Вы тут

Як камунальнікі і дарожнікі змагаюцца з зімовай галалёдзіцай


Апрацоўваць спецыяльнымі сродкамі абутак перад выхадам на вуліцу ў мокрае снежнае надвор’е, насіць флікеры, своечасова мяняць калёсную гуму на зімовую, не перашкаджаць снегапрыборачнай тэхніцы на дарозе, чысціць плошчу вакол свайго аўто. Гэтыя і іншыя парады спецыялісты даюць вадзіцелям і пешаходам, каб зіма прайшла з найменшымі наступствамі. 


Да халоднага сезона камунальнікамі нарыхтавана каля 200 тысяч тон пясчана-салянай сумесі, для аператыўнага рэагавання на надвор’е сфарміравана 725 аварыйных-аднаўленчых брыгад колькасцю 3400 чалавек. У залежнасці ад інтэнсіўнасці снегападаў на барацьбу з іх наступствамі за суткі выходзяць ад 900 да 3000 адзінак тэхнікі. Створана кругласутачная дыспетчарская служба, куды можна звярнуцца па нумарах: 8(017)3203936 (гар.) і 8(044)5694269 (маб.). На рэспубліканскіх дарогах вывешаны адзіны нумар тэлефона 125 для дапамогі. Усталяваны сезонныя знакі 1.33 (з таблічкамі) на ўчастках, дзе найперш можа ўтварацца наледзь.

Перадзімовыя указы, дагаворы, трэніроўкі

Рыхтуючыся да зімы, камунальнікі правялі наступныя віды работ. Зроблены тэхнічны агляд і сезоннае абслугоўванне тэхнікі, якая задзейнічана ў зімовы перыяд. На прадпрыемствах выданы ўказы, адпаведна з якімі прызначаны асобы, адказныя за правядзенне работы па своечасовай і якаснай ачыстцы ад снегу вуліц, праезных частак, тратуараў, прыпыначных пунктаў і двароў населеных пунктаў краіны, а таксама асобы, за якімі замацавана тэхніка. Заключаны дагаворы з пабочнымі арганізацыямі для ўтрымання ў належным стане вулічна-дарожнай сеткі ў выпадку пазаштатных сітуацый, якія выкліканы багатымі ападкамі, расказаў Аляксей Філановіч, намеснік начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ:

— На 1 снежня на балансе прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ знаходзіцца звыш 3700 адзінак тэхнікі для зімовага ўтрымання. Гэта 596 пескараскідальнікаў і солеразмеркавальнікаў, 1582 адзінкі снегаўборачнай тэхнікі, 682 пагрузчыкі снегу, 848 самазвалаў і тарктароў. З пачатку снегападаў ужо расходавана 74 тысячы тон супрацьгалалёдных сумесяў, запас такіх матэрыялаў папаўняецца.

Адбываюцца таксама практычныя трэніроўкі і вучэнні з мэтай недапушчэння надзвычайных сітуацый. Адпрацаваны пытанні апавяшчэння і збору кіраўнікоў і работнікаў прадпрыемстваў. Праверана спраўнасць і ўкамплектаванасць тэхнікі, работа дыспетчарскіх службаў, удакладнены спісы рабочых для прыцягнення да працы ў выпадку надзвычайных сітуацый, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні. Праверана ўкамплектаванасць аварыйных брыгад і аўтамабіляў, дадаў ён.

Не едзь па ўзбочыне і ў снегапад!

Павышаецца ўзімку і нагрузка на дарожнікаў. 3650 кіламетраў зімовых дарог Мінскай вобласці абслугоўвае «Мінскаўтадар-Цэнтр». Прадпрыемства мае 140 пескасолеразмеркавальнікаў, 123 трактары з навясным снегаачышчальным абсталяваннем, 17 грэйдараў, 59 пагрузчыкаў, 7 ротараў.

— Патрабаванні да гарадскіх дарог і вуліц па бяспецы рэгламентуюцца ў Беларусі ТКП 100 аб парадку арганізацыі і правядзенні работ па зімовым утрыманні аўтамабільных дарог і СТБ 1291, які вызначае патрабаванні да эксплуатацыйнага стану аўтадарог, — зазначыў Дзмітрый Дземідовіч, начальнік упраўлення выканання работ і ўтрымання дарожнай сеткі прадпрыемства «Мінскаўтадар-Цэнтр». — Сёлета найбольш моцнымі пакуль сталі снегапады 23 лістапада і ў перыяд з 2 на 3 снежня. 23 лістапада са 145 пескасолеразмеркавальнікаў было задзейнічана 116, са 123 трактароў — 45, з 59 пагрузчыкаў — 40. Ротары і грэйдары не спатрэбіліся. У другі снегапад тэхнікі спатрэбілася менш.

Такім чынам, на 100 працэнтаў тэхніку пакуль не задзейнічалі, а да сезона нарыхтавалі 73 929 тон хіміка-фракцыйных матэрыялаў і 48 045 тон хімічных рэагентаў, удакладніў начальнік упраўлення:

— Калі здарыўся «хаўер», мы таксама працавалі ў рэжыме. Аднак, каб падобнае не паўтарылася, трэба выключыць сітуацыі, калі транспарт рухаецца акрамя асноўных палос яшчэ і па ўзбочыне. Дарогі, дзе аўто ехалі такім чынам, пацярпелі больш за іншыя, бо вадзіцелі тым самым блакіравалі нашу дарожную тэхніку ў складзе транспартнага патоку.

