Вы тут

Аляксандр Жук: Вы тут і цяпер фарміруеце свае лідарскія якасці


«Што б вы сказалі сабе, студэнту, калі б змаглі на машыне часу вярнуцца ў мінулае?» — запыталіся студэнты ў рэктара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Аляксандра Жука. Сустрэча кіраўніка ВНУ са студэнцкім актывам сабрала лідараў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, Студэнцкага савета БДПУ, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, маладзёжнага крыла Беларускага саюза жанчын, старастаў вучэбных груп, цьютараў, валанцёраў, байцоў студэнцкіх атрадаў, удзельнікаў «Зорных паходаў»...


У сваім уступным слове рэктар расказаў пра тое, як развіваецца ўніверсітэт, які мае статус вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны і рыхтуецца ў наступным годзе адзначыць сваё 110-годдзе.

Планаваць і мысліць стратэгічна

— Ганароваму статусу трэба адпавядаць. Неабходна штодня сваімі справамі пацвярджаць права быць вядучай педагагічнай ВНУ — сваімі поспехамі і дасягненнямі ў вучэбнай, навуковай, спартыўнай, культурнай, творчай, валанцёрскай і працоўнай дзейнасці, — падкрэсліў, звяртаючыся да студэнтаў, Аляксандр Жук. — Мы — адзіная ВНУ ў краіне, узнагароджаная прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Так высока былі ацэнены развіццё і папулярызацыя валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі ў нашай ВНУ. Пагадзіцеся, што актыўны ўдзел будучых педагогаў у валанцёрскай дзейнасці спрыяе фарміраванню ў іх не толькі прафесійных кампетэнцый, але і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, развіццю духоўна-маральных і гуманістычных каштоўнасцяў, засваенню найважнейшага сацыяльнага досведу.

БДПУ паспяхова вырашае задачу якаснай падрыхтоўкі сучасных педагогаў для нацыянальнай сістэмы адукацыі. І не толькі: у нашай ВНУ навучаюцца і 800 замежных студэнтаў... Мы ініцыявалі важны праект, які быў падтрыманы на рэспубліканскім узроўні — па стварэнні ва ўсіх рэгіёнах «Бацькоўскіх універсітэтаў». Школа і сям’я павінны займацца выхаваннем дзіцяці ў тандэме. Бо калі настаўнік кажа і транслюе дзецям на занятках і па-за ўрокамі адны каштоўнасці, а дома дзеці чуюць і адчуваюць іншае, то пра якое выхаванне можа весціся гаворка?

«Прафесія педагога ўнікальная. Устойлівая будучыня забяспечваецца якаснай, самаадданай і адказнай работай кожнага з нас. Гэта не высокія словы, а рэчаіснасць, — разважае Аляксандр Жук. — Работа настаўніка патрабуе стрэсаўстойлівасці і псіхалагічнай падрыхтоўкі. Невыпадкова мы стварылі па ўсёй краіне сетку з 800 педагагічных класаў, бо клапоцімся пра тое, каб да нас ва ўніверсітэт прыходзілі матываваныя абітурыенты, ужо знаёмыя з педагогікай.

Усе, хто сабраўся ў гэтай зале, больш чым проста будучыя педагогі. Вы тут і цяпер фарміруеце тыя лідарскія якасці, якія дазволяць вам у будучыні быць не толькі настаўнікамі, але і займаць пасады дырэктараў устаноў адукацыі, іх намеснікаў. Гэта ўменне працаваць у камандзе, планаваць і мысліць стратэгічна, гатоўнасць прымаць хуткія рашэнні, нестандартнасць, уменне выходзіць за рамкі, крэатыўнасць, эмпатыя…

Многія нашы выпускнікі, якія прайшлі школу грамадскай актыўнасці, пазней праявілі сябе ўжо як кіраўнікі на самым высокім узроўні. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран — выпускнік факультэта пачатковай адукацыі педуніверсітэта. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка — таксама выпускнік нашага гістарычнага факультэта. Да гэтага ён быў міністрам адукацыі, намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, прарэктарам БДПУ. Гэтыя прыклады — сведчанне таго, што педагагічная адукацыя забяспечвае вельмі рознабаковае фарміраванне асобы».

Не апускаць для сябе планку

Адказваючы на пытанне пра вандроўку ў часе, Аляксандр Жук зазірнуў у сваё дзяцінства і расказаў, што выбіраючы прафесію і месца вучобы пасля школы, ён стаяў перад дылемай — аддаць перавагу тэхніцы або матэматыцы.

