Вы тут

Наталля Качанава прыняла ўдзел у пасяджэнні калегіі МУС


Напярэдадні галоўнай грамадска-палітычнай падзеі нашай краіны — адзінага дня галасавання — абмеркавалі падрыхтоўку да правядзення выбарчай кампаніі 2024 года, а таксама дзейнасць аператыўна-дзяжурных службаў у гэты адказны перыяд. 


«Каб на нашай зямлі былі мір, стабільнасць, правапарадак» 

Звяртаючыся да ўдзельнікаў калегіі Міністэрства ўнутраных спраў, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што рэферэндум 2022 года паказаў наяўнасць у органаў унутраных спраў дакладнага алгарытму правядзення такіх кампаній. «У мяне заўсёды была вялікая павага да сілавых структур, бо разам мы працуем над агульнымі задачамі па забеспячэнні спакою грамадзян і парадку на вуліцах, — удакладніла Наталля Качанава. — І ў цяперашні няпросты перыяд мы павінны, выявіўшы магчымыя вузкія месцы, своечасова іх пашырыць і вырашыць. Разам са стварэннем належных умоў для работы выбарчых участкаў і гатоўнасцю жорстка спыняць правакацыі, найважнейшая задача — гарантаваць бяспеку прадстаўнікоў участковых камісій. Упэўнена: прысутныя ў зале кіраўнікі, іх калектывы робяць усё, каб на нашай зямлі былі мір, стабільнасць, правапарадак».

Спікер верхняй палаты парламента спынілася на рэалізацыі заканадаўчых навацый, неабходнасці актывізацыі работы з грамадзянамі, уважлівым стаўленні да кожнага звароту. Кажучы аб пытаннях выхавання падрастаючага пакалення, Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што менавіта Міністэрства ўнутраных спраў першым ініцыявала стварэнне ваенна-патрыятычных клубаў, разумеючы, што за іх выхаванцамі — будучыня нашай краіны. 

Дарэчы, перад пачаткам пасяджэння калегіі Старшыня Савета Рэспублікі наведала ваенна-патрыятычны клуб «Рысь», які ажыццяўляе сваю дзейнасць на базе воінскай часці 3214. Наталлі Качанавай прадэманстравалі ўмовы, у якіх выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба праходзяць навучанне. Таксама спікер пагутарыла з будучымі абаронцамі Айчыны. «Рада, што вы выбралі такі занятак, — сказала дзяцям Наталля Качанава. — Тут вы атрымліваеце веды і навыкі, каб потым рэалізаваць іх на карысць Айчыны».

«Важна слухаць і чуць людзей»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў калегіі, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, падкрэсліў, што перад міліцэйскім ведамствам стаяць значныя і адказныя задачы. «Неабходна ў межах кампетэнцыі прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, — канкрэтызаваў ён. — Усім кіраўнікам трэба забяспечыць жорсткую выканальніцкую дысцыпліну, максімальную скаардынаванасць дзеянняў з іншымі праваахоўнымі органамі і іншымі зацікаўленымі».

Пры гэтым кіраўнік міліцэйскага ведамства заўважыў, што ў органах унутраных спраў назапашаны багаты досвед працы пры правядзенні розных электаральных кампаній. Аднак, па яго словах, разам з тым расслабляцца не даводзіцца. «Мы павінны нарошчваць аператыўныя пазіцыі, а таксама ўдзяляць належную ўвагу пытанням прафілактыкі правапарушэнняў, — сфармуляваў даручэнні міністр. — Асноўная задача — забеспячэнне аховы грамадскага парадку і бяспекі грамадзян».

Акрамя таго, Іван Кубракоў акцэнтаваў увагу на неабходнасці працы з насельніцтвам. «Важна слухаць і чуць людзей, максімальна аказваць садзейнічанне ў вырашэнні іх праблем, — падкрэсліў міністр унутраных спраў. — Працуйце на апярэджанне, тлумачце, папярэджвайце. Нельга дапусціць правакацый і найменшай дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Мы павінны быць гатовы да дзеянняў у асаблівых умовах».

У гэтай сувязі размова ідзе не толькі пра правядзенне вучэнняў і трэніровак, але і пра забеспячэнне неабходнай экіпіроўкай кожнага супрацоўніка, вайскоўца, а таксама якаснае абсталяванне падраздзяленняў.

Сістэмы відэаназірання і барацьба з экстрэмістамі 

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Алена Балдоўская расказала ўдзельнікам пасяджэння аб асаблівасцях будучай электаральнай кампаніі, а таксама новаўвядзеннях, звязаных з працэдурай рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і агітацыі.

Па словах намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Юрыя Назаранкі, улічваючы тое, што выбары пройдуць па новых правілах, стануць маштабнай і далёка не лёгкай кампаніяй, падрыхтоўчыя мерапрыемствы беларуская міліцыя пачала загадзя. «На працягу двух гадоў на базе Акадэміі МУС арганізоўваліся вучэбна-метадычныя зборы з прадстаўнікамі дзяржорганаў і ГУУС-УУС, уключанымі ў склад аператыўна-сітуацыйных штабоў, — удакладніў ён. — З супрацоўнікамі органаў унутраных спраў праведзены трэніроўкі па адпрацоўцы дзеянняў у асаблівых умовах, павышэнні ўзроўню гатоўнасці да рэагавання на магчымыя пагрозы. Рэалізаваны задачы па адпрацоўцы першачарговых мер супрацьдзеяння дыверсійна-разведвальным групам і незаконным узброеным фарміраванням. Нямала зроблена для матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання падраздзяленняў, у тым ліку сродкамі абароны і актыўнай абароны, узбраеннем».

