Вы тут

Што абмяркоўвалі на форуме Саюза юрыстаў


Пытанні лічбавізацыі ўсіх сфер эканомікі; абарона нацыянальнай бяспекі; рэалізацыя канцэпцыі прававой палітыкі, прынятай два дні таму; ахова персанальных даных (у тым ліку ў кіберпрасторы); стварэнне прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў юрыдычнай сферы. Гэтыя і шмат якія іншыя кірункі развіцця права цягам двух дзён абмяркоўвалі спецыялісты ў рамках 22 тэматычных секцый і пленарнага пасяджэння падчас правядзення форуму Саюза юрыстаў «Права ў сучасным свеце».


Дзяржаўна-прыватнае партнёрства

Права — не проста рэгулятар грамадскіх адносін, але і адзін з найважнейшых фактараў забеспячэння нацыянальнай бяспекі, дзяржаўнага будаўніцтва, сацыяльна-эканамічнага развіцця і кансалідацыі грамадства вакол базавых каштоўнасцяў, якія замацаваны ў Канстытуцыі, адзначалі ўдзельнікі форуму.

Форум праходзіць у незвычайны час, які трансфармуецца. Мяняецца міжнародны парадак дня, эканамічныя адносіны, адпаведна, права павінна адлюстроўваць актуаліі і чуйна рэагаваць як на ўнутрырэспубліканскія змены, так і на міжнародныя адносіны, адзначыла Вольга Чупрыс, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта:

— Саюз юрыстаў імкнецца быць у трэндзе, таму сёлета ён правёў абгрэйд сваёй пляцоўкі і адлюстраваў на форуме ўсе найбольш актуальныя пытанні: захаванне гістарычнай памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, суверэнітэце Беларусі, прымяненне блакчэйн-тэхналогій, лічбавізацыя, эканамічныя праваадносіны, звязаныя з прымяненнем медыяцыі і новых форм гаспадарчага працэсу. Было разгледжана шмат пытанняў, якія датычацца маладзёжнай тэмы.

Юрысты працуюць у многіх сферах, забяспечваюць інтарэсы як прыватнага бізнесу, так і дзяржаўныя. І вельмі важна сумясціць гэтыя інтарэсы. Пляцоўка Саюза юрыстаў мусіць стаць месцам, дзе будзе дасягнута дзяржаўна-прыватнае партнёрства, удакладніла спікер:

— Усе прапановы павінны быць не рэвалюцыйнымі, а забяспечваць паступовае трансфармаванне грамадскіх адносін, інакш настане хаос. На ўсе змены, якія нам падкідвае жыццё, трэба тэрмінова рэагаваць, практычна без аглядкі на інтарэсы іншых дзяржаў прымаць тыя рашэнні, якія важныя для нас.

Лічбавізацыя адміністрацыйных працэдур адбываецца для таго, каб паставіць тэхналогіі на службу грамадзян. Сёння ў закон «Аб асновах адміністрацыйных працэдур» прыняты чарговыя змены, якія ў найбліжэйшы час будуць падпісаны, выказала надзею Вольга Чупрыс.

Натарыят у лічбе

Мяркуецца, што да 2030 года практычна ўсе натарыяльныя дзеянні (для тых грамадзян, якія захочуць атрымліваць іх з канапы) могуць быць пераведзены ў лічбавы фармат. А вось дзевяць натарыяльных дзеянняў, якія можна будзе здзяйсняць аддалена, з’явяцца ў найбліжэйшыя паўгода ў рамках адкарэкціраванага Закона «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці», які рыхтуецца парламентам да другога чытання. Натарыят убудоўваецца ў сістэму лічбавізацыі ўсіх сфер грамадскіх адносін і ў пэўным сэнсе выступае драйверам фарміравання лічбавага асяроддзя, таму што аўтаматызацыя працэсаў у рамках натарыяльнай дзейнасці і здзяйснення натарыяльных дзеянняў даўно распачата, адзначыла Наталля Барысенка, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты (БНП):

— Гэта, у прыватнасці, прыняцце ў дэпазіт грашовых сродкаў і каштоўных папер, выдача дублікатаў натарыяльных дакументаў, пасведчанняў аб праве на спадчыну, пасведчанняў аб праве ўласнасці. Без наведвання натарыуса можна будзе таксама забяспечваць пісьмовыя доказы для вядзення спраў у судах, а таксама сведчыць дакладнасць перакладу дакумента з адной мовы на іншую.

Важна стварыць максімальна камфортныя ўмовы для тых, хто зацікаўлены ў атрыманні натарыяльных дзеянняў і пры гэтым не згубіць у якасці. Варта, пэўна, нівеліраваць некаторыя моманты, якія могуць быць выкліканы так званай лічбавай няроўнасцю, бо мы працуем не толькі з моладдзю, але з людзьмі паважанага ўзросту, якія не настолькі добра разумеюць, што такое лічба ці гаджэт і, магчыма, не ведаюць, як можна націснуць на кнопку, каб пагрукацца ў пэўны дзяржорган, каб вырашыць пэўнае пытанне, удакладніла старшыня БНП:

— Аўтаматызацыя — гэта добра, аднак важна, каб інфармацыйныя тэхналогіі не падмянілі сабой адносіны паміж спецыялістам і зацікаўленым бокам, падчас якіх павінны быць выяўлена сапраўдная воля і намер боку па дасягненні пэўнага прававога выніку. А натарыус павінен мець магчымасць данесці да ўдзельніка натарыяльнага дзеяння тыя прававыя наступствы адносна самога сябе, якія ён панясе ў выніку сваіх дзеянняў.

