Вы тут

Што важна ўлічваць пры выбары пухавіка


Перажыць зіму ў нашых шыротах наўрад ці магчыма без пухавіка. Лёгкая вага і прастата ў даглядзе робяць яго незаменным і ў мароз, і ў слоту. Калісьці ад пухавіка патрабавалася толькі практычнасць, але сёння ён становіцца асновай зімовых вобразаў, паколькі сучасным мадэлям уласцівыя і стыльны крой, і разнастайнасць дызайнерскіх рашэнняў.

Як не патануць у моры варыянтаў і абраць той самы пухавік, які будзе служыць вам верай і праўдай не адзін халодны сезон? Тут важна спалучэнне «тэхнічных характарыстык» і модных тэндэнцый — зразумела, з улікам асаблівасцяў вашай фігуры, таму што менавіта гэты від адзення зусім не даруе памылак.


З пункту гледжання моды

Што ж сёння ў модзе ў дачыненні да пухавікоў? Зразумела, аверсайз — фаварыт шматлікіх куцюр’е ўжо не першы сезон. Такі крой дае магчымасць апрануць падніз любую колькасць цёплых рэчаў, так што вы сапраўды не змерзнеце нават у лютыя маразы або ў самыя золкія дні. Зрэшты, у гэтым сезоне аверсайз стаў умераным у адрозненне ад сезонаў папярэдніх, калі ў неабсяжныя пухавікі модніцы хуталіся, як у пуховую коўдру. Але нават ва ўмераным варыянце вялікі пухавік падыдзе не ўсім. Ідэальны ён для высокіх хударлявых дзяўчат — зрэшты, на такіх дзяўчатах добра выглядае любая мадэль. Невысокі рост або «шырокая костка» патрабуюць пры выбары аверсайз-мадэляў пухавікоў некаторай асцярожнасці і добрага густу. І яшчэ адзін нюанс (ён датычыцца доўгіх аверсайз-пухавікоў): калі ўжо вы абралі такі варыянт, насіце яго з артыстызмам! Гэта значыць, камбінуйце не з угамі або грубымі чаравікамі, спартыўнымі штанамі ці джынсамі-мом, а з вытанчанымі трыкатажнымі сукенкамі, спадніцамі, са стыльнымі батфортамі на плоскай хадзе і нават з жаноцкім абуткам на абцасе (зрэшты, з пункта гледжання практычнасці ва ўмовах нашай зімы, абцас можа быць і шырокім, устойлівым). А напярэдадні навагодніх вечарынак падглядзець, як камбінаваць вячэрнія сукенкі з аверсайз-пухавікамі, можна ў зорак: такія вобразы любяць Кім Кардаш’ян і Рыяна. Заўважым, што добры пухавік дае магчымасць насіць зімой рэчы любога сезона, нават летняга. І гэта яго несумненны плюс.

Актуальныя гэтай зімой і скарочаныя пухавікі — дзевяностыя і нулявыя па-ранейшаму натхняюць дызайнераў. Аб’ём тут дасягаецца не з-за беспамернасці, а дзякуючы інавацыйным матэрыялам. У гэтым сезоне трэндавыя скарочаныя пухавікі даходзяць да сярэдзіны таліі і даюць прастор для стварэння самых розных вобразаў — ад мілітары да спортшык. Але ёсць адзін мінус — холадна. Як асноўнае адзенне на зіму такі пухавік, вядома, не справіцца са сваёй задачай, але як дадатковы варыянт на адлігу (а пацяпленні для беларускай зімы не рэдкасць!) — падыдзе цудоўна.

Пухавік-паліто — бестселер ужо не першы сезон (калі казаць дакладна, то чацвёрты). Такі пухавік можна ўбачыць у розных варыянтах: як у доўгім, так і ў кароткім, але абавязкова з поясам, які падкрэслівае стан. Такія мадэлі прыйдуцца па душы аматаркам элегантнасці: калі жадаеце выглядаць вытанчана, шляхетна і пры гэтым модна, ды яшчэ і не змерзнуць, паліто-пухавік — ідэальны выбар. Падыходзіць мадэль для стварэння стыльных спалучэнняў са спадніцамі, вязанымі сукенкамі, блэйзерамі і наогул для любых вобразаў у дзелавым стылі. А калі дапоўніць вышэйназваныя строгія выявы, напрыклад, грубымі чаравікамі на трактарнай падэшве, гэта дабавіць агульнай карціне нотку нефармальнасці і ператворыць трохі сумны офісны look у моднае выказванне.

Дадайце фарбаў

У нашу манахромную бела-шэрую зіму сёлета дызайнеры раяць унесці яркія каляровыя плямы. Чорны пухавік — гэта, вядома, стыльна і ўніверсальна, шэрая гама цяпер у трэндзе, як і карычневыя тоны, але найбольш актуальнымі колерамі для пухавікоў сезона 2023/24 названы пунсовы, глыбокі зялёны і, уявіце сабе, ружовы, у стылі Барбі. Эфектныя вобразы ўзімку можна стварыць пры дапамозе белага пухавіка, а таксама мадэляў у нюдавай бэжавай гаме, хоць, вядома, гэта не самы практычны выбар. Актуальна таксама будуць выглядаць пухавікі ў попельных і жамчужных тонах — гэтая каляровая палітра, дарэчы, валодае яшчэ і амаладжальным эфектам (у цэлым, пудравая гама заўсёды робіць колер твару больш свежым). Ну а яркія колеры — не толькі пунсовы, ружовы і раней неўласцівы зімовым рэчам насычана-зялёны, але і ліловы, каралавы, мятны — дададуць некалькі градусаў да вашага настрою. Спакойная каляровая гама таксама не абавязана гэтай зімой быць зусім ужо пурытанскай: можна прыгледзецца да гарчычнага колеру ці тонаў хакі.

