Вы тут

Мяняю статус дачніка... Ці стане садаводчае таварыства населеным пунктам?


Мяняю статус дачніка…

Ці стане садаводчае таварыства населеным пунктам?

Сёлета ў маі Прэзідэнт падпісаў Указ № 155 «Аб садаводчых таварыствах». Закон літаральна на днях уступіў у сілу. Нагадаем, што ствараўся ён з мэтай выпраўлення прабелаў і супярэчнасцяў у заканадаўстве, зыходзячы з практыкі саміх членаў садаводчых таварыстваў. Новы закон дазваляе ім пераводзіць свае «садовыя» домікі ў індывідуальныя жылыя. А само таварыства, калі яго ўдзельнікі аднагалосна прымуць такое рашэнне, змогуць або далучыцца да існуючага населенага пункта, або стварыць уласны. Карэспандэнт «МС» высвятляла, як закон прымяняецца на практыцы, у «прыгарадным» раёне.

Чаму «Усход» яшчэ не стаў пасёлкам?

У Магілёўскім раёне 172 садаводчыя таварыствы, ёсць такія, якія налічваюць больш за тысячу жыхароў. Начальнік упраўлення эканомікі Магілёўскага райвыканкама Андрэй Шараў сведчыць, што яшчэ ў адпаведнасці з папярэднім Указам № 50 райвыканкам штогод праводзіў тлумачальную работу з гэтымі ўтварэннямі. На пашыраную нараду запрашаліся прадстаўнікі РАУС, МНС, санітарнай службы, зямельнай, падатковай і іншых, дзе агучваліся пытанні, звязаныя з садаводчымі таварыствамі. Сёлета такую нараду правялі нават двойчы — да прыняцця ўказа і пасля. Удзельнікі таварыстваў з інфармацыяй азнаёмленыя. З аднаго боку, для людзей з’явіліся новыя перспектывы, з іншага — існуе шэраг праблем, якія, на жаль, вырашаюцца не так хутка, як таго б хацелася.

З 2021 года садаводчае таварыства «Усход-2008 (Малая Бароўка)» удзельнічае ў пілотным праекце. Жыхары вырашылі стаць самастойным населеным пунктам з назвай Усход. Але, нягледзячы на тое, што ў іх ёсць усе гарадскія перавагі — і газ, і вада (бо гэта непадалёк ад Магілёва), з дваццаці пунктаў плана па пераходзе таварыства ў населены пункт за два гады атрымалася выканаць толькі два — правесці сход і ўзгадніць найменне. Працэс запаволіўся на электрычнасці. Трэба рабіць рэканструкцыю электрасетак, каб перадаць іх на абслугоўванне РЭС, а гэта не такая простая справа. Энергетыкі ўводзяць у курс, што трэба зрабіць, каб атрымаць асобны рахунак, але ёсць шмат прычын, чаму гэта нельга зрабіць хутка.

— Некаторыя слупы знаходзяцца на надзелах членаў таварыства, а павінны быць за тэрыторыяй зямельных участкаў, каб да іх быў доступ, — удакладняе Андрэй Шараў. — Калі вынесці слуп за агароджу, дарога стане больш вузкай, калі пакінуць на месцы, прыйдзецца абрэзаць кавалак зямлі, на што людзі таксама не пагаджаюцца. Да таго ж для людзей гэта адчувальныя грашовыя выдаткі. Яшчэ большыя праблемы ў садаводчых таварыстваў, якія знаходзяцца ў лясах. Ім таксама трэба будзе прафінансаваць вынас слупоў. З іншага боку, калі яны ўсё ж такі ўрэгулююць свае пытанні са слупамі і перададуць іх на баланс РЭС, будуць плаціць выключна за сябе, а не ў сярэднім, як цяпер, па таварыстве.

На другім месцы па складанасці «дарожныя» нормы — патрабаванні да шырыні праездаў, пажарныя разрывы. Без выканання іх таксама нельга арганізаваць свой населены пункт або далучыцца да ўжо існуючага. Пераход з адной формы існавання ў другую ўскладняе тое, што на тэрыторыі садаводчых таварыстваў не рэдкасць тупіковыя вуліцы, вузкія праезды. Нават тэарэтычна цяжка ўявіць, як туды можа заехаць тэхніка, ды яшчэ развярнуцца. Ёсць неадпаведнасці і па архітэктурных нормах.

— Садаводчыя таварыствы ствараліся як часовае жыллё, таму ім вельмі цяжка выканаць неабходныя патрабаванні, — канстатуе суразмоўнік. — Ёсць дыхтоўныя дамы, але хапае і такіх, якія нагадваюць вагончыкі. Апошнія будзе вельмі затратна падвесці пад жыллёвыя «стандарты». З іншага боку, большасць «садаводаў» зацікаўлена, каб іх таварыства былі населенымі пунктамі. Яны зэканомяць на добраўпарадкаванні, падтрыманні ў рабочым стане інфраструктуры. Цяпер яны гэта робяць выключна за кошт уласных узносаў.

