Вы тут

Ці ўсё вы ведаеце пра ВІЧ


У пачатку снежня ў свеце адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Праблема распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі застаецца актуальнай для ўсіх без выключэння краін. Паводле статыстыкі, тэмпы распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі ў некаторых рэгіёнах захоўваюцца на дастаткова высокім узроўні, і часткова гэтаму садзейнічае недасведчанасць насельніцтва аб спосабах яе перадачы і няправільная ацэнка асабістых рызык. Недахоп інфармацыі аб хваробе і мерах па яе прафілактыкі спараджае велізарную колькасць міфаў, напрыклад, тое, што захворванне перадаецца кантактна-бытавым і паветрана-кропельным шляхам.

Як праяўляе сябе захворванне і ці можна з ім жыць, не падазраючы пра свой дыягназ? У якой узроставай групе яно найбольш распаўсюджана і які шлях перадачы пераважае? Што прапануе сучасная медыцына, каб падтрымліваць у людзей з ВІЧ нявызначаную вірусную нагрузку і весці звычайны спосаб жыцця, расказала ўрач-эпідэміёлаг аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганна Родзіч.


Каля 2 тысяч новых выпадкаў штогод

— Ганна Міхайлаўна, раскажыце, якая сітуацыя з ВІЧ-інфекцыяй у Беларусі. Ці павялічваецца колькасць новых выпадкаў?

— Згодна з глабальнай статыстыкай СААЗ, на планеце жыве больш за 39 мільёнаў чалавек, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту (ВІЧ). За гады эпідэміі ад хвароб, звязаных з ВІЧ-інфекцыяй, памерла больш за 40 мільёнаў чалавек.

У Беларусі з дыягназам «ВІЧ-інфекцыя» жыве больш за 24 тысячы чалавек. За апошнія пяць гадоў штогод у краіне рэгіструецца каля дзвюх тысяч новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Што да Мінскай вобласці, то ў рэгіёне жыве 4130 ВІЧ-станоўчых людзей. У апошнія гады штогод выяўляецца каля 300 упершыню зарэгістраваных выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.

— Якія першыя сімптомы захворвання? Праз колькі яны праяўляюцца? І ці заўсёды? Ці можна жыць з гэтым захворваннем і не ведаць пра яго?

— Так, чалавек можа быць інфіцыраваны ВІЧ і не ведаць пра гэта. Інфекцыя часцей працягла працякае бессімптомна, і аб сваім захворванні чалавек часам даведаецца ўжо на позніх стадыях. Але прыблізна ў адной трэці людзей інфіцыраванне ВІЧ суправаджаецца клінічнай праявай захворвання на ранніх стадыях.

Першыя сімптомы з’яўляюцца не адразу, у сярэднім ад 1 да 3–6 месяцаў пасля рызыкоўнай сітуацыі. І тут ёсць важны момант: сімптомы неспецыфічныя, гэта значыць, могуць быць характэрны для вялікай колькасці захворванняў ад ангіны да прастуды: падымаецца тэмпература, з’яўляюцца болі ў горле, суставах, павялічваюцца лімфатычныя вузлы, турбуюць скурныя высыпанні — усё гэта называецца медыцынскім тэрмінам «востры рэтравірусны сіндром».

Не маючы вызначанай насцярожанасці ў плане ВІЧ-інфекцыі, можна прыняць гэтыя сімптомы за сезонную прастуду ці грып. А менавіта ў гэты перыяд у крыві чалавека значна павялічваецца колькасць вірусных часціц, і таму чалавек найбольш заразны і можа актыўна перадаць вірус. Такім чынам, калі чалавек практыкаваў якія-небудзь рызыкоўныя паводзіны (напрыклад, выпадковы сексуальны кантакт без прэзерватыва) і праз ад 1–6 месяцаў назірае пералічаныя вышэй сімптомы, трэба абавязкова здаць тэст на ВІЧ.

— Праз які час захворванне сябе праявіць абавязкова?

— Як я ўжо казала, захворванне можа доўга, да 10 гадоў, працякаць бессімптомна. У далейшым ВІЧ-інфекцыя прыводзіць да паступовага знясілення і аслаблення імуннай сістэмы, надыходзіць апошняя, самая цяжкая, 4-я стадыя захворвання — СНІД (сіндром набытага імунадэфіцыту чалавека). Па меры зніжэння імунітэту далучаюцца наступныя клінічныя сімптомы: страта масы цела, павышэнне тэмпературы, моцнае начное потааддзяленне, хранічная стомленасць, павелічэнне лімфатычных вузлоў, вадкі стул, розныя паўторныя інфекцыі — ангіны, пнеўманіі, скурныя высыпанні, пухліны. Арганізм чалавека ў стадыі СНІД не здольны эфектыўна змагацца з інфекцыйнымі і неінфекцыйнымі захворваннямі.

