Вы тут

Кіраўнік дзяржавы з рабочым візітам наведаў КНР


Новы працоўны тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, куды ён прыляцеў з рабочым візітам. Праграма візіту кіраўніка дзяржавы атрымалася насычанай. 


«Мы ведаем, што трэба нашым краінам»

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР СІ Цзіньпіна прайшла ва ўрадавай рэзідэнцыі Дзяоюйтай. «Рады ў дружалюбнай абстаноўцы абмеркаваць з Вамі актуальныя пытанні супрацоўніцтва. І, як гэта заўсёды было паміж намі, выказаць свой пункт гледжання на тыя ці іншыя праблемы міжнародных адносін. Развіццё ўсебаковага і ўсепагоднага стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая вызначана адзінствам нашых ідэалогій і самой логікай сусветных падзей і працэсаў, якія адбываюцца сёння, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнікі дзяржаў сустракаліся 1 сакавіка 2023 года, калі наш Прэзідэнт наведваў Кітай з дзяржаўным візітам. Беларускі лідар назваў тую сустрэчу лёсавызначальнай, якая задала дынаміку на ўвесь год. З сакавіка арганізавана больш за 120 розных узаемных візітаў. «І, што больш за ўсё радуе, — гэта візіты, якія звязаны з вытворчасцю, гандлёва-эканамічнымі адносінамі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што гістарычнае павышэнне ўзроўню адносін надало магутны імпульс паглыбленню традыцыйных напрамкаў, дало старт новым вектарам і механізмам супрацоўніцтва. 

«Беларусь была, ёсць і будзе надзейным партнёрам для Кітая. Думаю, ужо нікога ў Кітаі ў гэтым не трэба пераконваць. Усё гэта было на маіх вачах на працягу апошніх 30 гадоў, і нават больш: першы раз я прыехаў у Кітай, калі быў дэпутатам парламента», — заявіў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў шматгадовае знаёмства з Сі Цзіньпінам і сумесную работу над развіццём двухбаковых адносін.

«У нас вялікі вопыт, мы ведаем, што трэба нашым краінам. І мы вельмі многа ў гэтым плане зрабілі, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.- Мы даўно вызначыліся, што мы будзем супрацоўнічаць, жыць у дружбе з Кітаем. Як я ўжо сказаў, гэтай дружбе больш за 30 гадоў. І з гэтага шляху мы ні разу не звярнулі ні ўлева, ні ўправа», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за сустрэчу, адзначыўшы, што ў кітайскага лідара апошнім часам вельмі напружаны графік — вялікая колькасць міжнародных сустрэч, не гаворачы ўжо аб пытаннях унутранай палітыкі ў самім Кітаі.

«Абдумваючы гэты тэзіс, я падумаў: ну што ж, — гэта цяжар аднаго з лідараў нашай планеты. Таму я Вам вельмі ўдзячны за гэту сустрэчу, за аператыўнасць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

«Калі я рыхтаваўся да гэтага візіту і сваіх калег распытваў (размова пра нараду з кіраўніцтвам Урада і Адміністрацыі Прэзідэнта, на якой абмяркоўваліся ў тым ліку пытанні развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. — Зв) аб тым, што трэба зрабіць, што не рухаецца наперад, каб сказаць Старшыні пра гэта, мы не знайшлі ніводнага пытання, па якім не было б руху. Адзінае пытанне, якое я хацеў бы з Вамі абмеркаваць сёння, — гэта хуткасць», — сказаў ён. — Час настолькі спрасаваны. І ад нас (можа, на шчасце, можа, на жаль) гэта спрасаванасць не залежыць. Ён настолькі спрасаваны, што мы часам адстаём, не паспяваем. Гэта не толькі Кітай, Беларусь... Усюды так адбываецца ў свеце. І той, хто першы прыйдзе да сваёй мэты, той і будзе на вяршыні«, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У супольнасці адзінага лёсу