Але не ўсе жадаюць, каб іх «дачныя» метры сталі жылымі. Калі чалавек стаіць на паляпшэнне жыллёвых умоў, гэта значыць ён павінен пагадзіцца з тым, што патрэба ў квадратных метрах у яго знізіцца. Бо так адбудзецца, калі дачны дом стане жылым. Па-другое, у жылым доме прыйдзецца зарэгістравацца. Інакш давядзецца плаціць за камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме. Менавіта таму ў законе і пазначана, што рашэнне стаць самастойнымі павінна прымацца ўсімі членамі садаводчых таварыстваў аднагалосна. Каб не ўшчамляць правы і інтарэсы кагосьці з іх.

Ці чакаюць новых жыхароў у сельсаветах?

Старшыня Кадзінскага сельсавета Ганна Новікава кажа, што садаводчыя таварыства — а іх на тэрыторыі сельсавета 18 — пакуль існуюць аўтаномна. І зрухаў у бок змянення іх статусу ад «садаводаў» не назіраецца.

— Сёння мы не звязаныя з імі наогул, — удакладняе Ганна Новікава. — Гэта самастойныя юрыдычныя асобы. У іх свой старшыня, свой статут. Яны знаходзяцца на тэрыторыі нашага сельсавета, але нам не падпарадкоўваюцца. Яны тэарэтычна могуць стаць населеным пунктам, але ім трэба будзе цалкам перабудавацца. Гэта датычыцца і пераходу на абслугоўванне РЭС, і нарматываў па дарогах. У нас наогул няма такіх садаводчых таварыстваў, якія б адпавядалі статусу населеных пунктаў па дарогах. Калі «садаводы» ўсё ж такі выканаюць неабходныя патрабаванні, іх хутчэй за ўсё далучаць да існуючых населеных пунктаў. Напрыклад, ёсць у нас вёска Падбелле, непадалёк ад якой знаходзіцца некалькі садаводчых таварыстваў. Для сельсавета гэта будзе, вядома, дадатковая нагрузка. У кожным садаводчым таварыстве ад 30 да 300 чалавек, і ўсіх іх прыйдзецца зарэгістраваць па новым месцы жыхарства. Павялічыцца нагрузка на спецыяліста, стане болей адміністратыўных працэдур. Гэта і выдача даведак аб складзе сям’і, і перадача дадзеных аб зямельных участках у падатковую інспекцыю, каб налічваўся падатак на маёмасць. Перавод дамоў у жылыя пацягне за сабой змены ў прызначэнні зямельных участкаў. Трэба будзе вырашаць пытанні па пакосе травы летам, расчыстцы дарог зімой. Аб’ём работы вялікі.

«Мы за населены пункт...»

Старшыня праўлення самага буйнога садаводчага таварыства «Хімік (Сідаравічы)», што за 20 кіламетраў ад Магілёва, Сцяпан Галоднікаў марыць, як і большасць тутэйшых жыхароў, каб яны сталі часткай бліжэйшага да іх аграгарадка Сідаравічы. У «Хіміку» з улікам яшчэ аднаго таварыства, якое суіснуе з ім, — «Трыкатажнік-2009» — жыве 1300 чалавек. Указ № 155 дае магчымасць таварыству далучыцца да населенага пункта, але ёсць некалькі праблемных момантаў, якія робяць мару нерэальнай.

Па-першае, гэта ўсё тыя ж унутраныя электрасеткі, якія трэба перадаць на абслугоўванне РЭС.

— Наша таварыства ўтварылася ад «Магілёўхімвалакно» 40 гадоў таму, — расказвае Сцяпан Галоднікаў. — Адпаведна і лініі электраперадач старыя. А гэта значыць, што правады рвуцца і адбываюцца вялікія страты электраэнергіі. Выдаткі на іх складаюць да 40% нашых узносаў. На нашай тэрыторыі 800 светлавых апор, і каб перадаць іх на абслугоўванне энергетыкам, трэба заплаціць не меней за 800 тысяч — па тысячы—паўтары за кожную апору. Але не кожнаму з нашых жыхароў гэта сума па кішэні. Членскія ўзносы і без гэтага складаюць каля 77 рублёў у месяц. Мы замянілі правады на пяці вуліцах, але іх у нас болей за 40.

Суразмоўнік кажа, што, калі б была магчымасць перадаць унутраныя электрычныя сеткі на баланс энергетыкаў так жа, як і высакавольтныя, — бясплатна, праблема б вырашалася хутка.

