Вы тут

Назвалі пераможцаў конкурсу «Валанцёр года — Добрае Сэрца — 2023»


Пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года — Добрае Сэрца — 2023» назвалі напярэдадні Міжнароднага дня добраахвотніка. У Мінску каля навагодняй ёлкі гандлёвага цэнтра «Сталіца» прайшла ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання найлепшых з іх.


Конкурс праходзіў з 1 кастрычніка да 24 лістапада ў тры туры: раённы, рэгіянальны, рэспубліканскі. Саюз моладзі даў магчымасць удзелу ў праекце валанцёрам руху БРСМ «Добрае Сэрца» з усіх куткоў Беларусі ў розных узроставых катэгорыях (навучэнская, студэнцкая, працоўная моладзь у індывідуальных намінацыях, валанцёрскія атрады — у камандных намінацыях).

Аргкамітэт разгледзеў 113 конкурсных работ, якія паступілі на рэспубліканскі тур конкурсу, і вызначыў пераможцаў. У склад экспертнага журы ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, ЦК БРСМ, Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Беларускага Чырвонага Крыжа, а таксама Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра.

Так, у намінацыях «Асабісты ўклад» перамогу ў рэспубліканскім конкурсе атрымалі: Вераніка Тычына (сярэдняя школа № 13 Слуцка), Кірыл Парфенцьеў (Слуцкі дзяржаўны індустрыяльны каледж), Дзіяна Гарыслаўская (Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт), Цімафей Караневіч (ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынга «БМК»).

У намінацыі «Найлепшы валанцёрскі атрад» — валанцёрскія атрады «Цяпло сэрцаў» (сярэдняя школа № 14 Маладзечна), «Зорка» (сярэдняя школа № 9 Оршы), «3 Д» (Добрушскі дзяржаўны політэхнічны каледж) і «Ад сэрца да сэрца» (Беларуска-Расійскі ўніверсітэт).

Акрамя таго, пераможцамі ў намінацыі «Дабро ў кадры» сталі Мікіта Місцюк (сярэдняя школа № 35 імя М. А. Волкава Гродна) і Уладзіслаў Белавус (Жамчужанская сярэдняя школа Баранавіцкага раёна), а таксама ў намінацыі «Найлепшая распрацоўка «роўны навучае роўнага» — Настасся Чубан (Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка).

Сёлета перамогу ў спецыяльнай намінацыі «Сэрца на далоні» падзялілі валанцёры Ангеліна Сільвановіч (Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) і Кацярына Леўкавец (Сацыяльна-гуманітарны каледж УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова»).

Акрамя асноўных намінацый, заслужаныя падзякі за самаадданую працу і асабісты ўклад уручылі найлепшым валанцёрам ІІ Гульняў краін СНД — іх атрымалі васьмёра добраахвотнікаў.

Нагадаем, валанцёрскі рух БРСМ «Добрае Сэрца» — адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці Саюза моладзі.

Ён аб’ядноўвае па ўсёй краіне 33 957 юнакоў і дзяўчат у 2047 валанцёрскіх атрадах. А галоўная задача конкурсу, арганізатарам якога выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, — папулярызацыя і развіццё ў краіне валанцёрскага руху, павышэнне статусу добраахвотніка, выяўленне і заахвочванне лідараў руху, якія праводзяць грамадскую і сацыяльна значную дзейнасць.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Імя ім — добрыя сэрцы!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.