Вы тут

Гэтым словам Лукашэнкі апладзіравалі стоячы. Поўная прамова Прэзідэнта на кліматычным саміце ў Дубаі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 снежня выступіў на пленарным пасяджэнні Сусветнага саміту па барацьбе са змяненнем клімату. У час сваёй прамовы кіраўнік дзяржавы, відаць, адышоў ад запланаваных тэзісаў і дадаў рэзкасці свайму выступленню. У выніку словам беларускага лідара заапладзіравалі ў зале (магчыма, за выключэннем першых выступоўцаў — пра іх Аляксандр Лукашэнка выкажацца пазней). І гэта былі ўжо не радавыя апладысменты, якія гучаць у падзяку кожнаму выступоўцу, — кіраўніку нашай дзяржавы апладзіравалі стоячы. Прыводзім выступленне Прэзідэнта Беларусі цалкам.


Фота: БелТА

Спадар старшыня!

Паважаныя ўдзельнікі нашага форума!

Перш за ўсё традыцыйна хачу падзякаваць кіраўніцтву Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў за гасціннасць і высокі ўзровень арганізацыі гэтай канферэнцыі. Няпростай канферэнцыі, на якую прыбыло толькі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў больш, чым прыязджае на сесію Генеральнай Асамблеі ААН.

Сёння мы, лідары дзяржаў свету, гаворым аб будучыні планеты Зямля — нашага агульнага дома. Іншага дома ў нас не было і не будзе. Гаворым аб будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў. Аб будучыні ўсіх, хто прыйдзе ў гэты свет пасля нас.

Мы прадстаўляем розныя культуры, розныя сістэмы каштоўнасцяў, розныя цывілізацыі. Але мы адзіныя перад абліччам глабальнага выкліку, які кінула нам сама прырода.

Клімат мяняецца. Навукоўцы робяць самыя змрочныя прагнозы. Тое, што мы чуем іх і рэагуем, вельмі прагрэсіўна. Але каб эфектыўна супрацьстаяць пагрозе, неабходна шчыра і адкрыта назваць яе першапрычыны.

Перш за ўсё гэта адсутнасць пачуцця меры ў імкненні да геапалітычнай, у тым ліку ваеннай (я б сказаў, перш за ўсё ваеннай), перавагі тых, хто правакуе і распальвае агмені войн у розных кутках планеты. А войны з’яўляюцца галоўнай крыніцай бруду на нашым кантыненце. Гэта прага нажывы, якая ператварае прыродныя рэсурсы ў асабісты капітал і абкрадвае будучыя пакаленні. Гэта спробы прыбраць са свайго шляху краіны, якія перашкаджаюць падпарадкаваць увесь свет, і разбурыць, выцягнуўшы з зямлі ўсе сокі. І робіцца ўсё часам нібыта ў мэтах устойлівага развіцця (ёсць такая праграма ў ААН).

Беларусь паводле Парыжскага пагаднення ў поўнай меры выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы і нават перавыконвае іх. Мы аказваем бясцэнныя экасістэмныя паслугі нашаму кантыненту, захоўваючы ўнікальную крыніцу кіслароду — натуральныя балоты, лясы, лёгкія Еўропы. Развіваем зялёную і атамную энергетыку, мінімізуючы рызыкі змены клімату.

Парадаксальна, але ў адказ атрымліваем новыя эканамічныя санкцыі, бар’еры ў міжнародным гандлі, абмежаванне доступу да тэхналогій. І не толькі мы.

Час прызнаць: зялёны парадак дня бессэнсоўны ва ўмовах канфрантацыі. Ён патрабуе павагі да суверэнітэту краін і безумоўнай справядлівасці.

Нельга ціснуць палітычных апанентаў санкцыямі і ў той жа час патрабаваць затратных для нацыянальных эканомік рашэнняў. Рашэнняў, ад якіх залежыць чысціня ўсёй атмасферы, усіх грунтавых вод і сусветнага акіяна. І яшчэ: як можна чакаць дарагіх эфектыўных мер па захаванні клімату ад краін і народаў, якія да гэтага часу не акрыялі ад каланіяльнага прыгнёту?

