Вы тут

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната


Трэцяга снежня ў Беларусі адзначаюць Дзень інвалідаў, але такія людзі, як правіла, вельмі не любяць гэта азначэнне і ўсё жыццё імкнуцца даказаць грамадству, што яны такія ж, як і ўсе. У гісторыі ёсць нямала прыкладаў, калі людзі з абмежаванымі магчымасцямі дасягалі высокіх творчых, навуковых і спартыўных вяршынь, выкарыстоўваючы развітыя яшчэ ў дзяцінстве здольнасці. Такія імёны беларускай і сусветнай велічыні ёсць і ў летапісе Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната, якая амаль паўстагоддзя выпускае ў дарослае жыццё моцных і сацыялізаваных дзяцей з парушэннямі слыху.


Пя­ці­клас­ні­кі Алі­са Вась­ко­віч і Свя­та­слаў Дуб­коў на ка­рэк­цый­ных за­ня­тках.

Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе: урокі ў першай палове дня, спартыўныя спаборніцтвы, тупат на школьным калідоры... Адзінае, што адрознівае ўстанову ад іншых — цішыня, адзіночныя школ

Звычайны расклад незвычайных людзей

Віцебская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей са слабым слыхам і познааглухлых пачала свой шлях у 1977 годзе. З 2004 да 2012 года ў школе працавалі класы для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата, тады заняткі праходзілі на партах-лежаках.

А з верасня 2023 года па шматлікіх просьбах бацькоў тут пачалі навучацца дзеці з парушэннямі аўтыстычнага спектру.

Цяпер у школе-інтэрнаце навучаюцца 92 чалавекі ва ўзросце ад 3 да 19 гадоў. Адукацыйны працэс будуецца на трох ступенях: пачатковая школа (1—5 клас), базавая (6—10 клас) і сярэдняя (11—12 клас) — з улікам індывідуальных асаблівасцяў кожнага дзіцяці. Спецыяльная ўстанова з'яўляецца адзінай у паўночным рэгіёне, таму яе выхаванцы — жыхары не толькі горада Віцебска, але і іншых раёнаў вобласці. Трапіць у школу можна толькі па накіраванні з Цэнтра карэкцыйнага навучання, і чарга з бацькоў, чыім дзецям трэба такая дапамога, даволі вялікая. Тут, дзякуючы багатаму вопыту педагогаў, напрацаваным методыкам і сучаснаму карэкцыйнаму абсталяванню, запускаюць мову дзецям, якія не чуюць зусім. І гэта, лічыць дырэктар установы Алена Акімава, вышэйшы пілатаж кожнага члена вялікага калектыву.

Дзеці з горада штодзень пасля заняткаў вяртаюцца дадому, навучэнцы з аддаленых раёнаў жывуць ў інтэрнаце па некалькі тыдняў і прыязджаюць да бацькоў на выхадныя і канікулы, а для пяцярых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся без апекі бацькоў, інтэрнат стаў домам... Дзеці пражываюць у трохспальных пакоях, для ўсіх — карэкцыйныя заняткі, спартыўная і трэнажорныя залы, бібліятэка, працоўныя майстэрні і гурткі па інтарэсах. Адным словам, створаны камфортныя ўмовы для таго, каб атрымліваць веды, развіваць здольнасці і ўваходзіць у самастойнае жыццё. Для гарадскіх навучэнцаў арганізаваны падвоз, ён, як і харчаванне, пражыванне, падручнікі, бясплатны.

Але дапамога і падтрымка патрэбны не толькі дзецям з асаблівасцямі здароўя, але і іх бацькам. Часта ў сям'і, дзе нарадзілася дзіця з парушэннем слыху, дарослыя не ведаюць, як наладзіць з ім зносіны. Асвоіць жэставую мову самастойна складана, да таго ж некаторыя затрымліваюцца ў стадыі непрыняцця сітуацыі. Акрамя вялікай псіхалагічнай работы, якую праводзіць педагагічны калектыў школы з бацькамі, на базе інтэрната працуюць бясплатныя курсы жэставай мовы для ўсіх ахвотных.

