Вы тут

Пяціборка Марыя Гнедчык: Іншыя спартсмены займаюцца адным і тым жа, а мне пашанцавала


Фехтаванне, плаванне, язда на кані (сярод спецыялістаў — канкур), бег і стральба — кожны з гэтых відаў спорту патрабуе шмат часу і сіл. Але ёсць людзі, якім па сілах іх аб’яднаць. Сучаснае пяціборства — спорт унікальны. А людзі, якія ім займаюцца, — увасабленне моцы і мужнасці. Нават калі гэта маладыя далікатныя дзяўчаты з эфектнымі малінавымі валасамі. Марыі Гнедчык няма яшчэ і 20 гадоў, але яна ўжо зарэкамендавала сябе як моцная пяціборка. І пацвердзіла гэта на ІІ Гульнях краін СНД, якія прайшлі сёлета ў Беларусі. Марыя стала чэмпіёнкай у асабістым і камандным заліках, а таксама ў жаночай эстафеце. І гэта зусім не адзінкавы трыумф маладой спартсменкі. Зрэшты, калі прыняць да ўвагі, што мама Марыі — майстар спорту СССР па лёгкай атлетыцы, а тата — па вольнай барацьбе і ўся сям’я жыве спортам, то і дзівіцца няма чаму. Але ўсё ж...

Пра тое, як жыць спортам, пераносіць залімітавыя нагрузкі і пры гэтым заўсёды заставацца на пазітыве, суразмоўніца расказала ў інтэрв’ю.


— Марыя, гэта праўда, што твая спартыўная кар’ера пачалася з лыж?

— Можна і так сказаць. Адным цудоўным зімовым днём я ўбачыла па тэлевізары спаборніцтвы па біятлоне. І мяне як маланкай ударыла: хачу навучыцца катацца на лыжах. Мама не пярэчыла, бо ўсе мае захапленні і ідэі заўсёды падтрымлівае. Яна лёгкаатлетка, мусіць, меркавалася, што я буду займацца гэтым жа. Але сваёй думкі мне не навязвала. Знайшоўся і цудоўны трэнер, мне вельмі падабалася атмасфера ў групе, трэніроўкі былі вельмі цікавымі. Я каталася на лыжах, удзельнічала і нават перамагала ў «Снежным снайперы», спартакіядах школьнікаў, першынствах краіны. Недзе перамагала, недзе была другая. Дзяцінства наогул было вельмі спартыўным, і, акрамя лыж, я яшчэ і кросы бегала.

— І ў які момант у жыцці з’явілася сучаснае пяціборства?

— Мама як сапраўдны спартыўны менеджар пастаянна маніторыць цікавыя спаборніцтвы. У 2016 годзе яна заявіла мяне і брата на рэспубліканскія спаборніцтвы па біятле (плаванне і бег) і трыятле (плаванне, бег і стральба). І мы з Акімам выйгралі! А літаральна праз тыдзень Беларуская федэрацыя сучаснага пяціборства прапанавала нам паехаць на чэмпіянат Еўропы па трыятле ў Партугалію. Ну, натуральна, мама не адмовіла. Мне вельмі падабаецца біятл і трыятл, я б цяпер з задавальненнем выступала ў гэтых дысцыплінах. Але ўсё ж гэта не пяціборства. У 2019 годзе выступала на чэмпіянаце свету па лазер-ране (бег са стральбой), які праходзіў у рамках чэмпіянату свету па сучасным пяціборстве. Пасля сваіх спаборніцтваў аказалася на спаборніцтвах пяціборцаў. І калі я ўбачыла, як наша Анастасія Пракапенка (бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне) едзе на кані, у галаве нібы нешта пстрыкнула, як калісьці з лыжамі. Я зразумела, што таксама хачу паспрабаваць сябе ў пяціборстве. Ну і закруцілася. Конь — мая любімая жывёла, таму атрымліваецца, што любоў да іх прывяла мяне ў пяціборства.

— Але названы від спорту — гэта не толькі канкур, ёсць і іншыя…

— Вядома, я не магу сказаць, што, ледзь узяўшы шпагу ў рукі, пачала класна фехтаваць. Фехтаванне — гэта спорт, у якім ты ўвесь час удасканальваешся, там няма мяжы. Яно мне адразу спадабалася тым, што на дарожцы ты змагаешся са сваім сапернікам. Там усё адбываецца вельмі хутка, і за лічаныя секунды трэба прадумаць наступныя крокі. А яшчэ фехтаванне ў пяціборцаў больш відовішчнае, чым звычайнае. Бо ў нас паядынак доўжыцца ўсяго хвіліну, а ў іх — тры хвіліны.

— Гэта праўда, што ты не любіш плаваць?

— Так, плаванне — найменш любімы від. Часам мне так не хочацца плаваць, што я магу вывесці з сябе трэнера. Бываюць дні, калі разумею, што на трэніроўцы нізавошта не буду плаваць. Тады раблю пакутніцкі твар і кажу, што галава баліць. Я ніколі не зраблю так у іншым відзе. Але вось да плавання ў мяне не ляжыць душа, і нічога з гэтым зрабіць не магу. Я люблю плаваць у моры, але не ў басейне. Гэта ж нецікава: проста плывеш і глядзіш у плітку, моташна да жудасці. Я, калі бягу, магу расказаць тысячу гісторый, магу спяваць песні, магу думаць пра нешта сваё, прыкмячаць дэталі. Таму бегаць я люблю.