Абмеркаваць, выпрацаваць, рэалізаваць…

Мяркуючы па коле ўдзельнікаў, шырыні тэм і пытанняў, якія ўздымаліся, форум стаў пляцоўкай для прафесійнага абмеркавання юрыдычнай суполкай актуальных пытанняў удасканалення прававога рэгулявання, правапрымяняльнай практыкі і актыўнага абмену вопытам, падвёў вынікі двухдзённай работы Валерый Міцкевіч, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў:

— На жаль, сёння прававыя сістэмы многіх дзяржаў і сама сістэма міжнароднага права падвяргаюцца спробам, як мінімум, іх дэвальваваць, а як максімум — падпарадкаваць інтарэсам асобных сацыяльных груп і дзяржаў. Гэта вядзе да таго, што абараняць ужо трэба не правы чалавека і грамадзяніна, а само наша права. Таму важна забяспечыць захаванне каштоўнасці ролі права ў грамадстве. Актыўнае ўдасканаленне заканадаўства ва ўсіх сферах адбываецца і ў нашай айчыннай сістэме права, якое базіруецца выключна на нацыянальных інтарэсах.

У рамках работы секцыі «Суверэнітэт і права», напрыклад, цэнтральнае месца заняла тэма народаўладдзя як найвышэйшая форма ўдзелу грамадзян у кіраванні справамі дзяржавы. Менавіта ўмацаванне ролі прадстаўнікоў дэмакратыі стала найважнейшым вынікам канстытуцыйнай рэформы ў краіне. Абмеркаваны практычныя аспекты рэалізацыі зацверджанай кіраўніком дзяржавы Канцэпцыі прававой палітыкі, а таксама асноўныя палажэнні праекта Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, які будзе вынесены на разгляд першым складам Усебеларускага народнага сходу.

Секцыя «Правасуддзе і абарона правоў грамадзян» была прысвечана абмеркаванню актуальных пытанняў дзейнасці Канстытуцыйнага суда і судоў агульнай юрысдыкцыі па рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону. Абноўленая Канстытуцыя і прынятыя парламентам цягам 2022–2023 гг. законы выклікалі ўключэнне ў прававую сістэму краіны новых механізмаў судовай абароны грамадзян.

Укараненне ва ўсе сферы дзейнасці лічбавых тэхналогій выводзяць на першы план пытанні лічбавізацыі дзяржаўнага ўпраўлення і фінансаў, абароны персанальных даных, супрацьдзеяння правапарушэнням у сферы высокіх тэхналогій, якія і сталі галоўным на секцыі «Лічбавае права». Яе спікеры адзначылі, што дзяржаўная палітыка Беларусі ў галіне лічбавізацыі скіравана на забеспячэнне ўкаранення лічбавага ўрада і развіццё лічбавай эканомікі. Адбыўся таксама прадметны дыялог прадстаўнікоў праваахоўных органаў і суб’ектаў сэрвісаў электронных паслуг. Прааналізаваны існуючыя праблемы і магчымыя рызыкі ў гэтай сферы, а таксама шляхоў супрацьдзеяння кіберпагрозам, якія пастаянна павялічваюцца.

На секцыі «Прававыя механізмы абароны правоў і інтарэсаў дзяцей і моладзі» сумесна абмяркоўвалі натарыусы, адвакаты, медыятары, пракуроры. Размова датычылася, напрыклад, таго, як дзяржава стварае механізмы па самаразвіцці ў частцы навучання, спорту, навуковай і творчай дзейнасці. У гутарцы закранулі таксама пытанні забеспячэння абароны маёмасных правоў непаўналетніх, якія ўдзельнічаюць у грамадзянскім абароце. Іх інтарэсы павінны быць забяспечаны, адзначыла Наталля Барысенка:

— Нас як натарыусаў цікавіць, якія механізмы існуюць па замяшчэнні адсутнай недзеяздольнасці непаўналетніх (да 18 гадоў яны не маюць поўнай дзеяздольнасці). У прыватнасці, абмяркоўвалі функцыі органаў апекі і папячыцельства для забеспячэння інтарэсаў непаўналетніх. У рамках секцыі выпрацавалі пытанні, якія будзе неабходна рэгуляваць у тым ліку і на ўзроўні заканадаўства.

Падсумоўваючы вынікі двухдзённай работы, удзельнікі форуму адзначалі, што падобных выпрацаваных сумесна прапаноў шмат і далейшае ўдасканаленне прававых стасункаў у краіне працягнецца.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.