Вы тут

З верасня па снежань 1943 года праходзіла бітва за Днепр


У перыяд вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з верасня 1943 года да ліпеня 1944 года савецкімі войскамі былі праведзены наступныя аперацыі: бітва за Днепр (верасень — снежань 1943 г.), Гарадоцкая (13–31 снежня 1943 г.), Калінкавіцка-Мазырская (8 студзеня — 8 лютага 1944 г.), Рагачоўска-Жлобінская (21–26 лютага 1944 г.) і Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён» (23 чэрвеня — 29 жніўня 1944 г.). Аб асаблівасцях гэтых баёў, у ходзе якіх была вызвалена наша краіна, прапануем даведацца ў цыкле публікацый, прысвечаных тагачасным падзеям. Раскажам аб героях бітваў, чые імёны упісаны не толькі ў айчынную, але і ў сусветную гісторыю. Некаторыя з легендарных асоб, якія ўнеслі асабісты ўклад у вызваленне БССР, з’яўляюцца незаслужана забытымі. Паспрабуем выправіць гэтую сітуацыю.

Пачатак вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў у верасні 1943 года паклала бітва за Днепр. Яе састаўной часткай была Гомельска-Рэчыцкая аперацыя, якая праводзілася з 10 да 30 лістапада.


Мемарыяльны комплекс «Бітва за Днепр» у Лоеве, дзе ўвекавечаны 365 воінаў, уганараваных званнем Героя Савецкага Саюза за баі на лоеўскім плацдарме і вызваленне раёна

Адпачыць і адсядзецца не атрымалася

Пацярпеўшы поўнае паражэнне ў Курскай бітве, страціўшы летам 1943 года мноства танкаў і самалётаў, гітлераўскае камандаванне ратавала свае войскі адступленнем за Днепр. Не пусціць савецкіх ваеннаслужачых за гэтую раку — такую клятву падпісвалі нямецкія салдаты. Так Гітлер і яго генералы спадзяваліся перадыхнуць, каб набрацца сіл і спыніць Чырвоную Армію.

11 жніўня 1943 года Гітлер аддаў загад аб неадкладным будаўніцтве «Усходняга вала» — стратэгічнага абароннага рубяжа на рацэ Нарва, каля Пскова, Віцебска і Оршы, на рацэ Сож, сярэднім цячэнні Дняпра і рацэ Малочнай. Галоўнай часткай гэтага вала з’яўляліся абарончыя збудаванні па Дняпры. Днепр, шырокі і глыбокі, а яшчэ з яго высокім правым берагам, які да таго ж нядрэнна ўмацавалі, уяўляў сур’ёзную перашкоду для войскаў, што наступалі. Для большай устойлівасці былі створаны ўмацаванні і на левым беразе. Па меркаванні нямецкага камандавання, ён павінен быў стаць непераадольным бар’ерам для Чырвонай Арміі. «Хутчэй Днепр пацячэ назад, чым рускія пераадолеюць яго», — выхваляючыся, заяўляў Гітлер на адной з нарад у Берліне. 

Акупанты цешылі сябе надзеяй, што змогуць адпачыць, адсядзецца за «Усходнім валам». Аб гэтым адкрыта казаў камандзір 47 танкавага корпуса вермахта генерал Форман. «Мы спадзяваліся на абарону і бяспеку за Дняпром, — казаў ён. — Сэнс ва ўсіх цяжкіх баях, якія мы вялі ў апошнія месяцы, быў адзін — пераправіцца праз Днепр і там, нарэшце, знайсці спакой». Нямецкае камандаванне лічыла, што для падрыхтоўкі да фарсіравання Дняпра рускім спатрэбіцца, як мінімум, месяц. Генералам вермахта і ў галаву не магло прыйсці, што савецкія войскі пасля грандыёзнай Курскай бітвы, якая патрабавала ад іх каласальнага напружання, а затым новага цяжкага наступлення кінуцца з ходу фарсіраваць такую сур’ёзную перашкоду. Прычым на спадручных сродках: бярвёнах, невялікіх плытах і рыбацкіх лодках.

Першым раённым цэнтрам Беларусі, вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стаў  Камарын (цяпер гарадскі пасёлак, знаходзіцца ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці). У ноч з 22 на 23 верасня 1943 года першымі на беларускую зямлю ступілі войскі 13-й арміі Цэнтральнага фронту. Штаб гэтай арміі ўзначальваў беларус Аляксандр Петрушэўскі. Да канца дня 23 верасня 13-я армія захапіла плацдарм у 25 кіламетраў па фронце, ад двух да дзесяці кіламетраў углыб, і выйшла на рубеж Мнева — Верхнія Жары — вусце Прыпяці. Гэта быў першы — так званы Камарынскі — плацдарм на беларускім Палессі.

