Вы тут

Аб буднях студатрада «Эўрыка» расказала яго камісар Дар’я Яцкевіч


Студэнцкі атрад «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза В. І. Еранько Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай не першы год утрымлівае званне найлепшага студэнцкага атрада краіны. Сёлета полацкія байцы зноў пацвердзілі сваё ганаровае званне, стаўшы найлепшым студэнцкім атрадам, які працаваў на аб’екце будаўніцтва, якому прысвоены статус Усебеларускай або абласной маладзёжнай будоўлі. Аб буднях «Эўрыкі» «Чырвонцы. Чырвонай змене» расказала камісар атрада Дар’я Яцкевіч.


Дзяўчына, дарэчы, другі год запар атрымлівае званне найлепшага камісара на рэспубліканскім узроўні. Пяцікурсніца інжынерна-будаўнічага факультэта ПДУ праводзіць у байцоўцы апошні год, за плячыма — тры адпрацаваныя летнія сезоны на беларускіх і расійскіх аб’ектах, а яшчэ цвёрдая ўпэўненасць у тым, што студэнцкі рух як нельга ўдала вучыць каманднай рабоце і дапамагае знайсці сяброў на доўгія гады.

Даша трапіла ў «Эўрыку» на другім курсе дзякуючы знаёмствам з ужо бывалымі «ветэранамі» студатрадаўскага руху. Пачала ўлівацца ў каманду, а пасля заняла пост камісара і застаецца на пасадзе дагэтуль. І гэты пост — не проста фармальнасць, яна адказвае за ўнутраны расклад атрада, за падрыхтоўку да конкурсаў і арганізацыю актыўнага адпачынку.

У складзе «Эўрыкі» 15 студэнтаў з розных факультэтаў універсітэта. З цягам часу адбор у каманду станавіўся больш складаным і пільным, бо атрад, які сёмы год запар стаў найлепшым у краіне, імкнецца і далей несці дасягнутае за доўгія гады званне. На кастынгах у атрад будаўнічага кірунку адбіраюць не толькі па фізічных здольнасцях, але і па творчых і спартыўных. Акрамя работы на аб’ектах у летні перыяд байцы цэлы год змагаюцца ў розных конкурсах, набіраюць балы, якія становяцца вырашальнымі ў фінальным падвядзенні вынікаў, таму тут і «дастаюць з рукавоў козыры»: вакал, харэаграфію, валоданне музычнымі інструментамі, фізічную падрыхтоўку. Зімовай парой члены «Эўрыкі» працоўным дэсантам высаджваюцца на Гомельшчыне, дапамагаюць пажылым людзям, займаюцца з дзецьмі.

Асаблівым гонарам лічаць удзел у будаўніцтве аб’ектаў касмадрома Усходні, што знаходзіцца ў горадзе Цыялкоўскі Амурскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Свой першы вопыт на будоўлі за межамі краіны моладзь атрымала ўжо ў мінулым годзе, эмоцыі былі вельмі яркімі. У жніўні 2022 года полацкія студатрадаўцы былі задзейнічаны на будаўніцтве кватэр для работнікаў касмадрома, метэастанцыі. А сёлета вярнуліся на аб’ект зноў, прымалі ўдзел у добраўпарадкаванні стартавага корпуса «Ангара», з якога ў будучым тут плануюць запускаць ракеты.

«Калі мы вярнуліся сюды на другі год, эмоцыі ад аб’ёмаў праробленага зашкальвалі. Прыемна бачыць, як вырас горад і аб’екты касмадрома, усведамляць, што да гэтага мы, беларускія студэнты, таксама прыклалі руку. Гэта вялікі гонар і вельмі карысны вопыт. Нягледзячы на тое, што былі пэўныя праблемы са зменай клімату, гадзіннага поясу, гэты месяц пакінуў у мяне і таварышаў толькі цёплыя ўспаміны», — дзеліцца ўражаннямі Дар’я.

Ёсць у летапісе атрада яшчэ адна, больш важная, старонка: работа на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі — Беларускай атамнай станцыі. У Астраўцы члены студатрада працуюць з 2014 года, «ветэраны» студатрадаўскага руху памятаюць, як укладвалі плітку. Цяперашняе пакаленне байцоў з Полацка прымала ўдзел у будаўніцтве жыллёвага фонду, маладзёжнага цэнтра, добраўпарадкаванні тэрыторыі АЭС. «Я працавала на аб’екце з 2021 года, у верасні бягучага года мы завяршылі работу, і шмат чаго змянілася, у прыватнасці горад і сама станцыя. Калі параўноўваць адчуванні ад АЭС і касмадрома, то першае ўсё ж такі адгукаецца ў сэрцы мацней. Гэта сваё, роднае, таму перапаўняе гонар за дасягненні беларусаў, што дае нагоду яшчэ больш любіць сваю краіну і яе людзей», — расказвае камісар атрада.

Сёмы год запар «Эўрыка» становіцца найлепшым студатрадам, а ў агульнай колькасці цэлых дзевяць разоў байцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта былі ўшанаваны гэтым званнем, атрымліваючы пераходны сцяг. Адзін такі сімвал ужо застаўся ва ўніверсітэце назаўсёды, цяперашнія студатрадаўцы імкнуцца пакінуць у альма-матар і другі сцяг як сімвал адзінства і моцнага каманднага духу, без якіх атрад не змог бы дасягнуць такіх вяршынь.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва атрада

Загаловак у газеце: «Эўрыка»: Ад АЭС да касмадрома

Выбар рэдакцыі

Грамадства

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Подзвіг байцоў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі.

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.