Асаблівая ўвага — стварэнню бяспечных умоў на ўчастках для галасавання. У прыватнасці, ідзе работа па абсталяванні гэтых аб’ектаў сістэмамі відэаназірання і ахоўнай сігналізацыі. На ўчастках прадугледжана арганізацыя кругласутачнага дзяжурства супрацоўнікаў міліцыі. Для падтрымання правапарадку на вуліцах у сталіцы, абласных і раённых цэнтрах будуць сфарміраваны дадатковыя патрульныя нарады і групы хуткага рэагавання.

Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму, якія прымаюцца органамі ўнутраных спраў у электаральны перыяд 2024 года, распавёў намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч. «Выбарчая кампанія 2020 года і спроба „каляровай“ рэвалюцыі карэнным чынам змяніла нашы падыходы да аховы грамадскага парадку і барацьбы са злачыннасцю, — акцэнтаваў увагу ён. — Сітуацыя дынамічна мяняецца, з’яўляюцца новыя выклікі і пагрозы. Для выключэння спробаў зрыву электаральнай кампаніі 2024 года прадугледжаны комплекс мерапрыемстваў. Яны накіраваны ў тым ліку на зніжэнне ўплыву экстрэмісцкіх інтэрнет-рэсурсаў на грамадскую свядомасць, падтрымку і тлумачэнне ініцыятыў, якія праводзяцца дзяржорганамі, з прыцягненнем папулярных СМІ, лідараў грамадскай думкі. Сярод важных задач — устанаўленне і прыцягненне да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмізму, перш за ўсё адміністратараў і актывістаў дэструктыўных сеткавых рэсурсаў, атрыманне інфармацыі, якая дазволіць прагназаваць развіццё абстаноўкі як унутры краіны, так і за яе межамі».

«Усё павінна прайсці зладжана і арганізавана»

У размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі канстатавала, што выбарчая кампанія ў нашай краіне заўсёды праводзіцца масава. «Ствараецца вялікая колькасць участковых камісій, якія будуць працаваць у месцах правядзення выбараў, — удакладніла Наталля Качанава. — Таму ўсё павінна прайсці зладжана і арганізавана. Самае галоўнае, каб не было ніякіх эксцэсаў».

Каб забяспечыць арганізаванае правядзенне выбарчай кампаніі, па словах спікера верхняй палаты парламента, праваахоўныя органы павінны спрацаваць вельмі дакладна. «Самае галоўнае, забяспечыць бяспеку нашых грамадзян пры правядзенні гэтага важнага палітычнага мерапрыемства», — падкрэсліла яна. 

Свой унёсак, па меркаванні Старшыні Савета Рэспублікі, павінны ўнесці і супрацоўнікі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі. Яна звярнула ўвагу на тое, што з улікам зімовага перыяду правядзення выбарчай кампаніі неабходна расчысціць пад’езды, падыходы да месцаў правядзення галасавання. «Усё павінна быць арганізавана вельмі якасна, — паставіла задачу Наталля Качанава. — Не павінна быць ніякіх правакацый, эксцэсаў, на гэта будзе накіравана работа тых праваахоўных органаў, якія будуць працаваць на выбарчых участках. Традыцыйна прадстаўнікі праваахоўных органаў будуць забяспечваць парадак у месцах правядзення галасавання».

Адказваючы на пытанне прадстаўнікоў медыя аб гатоўнасці міліцэйскага ведамства да выбараў, Іван Кубракоў адзначыў, што ўсе мерапреымствы па падрыхтоўцы да выбарчай кампаніі ў органах унутраных спраў пачалі праводзіць ужо даўно. «Гэта і зладжванне асабовага складу, і абследаванне выбарчых участкаў, якія будуць задзейнічаны, і ўстаноўка відэаназірання, — канкрэтызаваў ён. — Але самае галоўнае — гатоўнасць асабовага складу. Сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што асабовы склад гатовы да забеспячэння аховы грамадскага парадку пры правядзенні выбарчай кампаніі».

Звяртаючыся да грамадзян, міністр унутраных спраў канстатаваў, што падчас правядзення электаральных кампаній актывізуюцца асабліва тыя, хто знаходзіцца за мяжой, а таксама экстрэмісцкія фарміраванні, якія спрабуюць паўплываць на выбарчыя працэсы, уздзейнічаць на ўчастковыя выбарчыя камісіі. «Адразу хачу сказаць, что мы гатовы забяспечыць асабістую бяспеку як нашых выбаршчыкаў, так і членаў выбарчых камісій, — падкрэсліў кіраўнік ведамства. — Таму хвалявацца не трэба. Бяспека будзе гарантавана. Як ужо было сказана Прэзідэнтам нашай краіны, ніякіх несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не будзе. Мы не дазволім ламаць інфраструктуру нашых гарадоў і ствараць беспарадкі на нашых вуліцах. Упэўнены, што ўсё пройдзе спакойна. Органы ўнутраных спраў гатовы забяспечыць бяспеку нашых гарамадзян і бяспеку ў цэлым у Рэспубліцы Беларусь». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.