Вы тут

Будаўнічая сфера ў зоне павышанай увагі дзяржавы


У Камітэце дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці праверылі, як вядзецца рэалізацыя рэспубліканскай і абласной інвестыцыйных праграм, а таксама будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай.


Фота: pixabay.com

— Ёсць шэраг станоўчых тэндэнцый у будаўнічай галіне за 2023 год. Напрыклад, за дзевяць месяцаў тэмп росту будаўніча-мантажных работ у параўнанні з мінулагоднім перыядам склаў амаль 110%, падрадных работ з пачатку студзеня — амаль 116%. Завершана будаўніцтва шэрагу значных аб’ектаў як сацыяльнай, так і вытворчай сферы. Разам з тым Камітэтам дзяржкантролю выяўлены недахопы ў рабоце будаўнічай галіны, у прыватнасці незаконнага і залішняга выкарыстання бюджэтных сродкаў, — паведаміў старшыня КДК Гродзенскай вобласці Анатоль Дарошка.

Сёлета арганізацыі будаўнічай галіны вобласці, па даных кантралёраў, завысілі аб’ёмы і кошт будаўніча-мантажных работ на 1,5 мільёна рублёў.

Значныя парушэнні кантралёры знайшлі ў ходзе рэалізацыі інвестпраграмы па рэканструкцыі бальніцы пад паліклініку ў Астраўцы. Праверкі, якія вяліся на працягу года, устанавілі завышэнне кошту на суму амаль 200 тысяч рублёў.

— Шэраг парушэнняў датычыцца незаконнага атрымання бюджэтных сродкаў. Такія факты, у прыватнасці, выяўлены на аб’ектах сацыяльна-культурнага значэння і інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Асаблівая ўвага надавалася аб’ектам новага мікрараёна Грандзічы ў абласным цэнтры, дзе вядзецца актыўная забудова. Гэта школа, дзіцячы садок, пажарнае дэпо і ўся адпаведная інфраструктура. Вынікі праверкі выявілі завышэнне на суму 450 тысяч рублёў, — расказаў начальнік аддзела кантролю будаўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі КДК Гродзенскай вобласці Мікалай Куц.

Ён падкрэсліў, што да парушальнікаў прымаліся адпаведныя меры, у выніку якіх суб’ектамі гаспадарання вярталіся незаконна атрыманыя бюджэтныя сродкі, прычым з працэнтамі.

У рэгіёне з пачатку года ўведзена звыш 305 квадратных метраў жылля, што забяспечвае выкананне задання па ўводзе агульнай плошчы. Але ёсць праблемы з заданнем па жыллі, якое будуецца з дзяржпадтрымкай. Цяпер яго ўведзена 79 тысяч «квадратаў», што складае 78,4% задання дзевяці месяцаў і 51% гадавога аб’ёму. У вобласці тры шматкватэрных дома будуюцца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў. Яшчэ 128 аб’ектаў знаходзяцца ў стане звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, амаль палова з іх у такой сітуацыі цягам больш за пяць гадоў. У некаторых раёнах зацягваюцца тэрміны па засяленні арэнднага жылля.

У КДК закранулі і праблему будаўнічых кадраў. Не ва ўсіх раёнах удаецца захаваць будаўнічыя арганізацыі і забяспечыць іх эфектыўную работу.


У тэму

У жылых забудовах рэгіёна становяцца папулярнымі электрадамы і таўнхаусы

У Гродзенскай вобласці за 10 месяцаў пабудавана ў два разы больш жылля «на электрычнасці», чым за такі перыяд мінулага года. Гадавое заданне ўжо выканана амаль на 120%. Большая частка — 46,5 тысячы «квадратаў» — прыходзіцца на шматкватэрныя дамы, яшчэ 13 тысяч — на індывідуальныя забудовы.

Як паведамілі ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтву Гродзенскага аблвыканкама, найбольш актыўна электрадамы ўзводзяцца ў гродзенскім мікрараёне Грандзічы-4. Тут ва ўсіх новабудоўлях выкарыстоўваецца выключна электрычная энергія. Сёлета ў мікрараёне ўведзены ў эксплуатацыю два шматпавярховікі на 114 і 158 кватэр. Дамы будаваліся з дзяржпадтрымкай, таму прыярытэтнае права на жыллё атрымалі шматдзетныя сем’і, сем’і ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх службовых асоб. Да канца года мяркуецца завяршыць будаўніцтва яшчэ двух электрадамоў, на 190 кватэр кожны.

Жылыя дамы з электрычным ацяпленнем і гарачым водазабеспячэннем атрымалі распаўсюджванне і па вобласці. Дарэчы, першы электрадом быў пабудаваны ў Слоніме, а сёлета аналагічны дом ужо здадзены тут у эксплуатацыю. У канцы года плануецца ўвесці ў строй яшчэ адзін шматпавярховік на 105 кватэр. Таксама электрычныя дамы здадзены сёлета ў гарадскім пасёлку Зэльва. Дарэчы, такім чынам тут завяршылі даўгабуд. Электрадамы з’явіліся ў горадзе Бярозаўка Лідскага раёна, аграгарадку Васілішкі Шчучынскага раёна. А вось індывідуальныя дамы такога тыпу найбольш актыўна будуюць у Гродне, Гродзенскім, Смаргонскім, Лідскім і Ашмянскім раёнах.

У абласным цэнтры папулярнасць набываюць таўнхаусы — індывідуальнага і блакіраванага тыпу. Цяпер у Гродне два такія праекты ў стадыі будаўніцтва і яшчэ сем — у распрацоўцы. Дадзены кірунак ацэньваецца як запатрабаваны і перспектыўны ў вырашэнні жыллёвай праблемы. Мяркуецца, што будаўніцтва такіх дамоў будзе весціся больш актыўна. Адзін з праектаў, які доўжыўся тры гады, атрымаў увасабленне ў выглядзе 36 таўнхаусаў на ўскрайку горада, такі ж праект мяркуецца ажыццявіць і ў цэнтры Гродна. Для гэтых мэт будаўнічая кампанія набыла адпаведны ўчастак на аўкцыёне. Дарэчы, сярод тых, хто набывае дамы індывідуальнай забудовы, нямала жыхароў з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.