Вы тут

Брэсцкая крэпасць-герой. Год 1966-ы...


Лёс кожнага сапраўднага пісьменніка ўнікальны па-свойму. За яго творчымі памкненнямі, творчым гарэннем і неспакоем заўжды стаіць жаданне нешта адкрыць, нешта сказаць усяму свету. Сяргей Смірноў прыўзняў на новыя вышыні ўшанавання многія падзеі Вялікай Айчыннай вайны... Падзеі, непасрэдныя ўдзельнікі якіх, маючы права лічыцца героямі, даволі часта да праўды, да ісціны ішлі праз турмы, канцлагеры. І не толькі варожыя... Сяргей Смірноў шукаў праўду дзеля справядлівасці. Па каліву ўзнаўляў складаныя, драматычныя падзеі. Рабіў гэта і дзеля будучыні...


Пісьменнік-франтавік, наш славуты зямляк Васіль Быкаў неўзабаве пасля смерці пісьменніка-дакументаліста вось што сказаў пра свайго паплечніка па шуканні мастацкай і жыццёвай праўды: «Прыкладна за год да канчыны выдатнага савецкага пісьменніка Сяргея Сяргеевіча Смірнова мы сядзелі з ім у цішы гасцінічнага нумара ў Мінску, і ён, як заўжды, з захапленнем, з зайздроснай маладой апантанасцю расказваў аб рабоце над сваёй новай кнігай, аб тых цяжкасцях, якія трэба было пераадолець у гэтай яго рабоце. Мы пагадзіліся, што задума яе сапраўды складаная, але не варта засмучацца. Напэўна, усе складанасці будуць пераадолены, і з’явіцца кніга, вартая яго папярэдніх кніг.

Мы, аднак, памыліліся.

Мы не маглі прадбачыць тады, што міне год з невялікім і гэтага, поўнага душэўнай энергіі і мастацкіх задум, чалавека не стане. Але, відаць, такая каварная сутнасць смерці — як і на вайне, біць па тых, хто меней за ўсё аб ёй думае, аддае сябе справе, людзям, ідэям.

Новая кніга Сяргея Сяргеевіча Смірнова ніколі ўжо не з’явіцца на кніжных паліцах нашых бібліятэк, і, мабыць, назаўсёды застануцца невядомымі нейкія новыя подзвігі і іх героі, якіх з такім пастаянствам умеў адкрываць наш дарагі пісьменнік. Без яго заўжды нечаканых адкрыццяў наша літаратура напэўна стане бяднейшай, бо, як бы актыўна ні працавалі іншыя на ўлюбёнай ім ніве, замяніць яго не можа ніхто. У гэтай літаратуры, заўсёды багатай талентамі, наўрад ці хто іншы ў поўнай меры валодае тымі рэдкімі якасцямі, якімі быў надзелены ён. Мабыць, гэта таму, што ў наш складаны час і ў той мнагатруднай справе, якой цалкам прысвяціў сябе ён, недастаткова мець нават бліскучыя літаратурныя здольнасці і спецыфічны талент даследчыка, трэба яшчэ ўмець абараніць сваю пазіцыю з такой непахіснай прынцыповасцю, як гэта ўмеў рабіць ён.

Мы ўжо не ўбачым яго новых кніг, але з намі назаўсёды застанецца тое сапраўды цудоўнае, што паспеў стварыць ён. Яго бессмяротная «Брэсцкая крэпасць», хвалюючыя апавяданні пра шпіталь у Ерамееўцы, гэтай маленькай савецкай калоніі на акупіраванай фашызмам зямлі, пра герояў Аджымушкая, самаадданую чырванафлоцкую Кацюшу, пра невядомага рускага хлопца, які стаў нацыянальным героем далёкай Італіі — пра ўсіх гэтых і многіх іншых герояў будуць з не меншай цікавасцю чытаць нашы нашчадкі, і іх душы, як і нашы сэрцы, будуць поўніцца захапленнем мужнасцю іх маладых продкаў.

І, трэба думаць, яны таксама будуць адчуваць сардэчную ўдзячнасць таму, хто зрабіў набыткам мастацтва і гісторыі, пакуты і подзвігі іх далёкіх папярэднікаў...