Індывідуальны падыход

Як вядома, найболей распаўсюджаныя тыпы жаночых постацяў — «прамавугольнік» (аб’ёмы плячэй і сцёгнаў прыкладна роўныя, талія выразна не выяўлена), «круг» ці «яблык» (талія, ізноў жа, выяўленая слаба, грудзі і сцёгны досыць аб’ёмныя пры стройных нагах), «груша» (шырокія сцёгны і аб’ёмная верхняя частка ног, пры гэтым тонкая талія і вузкія плечы). Ёсць яшчэ варыянт «пясочны гадзіннік», але такім дзяўчатам падыходзіць амаль усё, а таксама «перакулены трохвугольнік», ён жа спартыўны тып фігуры, але такі сустракаецца радзей вышэйназваных. Так што спынімся на першых трох тыпах.

Калі ваша фігура належыць да тыпу «прамавугольнік», то цяпер — ваш час! У трэндзе пухавікі з поясам, і менавіта такія мадэлі вам раяць выбіраць стылісты. Галоўнае — пазбягаць непатрэбнага дэкору, робячы выбар на карысць лаканічнасці. А калі «прасцёжка» яшчэ і вертыкальная, то выглядаць вы будзеце на некалькі сантыметраў вышэйшымі за свой рэальны рост.

Калі ваша постаць — «яблык», крой пухавіка лепш абраць прамы. Аверсайз, у прынцыпе, ваша гісторыя, але лепш — умераны, а не празмерны. А вось модныя сёння пухавікі з поясам (раменьчыкам) могуць падкрэсліць жывоцік. Стракатых прынтаў ці, крый божа, бліскучых/неонавых варыянтаў таксама варта пазбягаць: бляск тканіны заўсёды дадае аб’ём. Затое яркія колеры цалкам дапушчальныя.

Фігура тыпу «груша» дазваляе і нават вітае аб’ёмныя кароткія пухавікі: да сярэдзіны таліі або да сярэдзіны сцягна. Але ў апошнім варыянце трэба ўлічваць нюансы крою, каб дадаткова не «пашырыць» сцёгны. Выйгрышна будуць глядзецца накладныя кішэні і наогул любыя «надзьмутыя» дэталі ў верхняй частцы цела.

Тэхнічныя характарыстыкі

Сёння ў крамах і на рынках прадстаўлены мадэлі пухавікоў з розных матэрыялаў і з розным напаўненнем — гусіныя (качыныя) пух і пяро, сінтэпон, холафайбер, ваўняны вацін, цінсулейт. Пагаворым пра «начынне».

Самы дарагі яе варыянт (які лічыцца і самым лепшым) — натуральны пух. Але, насамрэч, сінтэтычныя напаўняльнікі часам маюць значныя перавагі перад натуральнымі. І гэта не толькі ніжэйшы кошт. Сінтэтычны напаўняльнік дае магчымасць мыць і сушыць выраб у хатніх умовах, не асцерагаючыся, што «начынне» саб’ецца. Сучасны штучны напаўняльнік да таго ж не «лезе» і з’яўляецца гіпаалергенным. І часам ён цяплейшы за пух. Гэтым можа пахваліцца, напрыклад, інавацыйны матэрыял цінсулейт — ён уяўляе сабой спляценне найтанчэйшых сінтэтычных валокнаў (у 10 разоў танчэйшых за чалавечы волас). Ствараючы паветраную падушку, такое «начынне» надзейна абараняе ад холаду. Заўважым, што цінсулейт у 1,5 раза цяплейшы за натуральны гусіны ці качыны пух.

Калі напаўняльнік натуральны (і нават калі штучны), варта ўлічыць таксама памер прастрочаных сегментаў: у ідэале яны не павінны быць большымі за 15×20 см. Пры буйнейшых «секцыях» паміж радкамі напаўняльнік можа з часам збіцца і, страціўшы раўнамерную таўшчыню, перастаць выконваць сваю функцыю — абарону ад нізкіх тэмператур.

Што да тканіны, з якой пашыты пухавік, то ў ідэале яна павінна быць не толькі непранікальнай для снегу і дажджу і надзейна абараняць ад халоднага ветру, але адначасова прапускаць паветра з унутранага боку, каб не ўзнікала эфекту цэлафанавага мяшка. З гэтай задачай нядрэнна спраўляюцца сучасныя мембранныя і смесавыя тканіны. У вырабу пажадана павінна быць натуральная падшэўка — яна робіць пухавік даражэйшым, чым мадэлі з падшэўкай з поліэстэру або віскозы, але ў дадзеным выпадку, калі фінансы не спяваюць рамансы, лепш не скупіцца.

Выбіраючы пухавік, улічвайце: насіць яго вы будзеце практычна кожны дзень на працягу доўгіх зімовых месяцаў, так што да набыцця гэтага варта паставіцца адказна. Таму зважаем і на такі немалаважны нюанс, як якасць фурнітуры. Кнопкі, маланкі, іншыя віды зашпілек павінны быць ушыты якасна і працаваць спраўна. Ну і капюшон, зразумела, пажаданы і нават абавязковы — важна, каб ён меў надзейную зашпільку або яго шырыню можна было рэгуляваць, інакш вецер будзе раз-пораз зрываць яго з галавы.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.