— Кожны від спорту развівае ў чалавеку пэўныя якасці. У цябе іх пяць. Назаві, калі ласка, якія ў табе развіваюць дысцыпліны сучаснага пяціборства…

— Плаванне выпрацоўвае цярпенне. У басейн прыходжу з думкай, што мне трэба дацярпець і адпрацаваць свой аб’ём. Проста плыву і гляджу ў плітку. Але я разумею, што мне трэба трэніраваць гэты від і паказваць дастойныя вынікі. Таму цярплю і працую. Фехтаванне — гісторыя пра тое, хто каго надурыць. Яно развівае хітрасць. Канкур вучыць спакою і пастаяннай сабранасці. Лазер-ран — гэта мужнасць. Заключная дысцыпліна, калі ты ўжо не можаш нічога, але імкнешся бегчы як мага хутчэй і страляць як мага лепш. Я часам гляджу на прадстаўнікоў іншых відаў спорту і крыху ім спачуваю. Бо яны займаюцца адным і тым жа: бегаюць, страляюць, плаваюць, фехтуюць. А ў мяне ўсё і адразу.

— І нагрузка ў цябе ў пяць разоў большая…

— Выдаткі прафесіі. Мне амаль 20 гадоў, а ўжо праблемы з суставамі, не вельмі гісторыя, вядома. Калі я толькі каталася на лыжах ці займалася лёгкай атлетыкай, нічога падобнага не было. Пяціборства прынесла траўмы. Перад гульнямі краін СНД — стрэс-пералом на правай назе. На левай было перанапружанне суставаў. Я нават прымудрылася зламаць лодкападобную костку. Яна зусім маленькая, ні ў чым асабліва не задзейнічана, нават не ўяўляю, як у мяне атрымалася яе зламаць. Людзі могуць падумаць: навошта мне гэта ўсё трэба? Але калі любіш сваю справу, — болі, стомы не адчуваеш. Я вельмі люблю тое, што раблю. І я ўжо прывыкла да нагрузак. Вось сёння раніцай прабегла 13 кіламетраў, два з паловай кіламетра праплыла. Гэта нямала, але ў мяне адчуванне, што я за дзень нічога не зрабіла.

— У такім выпадку якім павінен быць твой графік, каб ты была задаволеная?

— Увесь лістапад мы правялі на зборах у Кыргызстане. Аб’ём працы велізарны. Напрыклад, у апошні дзень збору я 18 кіламетраў прабегла, 3,5 кіламетра праплыла, адпрацавала дзве гадзіны ўрока па фехтаванні, а ўвечары мы паехалі на гарачыя крыніцы. І я не магу сказаць, што падала ад стомы. Была стомленасць, але прыемная. Напэўна, паўплывала атмасфера вучэбна-трэніровачнага збору, дзе я поўнасцю засяроджана на трэніроўках. Калі працую ў Мінску, то больш за ўсё ў сваім раскладзе люблю пятніцу. Раніцай у мяне фехтаванне з вялікай колькасцю баёў, потым доўгія дыстанцыі ў басейне, пяць разоў па 200 метраў. Днём бегавая праца — пяць разоў па адным кіламетры або шэсць разоў па 800 метраў. І потым яшчэ замінка. Вось такія дні я люблю. Не падабаецца чацвер, гэта амаль вольны дзень: раніцай трэніроўка на кані, потым крыху плавання, крыху стральбы і крыху бегу. Субота — выдатны дзень: спачатку працяглы крос, кіламетраў на 12, затым 1500 метраў плавання і потым лазня колькі хочаш. Увечары прыязджаю дадому, з’ядаю два яблыкі і кладуся спаць. Магу хоць суткі праспаць, але ў нядзелю трэба а 8-й раніцы ўставаць на трэніроўку з канём. Хаця для мяне гэта больш адпачынак, чым трэніроўка.

— Што дае табе сілы жыць у такім напружаным графіку?

— З дзяцінства мару выйграць Алімпійскія гульні. І гэтая мара — мая галоўная матывацыя. Да таго ж спорт дае мне непаўторныя эмоцыі, якіх я, мусіць, нідзе больш не атрымаю. Іх нішто не заменіць.

— Літаральна праз тыдзень пасля Гульняў краін СНД ты перамагла на фінальным этапе Кубка Паўла Ляднёва. Адкуль сілы ў спартсменкі, якая толькі аднавілася пасля траўмы?

— Пасля няўдалага мікста на Гульнях краін СНД я была засмучаная. І без яго тры залатыя медалі ёсць, а асадак застаўся. І я проста вырашыла адпачыць, перастала думаць аб спаборніцтвах, развеялася. На кубку Ляднёва я выйшла фехтаваць спакойная як удаў і паказала сваё найлепшае фехтаванне. Шчыра, пасля фехтавання думала здымацца са спаборніцтваў, каб паберагчы нагу. Але раз так добра фехтавала, вырашыла выступаць далей. Пасля паўфіналу я была ніякая, а яшчэ палаялася з мамай і братам, і настрою не было зусім. Фінал праходзіў у дзень яблычнага Спаса, а яблык — мой любімы фрукт. Мама раніцай сказала, што ў такі дзень я не магу не выйграць. І я сапраўды выйграла. Так што мінулы сезон у мяне атрымаўся вельмі насычаны. Спадзяюся, наступны будзе не горшы.

— Якую ролю ў тваёй кар’еры адыгрывае мама?

— Мусіць, галоўную. Я вельмі шаную і паважаю свайго трэнера Аляксея Валер’евіча Вараб’ёва. Але больш прыслухоўваюся да мамы. Яна кантралюе мае нагрузкі, яна мой менеджар. Мама верыць у мяне больш за мяне. Калі б не яна, у мяне нічога б не атрымалася. Мама малайчына!

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.