Распаўсюджаны ў сярэдняй узроставай групе, часцей сярод мужчын

— У якой узроставай групе найбольш распаўсюджана ВІЧ-інфекцыя? І ў якой сацыяльнай групе: нарказалежныя, мужчыны, якія маюць секс з мужчынамі, жанчыны, якія аказваюць секс-паслугі? Які найбольш часты шлях перадачы?

— Найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца сярод мужчын і жанчын ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў (маладое і працаздольнае насельніцтва), удзельная вага якіх складае 75,9 працэнта з ліку ўсіх зарэгістраваных выпадкаў. Інфекцыя часцей выяўляецца ў мужчын, іх удзельная вага складае каля 60 працэнтаў.

Пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ, ён складае 76 працэнтаў па вобласці і больш як 80 працэнтаў па краіне ад усіх выпадкаў, якія рэгіструюцца. Аднак у Мінскай вобласці застаецца высокай і доля парэнтэральнага шляху інфіцыравання пры ін’екцыйным ужыванні наркатычных рэчываў (20,1 працэнта), гэты паказчык застаецца даволі высокім у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны.

Сапраўды, ёсць групы людзей, дзе рызыка заражэння вышэйшая, чым сярод астатняга насельніцтва, так званыя ключавыя групы. Гэта, напрыклад, работнікі камерцыйнага сексу, мужчыны, якія маюць сексуальныя кантакты з мужчынамі або наркаспажыўцы. Гэтым групам удзяляецца значная ўвага спецыялістаў, і на ўзроўні дзяржавы рэалізоўваюцца спецыяльныя прафілактычныя праграмы з даказанай эфектыўнасцю: апіёідная замяшчальная тэрапія на базе наркалагічных дыспансераў, праграмы абмену іголак і шпрыцаў для нарказалежных людзей, кансультаванне і тэставанне на ВІЧ, сацыяльнае суправаджэнне ключавых груп і ВІЧ-станоўчых людзей для ўключэння ў сістэму аказання медыцынскай дапамогі. Прафілактычныя праграмы рэалізоўваюцца на базе дзяржаўных арганізацый аховы здароўя і недзяржаўных некамерцыйных ВІЧ-сэрвісных арганізацый.

Так, у Мінскай вобласці на базе шасці дзяржаўных арганізацый аховы здароўя працуюць кабінеты прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў. Акрамя таго, у рамках выканання дзяржаўнага сацыяльнага заказу на 2022–2023 гады на 5 адміністрацыйных тэрыторыях (у Дзяржынскім, Мінскім, Пухавіцкім, Слуцкім і Смалявіцкім раёнах) беларускае грамадскае аб’яднанне «Пазітыўны рух» рэалізоўвае праект «Мабільны пункт кансультавання і тэсціравання» з прыцягненнем прадстаўнікоў мэтавай групы (наркаспажыўцоў) у прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні распаўсюджвання ВІЧ, у тым ліку з правядзеннем экспрэс-тэсціравання на ВІЧ. За 9 месяцаў 2023 года ВІЧ-прафілактычнымі мерапрыемствамі ахоплена 96,2 працэнта спажыўцоў ін’екцыйных наркотыкаў ад іх ацэначнай колькасці.

— Ці можна заразіцца пры пераліванні крыві і іншых медыцынскіх маніпуляцыях?

— Рызыкі заражэння пры правядзенні медыцынскіх маніпуляцый у медыцынскай установе зведзены практычна да нуля. Ва ўстановах аховы здароўя падтрымліваецца высокі стандарт аказання медыцынскай дапамогі. Маніпуляцыі праводзяцца аднаразовым медыцынскім інструментарыем, а ўся кроў падвяргаецца даследаванню і тэсціраванню, у тым ліку на ВІЧ. А вось калі медыцынскія маніпуляцыі праводзяцца не ў медыцынскіх установах, тады, вядома, рызыка ёсць і гарантый ніхто не дасць.