Прэзідэнт Беларусі ў час перагавораў заявіў аб падтрымцы вылучанай раней кітайскім лідарам канцэпцыі пабудовы Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва. «Вы толькі што сказалі пра „Пояс і Шлях“. Я даўно для сябе зрабіў выснову, што „Пояс і Шлях“ — гэта, як Вы сказалі, ужо не канцэпцыя сёння. Гэта практыка ўжо. Рэалізуемая. І ніхто сёння з гэтым не можа спрачацца, і ніхто не можа знайсці нават дробязь для таго, каб крытыкаваць. Самае галоўнае, што мэтай Вы вызначылі адзіны лёс чалавецтва. У адрозненне ад заходніх краін, якія спрабуюць раздзяліць усё на часткі, Вы паставілі адзіную мэту для ўсіх. Хто можа спрачацца з гэтым? Ніхто. Свет будзе за гэта ўдзячны Вялікаму Кітаю», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што беларускі бок вельмі зацікаўлены ў тым, каб Кітай быў магутнай дзяржавай, каб ён развіваўся. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, гэта зацікаўленасць тычыцца ўсёй краіны, таму што ў Кітаі жыве вялікая колькасць таленавітых працавітых людзей.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін у сваю чаргу заявіў, што кітайскі бок гатовы разам з беларускімі партнёрамі ўмацоўваць стратэгічнае ўзаемадзеянне ў імя стварэння Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва.

«Мой вялікі сябар, вельмі рады яшчэ раз Вас бачыць. У рамках Вашага дзяржаўнага візіту ў Кітай у канцы лютага і пачатку сакавіка бягучага года мы выйшлі на важныя дамоўленасці на карысць дынамічнага развіцця кітайска-беларускіх адносін. На кожным этапе ў нас атрымліваюцца новыя дамоўленасці. На працягу года ўмацоўваецца палітычны ўзаемадавер, міжнароднае ўзаемадзеянне. Відавочны новыя вынікі супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы «Пояс і Шлях», — сказаў кітайскі лідар.

Старшыня КНР канстатаваў, што калі 10 гадоў таму ініцыятыва «Пояс і Шлях» з’яўлялася канцэпцыяй, то цяпер да супрацоўніцтва ў яе рамках далучыліся больш як 140 краін і міжнародных арганізацый. Сі Цзіньпін падкрэсліў, што Беларусі пад моцным кіраўніцтвам яе Прэзідэнта ўдалося пераадолець уздзеянне розных негатыўных фактараў, захаваць сацыяльную гармонію і стабільнасць, ажыццявіць эканамічнае аднаўленне і рост, што заклала трывалую аснову для далейшага развіцця.

«Для Кітая захаванне стабільнасці і доўгатэрміновага развіцця вельмі важна. І мы атрымалі вялікія поспехі ў гэтай рабоце. У сучасным свеце адбываюцца тытанічныя перамены, узнікаюць новыя рызыкі і выклікі. Многае з таго, што адбываецца, для нас з’яўляецца нечаканым. Кітайскі бок гатовы разам з беларускімі партнёрамі ўмацоўваць стратэгічнае узаемадзеянне ў імя стварэння Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва», — заявіў кітайскі лідар. 

Пасля завяршэння перагавораў лідары краін абмяняліся падарункамі, пасля чаго прадоўжылі размову за рабочым абедам. Аляксандр Лукашэнка падарыў Сі Цзіньпіну некалькі мастацкіх вырабаў, якія сімвалізуюць Беларусь і беларуска-кітайскую дружбу. Сярод падарункаў — мастацка-дэкаратыўнае пано «Беларусь мая», на якім паказана прыгажосць беларускай прыроды і ўтульныя дамы на фоне дуброў і азёр. У ніжняй частцы пано размешчаны калоссе, кветкі лёну і валошкі, якія сімвалізуюць прыгажосць і багацце беларускай нацыі. Сімвалічна і скульптурная кампазіцыя «Беларуска-кітайская дружба. Адзін пояс — адзін шлях». У ёй знайшлі адлюстраванне як гісторыя, так і сучаснасць — ад каравана вярблюдаў да высакахуткасных паяздоў. А сімвалічны зямны шар утрымліваюць разам «Рукі дружбы». Акрамя мастацкіх вырабаў, Прэзідэнт Беларусі падарыў кітайскаму калегу эксклюзіўны набор шакаладных цукерак і кошык беларускіх прадуктаў. «Гэта прадукты, падобныя на тыя, што мы пастаўляем у Кітай. Але ўжо апошнія навінкі», — растлумачыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Адным з падарункаў Аляксандру Лукашэнку ад Сі Цзіньпіна стала шаўковая карціна з кітайскімі горнымі пейзажамі.