І яшчэ — словы Васіля Быкава з года 1977-га..: «На працягу амаль трох дзесяцігоддзяў ён шукаў, клапаціўся, узнаўляў забытае або страчанае і ў самай дзелавой, пазбаўленай усялякіх белетрыстычных аздоб форме сведчыў аб фактах, непрыдуманая канкрэтнасць якіх здольна зацьміць самыя вытанчаныя прыдумкі. Сапраўды, гісторыя хоць бы той самай праслаўленай ім Брэсцкай крэпасці-героя, аб якой у час вайны ды і ў першыя гады пасля яе абсалютна нічога не было вядома. Цяпер мы ведаем аб ёй многае, таксама як і аб тых цяжкасцях, якія пераадолеў пісьменнік, перш чым з мноствам падрабязнасцей узнавіў усе перыпетыі няроўнай барацьбы жменькі савецкіх байцоў супраць добра ўзброеных часцей вермахта, аднавіў імёны загінуўшых герояў, дамогся рэабілітацыі тых, што засталіся ў жывых, узвысіў іх сапраўды бяспрыкладны подзвіг да агульнанароднага прызнання і высокіх узнагарод. Здавалася, ужо адна гэтая крэпасць над Бугам магла стаць справай усяго жыцця для кожнага з літаратараў, а ён пайшоў далей, шукаў, даследаваў і расказаў свету аб дзясятку іншых, не меней яскравых, складаных і супярэчлівых гісторый вайны...»

І хаця, здавалася б, Сяргей Смірноў зрабіў усё, што павінен быў зрабіць для абаронцаў Брэсцкай крэпасці... Яшчэ ў 1957 годзе выйшла першае выданне кнігі «Брэсцкая крэпасць». Пашыранае, другое, выданне — у 1965 г. У 1964 годзе Сяргей Смірноў быў уганараваны Ленінскай прэміяй за гэту працу. Многія з абаронцаў крэпасці, якія засталіся жывымі, атрымалі высокія баявыя ўзнагароды... Але пісьменніка хвалявала і тое, як грамадства, інстытуты ўлады ставяцца да памяці пра крэпасць і яе герояў і надалей…

Як сведчанне пісьменніцкага неспакою — яго ліст Першаму сакратару ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Пятру Міронавічу Машэраву, датаваны толькі чэрвенем 1966 года (канкрэтная дата, дзень не прастаўлены). «Дарагі Пётр Міронавіч! — піша аўтар выпакутаванай „Брэсцкай крэпасці“. — Ведаю, што Вы зараз знаходзіцеся за мяжою, але пішу гэты ліст, спадзеючыся, што ён паспее якраз да моманту Вашага прыезду. Як Вы ведаеце, я рэдка дазваляю сабе турбаваць Вас, але на гэты раз пытанне, як мне падаецца, настолькі сур’ёзнае, што я не магу не напісаць.

Вы, верагодна, памятаеце, што ў свой час, яшчэ на святкаванні 15-годдзя, а затым канчаткова на святкаванні 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці ў 1961 годзе, было гучна заяўлена і сказана ўсім героям, што іх будуць збіраць у Брэсце для таго, каб адзначаць гадавіну абароны крэпасці, раз у пяць гадоў. На аснове гэтага абяцання, дадзенага сакратарам абкамаў (у 1961 г. — А. А. Смірновым) я ў сваёй кнізе „Брэсцкая крэпасць“ напісаў пра гэта...»

Каменціруючы ліст, які зараз захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, нагадаем, што ў 1956-м, калі святкавалі 15-годдзе абароны крэпасці, Брэсцкі абкам КПБ узначальваў Пётр Міронавіч. У 1959 годзе яго замяніў Аляксей Аляксеевіч Смірноў. І займаў гэтую пасаду да студзеня 1963 года. З 1962 да 1965 гг. Аляксей Смірноў — сакратар ЦК КПБ. Затым — старшыня Камітэта народнага кантролю Беларускай ССР. А ў час, калі пісьменнік Сяргей Смірноў звяртаўся да Першага сакратара ЦК, Брэсцкай вобласцю кіраваў ужо Уладзімір Андрэевіч Мікуліч. Відавочна, разумеючы, што ў вобласці голас пісьменніка не пачуюць, Сяргей Смірноў звяртаецца да Машэрава…

З ліста ў ЦК: «...Усе героі абароны ведалі, што 25-годдзе іх подзвігу будзе адзначана і рыхтаваліся сустрэцца ў Брэсце.

