Вы тут

Ці ўсё робіцца для таго, каб палепшыць жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі


Стан інклюзіі ў рэгіёне разгледжаны на сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Акцэнт зроблены на стварэнне безбар’ернага асяроддзя ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Сацыяльная абарона» на 2021 — 2025 гады.


У Гродзенскай вобласці пражывае больш за 66 тысяч людзей з інваліднасцю. Дзяржавай прымаюцца значныя намаганні для забеспячэння рэалізацыі іх правоў. Гэта датычыцца ўмоў пражывання, стварэння даступных аб’ектаў вулічнай дарожнай сеткі, аб’ектаў гарадской інфраструктуры, спартыўных і культурных заняткаў.

— Стварэнне безбар’ернага асяроддзя і сацыяльнай інтэграцыі закранае інтарэсы значнай колькасці асоб фізічна аслабленых, тых, хто мае цяжкасці пры самастойным руху, атрыманні паслуг і арыентацыі ў прасторы. Да гэтай катэгорыі адносяцца не толькі інваліды, але і старыя людзі з парушэннямі здароўя, цяжарныя жанчыны, мамы з каляскамі. Безбар’ернае асяроддзе павінна стаць нормай у грамадстве, — падкрэсліла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

У адпаведнасці з падпраграмай ІІ «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб», у рэгіёне распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, які накіраваны на паляпшэнне такога асяроддзя. Па словах начальніка аддзела сацыяльнай абароны і сацыяльнага абслугоўвання абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алены Ліхач, сёлета запланавана больш за 120 адпаведных мерапрыемстваў. За дзевяць месяцаў рэалізавана больш за 65 працэнтаў плана. Поўнасцю завершана работа на 76 планавых аб’ектах. Часткова абсталяваныя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры і жылога фонду.

На правядзенне работ па стварэнні даступнага асяроддзя на аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры ў 2023 годзе ў рамках падпраграмы прадугледжана амаль 325 тысяч рублёў мясцовага бюджэту. Але фактычна выдзелена па стане на пачатак лістапада значна больш — амаль 543 тысячы. Па выніках трох кварталаў 2023 года асвоена 340 тысяч рублёў, што складае 105 працэнтаў ад плана па Дзяржаўнай праграме. Самы значны дадатковы транш — звыш 130 тысяч рублёў — атрыманы на абсталяванне жылога фонду, яшчэ 90 тысяч звыш плана паступіла для стварэння безбар’ернай дарожна-паркавай інфраструктуры. Пераважная большасць сродкаў ужо асвоена, на некаторых аб’ектах работы працягваюцца.

Трэба сказаць, што да супрацоўніцтва па абсталяванні планавых аб’ектаў прыцягваюцца прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў. Такім чынам, праведзена каля 180 маніторынгаў, у ходзе якіх былі выяўлены тыповыя для многіх раёнаў праблемы. Напрыклад, не ўсюды ўлічваецца комплексны падыход, які павінен спалучаць абсталяванне як для інвалідаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, так і для тых, хто мае парушэнні зроку.

Ёсць заўвагі па несвоечасовым выдзяленні сродкаў. Як правіла, яны паступаюць з ІІ квартала, што негатыўна ўплывае на тэрміны работ. Такім чынам, у шэрагу раёнаў аб’ём запланаваных работ выкананы толькі напалову.

— Шэраг раёнаў выконваюць свае абавязкі недастаткова хутка, у выніку чаго нашы маламабільныя альбо фізічна аслабленыя грамадзяне не маюць магчымасці атрымаць самыя неабходныя паслугі. Я маю на ўвазе адсутнасць пандусаў, а не нейкіх там спецыяльных прыстасаванняў, — заўважыла падчас сесіі Алена Пасюта.

На думку старшыні аблсавета, цяпер важна шырока інфармаваць грамадства аб праблемах інвалідаў і магчымасцях іх вырашаць, развіваць пазітыўныя адносіны да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Фізічная асаблівасць, на яе думку, не павінна стаць перашкодай для паездак ці наведвання масавых мерапрыемстваў. Патрэбы ўсіх грамадзян варта ўлічваць ужо на стадыі праектавання новых аб’ектаў і пры капітальных рамонтах, тым самым ствараючы ўніверсальную жыццёвую прастору.

Дэпутаты абласнога Савета прызналі работу па стварэнні даступнага асяроддзя здавальняючай і прынялі рашэнне стымуляваць выканаўцаў планавых мерапрыемстваў у наступным годзе.

Так, на 2024 год запланавана правядзенне работ на 110 аб’ектах сацыяльнай і дарожна-транспартнай інфраструктуры. Пры гэтым будзе звернута ўвага на важнасць такіх параметраў, як своечасовыя тэрміны і якасць работ.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.