Вы тут

У БДАМЛіМ прайшоў круглы стол да 125-годдзя Зінаіды Астаповіч-Бачаровай


Па-рознаму складваецца шлях мастака да славы. Хтосьці ўражвае сваім дэбютам і яшчэ ў маладосці смелымі крокамі ўздымаецца да самай вяршыні. Хтосьці даказвае сваё права на месца ў гісторыі мастацтва ў сталасці. А хтосьці ўсё жыццё працуе, не імкнучыся прыцягваць увагу, застаючыся на маргіналіях – але па сваім таленце не меней значны, чым тыя, хто ў цэнтры віра.


Зінаіда Астаповіч-Бачарова — мастачка менавіта такога тыпу. Апошняя вучаніца Рэрыха і Білібіна на Беларусі, яна пражыла доўгае жыццё, дзевяноста пяць гадоў, і толькі пад канец шляху яе адкрылі мастацтвазаўцы. Каб цяпер залічваць да пантэону лепшых мастакоў Беларусі, гэтак жа, як яе брата, графіка Аркадзя Астаповіча, што загінуў на франтах Вялікай Айчыннай.

29 лістапада ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыўся круглы стол і вечар памяці «Закаханая ў творчасць», прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння Зінаіды Антонаўны Астаповіч-Бачаровай. Адкрылася выстава твораў мастачкі, была прэзентавана прысвечаная ёй кніга, якая выйшла ў межах сумеснага праекта Нацыянальнага мастацкага музея і выдавецтва «Беларусь», серыя паштовак з яе працамі, паказаны дакументальны фільм «Мне — 91 год», зроблены на Беларускім тэлебачанні ў 1989 годзе, у якім мастачка распавядае пра сваё жыццё.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка звярнула ўвагу прысутных на непаўторную манеру малюнкаў, прадстаўленых на выставе, многія з якіх прысвечаныя сям’і і напоўненыя цеплынёй адносін.

Унучка Зінаіды Астаповіч-Бачаровай, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ Алена Смірнова, пацвердзіла, якая непаўторная сямейная атмасфера стваралася дзякуючы яе бабулі. Яна была заўсёды ў атачэнні кніг, карцін, старых фотаздымкаў. Зінаіда, як і яе брат Аркадзь, нарадзілася ў Мінску. Вучылася ў Гродзенскай гімназіі, потым, у 1914-м, скончыла Марыінскую гімназію ў Петраградзе. Алена Смірнова паказала ўнікальныя фотаздымкі бабулі гімназічнага перыяду, сярод іх — адна з так званых «жывых карцін», якія ўвасаблялі гімназісткі. Паказала і фотаздымкі брата Зінаіды Аркадзя Астаповіча таго часу, калі яны з сястрой выкладалі ў Навасёлкаўскай школе — Аркадзь тады хадзіў у шортах, пашытых маці, чым вельмі здзіўляў вяскоўцаў, бо такой моды на Беларусі яшчэ не было. Апошнія трыццаць гадоў Зінаіда Астаповіч-Бачарова жыла ў Віцебску, у сям’і дачкі.

— Вядома, бабуля на мяне вельмі паўплывала. Напрыклад, убачыўшы кніжку Чукоўскага, магла сказаць — «А я яго ведаю». І распавесці пра сустрэчы з ім у якім-небудзь дваццаць пятым годзе ў выдавецтве. «Ён быў настолькі высокі, што сядзеў не на крэсле, а звычана на стале». Ці раптам кажа — «Я ведала і Маршака, мы сустракаліся ў выдавецтвах, ён мяне праводзіў». Падобна, Маршак спрабаваў заляцацца да бабулі, але яна была вельмі сціплым чалавекам, і яе адпалохала самаўпэўненасць маладога паэта: «Вы ведаеце, хто я? Я Маршак!». Бабуля заўсёды сачыла за навінкамі літаратуры. Любіла хадзіць у берэтах, звычайна шыла іх сама. Летам — у саламяным капялюшыку. Была вельмі далікатнай, але заўсёды рабіла толькі тое, што лічыла патрэбным. Па-сапраўднаму інтэлігентная, выхаваная, ніколі не павышала голасу. Вельмі спакойна і мудра ўспрымала жыццё. З дзяцінства мы з братам чулі кожны дзень бабуліны казкі, любаваліся кветкамі, якія яна вырошчвала.