Пры такіх прагнозах грузавы транспарт з патокаў трэба выключаць, дадаў Дзмітрый Дземідовіч. Згодна з культурай кіравання, падчас снегападаў вадзіцелі-дальнабойшчыкі адстойваюцца на пляцоўках, а ў шлях выпраўляюцца, калі прайшла снегаачышчальная тэхніка:

— Калі не будзе неабдуманых выездаў у снежнае надвор’е, а рухацца кіроўцы будуць згодна з правіламі кіравання па-за межамі населеных пунктаў (па крайняй правай паласе), праблем не будзе.

Грузавая тэхніка (фуры і бензавоз), якія рухаліся ў моцны снегапад, ужо сталі ў гэты сезон (30 лістапада) прычынай вялізнай «пробкі» больш як на дзесяць кіламетраў, якая пачыналася на Партызанскім праспекце і цягнулася ажно да развязкі Сосны — Стайкі. На ўчастак, які звычайна пераадольваўся за 15 хвілін, трэба было затраціць 1,5 гадзіны, бо велікагрузы проста захраслі і звузілі шлях на дзвюх і нават адной (з-за бензавоза) паласы. — Аўт.

Снежныя кубаметры і інгібітары

У Мінску за зімовымі дарогамі сочаць кругласутачна. У сталіцы падрыхтавана для работы ў штатным рэжыме каля 700 адзінак спецыялізаванай тэхнікі і каля 800 уборшчыкаў тэрыторый. Падчас снегападаў на ўборцы і вывазе снегу працавала больш як 900 адзінак тэхнікі і звыш 900 уборшчыкаў. Нарыхтавана больш за 8 тысяч тон тэхнічнай солі і 37 тысяч тон пясчана-салянай сумесі, расказаў Арцём Ганчар, намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Гаррэмаўтадар Мінгарвыканкам»:

— Да пачатку сезона была праведзена трэніроўка па рабоце солеразмеркавальных механізмаў на мінімальныя нормы расходу супрацьгалалёдных матэрыялаў. З пачатку зімы зрасходавана ўжо больш за 26 тысяч тон тэхнічнай солі і 13,5 тысячы тон пясчана-саляных сумесяў. У месцы часовага захоўвання вывезена больш як 120 тысяч м3 снегу, з іх 91 тысяча — толькі за папярэдні снегапад.

Праезд па дарогах мясцовага значэння Мінскай вобласці забяспечваецца сіламі прадпрыемства «Мінскаблдарбуд», на балансе якога звыш 16 тысяч аўтадарог. Перад пачаткам сезона 540 адзінак спецыялізаванай тэхнікі былі атэставаны, арганізавана кругласутачная дыспетчарская служба, выкананы ямачны рамонт на плошчы 282 тысячы м2, падзяліўся Валянцін Воўчанка, начальнік аддзела ўтрымання дарожнай сеткі і бяспекі дарожнага руху прадпрыемства «Мінскаблдарбуд»:

— Усе звароты грамадзян мы адпрацоўваем, выязджае спецыялізаваная тэхніка. У пазаштатных сітуацыях мы можам прыцягваць у дапамогу каля 640 адзінак тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў і вытворчых арганізацый.

НАН Беларусі распрацавала спецыяльны інгібітар (замест звычайнай пясчана-салянай сумесі), мэта якога — зменшыць шкодны ўплыў на зялёнае наваколле і металічныя агароджы. Яго прымяненне адпрацоўваецца на вуліцах Свярдлова і Ульянаўскай. На гэтых участках вывешаны ўзоры металічных і жалезабетонных канструкцый, а вучоныя з інстытута батанікі вывучылі стан раслін (да канца лета яны дадуць заключэнне, ці змяншае ўплыў на зялёныя насаджэнні новы рэагент).

Пры гэтым варта памятаць, што ён будзе ў 2,5 раза даражэйшы, чым звычайны, удакладніў Дзмітрый Дземідовіч:

— Запасаў хларыду натрыю (солі) у нас хопіць не на адну сотню гадоў, і, акрамя каразійнага ўплыву на метал і ўздзеяння на расліны, варта думаць, як гэта адаб’ецца на хатніх гадаванцах, якія гуляюць па вуліцах.

Абмежаванне ўезду і хуткасці

Падчас правядзення ўборачных работ на дарогах дапамогу ў суправаджэнні калон снегаўборачнай тэхнікі і эвакуацыі транспартных сродкаў аказваюць супрацоўнікі ДАІ.

— У Мінску з улікам умоў надвор’я дзейнічае план «Завіруха». Дзяржаўтаінспекцыя гатовая да пазаштатных сітуацый пры ўскладненні ўмоў надвор’я, у тым ліку да абмежавання ўезду ў горад буйнапамернай тэхнікі і абмежавання руху транспарту ў цэлым. Ёсць у сталіцы праблемныя пункты, звязаныя з асаблівасцямі праезнай часткі, напрыклад з ухілам дарогі. Там ставяцца абмежаванні хуткасці, — падзяліўся Дзяніс Левановіч, намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Ён заклікаў жыхароў з разуменнем ставіцца да прыманых мер і ўтрымацца ад паездак на аўто ў складаных умовах, карыстацца метро, не пакідаць машыны ўздоўж вуліц, асабліва на доўгі час (па такіх аўто будзе праводзіцца асобная работа). Графікі ўборкі вуліц і двароў будуць публікавацца, і аўтаўладальнікаў просяць улічваць гэта. А калі транспарт забралі, бо ён замінаў чысціць вуліцы, то даведацца, куды, — можна па нумары 102.

Ірына СІДАРОК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.