Аднак, як мне зараз стала вядома, цяперашняе кіраўніцтва Абкама не збіраецца шырока адзначаць 25-годдзе абароны, зыходзячы з тых меркаванняў, што нядаўна Брэсту ўручалася Залатая Зорка, надалей, маўляў, адбудзецца адкрыццё помніка героям і вось тады іх збяруць у болей шырокім складзе. Прызнаюся, мне здаецца гэта не зусім правільным, і я думаю, што маю права выказаць свае меркаванні з гэтай нагоды.

Вы памятаеце маю пазіцыю наконт уручэння Залатой Зоркі, калі я прапаноўваў адкласці яго да дня 25-годдзя абароны, але ж калі гэта не было зроблена, то, на мой погляд, няма ніякіх падстаў адмяняць святкаванне чвэрцьвекавога юбілея абароны. Дата вельмі круглая, і ўпершыню гадавіну абароны ўдзельнікі яе і горад Брэст будуць адзначаць ужо ў новай якасці, — калі крэпасці нададзена вышэйшае геройскае званне...»

Сяргей Смірноў, ведаючы многіх і многіх удзельнікаў абароны, калі не ўсіх, хто застаўся жывым пасля вайны, хто дачакаўся вялікай падзеі — прысваення крэпасці высокага звання, прыводзіў сапраўды важкія аргументы. Відаць, гэтыя яго меркаванні былі яшчэ справакаваны і той рэакцыяй, якая зыходзіла ад саміх абаронцаў... 

З ліста пісьменніка: «Мне вядома, што абаронцы Брэста ў розных гарадах рыхтаваліся з’ехацца на гэты юбілей і што месцамі рыхтавалі спецыяльныя падарункі Брэсту і Музею абароны, маючы на ўвазе будучыя ўрачыстасці (у прыватнасці, я ведаю, што ў Арменіі рыхтуецца такі падарунак рэспубліканскага значэння). Зараз чуткі пра тое, што 25-гадовы юбілей жадаюць згарнуць, абляцелі многіх удзельнікаў абароны, і да мяне пасыпаліся трывожныя лісты. Я ўпэўнены, што вельмі многія абаронцы крэпасці з уласнай ініцыятывы прыедуць у гэтыя дні ў Брэст, і абласныя і гарадскія арганізацыі апынуцца перад неабходнасцю неяк прыняць і прывітаць гэтых стыхійна прыехаўшых таварышаў. Да ўсяго астатняга, мне здаецца, што народ не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім Саюзе, ведаючы, што ў гэтым годзе спаўняецца 25 гадоў гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці, чакае, што гэтая дата будзе з дастатковай доляй урачыстасці адзначана. І калі гэта не адбудзецца, то папаўзуць нейкія непатрэбныя плёткі і гэта выкліча непаразуменне ў вельмі многіх людзей».

Цяпер цяжка нешта з пэўнай доляй дакладнасці сказаць пра тое, ці ставіў падобнае пытанне Сяргей Смірноў перад кіраўніцтвам Брэсцкай вобласці, перад тым самым Уладзімірам Андрэевічам Мікулічам. Магчыма, на гэтую тэму захаваліся і пісьмовыя сведчанні... І тым не меней нават у такім выпадку іншых магчымасцяў, як пераконваць менавіта рэспубліканскі ЦК у патрэбе святкавання, патрэбе ўрачыстасцяў пісьменнік не бачыў. «Я не ведаю, наколькі я правы, Пётр Міронавіч, але ў мяне такое адчуванне, што таварышы з Брэсцкага абкама, відаць, лічаць, што пасля таго, як Брэсцкая крэпасць атрымала званне Крэпасці-Героя, прамыя „маральныя прыбыткі“ ад яе вычарпалі сябе і болей чакаць няма чаго. Відаць, справядліва займаючыся надзённымі пытаннямі сельскай гаспадаркі і прамысловасці, яны да некаторай ступені лічаць для сябе абузай усё, што можа быць звязана са святкаваннем 25-годдзя Брэсцкай абароны і перш за ўсё, канешне, абузай фінансавай.