— Мой бацька быў кіроўцам, таму я з пяці-шасці гадоў часта сядзеў у кабіне яго машыны і імітаваў паездку за рулём. Любоў да тэхнікі прайшла праз усе школьныя гады. З іншага боку, дзякуючы сваёй настаўніцы матэматыкі Людміле Аляксандраўне Жукавай, я палюбіў дакладныя навукі. Першы варыянт быў звязаць свой лёс з аўтатэхнікай і пайсці на аўтатрактарны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер гэта БНТУ). Другі — механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэты бок я ў выніку і схіліўся, хоць падказаць мне на той момант не было каму.

Паколькі быў залатым медалістам, то замест чатырох экзаменаў здаваў адзін вусны — па матэматыцы. Шчыра кажу, гэта быў няпросты экзамен, дзе трэба было прадэманстраваць вельмі важнае ўменне — даказваць тэарэмы. Гэта тое, чаго не хапае сённяшнім выпускнікам школ. А для матэматыкаў логіка і доказ — краевугольны камень.

Першакурснікі мяне зразумеюць, што калі ва ўніверсітэце пачынаецца вышэйшая матэматыка — вучыцца вельмі няпроста. Галоўнае — нічога не прапускаць, не расслабляцца, каб не прыйшлося даганяць. А потым становіцца лягчэй. Таму я і прашу дэканаў, студэнтаў-цьютараў дапамагчы нашым навабранцам адаптавацца да адукацыйнага працэсу. Універсітэт усё ж такі не школа... А калі ты пачынаеш добра вучыцца, то потым становіцца проста няёмка нават самаму перад сабой апускаць гэту планку. Вы ж ведаеце, што з пэўнага часу заліковая кніжка пачынае працаваць на рэпутацыю студэнта. Дык вось я б сёння сказаў сабе, першакурсніку, што трэба шмат працаваць. Калі будзеш працаваць, то будзе і вынік. Цяпер я гэта ведаю дакладна... І сёння, і заўтра будуць цаніцца прафесіяналізм, таму, чым бы вы ні займаліся, рабіце ўсё так, каб вам не было сорамна.

Якой бачыцца школа будучыні

Трэба заўважыць, што на механіка-матэматычным факультэце былі два патокі — навукова-вытворчы і навукова-педагагічны. Аляксандр Жук абраў апошні. Некаторы час ён працаваў у БДУ выкладчыкам, потым паступіў у аспірантуру педінстытута, пісаў кандыдацкую дысертацыю па методыцы выкладання матэматыкі. Затым вярнуўся ў альма-матар. Ствараў Ліцэй БДУ — навучальную ўстанову новага тыпу, быў першым яго дырэктарам. 

Гэта быў вельмі цікавы час, калі ўсё рабілася з нуля. Не было будынка для ліцэя, настаўнікаў, навучэнцаў... А сёння Ліцэй БДУ — шматпрофільная паспяховая навучальная ўстанова, вядомая на ўсю краіну. Потым ён быў рэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (цяпер АПА). Абараніў доктарскую. Быў прарэктарам БДУ. 13 гадоў працаваў першым намеснікам міністра адукацыі. А з 2014 года ўзначальвае БДПУ.

«А якой вы бачыце школу будучыні?» — пацікавіліся студэнты ў свайго рэктара.

— Ключавой фігурай у ёй усё роўна застанецца педагог, — упэўнена адказаў Аляксандр Жук. — У Расіі Агенцтва стратэгічных ініцыятыў дзесяць гадоў таму распрацавала Атлас прафесій будучыні. У сферы адукацыі там фігуравалі, напрыклад, такія як гульнявы майстар, цьютар, медыятар, арганізатар праектнага навучання, распрацоўшчык адукацыйных траекторый, экапрапаведнік. У той час здавалася, што гэта справа далёкай будучыні. Але вы ва ўніверсітэце ўжо асвойваеце ўсе гэтыя ролі. Мы не будзем называць іх новымі педагагічнымі прафесіямі. Так, развіццё тэхналогій мяняе нашы ўяўленні аб спосабах атрымання ведаў і прымушае сур’ёзна пераасэнсаваць звыклы падыход да навучальнага працэсу. Новыя тэхналогіі дазваляюць індывідуалізаваць адукацыйны працэс. Цяпер працэс навучання дастаткова лёгка адаптуецца да запытаў канкрэтнага вучня і яго асаблівасцяў.

