавочны для большасці людзей. Аднак ён не пераможаны».

Намеснік старшыні нямецкай партыі «Дойчэ Мітэ» Олівер Шнэеман асабіста сутыкнуўся з фальсіфікацыяй гісторыі. Калі ён апублікаваў у «Вікіпедыі» артыкул беларускага аўтара, які распавядае аб генацыдзе нашага народа ў перыяд нямецкай акупацыі, то літаральна праз дзве хвіліны ён быў выдалены. «Вакол мяне вельмі шмат людзей, якія не ведаюць праўды, і я імкнуся данесці яе сваімі сіламі, — паведаміў ён. — На жаль, нават сам факт генацыду беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны для немцаў ахінуты таямніцай. Аб такіх падзеях у Германіі ніхто не ведае. Упэўнены, што мае намаганні дапамогуць згуртаваць нямецкі і беларускі народы для лепшай будучыні».

На палях канферэнцыі старшыня Інстытута ваеннай спадчыны (Літва) Юрыус Тракшаліс прэзентаваў выпушчаныя на дадзены момант дзесяць тамоў серыі «Кніга памяці. Еўропа». Фундаментальная праца ўтрымлівае дакументы ваеннага перыяду, тапаграфічныя карты, узнагародныя дакументы на Герояў Савецкага Саюза, інфармацыю аб пахаваннях савецкіх воінаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў. Замежны госць з жалем адзначыў, што 70% помнікаў, якія адлюстраваны ў трох кнігах (па Латвіі, Літве і Эстоніі), ужо не існуе: іх знішчылі. «Калі мы даведаліся, што Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 2022 год названы Годам гістарычнай памяці, для нас было зразумела, што трэба пераходзіць да работы на тэрыторыі Беларусі», — паведаміў Юрыус Тракшаліс. У выніку падрыхтаваны кнігі памяці па Гомельскай і Віцебскай абласцях, завяршаецца работа над кнігай па Магілёўшчыне.

Старшыня польскай палітычнай партыі «Фронт» Кшыштаў ТАЛВІНСКІ нагадаў, што палякі, як і кожны славянскі народ, пацярпелі ад фашызму. «Аднак, нягледзячы на гэта, мы не шануем гістарычную памяць, не выступаем супраць яе перапісвання, — заўважыў ён. — З-за палітычных поглядаў у Рэспубліцы Польшча адбываецца сціранне подзвігу Савецкага Саюза ў перамозе над фашызмам. Нядаўна прэзідэнт Польшчы выступаў на 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН і сцвярджаў, што самы вялікі ўклад у барацьбу з нацызмам унеслі ЗША. Пры гэтым прэзідэнт Рэспублікі Польшча — чалавек высокаадукаваны, доктар навук, і немагчыма, каб ён не ведаў сапраўдную інфармацыю. Гэта ў чыстым выглядзе маніпуляцыя грамадскай думкай».

Кшыштаў Талвінскі ўдакладніў: «Польскі ўрад, польскі прэзідэнт, наш сейм падпарадкоўваюцца ЗША, не маюць палітычнага суверэнітэту. Мы знаходзімся ў ролі інструмента, які выкарыстоўваюць у тым кірунку, якога мы самі яшчэ не разумеем. Думаю, калі так будзе працягвацца, то наступны канфлікт, які мы цяпер назіраем ва Украіне, можа быць на нашай тэрыторыі. Таму кожны палітычна суверэнны народ, з палітычна суверэннай уладай — такой, як у Рэспубліцы Беларусь, — для Польшчы, меркаваннем якой маніпулююць, пачынае ўяўляць пагрозу. І дзякуй богу, такая пазіцыя палітычнай улады Беларусі перашкаджае толькі польскаму кіраўніцтву, а не польскаму народу».

У рамках міжнароднай канферэнцыі яе ўдзельнікі, у тым ліку прадстаўнікі іншых дзяржаў, наведалі мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Трасцянец». Хочацца верыць, што цяпер яны маюць поўнае ўяўленне аб зверствах нацыстаў і іх памагатых на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны і будуць працягваць даносіць праўду да тых, хто яе хоча чуць.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.