Я цалкам разумею, што трэба эканоміць дзяржаўныя грошы і пазбягаць лішніх трат, але, па-мойму, Беларусь не такая ўжо бедная, каб неспадзявана здзівіць усе астатнія рэспублікі адменай 25-гадовага юбілея абароны той крэпасці, якая адна ва ўсім Саюзе носіць званне Крэпасці-Героя. Я думаю, калі б таварышы з Брэста праявілі дастаткова арганізацыйнай гібкасці, то затраты гэтыя маглі б быць істотна меншымі па вопыту святкавання 20-годдзя абароны, калі многія абаронцы крэпасці прыязджалі на юбілей, будучы адпраўлены ў Брэст сваімі прадпрыемствамі за іх кошт ці ўвогуле за свой уласны кошт. Я разумею, што ўсё гэта патрабуе значных арганізацыйных намаганняў, але, несумненна, усё гэта пераадольна»…

У лісце ўзнікае цікавае параўнанне, якое і прыадчыняе новыя клопаты пісьменніка-дакументаліста... «Зараз мой новы „питомец“ — латышскі горад Ліепая — 25-26 чэрвеня рыхтуецца адзначыць 25 гадоў сваёй абароны. Гэта робіцца з дастатковым размахам, хаця не думаю, каб Латвія была нашмат багацейшая за Беларусь. А Ліепая ж яшчэ не Горад-Герой (хаця я ўпэўнены, што яна ім будзе, як быў упэўнены шмат гадоў таму назад у будучым лёсе Брэсцкай крэпасці)...»

Тэму Ліепаі, яе абароны летам 1941 года, Сяргей Смірноў распрацоўваў вельмі настойліва. Гэта сёння дэманціраваны і перанесены ліепайскія помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны... 25 кастрычніка 2022 года дэманціраваны помнік абаронцам Ліепаі. У 2022 годзе разбурана мемарыяльная сцяна з барэльефам, помнік, які ўсталявалі ў дні 25-годдзя абароны... Упершыню ў пасляваенныя гады абаронцы Ліепаі сабраліся ў горадзе, які абаранялі ў першыя дні вайны, у чэрвені 1945 года. І ў гэтым — велізарная заслуга пісьменніка. Тыднёвую абарону аднаго з буйных латышскіх гарадоў гісторык А. Ісаеў лічыць подзвігам, роўным абароне Брэсцкай крэпасці…

І яшчэ — з ліста Сяргея Смірнова Машэраву: «Я не ведаю, ці абмяркоўвалася гэта пытанне ў ЦК КПБ, але я ведаю Вашы адносіны да Брэсцкай крэпасці і да яе герояў у той час, калі Вы былі сакратаром Брэсцкага абкама, і, не збіраючыся гаварыць Вам кампліменты, скажу, што я заўсёды ўспамінаю гэтыя Вашы адносіны, як выдатны прыклад для іншых — цяперашніх і будучых — сакратароў Брэсцкага абкама. І хаця цяпер Вы ўжо на гаспадарцы ўсяе Беларусі і нават болей таго, думаю, што Брэсцкая крэпасць пусціла ў Вашым сэрцы дастаткова трывалыя карэнні. 

Я звяртаюся з пераканаўчай просьбай да Вас, Пётр Міронавіч, і да другіх кіраўнікоў ЦК КПБ звярнуць увагу на гэты мой ліст і абмеркаваць гэтае, на мой погляд, надзвычай важнае пытанне.

Што ж датычыцца збору герояў у сувязі з усталяваннем помніка, то, улічваючы шматгадовы вопыт конкурсаў на гэты помнік і крышку ведаючы тэмпы, якімі помнікі праектуюццца і ўсталёўваюцца, я ўпэўнены, што наступныя траты па збору герояў спаткаюць Брэст не вельмі хутка.

Я думаю, што ёсць яшчэ час, каб вырашыць і паставіць усё на месца. Урэшце, заканчэнне Брэсцкай абароны і вызваленне Брэста можна адсвяткаваць разам, недзе напрыканцы ліпеня...»

11 чэрвеня 1966 года на звароце Сяргея Смірнова з’яўляецца рэзалюцыя П. М. Машэрава: «Тав. Пілатовічу С. А. Прашу паведаміць свае меркаванні». У 1965–1971 гг. Станіслаў Антонавіч Пілатовіч адказваў у ЦК за ідэалогію... Відавочна, што меркаванні былі выкладзены вусна. Іншых дакументаў па тэме абмеркавання 25-годдзя абароны не знайшлося. Прынамсі, у Нацыянальным архіве. А на пісьме савецкага пісьменніка, калі ліст спісвалі «В дело», С. Пілатовічам 4 ліпеня 1966 года накладзена наступная рэзалюцыя: «Усе пытанні, пастаўленыя т. Смірновым С. С., вырашаны».

Атрымліваецца, што ў беларускім ЦК аўтара «Брэсцкай крэпасці» пачулі?..

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.