Загінулі героямі

Вялікую ролю ў паспяховым фарсіраванні Дняпра адыграла дырэктыва Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 9 верасня 1943 года. Асаблівая ўвага ў ёй звярталася на фарсіраванне буйных водных перашкод з ходу. Тых, хто найбольш вызначыўся, прадпісвалася прадстаўляць да звання Героя Савецкага Саюза.

За подзвігі, здзейсненыя пры вызваленні Камарына і Камарынскага раёна, 33 воіны 74-й стралковай дывізіі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Сярод іх — і беларус, камандзір стралковай роты старшы лейтэнант Ігнат Мацкевіч. Яго рота 22 верасня захапіла плацдарм, адбіла пяць контратак праціўніка, пры гэтым камандзір роты асабіста падпаліў два танкі і знішчыў каля паўсотні гітлераўцаў. 26 верасня 1943 года наш зямляк загінуў у баі.

У брацкай магіле ў Камарыне вечным сном спяць 627 воінаў 15-га стралковага корпуса, якія загінулі пры фарсіраванні Дняпра, вызваленні Камарына і найбліжэйшых вёсак. Шасцярым з іх было прысвоена найвышэйшае званне, у прыватнасці ўраджэнцу Іркуцкай вобласці Івану Анціпіну. Удзельнік бітвы пад Арлом, ён зняў і абясшкодзіў 400 мін. Асабліва вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра на Камарыншчыне. У ноч на 27 верасня пад моцным агнём праціўніка Анціпін кіраваў пераправай батальёна. Загінуў у баі 6 кастрычніка 1943 года на тэрыторыі Брагінскага раёна.

Брацкая магіла ў Камарыне, дзе вечным сном спяць 957 ваеннаслужачых,  якія вызвалялі Камарынскі раён

Пры фарсіраванні Дняпра вызначыўся і ўраджэнец Якуціі, будучы Герой Савецкага Саюза Фёдар Папоў. 2 кастрычніка пад моцным агнём немцаў у ліку першых ён пераправіўся праз раку, уварваўся ў траншэі ворага, захапіў ручны кулямёт і знішчыў 23 гітлераўцы. На другі дзень з трафейнай зброяй прабраўся ў фланг абароны роты і адбіў контратаку, забіўшы пры гэтым каля 50 варожых салдат. Загінуў у баі 10 кастрычніка 1943 года.

У брацкай магіле пахаваны і наш зямляк – ураджэнец Рагачова Віталь Калеснікаў. Падчас бою ён узначаліў роту, пад агнём праціўніка арганізаваў яе пераправу праз раку, на правым беразе павёў байцоў у штыкавую атаку. Рота прасунулася наперад на шэсць кіламетраў і вызваліла вёску Вялле. Каля вёскі Галкі адбіла некалькі атак праціўніка, сілы якога пераўзыходзілі ў некалькі разоў. У тых баях Калеснікаў асабіста забіў некалькі дзясяткаў немцаў. Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны І ступені, медалямі. Пасля вайны служыў у савецкай арміі, у адстаўку выйшаў у званні палкоўніка. Пайшоў з жыцця у лістападзе 1964 года. У гонар вызваліцеля ў Рагачове ўстаноўлены абеліск, яго імя носіць адна з гарадскіх вуліц.

Унёсак партызан

Значную дапамогу ў баях за фарсіраванне Дняпра войскам аказвалі савецкія партызаны. Яны выбівалі ворага з участкаў, найбольш зручных для фарсіравання ракі, збіралі сродкі, якія падыходзілі для пераправы, прымалі ўдзел у баях, дапамагалі перапраўляць праз Днепр людзей, баявую тэхніку і боепрыпасы. Ацэньваючы дапамогу савецкіх патрыётаў у баях за Днепр, камандуючы 13-й арміяй генерал Мікалай Пухаў пісаў, што «не было тады ні аднаго чалавека з мясцовага насельніцтва, які не дапамагаў бы нам».

Складаная задача выпала на долю 65-й і 48-й армій, якія, пераправіўшыся праз Дзясну, вялі баі на гомельскім напрамку. Выкарыстоўваючы вялікія лясныя масівы, забалочаныя прасторы і суцэльныя балоты, праціўнік арганізаваў сур’ёзнае супраціўленне. Каб хутчэй пераадолець гэтую паласу, даводзілася напружваць усе намаганні. Гэта войскам удалося толькі да канца верасня, калі яны, гераічна змятаючы гітлераўцаў, амаль адначасова выйшлі да ракі Сож каля Гомеля. У кастрычніку 1943 года, аднавіўшы наступленне, 65 армія ва ўзаемадзеянні з 61 арміяй фарсіравала Днепр і захапіла плацдарм на правым беразе ў раёне Лоева. Такім чынам, задача, пастаўленая Стаўкай войскам Цэнтральнага фронту, была выканана. Замацаваўшыся на захопленых плацдармах, на рэках Днепр, Прыпяць і Сож, савецкія салдаты мужна працягвалі барацьбу за іх пашырэнне.