«А я толькі хацеў сказаць, каб Кітай падарыў нам карціну для Палаца Незалежнасці, якая ў цэнтры будзе стаяць. Вось гэта будзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, убачыўшы падарунак.

У агульнай колькасці Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін размаўлялі амаль чытары гадзіны. Пасля перагавораў лідараў была запланавана сустрэча на ўзроўні віцэ-прэм’ераў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць такую сустрэчу непасрэдна па ходзе перагавораў з Сі Цзіньпінам. Гаспадары ахвотна пагадзіліся. Дамоўленасці лідараў амаль адразу перайшлі на стадыю рэалізацыі. З беларускага боку ў сустрэчы прыняў удзел першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, з кітайскага — віцэ-прэм’ер Дзяржсавета КНР Лю Гочжун.

Трэба ўзмацняць, інтэнсіфікаваць студэнцкі абмен

Таксама ў графік Аляксандра Лукашэнкі было ўключана наведванне Пекінскага ўніверсітэта. У ВНУ беларускі лідар сустрэўся з сакратаром партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта, старшынёй педагагічнага савета, намеснікам старшыні камісіі па міжнародных справах Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Хаа Пінам. «Мы са Старшынёй (КНР) даўнія сябры. Таму што мы аднолькава ацэньваем абстаноўку ў свеце і аднолькава глядзім на сусветныя перспектывы. Пасля нашай сустрэчы перагаворы прадаўжаюцца ва Урадзе на ўзроўні віцэ-прэм’ераў. Усе нашы вялікія намеры, дамоўленасці трэба прызямліць, перавесці ў канкрэтныя праекты. Па даручэнні Сі Цзіньпіна і маім даручэнні віцэ-прэм’еры якраз гэтым займаюцца», — сказаў беларускі лідар. Ён таксама заявіў пра неабходнасць узмацняць камунікацыю паміж народамі дзвюх краін: «Сёння асаблівы акцэнт на гэтым зрабіў Старшыня КНР. Камунікацыю ўзмацняць паміж маладзёжнымі групамі, маладымі людзьмі ў цэлым. Таму што за імі будучыня».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на сустрэчы з Сі Цзіньпінам у тым ліку абмяркоўваліся пытанні студэнцкага абмену. «Нам трэба ўзмацняць, інтэнсіфікаваць гэты абмен. Трэба пашыраць супрацоўніцтва, не замыкацца толькі на біятэхналогіях. Нам трэба ў галіне хіміі, фізікі, матэматыкі... Ёсць цікавасць з боку Кітая наладжваць супрацоўніцтва», — адзначыў Прэзідэнт.

Хаа Пін расказаў, што ў 2015 годзе ў час дзяржаўнага візіту Старшыні КНР у Беларусь ён таксама знаходзіўся ў складзе дэлегацыі на пасадзе намесніка Міністра адукацыі і асабіста змог адчуць гасціннасць і дружбу з боку жыхароў Мінска. «Вы нагадалі перадгісторыю нашых адносін. Адна са старонак звязана з вамі. Гэта вельмі прыемна. Вы ведаеце Мінск, былі ў Мінску. Значыць, нам лягчэй будзе ўжо ў сферы адукацыі інтэнсіфікаваць нашы кантакты», — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе цяперашняга візіту каля чатырох гадзін размаўляў са сваім вельмі добрым і даўнім сябрам Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. «Ён успамінаў, калі мы сустрэліся ў Мінску ўпершыню. Ён быў намеснікам Старшыні і наведваў Мінск. І мне вельмі прыемна было, што ён памятае нават нюансы нашай сустрэчы», — сказаў Прэзідэнт.

У час наведвання ўніверсітэта кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у трэніроўцы і таварыскім матчы з хакейнай камандай ВНУ. «Згодна з планам сёння адбудзецца хакейны матч. Многія нашы хакеісты ноч не спалі, хвалююцца. Наш універсітэт у розны час прымаў больш за 70 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Але, мабыць, гэта першы раз, калі кіраўнік замежнай дзяржавы згуляе ў хакейны матч з нашымі студэнтамі», — гаварыў Хаа Пін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік беларускай дзяржавы выйшаў на лёд пад легендарную песню «Касіў Ясь канюшыну».

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.