Вы тут

На Віцебшчыне — на акадэмічным узроўні


Сярод іншых традыцый асветніцтва, выхаваўчай працы ў грамадстве далёка не апошнюю ролю іграе краязнаўства. Гэта цудоўна разумеюць і ў Віцебскай вобласці. Вось і напрыканцы года ў абласным цэнтры прайшла IX навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край». Гэтым разам яна прысвечана 85-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці. Арганізатары канферэнцыі — Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Віцебскі абласны краязнаўчы музей. 


З прывітальнымі словамі да канферэнцыі звярнуліся старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ кандыдат гістарычных навук Вадзім Лакіза, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. На канферэнцыю было прадстаўлена 100 (!) дакладаў. Уражлівы абсяг працы, скіраванай на паглыбенае вывучэнне гісторыі ўсяго адной вобласці нашай краіны. Сярод аўтараў дакладаў — акадэмічныя гісторыкі, універсітэцкія выкладчыкі, музейныя работнікі, журналісты, кіраўнікі грамадскіх школьных музеяў... 

— Мы вельмі ўважліва ставімся да традыцыі правядзення канферэнцый «Віцебскі край», — каменціруе падзею дырэктар абласной бібліятэкі Таццяна Адамян. — Гэтая праца стала складнікам Дзяржаўнай праграмы навуковых даследванняў на 2021 — 2025 гады «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы». Мы вельмі ўдзячны за падтрымку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Супрацоўнікі акадэмічнага Інстытута гісторыі на чале з дырэктарам Вадзімам Лакізам падрыхтавалі самыя грунтоўныя даклады, звярнуліся да няпростых тэм, звязаных з Віцебшчынай. У рамках канферэнцыі разгледжаны і тэмы, прапанаваныя расійскімі даследчыкамі. Як прыклад — «Помнікі Айчыннай вайны 1812 года на Віцебскай зямлі» Вадзіма Гаўрылава з Масквы, «Маёнтак Лукішкі і яго апошні ўладальнік Пётр Косаў» Вадзіма Сядова... Прыемна, што знайшлося шмат рупліўцаў, якія аглядаюць блізкую да нас гісторыю. Святлана Дзядзінкіна звярнулася да тэмы краязнаўчай экспедыцыі «Заходняя Дзвіна-98», старшыня Віцебскага аблсавета Уладзімір Цярэнцьеў падрыхтаваў даклад «Рэалізацыя канцэпцыі шматнацыянальнага савецкага народа ў сферы культуры ў 1965 — 1985 гг. на прыкладзе Віцебскай вобласці». Алеся Багданава разгледзела пытанне міжнароднага турызма ў БССР у другой палове XX стагоддзя. Шмат увагі да тэмы падзей Вялікай Айчыннай вайны на Віцебшчыне. Прыемна, што сярод удзельнікаў канферэнцыі — і навуковая моладзь, студэнцтва. 

Дзевятая па ліку канферэнцыя гісторыкаў і краязнаўцаў, якім асабліва цікавая Віцебшчына, завяршылася. Наперадзе — падрыхтоўка да дзесятай, юбілейнай, на якой, несумненна галоўнай стане тэма ваеннай гісторыі Беларусі і Віцебскай вобласці. У 2024 годзе і вобласць, і ўся наша краіна адзначаюць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І, канешне ж, многія даклады будуць прысвечаны самым розным аспектам ваеннай тэмы. Да вывучэння Вялікай Айчыннай вайны ў звязку з родным рэгіёнам і скіравана зараз асноўная праца аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна. 

Мікола Берлеж

Првэ’ю:pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».