Бясплатнае лячэнне паказана ўсім

— Вядома, што сёння ВІЧ-інфекцыя — захворванне, якое хоць і не вылечваецца, але кантралюецца. Чым дапамагае прыём прэпаратаў? Ці ўсім інфіцыраваным іх прызначаюць?

— Сапраўды, цалкам вылечыцца ад ВІЧ-інфекцыі ў цяперашні час нельга, аднак існуе эфектыўнае лячэнне, якое, калі пачаць яго адразу, як было дыягнаставана захворванне, і праводзіць рэгулярна, захавае працягласць і якасць жыцця, параўнальную з людзьмі без ВІЧ-інфекцыі. Атрымліваючы лячэнне, чалавек з ВІЧ можа жыць, працаваць, весці звычайны лад жыцця, нарадзіць здаровае дзіця.

Для лячэння ВІЧ-інфекцыі выкарыстоўваюцца антырэтравірусныя прэпараты. Яны змагаюцца з ВІЧ-інфекцыяй, блакіруючы размнажэнне віруса ў арганізме чалавека. Калі чалавек, які жыве з ВІЧ, атрымлівае эфектыўную антырэтравірусную тэрапію, у яго падтрымліваецца нявызначаная вірусная нагрузка, і ён не перадае ВІЧ сваім палавым партнёрам. У нашай краіне такая тэрапія паказана кожнаму чалавеку, які жыве з ВІЧ, і на сёння ў краіне забяспечаны ўніверсальны бясплатны доступ да лячэння ўсім пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй. Антырэтравірусную тэрапію ў арганізацыях аховы здароўя Мінскай вобласці на 1 лістапада атрымлівала 96,4% асоб, якія жывуць з ВІЧ.

— Як даведацца пра свой ВІЧ-статус? Дзе гэта можна зрабіць? Ці ёсць у нас экспрэс-тэсты на вызначэнне ВІЧ-інфекцыі?

— Здаць тэст на ВІЧ можна ў любой установе аховы здароўя, дзе ёсць працэдурны кабінет, — як у дзяржаўных, так і прыватных медыцынскіх цэнтрах, у працэдурным кабінеце аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (г. Мінск, вул. К. Цэткін, 4, працэдурны кабінет 301, тэлефон 8 (017) 258-22-68) або набыць экспрэс-тэст для саматэсціравання на ВІЧ па сліне ў аптэцы, а таксама на базе недзяржаўных некамерцыйных арганізацый. Пасля атрымання станоўчага выніку на ВІЧ з выкарыстаннем экспрэс-тэста па сліне неабходна для ўдакладнення выніку звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя і абавязкова прайсці тэсціраванне стандартным лабараторным метадам. Тэст можна здаць ананімна, бяспечна, бясплатна ў дзяржаўнай сістэме аховы здароўя.

— Якая прафілактыка ВІЧ-інфекцыі?

— Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі — гэта веданне свайго ВІЧ-статусу, а значыць, перыядычнае тэсціраванне на ВІЧ і іншыя інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, бяспечныя сексуальныя паводзіны, выкарыстанне прэзерватыва. Прэзерватыў на сённяшні дзень — гэта адзіны даступны прадукт, які абараняе ад заражэння ВІЧ і іншымі ІППШ падчас сексу. Важна ўстрымлівацца ад шматлікіх і выпадковых сексуальных кантактаў, захоўваць вернасць свайму партнёру, адмовіцца ад ужывання наркатычных рэчываў, выкарыстоўваць аднаразовыя шпрыцы і іголкі. Калі мела месца рызыкоўная сітуацыя, напрыклад, кантакт з крывёй ці іншай біялагічнай вадкасцю іншага чалавека, неабходная посткантактная прафілактыка супрацьвіруснымі прэпаратамі.

Важная і дакантактная прафілактыка — новы напрамак прафілактыкі (напрыклад, пры існуючай пастаяннай высокай рызыцы інфіцыравання ў будучыні). Неабходна і ўстараненне стыгмы і дыскрымінацыі ў дачыненні да людзей, якія жывуць з ВІЧ. Гэта дапаможа разбурыць псіхалагічныя бар’еры, якія перашкаджаюць тэсціраванню на ВІЧ, створыць спрыяльныя ўмовы для змены ладу жыцця і своечасовага звароту па дапамогу і лячэнне, дапаможа зменшыць неабгрунтаваныя страхі і сфарміраваць адэкватнае стаўленне да людзей, якія жывуць з ВІЧ.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Упэўненасць у сабе і партнёры

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».