Вы тут

Майстар хлебнага мастацтва


Фармоўшчык цеста хлебабулачнага ўчастка філіяла Аршанскі хлебазавод ААТ «Віцебскхлебпрам» Марына Марозава заваявала залаты медаль на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва — 2023, які праходзіў у рамках 8-га Міжнароднага хлебнага салона ў Мінску.


Але сёлетняя перамога жанчыны — не адзіная за гады на хлебазаводзе. Майстар з Оршы пакарыла не толькі беларускае, але і замежнае журы сваім уменнем пераўтвараць муку і ваду ў мастацкія творы. 

У 2018 годзе Марына Марозава ўдзельнічала ў міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва, які праходзіў у рамках выставы Expo sweet-2018 у Варшаве. У конкурсе за мяжой фармоўшчык удзельнічала ўпершыню, яе работа з цеста «Згублены свет» была адзначана сярэбраным медалём.

У 2020 годзе Марына Марозава ўдзельнічала ва Усесусветнай кулінарнай алімпіядзе ў нямецкім горадзе Штутгарце, такое кулінарнае спаборніцтва праходзіць раз у чатыры гады, тады ў ім удзельнічала каля дзвюх тысяч кандытараў з усяго свету. Работа жанчыны з салёнага цеста «У пошуках прыгод» была адзначана «бронзай».

У 2021 годзе Аршанскі хлебазавод вярнуўся з 27-й Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставы-кірмашу «Прадэкспа-2021» з узнагародамі. На чэмпіянаце кандытарскага мастацтва жанчына прадставіла работу з цеста «Марскі воўк», за што атрымала залаты медаль. У скарбонцы вопытнага фармоўшчыка ёсць і грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Увогуле, цяжка пералічыць усе ўзнагароды аршанкі, бо амаль кожны год Марына Марозава становіцца прызёрам разнастайных кулінарных конкурсаў нацыянальнага і міжнароднага маштабу. Па словах начальніка лабараторыі Аршанскага хлебазавода Алены Кутузавай, спецыялісты традыцыйна бяруць удзел у выставах і конкурсах, што з’яўляецца выдатным стымулам для самаўдасканалення і павышэння прафесійнага ўзроўню. «Мы падтрымліваем творчы энтузіязм моладзі, а кандытары і хлебапёкі, імкнучыся да перамогі, павышаюць прэстыж прадпрыемства», — падкрэсліла Алена Кутузава.

Мастацкая работа «Захавальнік лесу», якая стала пераможцам, выраблялася два тыдні. Фантазіі шмат, але час быў абмежаваны. Майстар імкнулася скрупулёзна перадаць дэталі, карані, грыбы, лісце і іншыя элементы вобраза, без якіх гэты шэдэўр з цеста быў бы не такім захапляльным. Разглядаючы хлебны твор дэталёва, не верыцца, што ўсе яго элементы зроблены з цеста, а гэта — сур’ёзная ювелірная работа Марыны. Казачны лесавік у шляпе, які ганарліва сядзіць на пні, адразу пакарыў журы.

«Адна справа — за кароткі тэрмін вырабіць усе дробныя дэталі, з якіх складаецца агульны вобраз, другая — падабраць правільныя фарбавальнікі, прапрацаваць цені, маршчыны і вочы цэнтральнага персанажа. У гэты момант адчуваеш сябе сапраўдным мастаком, а твой твор літаральна ажывае, таму і прыцягвае ўвагу», — дзеліцца сакрэтамі фармоўшчык.

Імя Марыны Марозавай залатымі літарамі ўжо ўпісана ў гісторыю Аршанскага хлебазавода, як і кандытара Наталлі Самбук. Гэты жаночы тандэм прадстаўляе Аршаншчыну на ўсіх кулінарных спаборніцтвах, прывозячы высокія ўзнагароды. Такія апантаныя, натхнёныя людзі з’яўляюцца галоўнай каштоўнасцю любой вытворчасці.

Адметна, што на выставе-кірмашы «Прадэкспа-2023» у рамках Рэспубліканскага агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката» ў намінацыі «Хлеб з жытняй або сумесі жытняй і пшанічнай мукі» Гран-пры атрымалі аршанскія хлябы «Хлеб^ОК» аржаны з водарам мёду, «Хлеб^ОК» аржаны з кунжутам і «Хлеб^ОК» аржаны духмяны. 

У іншых намінацыях Гран-пры атрымала печыва «Любімае з макам», залатымі медалямі адзначаны булка «Маладзецкая» і торт «Салёная карамель».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.