Мы маем справу з пакаленнем, якое думае па-іншаму і па-іншаму ўспрымае інфармацыю. Жывём у лічбавым свеце, і ўсе новыя рэсурсы будуць у дапамогу педагогу, але ніякі штучны інтэлект настаўніка не заменіць. Выхаваўчы працэс не паддаецца алгарытмізацыі і камп’ютарызацыі. Усё гэта застанецца за педагогам…

«А якой, па вашым меркаванні, павінна быць сучасная лекцыя, адрасаваная будучым педагогам?» — працягвала цікавіцца студэнцкая моладзь.

— Маналагічныя лекцыі сыходзяць у мінулае, лекцыі пад дыктоўку — гэта ўжо нават не ўчарашні дзень, — падзяліўся сваім бачаннем Аляксандр Жук. — Сёння мы выкарыстоўваем інтэрактыў, дадатковую рэальнасць, электронныя рэсурсы, распрацаваныя нашымі выкладчыкамі. Дарэчы, пандэмія каранавіруса стала для нас добрым штуршком. Увогуле, місія выкладчыка змянілася. У новых стандартах мы скарацілі колькасць лекцыйных заняткаў. Задача выкладчыка — даць мінімальную інфармацыю, але падаць яе праблемна, каб нацэліць студэнтаў на самастойны пошук дадатковай інфармацыі. Веды нельга даць, іх можна толькі ўзяць. І менавіта выкладчык матывуе сваіх студэнтаў на пошук патрэбных ведаў.

Уклад ва ўласнае развіццё

Закранулі студэнты і тэму навукі. Як не памыліцца з выбарам перспектыўнага кірунку ў навуковай дзейнасці?

— Вы павінны разумець, што педагог павінен быць даследчыкам, — адказаў рэктар. — Яму неабходна пастаянна вывучаць адукацыйную сітуацыю ў сваім класе, прычыны непаспяховасці вучняў, што неабходна зрабіць, каб выправіць становішча. Вось чаму мы вялікую ўвагу ўдзяляем падчас падрыхтоўкі будучых настаўнікаў даследчай рабоце, пачынаючы літаральна з першага курса. У нашым універсітэце дзейнічаюць 40 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Канешне, у выбары тэмы вялікую ролю адыгрывае навуковы кіраўнік. Таму вельмі важна знайсці свайго навуковага кіраўніка! Чаму мы вярнулі для ўсіх дыпломныя работы на выхадзе з універсітэта? Каб на момант заканчэння першай ступені вышэйшай адукацыі вы разумелі, што такое даследчая работа.

Ва ўніверсітэце распрацавалі поле для псіхолага-педагагічных даследаванняў, яно мае 17 кірункаў па ключавых пытаннях развіцця псіхолага-педагагічных навук: гэта і асаблівасці мыслення прадстаўнікоў лічбавага пакалення, інклюзія, профільнае навучанне і гэтак далей. Але майце на ўвазе, што калі гісторыкам дастаткова пасядзець у архіве, каб напісаць навуковую працу, то ў педагогіцы ўсё нашмат складаней — патрабуецца аўдыторыя для правядзення эксперымента: школьнікі, навучэнцы, студэнты…

Падводзячы вынікі сустрэчы са студэнцкім актывам, Аляксандр Жук падкрэсліў, што ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта — неабходны элемент падрыхтоўкі прафесіянала. «Той, хто кажа, што грамадская работа адцягвае ўвагу ад вучобы, не мае рацыі. Кожны настаўнік, які заходзіць у клас, гэта і арганізатар, і чалавек, які павінен валодаць навыкамі кіраўніцкай дзейнасці. Што такое работа важатага ў аздараўленчым лагеры? Гэта работа 24 гадзіны сем дзён у тыдзень. Работа з дзецьмі, іх бацькамі, работа вельмі няпростая. Жыццё пастаянна падкідвае шмат педагагічных задач, на якія трэба граматна рэагаваць, і рабіць гэта трэба хутка. Калі яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце вы займаецеся і грамадскай актыўнасцю, то робіце важны ўклад ва ўласнае развіццё. Пастарайцеся ўзяць максімум ад студэнцкіх гадоў, — параіў моладзі рэктар. — Я заўсёды падтрымліваў актывістаў. Прыходзьце са сваімі праектамі, падказвайце. Наш універсітэт — адна вялікая каманда. А калі ты ў камандзе, можаш зрабіць значна больш...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДПУ

Загаловак у газеце: Школа лідарства для будучага педагога

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.