Алена Валер'еўна Акімава ўзначальвае інтэрнат пяты год. Дырэктар прызнаецца, што раней не працавала з асаблівымі дзецьмі і першы год быў самым складаным, але любыя цяжкасці загартоўваюць як дарослых, так і дзяцей. «За гэтыя гады мы змаглі ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу: у снежні 2022 года з дапамогай спонсараў былі адкрыты два новыя кабінеты інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, абноўлена спартыўная база. Хочацца выказаць словы падзякі нашым спонсарам, кіраўнікам арганізацый, якія працягваюць руку дапамогі. Мы імкнёмся зрабіць усё магчымае, каб дзецям было камфортна вучыцца, і гэта дае пэўныя вынікі: нашы выхаванцы з парушэннямі слыху пасля заканчэння дашкольнага аддзялення паспяхова вучацца ў звычайнай школе. Мы дапамагаем кожнаму выпускніку, суправаджаем яго, і перамога нашага калектыву ў тым, што ўсе дзеці, якія выйшлі з гэтых сцен у самастойнае жыццё, сталі дастойнымі людзьмі», — адзначае Алена Валер'еўна.

Аўтарытэт пацверджаны гадамі

Канешне, установа спецыяльнай адукацыі не была б такой вядомай без напрацаванага за доўгія гады аўтарытэту. Для многіх педагогаў, якія дзень за днём без рэшты аддаюць сваё сэрца дзецям, інтэрнат — адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Настаўнік жэставай мовы і геаграфіі Інэса Яўгенаўна Гічэўская за 24 гады выпусціла не адно пакаленне вучняў. Спачатку была выхавацелем, а пасля атрымала другую адукацыю па спецыяльнасці «Сурдапедагогіка» і стала вучыць малых мове іх зносін. Яе цяперашнія вучні — 40 чалавек з шостага па дванаццаты класы. Менавіта яна і вядзе курсы жэставай мовы для бацькоў, настаўнікаў з іншых школ і студэнтаў. Інэса Яўгенаўна разважае, што ніколі не думала змяніць прафесію.

На­стаў­нік жэс­та­вай мо­вы і геа­гра­фіі Ін­эса Гі­чэў­ская са сва­і­мі вуч­ня­мі.

Калі на карэкцыйных занятках у настаўніка-дэфектолага Вікторыі Віктараўны Агеевай гучна, то гэта значыць, што патрэбны эфект дасягнуты. Праз мікрафон, узмацняльнік гуку і навушнікі дзеці вучацца развіваць вуснае маўленне і гукавое ўспрыманне. У пяцікласніцы Алісы Васьковіч, якая жыве ў інтэрнаце з маленства, значныя поспехі: нягледзячы на артыкуляцыю настаўніцы, дзяўчынка паўтарае сказы слова ў слова! І гэта Вікторыю Віктараўну не можа не радаваць, бо яна, як ніхто, за 25 працоўных гадоў ведае, што з такіх маленькіх перамог будуецца сцяжынка ў шчаслівае жыццё кожнага вучня. Дэфектолаг са стажам з'яўляецца таксама кіраўніком рэсурснага цэнтра па метадычнаму забеспячэнню адукацыйнага працэсу, развіццю творчых здольнасцяў і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з парушэннямі слыху, які працуе на базе інтэрната. Сваімі напрацоўкамі педагогі дзеляцца з настаўнікамі з іншых школ, праводзяць кансультацыі для бацькоў. Цесна інтэрнат супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, Акадэміяй сувязі, паспяхова развівае міжведамасныя ўзаемаадносіны.

На працягу пятнаццаці гадоў ва ўстанове адукацыі выпускнікі акрамя пасведчання атрымліваюць працоўныя спецыяльнасці. Так, у рамках прадмета «Працоўнае навучанне» хлопцы і дзяўчаты 11-12 класаў могуць за два гады асвоіць спецыяльнасці сталяра і швачкі, прычым, як паказвае практыка, ахвотна асвойваюць швейнае майстэрства і хлопцы. Галоўнае — зацікавіць і натхніць дзяцей, так лічыць настаўнік Таццяна Уладзіміраўна Чарапок, якая больш за 20 гадоў адкрывае сваім выхаванцам дзверы ў швейны свет. Ужо ў 14 гадоў яе вучні ўмеюць ствараць на машынцы простыя рэчы побыту, старэйшыя шыюць пасцельную бялізну, шторы. Ад Цэнтра занятасці і сацыяльнай абароны вучняў працаўладкоўваюць, заводзяць ім працоўныя кніжкі, і за год кожны адпрацоўвае па 10–20 дзён, напрыканцы школы ў кожнага ёсць працоўны стаж і дадатковы заробак. Дзякуючы моцнай тэхнічнай базе, якая створана ў швейнай майстэрні, такую прафесію тут асвойваюць і вучні з іншых устаноў адукацыі горада. Асабліва ганарацца дзеці і іх настаўніцы дасягненнямі школьнага тэатра мод, касцюмы для якога ствараюцца калектыўна. Апошняй перамогай у скарбонцы ўстановы стаў дыплом спецыяльнага моднага паказу «Каляровыя сны», які праходзіў у Мінску. Ёсць у інтэрнаце і кулінарная майстэрня, каб выхаванцы вучыліся абслугоўваць сябе ў побыце, і ўтульная гасцёўня, дзе адной вялікай сям'ёй сустракаюць святы і дні нараджэння.