На пытанне, чаму ў творчай спадчыне Зінаіды Астаповіч-Бачаровай столькі ілюстрацый да кніг, а яшчэ малюнкаў на тэму тэатра, балету, оперы, Алена Смірнова адказала, што гэтая любоў — яшчэ ад бабулінай маці, якая была «сабіністкай» — прыхільніцай опернага спевака Собінава, шмат хадзіла па тэатрах, любіла балет. У альбоме ёсць выява зробленай Зінаідай Астаповіч-Бачаровай фігуркі знакамітай у 1920-х балерыны Спясіўцавай. А кнігі Зінаіда Бачарова ілюстравала не на замову, а для сябе — чытала і ілюстравала, працуючы ў самай рознай тэхніцы.

— Прыемна, што кніга пра Зінаіду Бачарову выйшла ў серыі «Славутыя мастакі Беларусі», дзе выдадзеныя кнігі пра Хруцкага, Ваньковіча ды іншых прызнаных майстроў, — адзначыла вядомы мастацтвазнаўца Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея, якая з’яўляецца аўтарам згаданай кнігі. — З сарака чатырох кніг гэтай серыі толькі пяць прысвечаныя жанчынам, адна з тых жанчын — Зінаіда Астаповіч-Бачарова. Пра гэтую мастачку яшчэ нядаўна ніхто не ведаў. Яна адносіцца да тыпу мастакоў, якія абралі застацца невядомымі. Яна была апошняй вучаніцай Рэрыха і Білібіна ў Беларусі, ужо з-за гэтай акалічнасці ў яе меліся падставы прасіць, каб ёй арганізавалі выставу. Але яна ніколі такога не рабіла. Блукала па горадзе, пісала краявіды, складвала малюнкі ў папкі і маўчала. Калі я наведала яе ў Віцебску, убачыла сотні прац, цудоўных, арыгінальных. У кнізе мы хацелі паказаць мастачку ў розных іпастасях — яна і графік эпохі «Мира искусства», і партрэтыст, і ілюстратар, і аўтар плакатаў. Усё, што вы бачыце на гэтай эскпазіцыі — працы музейнага ўзороўню. А звярніце ўвагу на яе імпрэсіяністычныя замалёўкі Віцебску — асабліва ўражваюць гуашы, напісаныя на натуры.

Вядомы краязнаўца Юрый Важнік распавёў пра свой праект «Геній майго месца» — падарожжы па Беларусі, у асноўным па роднай для аўтара праекта Пухаўшчыне. Кожны маршрут распавядае пра знакамітых людзей. Адзін з маршрутаў праекта прысвечаны Зінаідзе Астаповіч — Бачаровай, ёсць згадкі пра брата і сястру Астаповічаў і ў іншых маршрутах. Цікавыя выявы праекту — калі старыя фотаздымкі, зробленыя Аркадзем Астаповічам, сумяшчаюцца з сучаснымі краявідамі Пухаўшчыны, дзе знаходзяцца Навасёлкі.

Напрыканцы сустрэчы прысутныя паглядзелі дакументальны фільм «Мне — 91 год». На пытанне — ці не шкадуе яна, што пражыла доўгае жыццё і ні разу не выстаўлялася, засталася невядомай, Зінаіда Астаповіч-Бачарова у фільме адказала — «А чаго шкадаваць? Бачыце — вось вы цяпер мною заняліся, значыць, нейкі вынік атрымаўся».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.