Вы тут

У кулуарах Сусветнага саміту па барацьбе са змяненнем клімату Лукашэнка правёў шэраг сустрэч са сваімі калегамі


У кулуарах Сусветнага саміту па барацьбе са змяненнем клімату Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг сустрэч са сваімі калегамі. У прыватнасці, з лідарамі Азербайджана, Сербіі, Кубы, Зімбабвэ, Экватарыяльнай Гвінеі, Конга, Тога, Батсваны і Каморскіх Астравоў, які з’яўляецца старшынёй Афрыканскага саюза. Таксама Прэзідэнт сустрэўся з кіраўнікамі Мазамбіка, Руанды і Бастваны.


Падчас перагавораў з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвай кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні саміту двум лідарам удалося грунтоўна перагаварыць і абмеркаваць галоўныя пытанні. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў свайго калегу з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах і сказаў, што Эмерсана Мнангагву чакаюць у Беларусі.

Гаворачы аб двухбаковых адносінах, беларускі лідар падкрэсліў, што самае галоўнае цяпер для Беларусі і Зімбабвэ — не спыняцца. «Так, мы маем пэўныя вынікі нашага супрацоўніцтва, як вы ўжо гаварылі, але ў нас яшчэ шмат работы ў вашай краіне, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гатовы рэалізаваць той план, які мы намецілі ў час майго візіту ў Зімбабвэ».

Прэзідэнт Беларусі адзначыў таксама поспехі Зімбабвэ ў развіцці аграпрамысловага комплексу. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы супрацоўніцтву з Беларуссю, пастаўкам сучаснай сельгастэхнікі. «І збожжа вы пачалі экспартаваць, і гэтак далей», — удакладніў ён.

«Калі лепш прыехаць: зімой ці летам?» — пацікавіўся ў свайго калегі Эмерсан Мнангагва.

«Вядома, зімой!» — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Зіма для мяне крыху цяжкая... — прызнаўся Прэзідэнт Зімбабвэ. — Падумаю, у які час прыехаць. Але мой дарагі сябар, Прэзідэнт Беларусі, можа прыязджаць у Зімбабвэ са студзеня па снежань!»

«Дамовіліся!» — рэзюмаваў беларускі лідар.

На перагаворах з Прэзідэнтам Кеніі Уільямам Руто Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што разам са сваім калегам яны ўжо абмяняліся некалькімі фразамі і меркаваннямі. «Для таго каб нам грунтоўна і перагаварыць, і наладзіць нашы адносіны (у імя чаго мы размаўляць будзем), я думаю, вы маглі б прыехаць да нас, я мог бы прыехаць у зручны час да вас, — прапанаваў беларускі лідар. — У выніку гэтых візітаў нашы спецыялісты папрацавалі б (сапраўды так, як з Зімбабвэ і Экватарыяльнай Гвінеяй) і мы змаглі б выбудаваць нейкі план нашага супрацоўніцтва, разумеючы, што трэба вам ад нас. І мы бы паглядзелі на вашу краіну і вызначыліся з нашымі патрэбамі».

У лістападзе кіраўнік беларускай дзяржавы накіроўваў Прэзідэнту Кеніі віншаванне з 30-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі. У сваім пасланні Аляксандр Лукашэнка адзначаў, што дыялог паміж Мінскам і Найробі мае паслядоўны і паступальны характар, вызначаны прыярытэтныя напрамкі для сумеснай работы, сярод якіх механізацыя сельскай гаспадаркі Кеніі, пастаўка беларускіх прадуктаў харчавання, развіццё бізнес-кантактаў.

«Перакананы, што настаў час канвертаваць назапашаны за трыццаць гадоў патэнцыял у канкрэтныя вынікі, — падкрэсліў падчас перагавораў Аляксандр Лукашэнка. — Прапаную прадметна абмеркаваць усе магчымыя сферы агульнай цікавасці ў час вашага візіту ў Мінск, які перавядзе наша ўзаемадзеянне на якасна новы ўзровень». 

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.