У сталярнай майстэрні сярод безлічы станкоў і дрэваапрацоўчых прылад нас сустракае Іна Юр'еўна Панічэўская. Яна працуе ў інтэрнаце з 1995 года. Навучае дзяцей усім этапам дрэваапрацоўкі, стварае з імі творы мастацтва, якія не аднойчы станавіліся прызёрамі абласных конкурсаў. «Нашы дзеці ўмеюць працаваць на любым станку, з любым электраінструментам. Некаторыя так захапляюцца сталярным рамяством, што звязваюць з гэтай галіной прафесію. Вучу выхаванцаў беражлівасці, заўсёды падкрэсліваю, што кожны з іх — мастак», — дзеліцца прынцыпамі работы Іна Юр'еўна.

Вялікае значэнне ў інтэрнаце надаюць спартыўнай падрыхтоўцы. Гэта, прызнаецца кіраўнік фізічнага выхавання Уладзімір Сяргеевіч Палчанінаў, не заўсёды проста: трэба пільна сачыць за нагрузкамі ў залежнасці ад дыягназу дзяцей, накіроўваць звышактыўнасць у карыснае рэчышча. На базе школы рэгулярна праводзяцца таварыскія матчы і спаборніцтвы з вучнямі 26-й школы, студэнтамі ВДУ, часта выхаванцы выязджаюць у іншыя ўстановы. «Гэта не толькі фізічная загартаванасць, але і карысны абмен вопытам. Нашы вучні з асаблівасцямі здароўя камфортна адчуваюць сябе з аднагодкамі, кожны раз пацвярджаючы, што яны такія ж, як і ўсе», — расказвае Уладзімір Сяргеевіч. За 18 гадоў работы з-пад яго трэнерскай рукі выйшлі вядомыя спартсмены: дэфалімпійская чэмпіёнка Каця Белая, лёгкаатлет, чэмпіён Еўропы Данііл Дзігалевіч і іншыя. Сёння ў інтэрнаце, акрамя спартыўнай, ёсць дзве трэнажорныя залы, мноства спартыўнага інвентару і вера ў тое, што пэўныя складанасці ў жыцці толькі загартоўваюць на шляху да вяршыняў.

З улікам таго, што большасць дзяцей знаходзіцца ў інтэрнаце кругласутачна, на базе ўстановы створаны цэлы медыцынскі блок, дзе працуюць свае ўрачы: неўролаг, артапед, педыятр.

У залежнасці ад захворвання навучэнцы наведваюць масаж, электра- і святлолячэнне, атрымліваюць прышчэпкі і неабходную медыцынскую дапамогу нават ноччу.

Патрыятычнае выхаванне — яшчэ адна неад'емная частка адукацыйнага працэсу. У 1941 годзе падчас Вялікай Айчыннай вайны побач з будынкам школы-інтэрната размяшчаўся канцлагер для афіцэраў і палітработнікаў Чырвонай Арміі. Напамінам аб тых ваенных падзеях сёння з'яўляецца камень, які былы дырэктар установы перанёс з балоцістай мясцовасці на тэрыторыю школы. Штогод навучэнцы ў Дзень Перамогі ўскладаюць да яго кветкі і сустракаюцца з дачкой Бацькі Міная Зінаідай Шмыровай, якая даўно сябруе з інтэрнатам. Тым больш, што і вуліца, на якой размяшчаецца ўстанова адукацыі, носіць імя легендарнага камбрыга.

Толькі разам

У школе-інтэрнаце створаны ўсе ўмовы, каб кожны з выхаванцаў адчуваў сябе як дома. Вясной адной вялікай сям'ёй дзеці пад кіраўніцтвам педагогаў апрацоўваюць невялікі гародчык, на якім летась вырасцілі нават гарбузы. Разам радуюцца поспехам і змагаюцца з няўдачамі, разам адзначаюць святы, нават для пяці выхаванцаў-сірот, якія ў навагоднюю ноч застаюцца ў школе.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Там, дзе чуюць без слоў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.