Ключ да Гомеля

10 кастрычніка 1943 года воіны 73-й стралковай дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр Дзмітрый Смірноў, 48-й арміі Цэнтральнага фронту вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Добруш і неўзабаве выйшлі да ракі Сож. 15 кастрычніка 1943 года пасля магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі і ўдараў авіяцыі войскі 65-й арміі (камандуючы — генерал-лейтэнант Павел Батаў) Цэнтральнага фронту пачалі фарсіраванне Дняпра на 20-кіламетровым участку на поўдзень ад гарадскога пасёлка Лоеў Гомельскай вобласці. Практычна за месяц з часу выхаду савецкіх войскаў да Дняпра гітлераўцы паспелі тут грунтоўна ўмацавацца. Яны ўсведамлялі, што Лоеў, размешчаны пры зліцці Дняпра і Сожа, — гэта, па вялікім рахунку, ключ да Гомеля. Ад Лоева савецкія войскі маглі развіваць наступленне непасрэдна ў тыл праціўніка.

У баях на Лоеўскім плацдарме асабліва вызначыліся войскі 65-й і 61-й армій, якімі адпаведна камандавалі Павел Батаў і Павел Бялоў. За пяць дзён упартых наступальных баёў яны прарвалі абарону праціўніка і завалодалі плацдармам у 20 кіламетраў у глыбіню і 13 кіламетраў па фронце. Нягледзячы на супраціўленне ворага, воіны фарсіравалі Днепр, авалодалі моцным апорным пунктам гітлераўцаў — Лоевам — і рушылі наперад. 17 кастрычніка 1943 года гарадскі пасёлак быў вызвалены. 20 кастрычніка камандуючы войскамі Беларускага фронту генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі загадаў спыніць наступальныя дзеянні і перайсці да трывалай абароны на дасягнутых рубяжах.

У баях за Лоеў загінула 8 тысяч 547 воінаў. Пахаваны яны на тэрыторыі Лоеўшчыны. Сярод іх — 39 (па іншых звестках 43) – Героі Савецкага Саюза. Найвышэйшага звання былі ўдастоены і беларусы. У прыватнасці, ураджэнец Шуміліншчыны Пётр Акуцыёнак. Пры фарсіраванні Дняпра каля Лоева ўзвод пад яго камандаваннем першым пераадолеў раку і захапіў плацдарм. Выконваючы задачу пашырыць захоплены плацдарм і прарвацца ўглыб абароны ворага, байцы ўзвода выбілі праціўніка з траншэі. На захопленай вышыні Пётр Акуцыёнак узняў чырвоны сцяг. Адважны баец загінуў у баі 15 кастрычніка 1943 года. Імем Героя названы вуліцы ў Лоеве і Шуміліне, на шумілінскай школе № 1, дзе ён вучыўся, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Помнік воінам-вызваліцелям у Камарыне

Баі каля Лоева — адна з яркіх старонак гераічнага летапісу бітвы за Беларусь. Тут пры фарсіраванні Дняпра, захопе і ўтрыманні плацдарма савецкія воіны паказалі высокія маральна-баявыя якасці: смеласць і небывалую адвагу, вынаходлівасць і высокае баявое майстэрства, упартасць і настойлівасць пры выкананні пастаўленай задачы, мужнасць і гераізм, салдацкае сяброўства і ўзаемавыручку.

Часткай бітвы за Днепр з’яўлялася Гомельска-Рэчыцкая аперацыя, якая праводзілася Беларускім (да кастрычніка 1943 года — Цэнтральны) фронтам пад камандаваннем Канстанціна Ракасоўскага з 10 да 30 лістапада 1943 года. Задача аперацыі заключалася ў разгроме Гомельска-Рэчыцкай групоўкі праціўніка, вызваленні Гомеля і ўсяго міжрэчча Сожа і Дняпра. Акрамя таго, планавалася заняць зручныя пазіцыі для далейшых наступальных аперацый у Беларусі. Утрымаўшы і пашырыўшы Лоеўскі плацдарм на правым беразе Дняпра, камандаванне Беларускага фронту засяродзіла тут моцную групоўку для нанясення галоўнага ўдару ў напрамку Гомеля і Рэчыцы.

Пачаліся кровапралітныя баі. У пасляваенныя гады за дняпроўскім берагам каля Лоева замацавалася назва Бераг Герояў. За подзвігі, здзейсненыя пры вызваленні Лоеўскага раёна, звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 365 воінаў. Усяго за фарсіраванне Дняпра восенню 1943 года найвышэйшага звання былі ўдастоены звыш 600 чалавек. Амаль кожны чацвёрты атрымаў гэтае званне пасмяротна.

Вераніка КАНЮТА, Барыс ДАЛГАТОВІЧ, кандыдат гістарычных навук

Фота Лізаветы ГОЛАД і з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.