Яшчэ адзін краевугольны камень у памкненнях таварыства далучыцца да аграгарадка —неабходнасць згоды на гэта ўсіх без выключэння жыхароў. Так прапісана ў законе. Калі б была магчымасць прыняць рашэнне большасцю галасоў, праблем не было б. На думку суразмоўніка, вельмі было б добра, калі такая папраўка з’явілася б у прававых актах.

Сцяпан Галоднікаў лічыць, што статус населенага пункта дазволіў бы бязбольна вырашаць шэраг праблем, якія існуюць у таварыстве на сённяшні дзень. Адзін з іх датычыцца меліярацыі.

— У нас балоцістая мясцовасць, — кажа суразмоўнік. — Пачынаючы з восені, зямельныя ўчасткі, а дзесьці і дамы тонуць у вадзе. Мы звярталіся ў райвыканкам, каб правялі меліярацыю, але нам тлумачаць, што мы не ўваходзім у дзяржпраграму. Калі б мы мелі статус населенага пункта, была б іншая размова.

Акрамя гэтага ёсць і іншыя пытанні. «Мы дабіліся, каб да нас па суботах і нядзелях прыязджаў рэйсавы аўтобус, і гэта вялікі плюс, — кажа Сцяпан Галоднікаў. — Нас папярэдзілі, што калі пасажырапаток будзе невялікі, то маршрут у студзені закрыюць. Але мы, наадварот, хацелі б, каб ён заязджаў да нас яшчэ і ў сераду. Яго паслугамі карыстаецца каля 40 чалавек. Калі б мы былі населеным пунктам, не прыйшлося б даказваць, што аўтобус нам проста неабходны.

На тэрыторыі таварыства пастаянна пражывае каля 50 чалавек. Шмат хто праводзіць тут свой водпуск, рэгулярна наведваецца. Апошнім часам тут стала болей моладзі і яны аддаюць перавагу менавіта вясковаму ладу жыцця. Тут прыгожа, вакол растуць сосны.

— Мае бацькі пабудавалі дом яшчэ 40 гадоў таму і я, лічы, тут вырас — прызнаецца старшыня праўлення. — Я вельмі перажываю за будучае нашага «Хіміка», і не толькі я адзін. Мы і працуем з аднадумцамі тут больш за ідэю. Такіх дружных жыхароў яшчэ трэба пашукаць. Але, каб закон працаваў, павінны быць дапаўненні да яго. Гэта, як я ўжо казаў, датычыцца ўмоў перадачы ўнутраных электрасетак РЭС і згоды жыхароў на змяненне статуса. Няхай будзе хаця б 55% насельніцтва, бо 100% згодных — гэта не рэальна.

Нэлі ЗІГУЛЯ


«Пакуль усе нюансы цяжка прадбачыць»

Сваё меркаванне выказалі прадстаўнікі садовых таварыстваў самага «дачнага» ў Гродзенскім раёне

Як правіла, нарматыўныя дакументы прымаюцца з мэтай удасканальвання дзейнасці ў той ці іншай сферы. Па словах дачнікаў, тыя моманты, якія былі актуальнымі 15 гадоў таму, патрабавалі дапрацоўкі. У таварыствах новы указ абмяркоўваецца, ідзе ўзаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады. Відавочна, што новы нарматыўны дакумент дапаможа зняць вострыя пытанні, якія ўзнікаюць на месцах.

Напрыклад, у садовым таварыстве «Лілея» стаіць праблема пустых дамоў. Па словах старшыні Тамары Рабышко, з 256 участкаў апрацоўваецца хіба што палова. І гэта пры тым, што кааператыў знаходзіцца ўсяго ў дзесяці кіламетрах ад абласнога цэнтра. Па сённяшніх мерках, лічы, ля гарадской рысы.

Тэрыторыя таварыства пачала асвойвацца ў сярэдзіне 90-х гадоў і насіла сезонны характар. Мабыць, таму дачнікі не клапаціліся аб інфраструктуры — да гэтага часу тут няма ні вадаправода, ні электрычнасці. Сёння вырашаць гэтыя пытанні становіцца даволі складана, кажа старшыня. Хто мае сродкі, можа дазволіць сабе свідравіну, некаторыя правялі святло за асобную плату. Але большасць участкаў стаяць закінутымі. Магчыма, такая сітуацыя склалася з-за вялікай колькасці зямельных участкаў, якія прадастаўляюцца ў мясцовым сельскім савеце для будаўніцтва жылля. А там ёсць усе патрэбныя камунікацыі. Таму многія замест набыцця дачы выбіраюць менаіта такі шлях.