Зыходзячы з гэтага, Беларусь заклікае ўсіх, хто абавязаны ўзяць на сябе цяжар гістарычнай адказнасці: першае — уносіць суразмерны ўклад у вырашэнне пытанняў кліматычнай бяспекі за ўсе стагоддзі бяздумнага стаўлення да прыроды; па-другое, узмацніць падтрымку краін, якія сталі на шлях развіцця, і дзяржаў з пераходнай эканомікай; трэцяе — перастаць выказваць «заклапочанасць» і пачаць дзейнічаць у імя захавання жыцця на Зямлі.

Напэўна, у чарговы раз мы тут сабраліся і ў чарговы раз выкажам сваю заклапочанасць, на жаль. Праз тыдзень усё забудуцца. У нас няма маральнага права жыць толькі для сябе. Мы павінны зазіраць за гарызонт, паважаць законы прыроды і ствараць аснову для працягу чалавечага роду тут і цяпер На нашай планеце. Іншага дома ў нас няма і не будзе.

І напрыканцы. Усе аратары, асабліва аратары з выступоўцаў, якія выступалі тут першымі, заклапаціліся: а дзе ўзяць грошы? Ды кіньце вы. Нават журналіст, які сядзіць тут, вам скажа, дзе ўзяць грошы. Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба зазірнуць у нядаўнюю гісторыю. Прыклад. Каб знішчыць Ірак і Афганістан і прыўнесці ў гэтыя краіны «дабро» для народаў, патрачана, паводле ацэнак, ад паўтара да двух трыльёнаў долараў. Ірак і Афганістан абышліся агрэсару каля двух трыльёнаў долараў. А палічыце, колькі грошай пайшло на тое, каб абараніць гэтыя краіны? А колькі людзей загінула? Гэта ў доларах не ацэніш. Сёння ідзе вайна ва Украіне. Гэта ўжо не паўтара-два трыльёны долараў. Гэта ўжо абыдзецца ў пяць трыльёнаў долараў, калі ўдасца дамовіцца найбліжэйшым часам аб міры.

Чаму сёння няма міру ў гэтай частцы планеты? Таму што тыя аратары, якія выступалі ў першых шэрагах, гавораць і аб міры, гавораць аб тым, каб планета была чыстай, заклапаціліся аб унуках, а ў той жа час развязалі і вядуць самую страшную вайну на планеце.

А на Блізкім Усходзе колькі будзе каштаваць бойня? А калі ўспыхне ў Ціхім акіяне? Гэта трыльёны, трыльёны долараў. Дык давайце іх накіруем на чысціню планеты. І не трэба будзе шукаць, як у нас кажуць, «па завуголлі» гэтыя грошы.

Мы тут сабраліся дзеля таго, каб чарговы раз выказаць заклапочанасць. А тыя, што тут выступалі ў першых шэрагах, «заклапочаныя за ўнукаў», яны ж вядуць гэтыя войны. А войны — гэта страшнае забруджванне планеты. Давайце гэта спынім. Таму самае галоўнае — нам трэба навучыцца казаць менш слоў, а больш рабіць.

Я разумею: калі мы прымем нейкую дэкларацыю ці мемарандум, як у нас заўсёды бывае, мы наўрад ці нечага даб’емся. Як тут казалі, ізноў жа, у пачатку выступоўцы, 80% бруду на планеце гэта ад 20 вядучых дзяржаў. Давайце ў сваю дэкларацыю, спадар старшыня, запішам не заклапочанасць, а запатрабуем ад іх скараціць хаця б напалову выкіды ў атмасферу. Мы гэтага не зробім. Дык чаго сабраліся? Вось яны грошы, жывыя грошы. 10 трыльёнаў долараў, якія мы можам, спыніўшы войны, накіраваць на ачышчэнне нашай планеты.

І давайце дзейнічаць. Не пачнем дзейнічаць — прырода прымусіць нас жыць па яе законах.

Дзякуй вам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.