Ці будзе надалей развівацца данае таварыства, невядома. Новых заявак амаль няма, а тыя, хто часам бярэ ўчастак, праз год-два закідваюць гэту справу. Тамара Рабышко спадзяецца, што новы указ дапаможа ўпарадкаваць сітуацыю з уласнікамі, якія не даглядаюць свае дачныя сядзібы.

Згодна з новым дакументам, будзе праводзіцца інвентарызацыя ўчасткаў, у ходзе якой будуць вырашацца пытанні, звязаныя з паступленнем у камунальную ўласнасць безгаспадарчых пабудоў. Указ № 155 дасць магчымасць мясцовым уладам выстаўляць закінутыя домікі на аўкцыён і прадаваць. Магчыма, такі падыход падштурхне ўласнікаў да дзейнасці альбо дасць магчымасць новаму гаспадару пабудаваць свой дом. А мясціны тут прыгожыя, кажа субяседніца.

У іншага субяседніка — страшыні садовага таварыства «Пагародна» Алега Чартка — праблем з пустымі дамамі няма. Калі хтосьці выстаўляе свой участак на продаж, у хуткім часе знаходзіцца новы гаспадар. Прычым сярод новых уладальнікаў у асноўным моладзь. Многія пачалі актыўна ўкладваць сродкі ў загарадныя дамы.

— У нас усё забудавана, усе 264 участкі, свабодных няма. Людзі будуюць даволі грунтоўныя дамы, многія там і жывуць. У таварыстве ёсць вада, праведзена святло. Разам са спецыялістамі зямельнай службы райвыканкама робім перыядычна агляды. Звычайна гэта адбываецца напярэдадні дачнага сезона, дзесьці у маі прыязджаем. Калі бачым, што ўчастак зарослы, выпісваем прадпісанне, з тым, каб людзі гэта выправілі, прывялі ў парадак. Але такія выпадкі хутчэй выключэнне, чым правіла, — кажа Алег Чарток.

Між тым новы ўказ, па яго словах, дазволіць больш справядліва падысці да фарміравання ўзносаў. Пакуль тут існуе аднолькавы памер — і ў тых, хто мае пяць сотак, і ў тых, хто мае дзесяць. Зараз плата будзе залежаць ад плошчы і фарміравацца ў адпаведнасці з выведзеным каэфіцыентам. Хто мае большы участак, той плаціць і большы ўзнос.

Субяседнік звяртае ўвагу на яшчэ адзін важны момант — вырашэнне пытання энергетычнай інфраструктуры. Указам зацверджаны парадак перадачы ва ўласнасць дзяржавы ліній электраперадачы і трансфарматарных падстанцый садаводчых таварыстваў. Гэта дазволіць забяспечыць іх надзейную эксплуатацыю, а члены таварыства змогуць прымяніць тарыф на спажываемую энэргію як для жылога фонду. Сёння ў дачнікаў кошт кілаватаў значна вышэйшы.

— Для нас гэта будзе выгадна, але трэба выканаць пэўныя ўмовы, перш чым нашу энергасістэму прымуць на баланс электрасетак. Гаворка ідзе аб вынасных лічыльніках уліку электраэнергіі і належным стане электраліній. Таму цяпер мы якраз і пачалі займацца мадэрнізацыяй гэтай сістэмы. Мы замянілі трансфарматар і ўжо здалі яго на баланс энергетыкам. А вось унутраныя лініі патрабуюць значнага аднаўлення. Іх вялі 15 гадоў таму, калі патрэбы ў эдектраэнэргіі былі значна ніжэйшыя. Зараз яе спажыванне ўзрасло. Каб павялічыць магутнасць, трэба пракладваць новы кабель, і гэтак далей, — паведаміў старшыня таварыства.

Па яго словах, гэта пытанне ў стадыі падрыхтоўкі. Вядзецца пошук падраднай і праектнай арганізацыі. Фінансавыя пытанні будуць вырашацца на агульным сходзе, які плануецца правесці з надыходам вясны.

Новы ўказ прадугледжвае таксама рэгуляванне пытанняў у вобласці кіравання садаводчым таварыствам. Так, у мясцовых органаў улады цяпер ёсць права прызначаць старшыню праўлення таварыства, а таксама патрабаваць правядзення пазачарговага агульнага сходу. Такі падыход, лічыць Алег Чарток, правамерны, як і атрыманне ў мясцовых выканкамах інфармацыі аб выманні альбо прадастаўленні зямельных участкаў. Усе гэтыя працэдуры дапамогуць рэгуляваць і ўпарадкаваць дзейнасць садаводчых таварыстваў. Ёсць і іншыя навацыі, якія пачынаюць праходзіць апрабацыю на практыцы. Пакуль усе нюансы цяжка прадбачыць. Галоўнае, што ўказ улічвае тыя моманты, з якімі даводзіцца сутыкацца дачнікам у штодзенным жыцці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.